Супергерой Мядзведзь і яго дзесяць жыццяў

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

У Мінску пачаліся здымкі новага фільма “10 жыццяў Мядзведзя” пра легендарнага беларускага спартсмена Аляксандра Мядзведзя — трохразовага алімпійскага чэмпіёна, чэмпіёна СССР, Еўропы і свету па вольнай барацьбе. У адзін з першых здымачных дзён на пляцоўцы віталі дарагога госця — самога Аляксандра Васілевіча Мядзведзя, яму зараз 83 гады. “Найлепшы барэц ХХ стагоддзя” змог пазнаёміцца з акцёрамі, якія выконваюць яго ролю ў фільме: у маладосці гэта — пачынаючы акцёр Рыгор Някрасаў, у сталым узросце — зорка расійскага кіно Яўген Сідзіхін. Над фільмам працуе беларуская студыя “Першая КінаВідэаКампанія”.

/i/content/pi/cult/853/18121/024.jpgЯшчэ год таму “Першая КінаВідэаКампанія” са сваім праектам “10 жыццяў Мядзведзя” выйграла конкурс Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на вытворчасць тэлевізійнага фільма ў ігравой форме для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. Тады вынікі многіх кінатэндараў, і гэты ў тым ліку, былі аспрэчаны, але ўвосень праект ізноў змог пацвердзіць сваю жыццяздольнасць, і такім чынам у апошні дзень мінулага года Міністэрства культуры і незалежная кінакампанія ў асобе яе дырэктара Віктара Лабковіча заключылі дамову на здымкі фільма. Агульны бюджэт вытворчасці “10 жыццяў Мядзведзя” складае каля трох мільёнаў рублёў, 90 працэнтаў фінансуе Міністэрства культуры, астатнія сродкі — самой “Першай КінаВідэаКампаніі”.

Дарэчы, тая ж самая студыя зараз вядзе здымкі серыяла пра нашага легендарнага музыканта Уладзіміра Мулявіна “За
паўгадзіны да вясны”, але фільмы па жанры розныя. “10 жыццяў Мядзведзя” — не біяграфічная стужка, не спартыўная драма, як можна было б чакаць. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Андрэй Кудзіненка выбраў крэатыўную форму з разлікам на ўвагу юнай публікі: гэта будзе кшталту комікс па матывах жыцця спартсмена. Дзеці трапляюць у камп’ютарную гульню і сваімі вачыма бачаць розныя значныя і рызыкоўныя эпізоды з жыцця Аляксандра Мядзведзя. Назва стужкі адгукаецца вядомым выразам праз 9 жыццяў кошкі. Сцэнарый напісаны паводле кнігі ўспамінаў славутага барца, чыя асоба як мага лепей падыходзіць для абранага жанру — комікс, камп’ютарная гульня, квэст. Бо на погляд аўтара сцэнарыя і рэжысёра — Аляксандр Мядзведзь менавіта супергерой. Так склалася, што зусім малым Андрэй Кудзіненка бачыў славутага спарстмена — бацька будучага рэжысёра быў з ім знаёмы, і гэтае дзіцячае ўспрыманне адбілася на ідэі стужкі.

/i/content/pi/cult/853/18121/025.jpgУ той дзень, калі на здымачнай пляцоўцы віталі дарагога госця, на тэрыторыі забаўляльнага комплексу па вуліцы Янкі Купалы ў Мінску праходзілі здымкі масавай сцэны святкавання ў рэстаране юбілею заслужанага спартсмена — госці сядзелі за багата застаўленымі сталамі, сам герой вечара даваў інтэрв’ю тэлебачанню. Там жа былі і яго родныя (па фільме), і шматлікія запрошаныя госці. У рэальнасці Аляксандр Мядзведзь завітаў на здымкі таксама ў вялікай кампаніі нашых знакамітых спартсменаў, многія прыйшлі менавіта дзеля сустрэчы з ім, каб паціснуць яму руку. Са святкаваннем юбілею, сцэна з якім рабілася ў гэты дзень, звязаная адна з гісторый, адно з жыццяў Мядзведзя. Бо, як пісаў у сваёй кнізе Аляксандр Васілевіч, пазмагацца за жыццё яму давялося нават у самыя першыя яго хвіліны — павітуха сказала, што дзіця нарадзілася мёртвым, пупавіна моцна пераціснула горла. Але бацька будучага героя спорту паклаў сына ў цёплую печку, і той ажыў.

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка ў свеце кіно — чалавек знакаміты, і знакаміты ў тым ліку сваімі пошукамі і нестандартнымі
падыходамі. Адной з самых гучных яго работ можна назваць экзістэнцыяльную драму з элементамі трылера 2004 года, а ў 2010 годзе на “Беларусьфільме” быў зняты містычны хорар “Масакра”. А вось у 2008-м на студыі Паўла Лунгіна ў Маскве Андрэй Кудзіненка выпусціў маладзёжную драму “Розыгрыш” з папулярным музыкантам Noize MC у галоўнай ролі, якая стала адным з лідараў тагачаснага расійскага пракату, — гэта быў рымэйк знакамітай савецкай карціны Уладзіміра Мяншова “Розыгрыш”. Вось і зараз фільм разлічаны на моладзь, і ў гэтай тэме рэжысёр, відавочна, разбіраецца, так што можна чакаць кінапрадукт, які сапраўды заахвоціць гледачоў пайсці ў кіназалы.

Стваральнікі фільма “10 жыццяў Мядзведзя” ў першую чаргу хочуць зрабіць нешта значнае ў кантэксце менавіта Беларусі, бо ў цэнтры ўвагі — наш славуты спартсмен. Але ўніверсальнасцю гісторыі героя разлічваюць зацікавіць гледачоў ва ўсім свеце, і зразумела — Расіі, дзе імя Аляксандра Мядзведзя калісьці было ў ліку самых славутых. Канешне, моладзь ужо не так ведае спартсменаў — герояў савецкіх часоў, пра што пашкадаваў і папулярны расійскі акцёр Яўген Сідзіхін, які ўвасобіць на экране Аляксандра Мядзведзя ў яго сталыя гады:

— Калі збіраўся ў Мінск, усім расказваў, што буду іграць Аляксандра Мядзведзя, легендарнага барца, але, на жаль, многія ўжо не ведаюць гэтага імя, асабліва моладзь. А для нас Аляксандр Васілевіч быў кумірам. Я ў дзяцінстве сур’ёзна займаўся вольнай барацьбой, быў неаднаразовым чэмпіёнам Ленінграда, і ва ўзросце 13 гадоў прыехаў у Мінск на юнацкія спаборніцтвы. А іх урачыста адкрываў Аляксандр Мядзведзь. І для нас, малых, гэта было проста неверагоднай падзеяй, якая запомнілася на ўсё жыццё. Калі мяне запрасілі ў фільм, я не проста ўзрадаваўся, а нават
падумаў — вось жа якія цудоўныя віражы бываюць у жыцці, хіба мог я калісьці пра такое марыць! І я змог абняць Аляксандра Мядзведзя — гэта амаль што шчасце. У мяне ўвогуле вельмі добрыя прадчуванні наконт фільма: па выніку першых здымачных дзён і самога працэсу, ад знаёмства з рэжысёрам… Мне ўсё падабаецца, ёсць падставы разлічваць на якасны вынік.

Дарэчы, сам Аляксандр Мядзведзь вельмі прыязна паставіўся да асобы менавіта Яўгена Сідзіхіна ў якасці выканаўцы яго ролі. Бо Аляксандр Васілевіч бачыў фільмы пра іншых славутых барцоў — Івана Паддубнага і Аляксандра Карэліна, і быў імі вельмі незадаволены. А вось Яўген Сідзіхін, маўляў, разбіраецца ў тэме, ведае гэты від спорта.

Маладога Аляксандра Мядзведзя сыграе расійскі акцёр Рыгор Някрасаў, і ён да пачатку працы над фільмам вольнай барацьбой не цікавіўся, але потым пайшоў у секцыю і дасягнуў пэўных вынікаў. Бо спартыўныя кадры ў стужцы таксама ж будуць. Будуць паказвацца і розныя краіны — спаборніцтвы ў Іране, у Мексіцы, сцэны з Алімпіяды 1972 года ў Мюнхене, дзе Мядзведзь трэці раз узяў алімпійскае золата. Здымкі пройдуць у Мінску.

Што тычыцца акцёрскага складу: хоць у некалькіх значных ролях — расійскія акцёры, і праўнучку Аляксандра Мядзведзя сыграе таксама расійская дзяўчынка, а ў невялічкім эпізодзе мы ўбачым лідара групы “Няшчасны выпадак” Аляксея Кортнева, але ўсе астатнія артысты — беларускія. Галоўную ролю спартыўнага журналіста Ленкіна, які напісаў біяграфію славутага барца і
разам з хлопчыкам і дзяўчынкай трапіў у камп’ютарную гульню, сыграе Міхаіл Есьман. Вячаслаў Паўлюць, традыцыйна для сябе, выканае галоўную адмоўную ролю. Убачым на экране мы Андрэя Караку, Максіма Дубоўскага, Алу Проліч і гэтак далей.

“10 жыццяў Мядзведзя” з’явяцца ў выглядзе поўнафарматнага мастацкага фільма і чатырохсерыйнага тэлевізійнага праекта. Плануецца, што здымкі працягнуцца яшчэ два месяцы, а работа над стужкай будзе скончана ў лютым наступнага года.