Вялікае мора двухмоўя

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Я зноў пра чытанне. Што зробіш — любімы занятак! Чытаць мяне навучылі сястра (старэйшая на шэсць гадоў) і маці. Гады ў чатыры я пачаў уцямліваць дзіўную сувязь паміж гукамі і літарамі, словамі і вобразамі. Добра памятаю кубікі з літарамі і карцінкамі. На кубіку з Г была намалявана гусь. Не забыўся, як маці старанна заганяла ў маю галаву, што на рускай мове гусь — ён мой, а на нашай — яна мая. З сабачкам сітуацыя была адваротная: на беларускай мове ён — заўжды мужчынскага роду. З таго часу ў мяне вялікае падазрэнне, што Інстытут літаратуры пры Акадэміі навук створаны яшчэ і для таго, каб вызначыць урэшце, як перакласці на родную беларускую мову назву чэхаўскай “Дамы с собачкой”… Я вучыўся выплываць з вялікага мора двухмоўя. Расійскі празаік Міхаіл Велер напісаў, што струна, гук якой прыдатны да Боскага слыху, віецца ў дзяцінстве, пасля штосьці рабіць позна і бессэнсоўна. Не буду спрачацца.

Словам, на ранку жыцця спрабаваў зразумець абедзьве мовы адначасова. І ніколі не лічыў іх падобнымі. А калі музычны свет заваявалі нашы “Песняры” цярпліва тлумачыў рускім сябрам, што такое канюшына, цуглі і Бацькаўшчына. Чым яны маглі здзівіць мяне? Непадабенства лексікі, асаблівасці фанетыкі, роду ды ліку пераконвалі: мы развіваемся сваімі шляхамі і няма сэнсу параўноўваць літаратурныя вартасці Дастаеўскага і Зарэцкага, Куляшова і Твардоўскага. Яны — годныя асобы сваёй эпохі. Мы — таксама. Пры ўмове, праўда, што свайго не саромеемся. Урэшце, ведаць беларускую мову — модна, фірмова, адмыслова. Я проста перакананы, што менавіта на гэта павінны рабіць упор бібліятэкары, што змагаюцца цяпер за кожнага беларускамоўнага чытача. Але не толькі на гэта… У кожнага — свае напрацоўкі. Дзяліцеся скарбам! Такая дзяльба дапаможа нам стаць больш духоўнымі. І не забывайцеся, што нацыю вызначаюць веданне мовы, гісторыі ды традыцыйнага беларускага мастацтва.

/i/content/pi/cult/855/18165/10_2.jpg

Усё так, дзень мінулы павінен працаваць на дзень сённяшні. Кацярына Рудзік з Ашмян, да прыкладу, напісала пра зараджэнне новай традыцыі: “У Гальшанах работнікі раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі ў суботні вечар музычныя вечары ля замкавых муроў. Пачалося ўсё з тэатралізацыі, падчас якой госці маглі сустрэцца з Паўлам Сапегам і Соф’яй Гальшанскай, легендарнымі Белай Дамай і Чорным Манахам. Гісторыя пра край прагучала пад сярэднявечную музыку ў промнях заходзячага сонца. Толькі абыякавае сэрца не магло не адгукнуцца на такую вытанчаную карціну. Потым былі танцы, квэсты, майстар-класы па рамёствах. А калі Паўночная вежа асвяцілася пражэктарамі, загучала наша аўтэнтычная музыка скрыпкі, флейты і саксафона. Музыканты Ірына Асмольская, Вікторыя Клімчанка, Аляксандр Пашкоўскі і Уладзімір Саўчанка агучылі замкавую гісторыю. Выступіў і мультыінструменталіст Белдзяржфілармоніі Ігар Задарожны”. Прыгожы тэкст, прыгожая традыцыя, якая не дае забыцца на нашы карані, на наша старадаўняе мастацтва. У гэтым спалучэнні мінулага і сучаснага — масток у прадказаную будучыню. І масткоў такіх — процьма.

Адзін з іх — у паяднанні з тымі велічнымі асобамі, што склалі гонар Беларусі. Распавядае бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская: “У беларускай літаратуры не вельмі шмат жаночых постацей, але кожная выключная ды яскравая. Жаночы погляд на жыццё заўсёды іншы. Больш трапяткі, эмацыйны. 6 чэрвеня споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння беларускай польскамоўнай пісьменніцы, ураджэнкі Гродзеншчыны Элізы Ажэшка”. Безумоўна, пра Ажэшка і яе творы можна расказваць бясконца. Неаспрэчна адно: таленавітая жанчына дбала пра рэформу вёскі і не забывалася на літаратуру, хрэстаматыйная аповесць “Хам” — цудоўнае таму пацвярджэнне. Не, сапраўды, жанчынамі ў беларускай літаратуры можна толькі ганарыцца!

І не толькі ў літаратуры. Ужо згаданая сёння Соф’я Гальшанская ўшчыльную займалася не толькі палітыкай. Яна выступіла ініцыятарам першага перакладу Бібліі на польскую мову. Кнігу сталі называць Бібліяй каралевы Соф’і. “А цяпер скажыце, — пытаюцца ашмянскія метадысты, — якое дачыненне мае Гальшанская да праменьчыка і церамка?” Адказ ведаюць толькі добра дасведчаныя. Вось ён. “Праменьчык” — гэта ўзорны тэатральны лялечны гурток Ашмянскага раённага Цэнтра культуры. А “Церамок” — спектакль гэтага гуртка. А разам “Праменьчык” і “Церамок” — неад’емныя складнікі так званых творчых вечароў у Соф’і Гальшанскай.

“Не фальклорам адзіным!” — паўтараюць у Кракоўцы і ў чатырнаццаты раз ладзяць штогадовы раённы конкурс дзіцячай эстраднай творчасці “Вясковы жаваранак”. Напісала пра гэта Людміла Рыбік з Ашмян. Ва ўзроставай катэгорыі ад 6 да 9 гадоў першае месца заняла Дар’я Снігірэвіч, у катэгорыі 10 — 12 гадоў перамагла Ксенія Сальмановіч. А лепшым у намінацыі “Трыа” стаў калектыў з Граўжышак.

І апошняя на сёння навіна з Ашмяншчыны. “З пачаткам летніх вакацый пры гарадской бібліятэцы, — распавядае загадчык установы Людміла Зарэцкая, — працуе чытальная зала пад адкрытым небам. Побач — дзіцячая пляцоўка са спартыўным рыштункам. І фізкультурай можна пазаймацца, і пачытаць у ахвотку. Такі ўніверсальны куток стаў сталым месцам дзіцячых сустрэч.”

Пра Свята дзяцінства ў аграгарадку Гудзевічы піша Наталля Шэўчык з Мастоў. Галоўным спонсарам мерапрыемства, распавядае яна, стала ЗАТ “Гудзевічы”. Дапамагалі, натуральна, мясцовыя клубнікі, бібліятэкары, музейшчыкі і педагогі. У выніку свята займела дзясяткі атракцыёнаў, выставу творчых работ выхаванцаў ДШМ, магчымасці для малявання на асфальце і правядзення спартыўных спаборніцтваў па пляжным валейболе, для выступлення рыцарскага клуба і наладжвання дзіцячай дыскатэкі. А быў яшчэ парад калясак, пераробленых ці пад кавалак торта, ці пад пірацкі карвет. У вашым дзяцінстве было такое? У маім — не.

На Мастоўшчыне ў пашане не толькі святы. Тут умеюць і працаваць з вялікай аддачай. Тады праца таксама ў свята пераўтвараецца. Гаворка пра аграгарадок Вялікія Азёркі, які штогод збірае сяброў на рэалізацыю праекта “Па сцежках спадчыны”. Уся дзея закручваецца вакол мясцовага брэнда — знакамітай Котчынскай кадрылі, што ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. “Патанцаваць” былі запрошаны самадзейныя артысты з Курылавіч, Мілявіч, Галубоў і Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору Шчучынскага раёна. Да слова, Дэмбраўская кадрыля таксама ўключана ў памянёны Дзяржаўны спіс.

Дзесьці танчаць ад душы, а дзесьці і спяваюць ад сэрца. Метадыст Пружанскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Святлана Гамшэй напісала пра рэгіянальнае свята-конкурс вакальна-харавога мастацтва “Пеўчае поле”, заснаванае ў 2013 годзе ў гонар земляка, фалькларыста, харавога дырыжора Рыгора Шырмы. У першым мерапрыемстве бралі ўдзел толькі калектывы раёна. Затым далучыліся прадстаўнік Брэсцкай вобласці, Гродзеншчыны, Польшчы. “З поспехам выступаюць і выканаўцы з Пружанскага раёна, — распавядае Святлана Гамшэй. — Напрыклад, таленавітая Сафія Яроцкая — салістка аматарскага клуба “Тапатушкі” Наваселкаўскага сельскага Дома культуры”.

Не забывае нас Дзяржынскі гарадскі Дом культуры. Вельмі інтэлігентная, трэба сказаць, установа культуры. Усё тут да месца, усё тут шчыра і з густам. Дык вось, 5 чэрвеня горад прыняў эстафету абласнога творчага марафона ART MIX. З’явілася цудоўная нагода паказаць усю культурную разнастайнасць раёна. У дзіцячым парку пачалі дзейнічаць тры сцэнічныя пляцоўкі. На іх прайшлі фінал агляду-конкурсу “Вясковай творчасці Алімп”, канцэрт выхаванцаў ДШМ, а таксама — фестываль вулічнай культуры WAKE AP, дзе не абышлося без рэп-выканаўцаў. Усё прайшло эфектна ды разняволена. Не дзіва, што ART MIX кожны раз прапаноўвае новыя творчыя рашэнні, якія пераўтвараюць традыцыі ў брэнды.

Інфармацыя з Віцебскага раёна ад Андрэя Струнчанкі. У Мазалаўскай дзіцячай школе ладзілася свята сямейных талентаў “Творым разам”. Аўтар праекта — настаўніца ДШМ Наталля Лявонава. Удзельнічала ў свяце больш за дзесяць сем’яў.

Увага, у Светлагорскім раёне аб’явіліся авантурысты! Пра гэта неадкладна паведаміла пільная Галіна Капецкая. Калі ж сур’ёзна, дык аматарскі тэатральны калектыў “Авантура” пад кіраўніцтвам Ніны Друзік існуе пры Светлагорскім Цэнтры культуры з 2008 года. Шмат было пастановак: вадэвіляў, мюзіклаў. І вось — музычная феерыя “Русалачка.by”. Дарэчы аўтар сцэнарыя — Галіна Капецкая.

Сённяшні інфармацыйны марафон завяршае намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч, якая — зноў пра лета. Я ніяк не супраць, бо сонечныя дзянькі варта назапашваць з той жа стараннасцю, як і пчолка-працаўніца — нектар. Зазяваешся, і ўзімку няма чаго будзе ўспомніць. Так што хапаем хутчэй летняе сонейка, а ў Зэльве яно, як піша Вольга Камякевіч, — на кожнай кніжнай старонцы. Дык што прапаноўвае Зэльвенскі кніжны сезон? Літаратурны дворык з кніжкамі, конкурсамі ды віктарынамі. Бібліятэкар Каралінскай інтэграванай бібліятэкі пераўтварылася на лета ў Бібліяфею. А бібліятэкар Елкаўскай сельскай бібліятэкі прыдумала выставу “Летнее приклюЧТЕНИЕ”. Прыдумка цудоўная! Але па-руску. Не, павінна і па-беларуску атрымацца. Варта толькі паспрабаваць.

Беражыце сябе і пішыце пра цікавае ды карыснае!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"