Даступнае мастацтва

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

1 чэрвеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Адбылося прадстаўленне новапрызначаных супрацоўнікаў цэнтральнага апарата Міністэрства культуры. Пасаду начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння заняў Сяргей Саракач, які перад прызначэннем працаваў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. На пасады намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва, а таксама начальніка ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў прызначаная Іна Адамовіч.

Уздымалася пытанне анлайн-азнаямлення гледачоў з найлепшымі канцэртнымі праграмамі і тэатральнымі пастаноўкамі. З гэтай мэтай у рамках праграмы “Культура анлайн” былі запісаныя пяць спектакляў і тры канцэртныя праграмы, у тым ліку канцэрт-прэзентацыя творчых калектываў Белдзяржфілармоніі, канцэртныя праграмы гродзенскага ансамбля “Белыя росы” і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора імя Г.І. Цітовіча, спектакляў “Паэма буслоў” Гродзенскага абласнога тэатра лялек, “451 паводле Фарэнгейта” Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, “Не пакідай мяне” Мінскага абласнога драматычнага тэатра, “Леаніды не вернуцца да зямлі” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, мюзікла “Ты і я” Моладзевага тэатра эстрады.

Вяртаючыся да тэмы стварэння мемарыяльнага комплексу на месцы канцэнтрацыйнага лагера, які дзейнічаў у 1934 — 1939 гадах у горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці, музейнымі спецыялістамі было прапанавана стварыць у памяшканні колішняй турмы тры экспазіцыйныя залы, у якіх будуць адноўленыя інтэр’еры карцара і турэмнай камеры, у якіх утрымліваліся вязні, а таксама змешчаная інфармацыя аб гісторыі гэтага месца, у тым ліку здымкі, анкеты і ўспаміны вязняў.