Да сумнай даты — прэм’ера фільма “Сведкі”

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Да 22 чэрвеня, 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прымеркаваная рэспубліканская прэм’ера кінаальманаха “Сведкі” — ваенна-гістарычнай драмы з трох навел (“Туфлікі”, “Брут” і “Скрыпка”), аб’яднаных агульнай канцэпцыяй і прысвечаных памяці ахвяр Халакосту. Фільм можна будзе ўбачыць у кінатэатрах па ўсёй Беларусі. Альманах “Сведкі” быў створаны пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/855/18164/8_2.jpgПершая навела “Туфлікі”, якую рэжысёр Канстанцін Фам зняў у 2012 годзе, у выглядзе самастойнага кароткаметражнага фільма мела вялікі розгалас у свеце, прэзентавалася на 66-м Канскім фестывалі, атрымала мноства прызоў на фестывалях, вылучалася на прэмію “Оскар”. “Туфлікі” былі ўключаны ў калекцыю фільмаў мемарыяла Яд Вашэм у Ізраілі разам з іншымі славутымі фільмамі на тэму Халакосту. У 2016-м з’явілася навела “Брут”, у 2017-м — “Скрыпка”. Альманах “Сведкі” паказвае Халакост вачыма міжвольных сведак тых падзей: напрыклад, праз гісторыю пары жаночых туфлікаў, якая пачынаецца ў вітрыне крамы і заканчваецца ў вітрыне мемарыяльнага комплексу Асвенцыма (“Туфлікі”); праз гісторыю шчанюка нямецкай аўчаркі, якога з хатняга любімца ператвараюць у канцлагернага сабаку-забойцу (“Брут”); праз гісторыю скрыпкі, якую зрабілі ў падарунак яўрэйскаму хлопчыку, а праз многа гадоў яна іграе ля Сцяны плачу (“Скрыпка”). Рэжысёр “Сведак” Канстанцін Хам стварыў сваю карціну як напамін маладому пакаленню аб трагедыі — каб у будучым нічога падобнага не паўтарылася, і ў памяць сваіх родных, што загінулі, і ў памяць усіх шасці мільёнаў ахвяр Халакосту.

Здымкі альманаха вяліся на тэрыторыі дзевяці краін, а ўвогуле над фільмам працавалі спецыялісты з Беларусі, Расіі, Чэхіі, Францыі, Ізраіля і Польшчы. Як кажа сапрадзюсар “Сведак” з беларускага боку Юрый Ігруша: “У стужцы адлюстравана мноства падзей, што тычацца і Беларусі, значная частка кадраў адзнятая менавіта ў нас: напрыклад, навела “Туфлікі” працэнтаў на 80 здымалася ў Беларусі, “Скрыпка” — напалову”.

Зараз усе правы на альманах “Сведкі” на тэрыторыі Беларусі мае Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Фільм здымаўся не з камерцыйнымі мэтамі і ў пракаце яшчэ не быў. У сталіцы стужку з 22 чэрвеня можна будзе пабачыць у кінатэатры “Ракета”, ёсць яна і ў праграме кінатэатраў абласных і раённых гарадоў.