Чытач — газета — Міністэрства

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Сёння ў нашай рубрыцы пытанне да спецыялістаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь задае дырэктар дзіцячай школы мастацтваў горада Бяроза Ірына ШУЛЯК:

— Дзяржава бясплатна аднаўляе для дзіцячых школ мастацтваў фартэпіяна. А чаму б не ўзяць пад дзяржаўнае крыло і абнаўленне баянаў ды цымбалаў? Фабрыкі ў Маладзечне і Барысаве нам дапамогуць.

— У Рэспубліцы Беларусь надаецца асаблівая ўвага па пытанню аднаўлення музычных інструментаў.

Міністэрства культуры сумесна з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам ды майстрамі (вытворцамі) айчынных музычных інструментаў прыняты меры па пашырэнні і арганізацыі вытворчасці асобных відаў музычных інструментаў.

Акрамя фартэпіяна “Беларусь”, якое вырабляецца ТАА “Фабрыка фартэпіяна”, таксама наладжана вытворчасць балалайкі, домры (ІП Макарэвіч Р.А), баяна, гармоніка (ТАА “ЗОНТА”), гітары (ПВУП “Кібіньгітарз”), цымбал (ІП Вашкевіч М.А., ПВУП “Кібіньгітарз”, ПВУП “Фабрыка музыкі”).

У рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” выдзяляюцца грашовыя сродкі на набыццё музычных інструментаў, а таксама на іх рамонт.

У 2021 — 2025 гадах праца па набыццю айчынных музычных інструментаў будзе працягнутая.

Пытанні ад загадчыцы аддзела маркетынгу Бярэзінскага раёна Тамары КРУТАЛЕВІЧ:

— Чула, што на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Беларусі, якое прайшло ў Бялынічах 20 мая, асаблівую ўвагу надалі рабоце і развіццю публічных бібліятэк. Як прынятыя там рашэнні паспрыяюць будучыні бібліятэк іншых рэгіёнаў?

— На калегіі быў разгледжаны комплекс праблемных пытанняў, якія тычацца ўсіх кірункаў дзейнасці бібліятэк: фарміравання інфармацыйных рэсурсаў, камплектавання фондаў, арганізацыі абслугоўвання чытачоў, матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага забеспячэння. Таму і рашэнні тычацца ўсіх гэтых аспектаў.

Шэраг рашэнняў тычыцца справы ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы, у тым ліку мадэрнізацыі і развіцця парка бібліёбусаў, камп’ютарнага і сеткавага абсталявання, наладжвання тэлекамунікацыйных тэхналогій, стварэння рэгіянальных цэнтраў алічбоўкі бібліятэчных дакументаў. Асобным блокам выдзелены планы па развіцці сістэмы метадычнага забеспячэння дзейнасці бібліятэк усіх узроўняў, падрыхтоўкі кадраў і наладжвання больш цеснага ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі і бібліятэкамі.

Выкананне пастаўленых задач у выніку паспрыяе развіццю інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва нашай краіны, павышэнню іміджу і прэстыжу бібліятэчнай спецыяльнасці.

— Якія новыя патрабаванні будуць адрасаваныя бібліятэчным работнікам?

— Патрабаванні не новыя, а традыцыйныя: адказна падыходзіць да выканання службовых абавязкаў, рэалізуючы місію захавання культурнай памяці народа, спрыяючы фарміраванню сістэмы каштоўнасцей, традыцый і светапогляду беларускага грамадства. А таксама знаходзіць новыя формы работы да прыцягнення чытачоў у бібліятэкі, папулярызаваць бібліятэчныя фонды.

— Ці будуць новаўвядзенні ўлічаны ў працэсе падрыхтоўкі бібліятэчных спецыялістаў?

— Беларускі дзяржаўны ўніверсітет культуры і мастацтваў праводзіць працу па ўвядзенні новых напрамкаў спецыяльнасці “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць (па напрамках)”, распрацоўвае новыя навучальныя дысцыпліны, якія фарміруюць веды і ўменні ў галіне цыфравізацыі бібліятэк, камп’ютарных тэхналогій, аналітычнай апрацоўкі інфармацыі, сацыяльна-культурнага праектавання.

На пытанні адказвалі намеснік начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Лілія ЕШМАНТОВІЧ і галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена БЕРАЗОЎСКАЯ