Львы Скарыны і балонка Дзюрэра

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Шмат сімвалаў у малюнках — своеасаблівых рэбусах Францыска Скарыны ўжо разгадана. Аднак даследчыкі далей дэталёва вывучаюць спадчыну асветніка ў сусветным кантэксце. Як было заўважана ў публікацыі “Сімвалы адвечнасці” (“К” № 11 за 2008), безліч таямніц захоўвае партрэтная выява Францыска Скарыны, дзе, як і ў контурах вялікай літары “П” некаторых прадмоў да выданняў першадрукара, сустракаюцца выявы львоў.

 /i/content/pi/cult/180/1810/Skaryna.jpg
Гэтая сімволіка суадносіцца з выявай ільва, які нясе дзіця з бізуном у руцэ на ініцыяле літары “С”. Традыцыйна вобраз гэтай жывёліны — атрыбут іканаграфічных выяў святога Марка і аўтара “Вульгаты” святога Герасіма, да вобраза якога ў свой час звяртаўся і А.Дзюрэр. Нагадваючы цяльца, гэты атрыбут узыходзіць да сімволікі “нябачнай прысутнасці і дапамогі Бога ў стварэнні “Бібліі” — боганатхнёнасці “Пісання”.

Пра гэта сведчаць старажытныя адлюстраванні евангелістаў, дзе адпаведныя атрыбуты намаляваны фрагментарна ў верхняй частцы на блакітным і залатым фонах, што сімвалізуюць, адпаведна, неба і святло. Больш за тое, існуюць нават зоаантрапаморфныя выявы евангелістаў.

У Астраміравым Евангеллі адлюстраванне Іаана з Прохарам мае не толькі выяву традыцыйнага арла, але і вобраз ільва ў верхняй часцы мініяцюры. На яе ж копіі, намаляванай пасля ў Мсціслававым Евангеллі, выява льва ўжо адсутнічае. Нельга лічыць “кур’ёзнымі” выявы евангелістаў у парыжскім “Часаслове” (Масква, Дзярж. бібліятэка, ф. 183, № 446 ), дзе у вобразе Лукі, які малюе Мадонну, адлюстраваны леў, а побач з Маркам намаляваны цялец. Гэтыя і іншыя прыклады “памылак” мастакоў сведчаць пра тое, што сімвалы боганатхнёнасці Пісання ў якасці іканаграфічных атрыбутаў паступова ўсталёўваліся за асобнымі святымі.

Гірлянда на партрэце Ф.Скарыны — універсальны сімвал Бога для рэнесансных неаплатонікаў-пантэістаў, а выявы львоў, у сваю чаргу, сімвалізуюць Хрыста. Згодна ж з апакрыфічнай “Кнігай Яноха праведнага”, культурнаму герою і настаўніку чалавецтва, у вобразе якога адлюстраваны Ф.Скарына, у нябесным палацы адкрываюцца вялікія таямніцы мінулага і будучыні, а таксама ён “бачыць” будучае прышэсце Збавіцеля. На ініцыяле з пражскіх “Прадмоў” геральдычны леў — Бог-Айцец, а маленькае львяня — Хрыстос-Логас. Менш вядома параўнанне яго з ”бізуном паветра”, што ў якасці атрыбута выявы Сына-Логаса трымае дзіця, якое нясе леў, на скарынавым ініцыяле літары “С”. Адзначым, што гэты ж матыў з’яўляўся выдавецкім знакам славутага базельскага выдаўца Адама Петры.

Задоўга да “Навукоўцаў” Рэмбранта, выкарыстоўваючы сімволіку “Фізіёлагаў” і іншыя сродкі, Дзюрэр рабіў спробы адлюстраваць невыяўленчае — думкі намаляваных ім персанажаў. На вядомым акварэльным малюнку мастака “Мадонна сярод звяроў” адразу заўважаецца выява жывёліны, што раней не сустракалася ў іканаграфіі: перад Мадоннай ляжыць белая балонка, стрыжаная накшталт льва, хвост яе мае паласата-тыгравую афарбоўку. Гэта выяўленчая ідэаграма мацярынскага “ПРАДбачання” будучага ўкрыжавання Сына. Але чаму балонка? Агульнавядомай з’яўляецца складанасць вывядзення львоў у няволі нават цяпер. У эпоху ж Дзюрэра ўбачыць ільвяня-мадэль было, відаць, немагчыма.

На гравюры “Святы Герасім” “праблематычны” кончык хваста спячага “сабачкі” мастак схаваў за постаццю дарослага льва.

Абутак побач з “сабачкам”, падаецца, — сімвал сканчэння зямнога шляху Хрыста, а не “ўтульнасці інтэр’ера келлі”. Перад удумлівым позіркам Герасіма паўстае Крыж на Галгофе. Выкарыстоўваючы вопыт, набыты ў час эксперыментаў з нацягнутым шнурам, мастак намаляваў настольнае распяцце перад Герасімам такім чынам, што, з погляду аўтара “Вульгаты”, яно стаіць на чэрапе, які месціцца на падваконніку. Прамая ад пераносіцы святога да чэрапа дакладна перасякае кропку перасячэння перакладзін крыжа. Больш за тое, кропка падзяляе гэтую прамую на два роўныя адрэзкі. Выпадковасць такіх акалічнасцей выключана. Блізкаць памераў чэрапа і галавы Герасіма (пры значнай іх разнапланавасці) і дакладная цэнтральнасць распяцця паміж імі дазваляюць вылучыць гіпотэзу пра тое, што ў вобразе святога адлюстраваны славуты нюрнбергскі гуманіст, аўтар “Сусветнай хронікі” Г.Шэдэль (старанямецкае — “чэрап”), які памёр у год стварэння гэтай гравюры.

 

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА
Гомель