“Таленту мала, патрэбна цярпенне…”

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Афіцыйныя радкі службовай характарыстыкі абвяшчаюць: “Наталля Ланцава валодае выдатнымі вакальнымі дадзенымі. Дзякуючы артыстычным здольнасцям, працавітасці, смелай творчай фантазіі, уменню ўвасобіць свае задумы і данесці іх да слухача, яна заваявала прызнанне і аўтарытэт сярод калег і жыхароў нашага горада і за яго межамі”. Як атрымалася ў Наталлі Анатольеўны дамагчыся значных поспехаў, які сакрэт яе прафесійных дасягненняў? Паспрабуем разабрацца.

/i/content/pi/cult/853/18108/08.jpgПрыступка першая: дашкольніца ля мікрафона

Наташа з дзяцінства жыла ў атмасферы музыкі. Бацька і чатыры яго браты добра спявалі і гралі на баяне, мама выдатна спявала. Усе сямейныя святы суправаджаліся імправізаванымі канцэртамі. Маці брала дашкольніцу Наташу з сабой у экскурсійныя паездкі, у якія часта адпраўлялася разам з калегамі — працоўнымі ВА “Хімвалакно”. Малая ў аўтобусе садзілася на крэсла побач з шафёрам, брала мікрафон і ўсю дарогу спявала для экскурсантаў. Рэпертуар у юнай спявачкі быў велізарны, асабліва любіла дзяўчынка выконваць песні Ганны Герман і Алы Пугачовай. Дзяўчо спявала нават на англійскай мове (яна яе не ведала, проста запамінала словы на слых). Такія ж “канцэрты” яна рабіла і ў вагоне цягніка, у якім ездзіла з бацькамі да бабулі ў вёску.

У школьныя гады, вядома ж, Наташа была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці і з радасцю займалася ў музычнай школе па класе акардэона. Дома самастойна падбірала гармонію, грала на фартэпіяна, спявала рамансы і эстрадныя песні, таксама выконвала мелодыі, пад якія танчыла яе стрыечная сястрычка. Асаблівую ролю ў жыцці юнай музыканткі адыграла выкладчык сальфеджыа Ларыса Марцьянава. Менавіта яна паўплывала на рашэнне Наталлі ў выбары прафесіі і дапамагала рыхтавацца да паступлення ў музычнае вучылішча.

Прыступка другая: спробы

Дзяўчына з поспехам вытрымала конкурс тры чалавекі на месца і стала студэнткай Мазырскага музычнага вучылішча. Разуменне прафесіі прыносіла радасць і ўмацоўвала ў думкі аб правільнасці абранай спецыяльнасці. Маладая творчая энергія патрабавала выхаду. Наталля самастойна падабрала музыку з рэпертуару ансамбля “Бітлз”, размеркавала ролі і падрыхтавала з аднакурснікамі спектакль паводле казкі Леаніда Філатава “Пра Фядота-стральца”. Прэм’ера выклікала сапраўдны фурор: гледачы апладзіравалі стоячы. Выкладчык рускай класічнай музыкі тут жа прапанавала студэнтам паставіць першую частку оперы “Яўгеній Анегін”. Моладзь з энтузіязмам узялася за новае творчае заданне. Наталля праспявала партыю Таццяны Ларынай.

Выпускніцы прапанавалі месца выкладчыка музычнай школы ў Калінкавічах, запрашалі яе і ў драматычны тэатр, але дзяўчына вельмі сумавала па дому, таму вярнулася ў родны Светлагорск. Працоўны шлях пачала ў толькі што адкрытай сельскай музычнай школе ў вёсцы Баравікі. Выкладала сальфеджыа, музычную літаратуру, ігру на фартэпіяна і займалася з хорам. Некалькі разоў прыязджалі да Наталлі Анатольеўны на заняткі выкладчыкі Светлагорскай музычнай школы, у тым ліку і любімая настаўніца Марцьянава.

Наталля Анатольеўна тымі днямі з натхненнем рыхтавала сваіх вучняў да ўдзелу ў раённым конкурсе “Правінцыя”. Удзел аказаўся паспяховым.

Прыступка трэцяя: сталенне

Поспехі маладога педагога заўважылі і ў 1999 годзе запрасілі на працу ў самую буйную і значную ўстанову культуры горада — Палац культуры хімікаў (у цяперашні час СЦК — Светлагорскі Цэнтр культуры) хормайстрам у народную эстрадную студыю “Ліра”. Асноўнай мэтай стварэння студыі было павышэнне музычнай культуры і раскрыццё творчага патэнцыялу таленавітых людзей. Вялікае значэнне надавалася якасці прафесійнай падрыхтоўкі выканаўцаў, раскрыццю творчай індывідуальнасці навучэнцаў, падбору якаснага музычнага матэрыялу, стварэнню сцэнічнага іміджу. Наталля Ланцава энергічна ўзялася за новую для сябе справу, што называецца, пагрузілася ў працу з галавой.

Вынікі не прымусілі чакаць: вучні Наталлі Анатольеўны станавіліся дыпламантамі і лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў. А сама Наталля Ланцава час ад часу з поспехам выступала ў канцэртах як спявачка.

Сёння ў складзе студыі больш за дваццаць чалавек ад 4 да 50 гадоў. Салісты, вакальныя ансамблі, трыа, дуэты “Ліры” вядуць актыўную канцэртную дзейнасць, з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных, рэспубліканскіх і гарадскіх фестываляў ды конкурсаў: “Калядная хваля” (Юрмала), “Рэспубліка KIDS” (Масква), рэспубліканскіх конкурсаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, “Белазаўскі акорд”, нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне”, Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі (Маладзечна), міжнародных фестываляў “Залатая пчолка”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Пакаленне NEXT”, раённага конкурсу юных і маладых талентаў “Правінцыя” і іншых. Студыйцы прымалі ўдзел у тэлевізійным праекце START, тэлепраекце АНТ “Акадэмія талентаў”, у праекце тэлекампаніі СТВ “Спяваючыя гарады”, украінскім тэлешоу “Ікс-фактар” (Кіеў), конкурсе-кастынгу дзіцячых вядучых “Юная тэлезорка”…

Неаднаразова народная эстрадная Студыя “Ліра” пад кіраўніцтвам Ланцавай прадстаўляла нацыянальную творчасць сваёй краіны на сцэнічных пляцоўках Беларусі, Расіі, Польшчы: атрымала дыпломы лаўрэата I ступені VII адкрытага рэспубліканскага конкурсу “Эстрада суботняга вечара” (Мінск, 2017 — 2019), II міжнароднага конкурсу мастацтваў “Зорныя кветкі — 2017” (Мінск), XII міжнароднага фестывалю песні “Падляская нота-2018” (Польшча), міжнароднага фестывалю-конкурсу “Кубак дружбы” (Мінск, 2017 — 2019), Гран-пры I рэспубліканскага конкурсу мастацтваў “Дарога да мары” (Мінск, 2019) ды іншае.

Прыступка чацвёртая: прызнанне вучняў

У жніўні 2018 года ўдзельніца народнай эстраднай студыі “Ліра” Марыя Дудар прадстаўляла Гомельскую вобласць на фестывалі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі “Творчасць юных”, які праходзіў у Анапе. Па выніках фестывалю на Машу звярнулі ўвагу прадстаўнікі Фонду Уладзіміра Співакова і запрасілі прыняць удзел у канцэрце дзіцячага абанемента “Дзеці-дзецям. Пачуць будучага кліч...” Маша з’яўляецца ўдзельніцай многіх фестываляў і конкурсаў і заўсёды заваёўвае прызавыя месцы. На II Міжнародным конкурсе мастацтваў “Хрустальны Васілёк” былі адзначаны і іншыя салісты студыі “Ліра” Мікіта Герасімаў і Ганна Гавядкова ў намінацыі “Эстрадны вакал”. Ягор Шаранкоў удастоены другой прэміі XXVI міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2017” у рамках “Славянскага базару”, прэміі імя Уладзіміра Мулявіна “За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства”, а таксама спецыяльнай прэміі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Наталля Ланцава за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, яна — пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства абласнога аб’яднання прафсаюзаў “Гомельскі майстар”, атрымала падзяку Міжнароднага дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова (2018, 2019), неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі дзяржаўных органаў.

Прыступка пятая: стварыць калектыў па ўзоры сям’і

На пытанне аб крытэрыях выбару дзяцей у студыю і сакрэце поспеху Наталля Анатольеўна адказала: “Пры праслухоўванні дзіцяці лічу абавязковай інтанацыю, можа, нават не вельмі чыстую першапачаткова. Астатняе раблю сама (дыханне, артыкуляцыя, дыкцыя). Поспех у значнай ступені залежыць ад таго, як педагог пабудуе атмасферу ў калектыве. Калектыў — гэта сям’я, а наколькі яна моцная і дружная, залежыць ужо і ад саміх дзяцей і, вядома ж, ад іх бацькоў. Далей усё залежыць ад прафесіяналізму педагога”.

Напэўна, галоўны сакрэт поспеху Наталля Ланцава раскрыла ў сваім партфоліа, дзе вызначана яе жыццёвае крэда: “Таленту мала. Патрэбны цярпенне і патрабавальнасць”.

Галіна КАПЕЦКАЯ

Светлагорск