Добра святкаваць, але ж і працаваць

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

15 чэрвеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Пачалася нарада са станоўчага водгука Анатолія Маркевіча наконт праведзенага днямі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна. Міністр падзякаваў арганізатарам і ўсім удзельнікам за гэта насамрэч святочнае прыгожае мерапрыемства.

/i/content/pi/cult/855/18150/2_1.jpg

“Нашым людзям не хапае падобных свят”, — сказаў Анатолій Маркевіч.

Таксама была закранута тэма падрыхтоўкі да неўзабаве маючых адбыцца іншых культурных мерапрыемстваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню — “Славянскага базару ў Віцебску” і свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Міністр звярнуў увагу, што застаецца не так многа часу да іх пачатку і яны павінны прайсці, як і штогод, на самым высокім прафесійным узроўні.

Падчас нарады закраналася і пытанне аб маючым адбыцца Дне беларускага пісьменства, які гэтым годам пройдзе 5 верасня ў Копылі. Была агучана інфармацыя, што зараз горад належным чынам рыхтуецца да свята, праводзіцца рэканструкцыя Дома культуры, краязнаўчага музея, даводзіцца да ладу і ўпрыгожваецца парк.

Абмяркоўвалася таксама і бягучая сітуацыя на “Беларусфільме”. Міністру далажылі, што 14 чэрвеня прайшоў конкурс сінопсісаў “Мая Беларусь”, зараз студыя рыхтуе фільмы і ролікі, прысвечаныя сацыяльным праблемам і патрыятычнаму выхаванню.

“Па майму перакананню, фільмы, якія выпускае кінастудыя, павінны быць запатрабаваныя гледачом. Мусіць быць добры якасны вынік, а не толькі працэс”, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч.

Міністр культуры нагадаў, што хутка адбудзецца пасяджэнне ў Прэм’ер-міністра краіны Рамана Галоўчанкі па далейшаму развіццю і ўмацаванню “Беларусьфільма”. Да дадзенай нарады было даручана падрыхтаваць сістэмны пакет дакументаў, а таксама прыцягнуць да сустрэчы і прадстаўнікоў моладзі, якая спецыялізуецца на кінавытворчасці, і рэжысёраў-мэтраў.

“Закранаючы развіццё студыі, мы мусім улічваць розныя меркаванні, а не толькі думкі кіраўніцтва “Беларусфільма”, — сказаў Анатолій Маркевіч.

Была закранута і тэма рэканструкцыі і рамонту Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага. Паміж іншага акцэнтавалася ўвага, што два гэтых аб’екты неабходна здаць у прызначаныя раней тэрміны.