ВАЙТОВІЧ Яўген Канстанцінавіч

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

2 чэрвеня 2021 года пайшоў з жыцця колішні міністр культуры краіны, выдатны дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кандыдат эканамічных навук, сябра Беларускага саюза кінематаграфістаў Вайтовіч Яўген Канстанцінавіч.

/i/content/pi/cult/853/18126/_opt.jpegЁн нарадзіўся 29 студзеня 1937 года ў вёсцы Ляшчыны Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. З 1975 па 1983 год працаваў дырэктарам кінастудыі “Беларусьфільм”, з 1983 па 1988 год — начальнікам галоўнага ўпраўлення кінафікацыі і кінапракату Дзяржкіно СССР. З 1990 года займаў пасаду Міністра культуры БССР, а з атрыманнем незалежнасці нашай краіны да 1993 года ўзначальваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Выконваў дыпламатычную місію ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы з 1993 па 1998 год. З’яўляўся паслом па асобых даручэннях у 1999 — 2002 гадах У 2002 годзе быў прызначаны кіраўніком аддзялення Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў горадзе Краснадары.

З жыцця пайшоў чалавек, які на сваёй пасадзе ў якасці міністра культуры Рэспублікі Беларусь зрабіў значны ўнёсак у фарміраванне сістэмы культуры маладой беларускай дзяржавы. Яўген Канстанцінавіч быў прафесіяналам высокага ўзроўню, прыкладам і настаўнікам для калег, шчырым і працалюбівым чалавекам, сапраўдным патрыётам свайго народа, сваёй Радзімы. Яму былі ўласцівы прыстойнасць і сціпласць.

Выказваем глыбокія спачуванні ў сувязі са смерцю выбітнай асобы — Яўгена Канстанцінавіча Вайтовіча. Светлая памяць пра яго назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Нам, журналістам газеты “Культура”, пашчасціла цесна кантактаваць з гэтым цудоўным чалавекам на працягу ўсяго ягонага жыцця. Яго прафесійная дзейнасць на пасадзе міністра культуры закранала розныя бакі станаўлення нацыянальнай культуры. Мы ж абавязаны яму, умоўна кажучы, сваім нараджэннем. Менавіта ён прыняў рашэнне аб заснаванні міністэрствам у 1991-м рэдакцыі штотыднёвай грамадска-асветніцкай газеты “Культура”, якая сёлета адзначыць свой трыццацігадовы юбілей. За гады працы Яўгена Канстанцінавіча ў Міністэрстве была рэарганізавана яго структура, створаны саветы па мастацтву, народнай творчасці і іншыя, а само міністрэства атрымала сучасную назву - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Яўген Канстанцінавіч асабіста сустракаўся з дзеячамі культуры і мастацтва краіны. Пісьменнікі, артысты, мастакі, музыканты, кінематаграфісты, народныя майстры памятаюць душэўныя размовы і дыскусіі з міністрам, у час якіх вырашаліся важныя пытанні развіцця нацыянальнага культурнага і мастацкага кантэкстаў як іміджавага стрыжня суверэннай Беларусі. Калегі і сябры ведалі Яўгена Канстанцінавіча як шчырага, добразычлівага чалавека, з глыбокім сэрцам і светлым розумам. Ён быў улюбёны ў родную краіну і аддана служыў Радзіме, клапаціўся аб светлым будучым Бацькаўшчыны.

Мы шчыра смуткуем аб непапраўнай страце, і светлая памяць аб гэтым выдатным Чалавеку назаўсёды захаваецца ў сэрцах тых, хто працаваў разам з ім, паважаў і шанаваў яго.

Культураўцы