Скафандр для “Энергіі рыб”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Малады мастак Андрэй Савіч любіць пісаць на палатне загадкі, а пасля прапаноўвае гледачам разгадваць іх. Нядаўна ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка, што складаецца з 20 жывапісных і фатаграфічных твораў аўтара, ніводны з якіх не мае подпісу. Адсутнасць інтэрпрэтацыі з боку творцы дае магчымасць пафантазіраваць, ды і сюжэты кампазіцый зусім не банальныя.

 /i/content/pi/cult/181/1813/Skafandr.jpg

А.Савіч. “Энергія рыб”.

Як адзначалі пад час адкрыцця экспазіцыі супрацоўнікі міністэрства, выстаўка Андрэя Савіча менавіта ў гэтых сценах мае вялікае значэнне. Тут рэгулярна адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі замежных дэлегацый, праводзяцца брыфінгі, і знаёміць гасцей краіны з нашым мастацтвам неабходна. Раней у памяшканні часта экспанаваліся творы класічнага беларускага жывапісу, але кіраўніцтва вырашыла, што патрэбна звярнуць увагу і на сучасных мастакоў.
У сур’ёзным інтэр’еры і дзівацтвы падаюцца нейкім важным знакам, маюць прыхаванае значэнне. Прыхаванае, таму што мастак не гаворыць “рэалістычнай” мовай — усе прадметы паказаны праз прызму ягоных думак аб будучыні або цяпершчыне.
Чалавечае жаданне падпарадкаваць сабе прыроду і атрымаць энергію з кожнай яе дробязі бачна на сумным палатне з мастакоўскім абазначэннем “Power of fish” (“Энергія рыб”). Тры няшчасныя рыбіны жывуць у складаным скафандры ці то ў забруджаным акіяне, ці то на паверхні заледзянелай зямлі — і дзейнічаюць, але нават з іх, бездапаможных, таксама намагаюцца атрымліваць нейкую карысць. Зусім іншая энергетыка — на двух палотнах з выявамі перцаў: яны так “палаюць”, што ад іх нібы адскокваюць іскрынкі.
Любіць Андрэй Савіч закранаць сямейную тэму. Праз вобразы жаночых ножак на высокіх абцасах мастак здолеў паказаць сур’ёзнасць адносін паміж мужчынай і жанчынай. Адна нага на пэўным жыццёвым этапе затаптала сумнавокага мужчыну, другога пакінула ў роздуме, трэці ляжыць каля яе. І ў самым нізе, каля абцаса, вісіць дзіцячая соска. Дзіця на пасля… Але ці не выльецца ўсё гэта заўтра ў боль, калі вены на такіх прыгожых ножках распухнуць, будуць нагадваць пра вясёлую маладосць?
Фотаграфіка творцы прыцягвае ўвагу сваёй нязвыклай трактоўкай рэчаіснасці. 

Алена САБАЛЕЎСКАЯ