Намаляваць сваю “Джаконду”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

17 кастрычніка ў выставачнай зале ГКЦ Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама адбылося адкрыццё юбілейнай сямейнай выстаўкі мастакоў-педагогаў Святланы і Генадзя Вяль, а таксама іх дачкі Аліны пад назвай “50 + 50”.

 /i/content/pi/cult/181/1814/Namalyavac.jpg

Генадзь і Святлана Вяль

на адкрыцці выстаўкі.
Галоўным героем выстаўкі з’яўляецца, канешне ж, Генадзь Вяль — майстар малых графічных форм, імя якога добра вядома аматарам
мастацтва не толькі Беларусі, бо ён значыцца лаўрэатам прэмій многіх прэстыжных еўрапейскіх конкурсаў, а таксама ўладальнікам галоўнага прыза Міжнароднага конкурсу сучаснага экслібрыса ў літоўскім Шауляі.
Мастак прадставіў у экспазіцыі свае шматлікія афорты розных гадоў “Мая Джаконда”, “Рыцар, смерць і д’ябал”, “Купалінка”, “Квартэт”, “Лукамор’е”, “Прагулка”, а таксама партрэтныя малюнкі — “Аксана”, “Кацярына”, “Іна”.
Мастак сапраўды любіць працаваць над партрэтам. Яму падабаецца сам творчы працэс працы з мадэллю, бо ў гэты момант адчуваеш сябе псіхолагам, адкрывальнікам чалавечых душ. Таксама такая праца дае магчымасць адпачыць ад штодзённага, абстрагавацца ад непатрэбнага...
Брэстаўчанка Святлана Вяль у свой час вучылася сумесна з будучым мужам на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Потым была працяглая праца — больш за дваццаць гадоў — выкладчыкам ў Брэсцкай сярэдняй школе № 10 з архітэктурна-мастацкім ухілам.
У 2002-ім яна ўзначаліла Брэсцкую дзіцячую мастацкую школу, дзе актыўна займаецца выхаваннем маладых мастакоў, паспяхова ўдзельнічае са сваімі вучнямі ў шматлікіх міжнародных выстаўках і конкурсах. Не так даўно яна была ўзнагароджана медалём за вялікі ўклад у справу міжнароднай папулярызацыі дзіцячай выяўленчай творчасці ў Балгарыі. А на гэтай выстаўцы прадставіла з густам выкананае ручное ткацтва — габелены “Фрыз Бетховена”, “Дрэва ІІ”, “Рыба І”, “Рыба ІІ”, “Паэт”. Гэтыя творы захапляюць, уражваюць сваёй кампазіцыйнай дасканаласцю і каляровай насычанасцю. Асаблівыя пачуцці выклікаюць таксама па-майстэрску выкананыя выцінанкі “Вакзал “Брэст — Цэнтральны”, “Брэст. СвятаСімяонаўскі Кафедральны сабор”, “Брэст. Касцёл Уздзвіжання Святога Крыжа”, “Гуканне вясны”, “Надвячоркам”.
У выцінанках найбольш яскрава Святлана раскрывае свой мастакоўскі талент, свае адносіны да роднага краю,
да горада, дзе нарадзілася і паспяхова працуе.
Ярка выглядае экспазіцыя з шасці твораў 13-гадовай дачкі юбіляраў Аліны, якая з 2004 года займаецца ў мастацкай школе ў бацькоў. Дзяўчынка ўжо з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў у Балгарыі, Польшчы і Чэхіі. У 2005 годзе стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

Леанід ВАЛАСЮК
Брэст