Мастак у інтэр’еры горада

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

У сталіцы на рагу Камсамольскай і Рэвалюцыйнай адкрылася штогадовая выстава “Мастак і горад”. Гэтым разам яна прысвечана творчасці выдатнага жывапісца Леаніда Шчамялёва. На вялікіх шчытах размешчаны рэпрадукцыі 34 карцін майстра. Выявы суправаджаюцца біяграфіяй аўтара і тлумачальнымі тэкстамі. Акрамя таго на плакатах, пастаўленых на мальберты і размешчаных вакол вулічнага гадзінніка, распавядаецца гісторыя праекта ад першай выставы да сённяшняга дня. Сам праект для Мінска ўжо традыцыйны. Упершыню выстава рэпрадукцый адбылася ў 2012 годзе. З таго часу “Мастак і горад” знаёміць мінчукоў і гасцей сталіцы з асобамі і з’явамі нашай выяўленчай культуры, актуальнымі для беларускага грамадства незалежна ад іх гістарычнага ўзросту.

/i/content/pi/cult/852/18100/16.jpgПершая экспазіцыя ладзілася на плошчы Коласа і была прысвечана Марку Шагалу. Жыццё і творчасць гэтага мастака, які прыдбаў славу пад віцебскім небам стагоддзе таму, па мерках нашага хуткаплыннага часу бадай што “сівая даўніна”.

А Леанід Шчамялёў пайшоў з жыцця зусім нядаўна — так што людзі, якія ведалі яго асабіста ці ведаюць ягоную творчасць, яшчэ нават не паспелі звыкнуцца з думкай, што яго ўжо няма. Фактычна, гэта выстава памяці выдатнага творцы, аднаго з тых, хто заклаў падмурак нашай нацыянальнай выяўленчай культуры.

Я часта кажу пра беларускую сціпласць, якая не дазваляе нам адэкватна ацэньваць нашых геніяў. Маўляў, недзе лепей ёсць. Але калі па справе, дык такой унікальнай творчай асобы як Леанід Дзмітрыевіч нідзе няма і ніколі не будзе. Гэта наш нацыянальны ўнёсак ў сусветную эстэтыку.

Мне давялося прысутнічаць на прэс-канферэнцыі, што папярэднічала вернісажу. На ёй бралі слова прадстаўнікі гарадской улады, Музея горада, Галерэі Шчамялёва і банку ВТБ — неадменнага спонсара і генеральнага партнёра праекта. Яны згадвалі, як усё пачыналася, як ладзілася і ўдасканальвалася камунікацыя паміж задзейнічанымі ў праект партнёрамі, зазіралі ў будучыню. Прыгадалі, што напачатку праекта некаторыя з тых, ад каго залежыла даць праекту зялёнае святло вагаліся, бо не маглі вызначыць: гэта новая і эфектыўная форма прапаганды культуры ці прафанацыя мастацтва. Маўляў, надта ж нязвыкла тое, што музейныя каштоўнасці, для ўспрымання якіх патрабуецца спецыяльная атмасфера і настрой гледача, дэманструюцца (хай нават у форме рэпрадукцый), пасярод вулічнага тлуму. Сёння так пытання ўжо ніхто не ставіць. Праект засведчыў сваю жыццяздольнасць.

Праўда, з таго сумоўя і з непасрэдных уражанняў ад выставы я так і не зразумеў, чаму трэба было пераносіць гэту выставу з плошчы, дзе яна добра прыжылася, на новае месца. Пешаходная Камсамольская — гэта някепска, але, як па мне, дык на ёй такая экспазіцыя ўспрымаецца немаштабнай адносна прасторы. Я б сказаў, “буйным”, паводле стылістыкі, творам Шчамялёва тут цеснавата.

Арганізатары ж спадзяюцца, што і на гэтай прасторы выстава знойдзе сваіх гледачоў. Тым больш, што на гарадскія святы побач будуць разгорнуты кірмашы. Так што пойдзе чалавек па шопінг, а, глядзіш, і закране вокам узоры высокага мастацтва.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"