Чаму крадуць выцінанку?

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Сапраўдны рэнесанс ў нашы дні перажывае беларуская выцінанка — чароўнае ўменне ствараць ажурныя ўзоры і цэлыя карціны. Заканамерным вынікам гэтага стала нядаўняе наданне ёй статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Як мінімум адной са сталіц выцінанкі можна назваць Маладзечна — ужо больш за 30 гадоў тут на прафесійным узроўні развіваецца свая школа, майстэрства выкладаюць нават на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа імя М. К. Агінскага. Лізавета ЧЫРВОНЦАВА са славутай дынастыі выцінаншчыц — і выкладчык каледжа, і знакаміты майстар, чые творы часта трапляюць у цэнтр увагі. Так і майскімі днямі з’явілася яшчэ адно сведчанне папулярнасці твораў Лізаветы, няхай нават не кожны падобны выпадак радуе аўтара. Пра справу жыцця майстра Лізаветы Чырвонцавай і пра ўнікальную маладзечанскую школу выцінанкі мы і пагаворым.

/i/content/pi/cult/853/18123/_opt.jpeg— Даволі гучная гісторыя здарылася нядаўнім часам, калі на конкурсе “Міс Сусвет”, што сёлета праходзіў у ЗША, прадстаўніца Украіны выходзіла ў шыкоўным касцюме, заснаваным, як было заяўлена, на традыцыйнай украінскай выцінанцы, — але апынулася, што заснаваны касцюм быў менавіта на вашых творах. Аказваецца, і выцінанкі церпяць ад плагіяту.

— Так, гэта такі ж самы від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як і ўсе іншыя, што існуюць у Беларусі ці ў той жа Украіне. І наша выцінанка ўжо не проста народная, а і аўтарская творчасць майстроў, якія, як правіла, маюць мастацкую ці мастацка-педагагічную адукацыю і на чые работы распаўсюджваецца аўтарскае права. Сваёй выразнасцю і, так скажам, лёгкай даступнасцю да капіравання выцінанка даўно вабіць дызайнераў у самых розных галінах, і таму выпадкі, калі творы майстроў выкарыстоўваюцца без дазволу, папросту — крадуцца, нярэдкія. Гісторыя з украінскай “Міс Сусвет” у маёй уласнай практыцы далёка не першая, але на гэты раз я маю намер давесці справу да якога-небудзь выніку — ёсць розгалас ва ўкраінскай супольнасці майстроў і дызайнераў, ёсць цікавасць у СМІ, я ўжо звярнулася да ўкраінскіх юрыстаў. А спачатку ж мне проста хацелася вырашыць справу ў індывідуальным парадку, звязацца з дызайнерам касцюма, каб хоць мае імя і аўтарства прызналі. Але дызайнер так і не адказала.

— А хіба дорага было б звярнуцца да вас як да аўтара і набыць правы?

— Набыць прынт і зрабіць усё законна  — грошы зусім невялікія, а ў параўнанні з такім конкурсам, як “Міс Сусвет”, проста смешныя. Менавіта выцінанцы так шанцуе, што яе крадуць направа і налева. А ідзе гэта ад неразумення самой сутнасці падобнай творчасці. Людзі лічаць, што можна ж проста перавесці, раздрукаваць і выразаць, і вось кшталту твая ўласная выцінанка гатовая. Калі чалавек гэта для сябе робіць, каб павесіць на сценку ў сваім пакоі і любавацца, дык і няхай, я такому толькі парадуюся. Але калі тваю работу выкарыстоўваюць, напрыклад, для ўдзелу ў конкурсах, выдаючы яе за сваю? Асабліва на дзіцячым узроўні падобнае практыкуецца. Замест таго, каб навучыць дзіцёнка выкарыстоўваць тэхналогію выканання, падбіраць узоры і складаць іх у кампазіцыю, кіраўнікі гурткоў дазваляюць проста выразаць гатовае. Я з такім пастаянна сутыкаюся як член журы, мы проста за галаву хапаемся, калі бачым — вось гэта работа ўкраінскага майстра, гэта літоўскага, гэта наш мясцовы мастак стварыў...

Яшчэ, канешне, розныя прадпрымальнікі нярэдка бяруць, не пытаючыся, нашы выцінанкі для лазернай рэзкі, для ўпрыгожвання сваіх вырабаў. Выцінаншчыкі ў гэтым плане, паўтаруся, самыя неабароненыя і нават недаацэненыя. Мне было, напрыклад, прыкра за выпадак, калі ў афармленні станцыі метро “Кавальская слабада” я ўбачыла часткі сваіх выцінанак, — спрабавала звязацца з дызайнерам, які рабіў праект кавальскіх вырабаў на станцыі, але ізноў жа беспаспяхова. Ледзь не кожны месяц з нечым падобным сутыкаюся.

/i/content/pi/cult/853/18123/pt.jpeg— Тое, што выцінанка становіцца такой папулярнай, немалая заслуга і вашай сям’і, цэлай дынастыі выцінаншчыц. Менавіта ваша маці — Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава — дала пачатак адраджэнню выцінанкі ў Маладзечне, а новае пакаленне годна працягвае яе справу.

— З такой таленавітай і захопленай мамай мы проста не маглі не пайсці па яе слядах. А потым і нашы дзеці таксама. Мая старэйшая сястра Наталля таксама знакаміты майстар, старэйшая дачка Наталлі Канстанцыя-Вікторыя скончыла Акадэмію мастацтваў як мадэльер і прымяняе выцінанку ў сваіх мадэлях адзення. Мая старэйшая дачка Сафія, што заканчвае Універсітэт культуры, — спецыяліст у выцінанцы, малодшая дачка Стэфа яшчэ вучыцца ў мастацкай школе і таксама выразае. У нас з Наталляй ёсць жа яшчэ і сярэдняя сястра Каця, медык па прафесіі, — і яна нешта робіць, але ў асноўным для сябе.

— Падобнае майстэрства — выразання, выцінання — існуе у розных краінах. Ці мае беларускае свае асаблівасці? Увогуле, у нашай традыцыі ж не абы-якія ўзоры, а сімволіка…

— Так і ёсць. Калі казаць пра выцінанку маладзечанскай школы, то яна цалкам пабудавана на сімвалічным змесце, кожны элемент, кожны вобраз мае сэнс. У каледжы выкладанне мы пачынаем менавіта з вывучэння зместу і сэнсу, расказваем пра сімвалы зямлі, вады, расліннасці, салярныя знакі і гэтак далей, вывучаем старажытныя беларускія арнаменты і закладзеную ў іх філасофію.

Карані ў традыцыйнай беларускай выцінанкі вельмі даўнія, лічыцца, што яшчэ з ХVI стагоддзя. Але і ў дакументах князя Вітаўта XIV стагоддзя можна пабачыць яе элементы. Тэма цікавая для даследавання, традыцыя распаўсюджвалася і на Усход, на расійскія землі разам з перасяленцамі з Беларусі, Украіны. Але найбольш папулярнай выцінанка ў нас была ў канцы XIX — першай палове XX стагоддзя, яе выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання пакояў, вокнаў, сцен і шмат чаго яшчэ. Беларуская выцінанка вызначаецца лаканічнасцю, геаметрычнасцю, схільнасцю да манахромнасці ці вельмі далікатнага падбору колераў. Выкарыстаныя пластычныя формы як правіла выразна стылізаваныя, хаця ўжываліся і нячаста — былі птушкі і жаночыя фігуры. Канешне, любы аўтар можа даць волю сваёй фантазіі і зрабіць у тэхніцы выразання што заўгодна, але калі мы кажам пра прыкметы менавіта беларускай традыцыі, то яны такія.

— Маладзечанскую школу выцінанкі часта называюць унікальнай. У чым гэта ўнікальнасць?

— У тым, напрыклад, што толькі ў Маладзечне выцінанка выкладаецца як асобны прадмет у прафесійнай навучальнай установе — не гурток, не факультатыў. І такі прыклад адзіны не толькі ў Беларусі, але, па-мойму, і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Калі мы збіраемся на міжнародныя сімпозіўмы па мастацкім выразанні і стасуемся з майстрамі з іншых краін — з Украіны, Літвы, Расіі — то яны здзіўляюцца, што ў нас падобнае ёсць.

А яшчэ ўнікальнасць у тым, што маладзечанская школа пачыналася з людзей, якія ўжо мелі мастацкую адукацыю, — Вікторыі Чырвонцавай, маёй мамы, і мастака-графіка Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага. Сапраўдных народных носьбітаў, людзей старых, што па пераемнай традыцыі займаліся выцінанкай у сваіх вёсках, на той час ужо амаль не засталося. Мама і Юрый Паўлавіч у 80-я гады разам працавалі ў мастацкай школе Маладзечна, мама выкладала дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З матэрыяламі для працы — што па саломцы, што па ткацтве — тады было вельмі цяжка, і мама вырашыла заняцца з дзецьмі ўшчыльную менавіта выцінанкай, якая не патрабавала чагосьці асаблівага — папера, нажніцы. І менавіта тады была закладзена аснова, што выцінанка павінна абапірацца на сімвалізм, на спрадвечныя беларускія арнаменты і ўзоры. Спачатку быў адкрыты народны клас у мастацкай школе, а ў 1995-м на базе музычнага вучылішча адкрылася аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое мама ўзначаліла. Выцінанка стала выкладацца як прадмет, а ў аснову навучання былі закладзеныя менавіта праграмы, распрацаваныя мамай. І зараз выцінанка ў нас праходзіць праз усе тры курсы, па выцінанцы студэнты і дыпломы робяць. За 25 гадоў наш каледж выпусціў ужо вялікую колькасць спецыялістаў, якія па ўсёй краіне цяпер вучаць іншых гэтаму мастацтву.

— У вашай біяграфіі, дарэчы, ёсць такі адметны факт, што менавіта вы былі першай, хто ва Універсітэце культуры рабіў дыплом па выцінанцы.

— Гэта быў першы выпадак не толькі ва Універсітэце культуры, але і ўвогуле ў Беларусі. Мяне тады моцна падтрымала выкладчыца Лідзія Алегаўна Малахава. Бо ў інстытуце да маёй такой ідэі дыплома спачатку паставіліся са скепсісам, маўляў, гэта несур’ёзна. А вось сёлета мая старэйшая дачка заканчвае Універсітэт культуры і мастацтваў, і таксама робіць дыпломную працу па выцінанцы.

— Дзе зараз можна пабачыць вашы работы?

— Напрыклад, у Дзіцячым музеі міфалогіі і лесу ў Заслаўі — я рабіла цэлы цыкл па беларускіх міфічных персанажах, у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Таксама і ў касцёле святога айца Піа — там і мае выцінанкі ёсць, і маёй дачкі старэйшай. Для Масквы мне калісьці замаўлялі
вельмі прыгожы праект для горада — атрымалася такая кшталту фотазона “Зімовы лес”: па маіх узорах збудавалі вялікую канструкцыю з каляднай зоркай пасярэдзіне. У Мінску ёсць некалькі муралаў, дзе мае выцінанкі выкарыстаны, але гэта ізноў жа рабілася без майго ведама. А так — выстаўкі адбываюцца даволі часта, і свой сайт я зараз абнаўляю, там многае можна будзе пабачыць.

— Месяц таму выцінанка атрымала ў Беларусі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, і вы былі адной з тых, хто прадстаўляў гэтае майстэрства на атрыманне статусу. Думкі пра тое, што выцінанку трэба зрабіць нацыянальным брэндам, у вас увогуле даўно.

— Беларуская выцінанка вельмі пазнавальная, і сваімі рысамі яна вельмі падыходзіць для шырокага прымянення ў розных галінах, для работы дызайнераў у шмат якіх рэчах — бо ёю можна ўпрыгожваць усё, пачынаючы ад кубкаў і заканчваючы сценамі дамоў. Яе можна нават выкарыстоўваць у кіно, што паказаў рэжысёр Міхаіл Тумеля сваімі цудоўнымі анімацыйнымі фільмамі “Беларускія прымаўкі” і “Выцінанка-выразанка”. Канешне, у параўнанні з тым, як было гадоў 30 таму, цікавасць да выцінанкі вырасла, і зараз яна набыла рысы ўжо сапраўднага мастацтва. Але ж патэнцыял для прасоўвання беларускага майстэрства выцінанкі ў публічную прастору, так бы мовіць, яшчэ вялізны, і гэта якраз адзін з тых прыкладаў, калі можна сказаць, што “свайго не цэнім”. Думаю, наданне статусу паспрыяе папулярызацыі выцінанкі, паскорыць працэсы.