Аўра “Дома Бембеля”

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Персанальная выстава Эдуарду Астафьеву, якую можна лічыць эскізам да яго будучай экспазіцыі-2022, працуе ў памяшканні Беларускага саюза мастакоў, вядомым як “Дом Бембеля”.

/i/content/pi/cult/853/18120/023.jpgЗала, дзе калісьці была майстэрня мэтра, прыстасаваная зараз пад мастацкія выставы. Прычым, зыходзячы з яе пачатковай функцыі, у прыярытэце — скульптары. Дарэчы, Эдуард Астафьеў скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі ў 1972 годзе, і кіраўніком ягонай дыпломнай работы быў якраз Андрэй Ануфрыевіч Бембель. Так што ў доме, дзе жыў і працаваў наш класік, нібыта сустрэліся эпохі станаўлення беларускай скульптуры і яе творчай сталасці. Першую ўвасабляе Андрэй Бембель, другую — Эдуард Астафьеў. Сустрэліся майстар і вучань ягоны, які ўжо і сам майстар. Прысутнічалі на вернісажы і маладзейшыя скульптары. Гасцямі імпрэзы былі таксама навучэнцы Мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава.

Экспазіцыя складаецца са станковых работ і фотаздымкаў твораў манументальных. Як манументаліст спадар Эдуард вядомы двума помнікамі — Францыску Скарыне ў Празе і заснальніку Светлагорска шляхціцу Раману Шаціле, з сядзібы якога распачаўся ў XVI стагоддзі горад. Шмат увагі ў сваёй творчай практыцы скульптар надаваў ваеннай тэме, якая за савецкім часам была ў беларускім мастацтве прыярытэтнай. Шырокай прасторай для эксперыментаў з формай з’яўляецца тэма спартыўная. І як кожны нармальны чалавек Эдуард Астафьеў аддае належнае жаночай прыгажосці. Нягледзячы на паважаны ўзрост, скульптар і зараз пры справе, мае творчыя планы і працавітасцю можа даць фору маладзейшым. Ёсць у яго творы пафасныя і пачуццёвыя, выразныя ў сваёй лаканічнасці і свядома сфармаваныя з мноства нібыта другасных і неабавязковых, а насамрэч інфармацыйна насычаных дэталяў. Творы Астаф’ева — гэта цэлая эпоха, дзе была вайна і каханне, простыя жыццёвыя радасці і драмы з трагедыямі, святы і праца, праца, праца… Такая ж у прынцыпе, як і тая, у якой жывем мы.

Выставу варта паглядзець… Завітайце, як будзеце шпацыраваць ля Дома Бембеля.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"