Дзве постаці — адна пазіцыя

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

У Маладзечне выйшаў з друку фотаальбом “З верай і любоўю”, прысвечаны 100-годдзю нашага славутага гісторыка і педагога Міколы Ермаловіча (1921 — 2000) і 85-годдзю пісьменніка, музейшчыка і краязнаўца Генадзя Каханоўскага (1936 — 1994). Альбом падрыхтаваў пісьменнік і літаратуразнаўца з Маладзечна Міхась Казлоўскі.

/i/content/pi/cult/855/18159/7_2.jpgФотаальбом пабачыў свет, дзякуючы рупнасці супрацоўнікаў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, якія шмат робяць дзеля прапаганды творчасці сваіх знакамітых землякоў і ўшанаванню іх памяці.

Альбом “З верай и любоўю” падзелены на дзве часткі: у першай ідзе знаёмства з Генадзем Каханоўскім, у другім — з Міколам Ермаловічам.

Выданне багата аздоблена не толькі фотаздымкамі, але і рознымі тэкстамі. У ім змешчаны біяграфіі пісьменнікаў, выказванні вядомых людзей пра іх творчасць, надрукаваны балады паэта Віктара Шніпа ім прысвечаныя. Напрыклад, прафесар Анатоль Грыцкевіч некалі пра Міколу Ермаловіча сказаў, што ён “быў падзвіжнік, які адкрываў шырокаму колу чытачоў мінулае Беларусі, папулярызаваў яе даўнюю гісторыю, значна апярэдзіўшы нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі”.

А Міхась Казлоўскі ў прадмове адзначыў, што “з-пад пяра доктара гістарычных навук, пісьменніка і вучонага Генадзя Каханоўскага выйшлі ўнікальныя, насычаныя багатай краязнаўчай і гістарычнай фактурай, навукова вывераныя кнігі, якія ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай гуманітарнай навукі”.

Давайце пагартаем гэты фотаальбом. На першых яго старонках надрукаваны два партрэты. Партрэт Генадзя Каханоўскага намаляваў пры жыцці мастак Юрась Герасіменка-Жызнеўскі, а партрэт Міколы Ермаловіча мастак Кастусь Харашэвіч. Дзве працы мастакоў, нібы сардэчна запрашаюць да сябе ў госці. Далей чытачы пазнаёмяцца з аўтографамі Каханоўскага і Ермаловіча, з іх біяграфіямі.

На адной са старонак альбома — Генадзь Каханоўскі — малодшы сержант Савецкай Арміі, далей ён — студэнт Маскоўскага педінстытута, а вось Генадзь Каханоўскі сфатаграфаваны з пісьменніцай і выдаўцом Зоськай Верас. На другіх здымках — ён у добрых кампаніях з Лявонам Луцкевічам, Аляксеем Пяткевічам, Нілам Гілевічам, Іванам Чыгрынавым, Янкам Багдановічам, Міхасём Казлоўскім, з супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, з роднымі і сваякамі, і шмат яшчэ з кім.

Здымкаў Міколы Ермаловіча ў фотаальбоме больш з жонкай Лідзіяй Цімафееўнай і з дзецьмі. Зацікавяць чытачоў таксама рэдкія здымкі Міколы Ермаловіча з братам Якуба Коласа Юзікам Міцкевічам напачатку 1950-х гадоў. Ёсць шэраг цікавых фота з Вольгай Іпатавай, Віктарам Шавялевічам, Сяргеем Грахоўскім і іншымі асобамі Беларусі.

Выданне “З верай і любоўю” — гэта маленькая цаглінка ў велічны гмах памяці Міколы Ермаловіча і Генадзя Каханоўскага, якія любілі Беларусь, свой народ і даследавалі нашу гісторыю.

Сяргей ЧЫГРЫН