“Класіка ля ратушы”, Open air cinema, тэатральныя вечары

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Новы летні музычна-турыстычны сезон адкрыўся 22 мая ў Верхнім горадзе беларускай сталіцы. Кожную суботу да сярэдзіны верасня пляцоўка будзе напоўнена канцэртнымі і тэатральнымі прадстаўленнямі, майстар-класамі, кінапаказамі, танцавальнымі і іншымі шоу. Зазірнём у праграму і даведаемся, што гэтым летам можа зацікавіць гараджан і гасцей горада, якія захочуць суботнім днём прагуляцца па адной з самых прыгожых і старажытных частак Мінска.

У першай палове сезона будуць праходзіць тэатральныя паказы і цэлыя тэатральныя прадстаўленні: 29 мая літаратурна-музычны вечар “Адліга” прапануюць артысты Вялікага тэатра Беларусі, у наступную суботу 5 чэрвеня спачатку Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача пакажа спектакль “Муха-Цакатуха”, а пасля адбудзецца вечар пластыкі і харэаграфіі. У наступныя суботы свае праграмы прадставяць Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, іншыя калектывы.

З 17 ліпеня вячэрні Верхні горад будзе аддадзены традыцыйнаму праекту “Класіка ля ратушы” — першым у гэтым цыкле выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь. Далей можна будзе паслухаць музычную капэлу “Санорус”, канцэртны аркестр “Няміга”, аркестр саксафонаў Belsaxo, аркестр “Мінск-класік”, сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, і г. д.

Увесь дзень 3 ліпеня будзе ісці вялікая канцэртная праграма, прысвечаная Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Два суботнія дні будуць аддадзеныя пад святы нацыянальных культур: 12 чэрвеня пройдзе Дзень шматнацыянальнай Расіі (пакуль не ўдакладняецца, які тэатральны калектыў з Расіі ўпрыгожыць гэты вечар), а 21 жніўня ў Верхнім горадзе — Свята малдаўскай культуры з удзелам творчых калектываў горада Мінска.

Кожную суботу ў дворыку атэля “Манастырскі” гледачоў чакаюць кінапаказы на вольным паветры, а на Музычным завулку ўсіх ахвотных запрашаюць паўдзельнічаць у танцавальных майстар-класах “Палымяныя рытмы ліндзі-хоп і блюз”.

Змест канцэртных і тэатральных прадстаўленняў будзе дапаўняцца і ўдакладняцца, а поўны расклад можна ўбачыць на сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.