“Больш працаздольных, чым мы, — не згадаю”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Успамінаючы той час, калі “Песняры” атрымалі прэмію Ленінскага камсамола, саліст легендарнага ансамбля на працягу амаль двух дзесяткаў гадоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль КАШАПАРАЎ нават праспяваў колькі тактаў славутай песні Ігара Лучанка

Мы идем по стране,
улыбаясь векам,
Улыбаясь весне,
голубым родникам…

— Не такая ўжо гэтая песня прапагандысцка-камсамольская. У многіх з падобных твораў гучаў, так бы мовіць, “біг-біт”, другая моцная доля. І песні камсамольскія — гэта і лірыка, і патрыятызм.
 /i/content/pi/cult/181/1816/Bol'sh pracazdolnyh.jpg
Мы выконвалі менавіта такія творы аўтарства Ігара Лучанка, Аляксандры Пахмутавай. “Песняры”
абавязкова ўключалі ў праграму выступлення на замежных фестывалях падобныя песні, і менавіта іх прымалі, мо вы цяпер не паверыце, “на ўра”!
Я лічу, што наша прэмія Ленінскага камсамола за 1977 год, атрыманая за канцэртную праграму 1975 — 1976 гг. і прапаганду патрыятычнай песні сярод моладзі, цалкам заслужаная. Папулярней за “Песняроў” у той час проста нікога не было. І мусіць, больш працаздольнага калектыву таксама не адшукаць. Я ганаруся гэтым!
Прэміі не адыгрывалі для нас вызначальнай ролі, але ўспрынялі яе як належнае, бо ўсведамлялі свой статус. Няхай і не сціпла — але факт! У той час званне лаўрэата такой прэстыжнай прэміі было вельмі значным. Але абставін уручэння дакладна не памятаю.
Мяркую, што сустрэлі вестку, пагружаныя ў працу. Мы ж у тыя часы выступалі, напрыклад, у маскоўскім “Алімпійскім” на 44 тысячы гледачоў! Цяпер там “зборныя” канцэрты праходзяць для аўдыторыі напалову меншую.
Нехта сказаў, што зняцце помнікаў не менш геніяльнае за іх усталяванне. Дык вось, я з гэтым не пагаджаюся! Гісторыя ёсць гісторыя, яе не трэба знічтажаць, а наадварот — браць з яе самае карыснае, каб пасля не было шкада за марныя справы і гады. Таму, яшчэ раз паўтаруся: прэміяй Ленінскага камсамола сапраўды ганаруся і лічу, што “Песняры” былі найбольш вартыя яе! 

Сяргей ТРАФІЛАЎ