Двойка па паводзінах, або Як прадугледзець план “В” і “С”?

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Бібліятэкі Беларусі ўжо даўно выйшлі за межы сваіх памяшканняў і за межы непасрэдна бібліятэчнай дзейнасці. Галоўнай прычынай гэтага стаў спад зацікаўленасці да чытання ўвогуле і да бібліятэк у прыватнасці. Вынік — выхад бібліятэкараў у свет, пашырэнне паслуг, ды ўвядзенне новых форм работы.

/i/content/pi/cult/852/18094/12.jpgНа сёння супрацоўнік публічнай бібліятэкі выконвае і свае непасрэдныя абавязкі, і абавязкі сцэнарыста святаў, вечароў, ранішнікаў і іншых пасядзелак, дзе танчыць, спявае, паказвае фокусы; а яшчэ ён прыдумляе гульні і квэсты, распрацоўвае бібліяночы і бібліядні, стварае праграму летняга чытання, вясновых свят, зімовых вакацый... Усё гэта, каб дагадзіць спрактыкаванаму карыстальніку, каб ён толькі прыйшоў у наступны раз.

Чым жа ўразіць?

Арганізаваць сустрэчу са школьнікамі прасцей. Дастаткова дамовіцца з настаўнікам або завучам, і група ў абумоўлены час з’яўляецца ў бібліятэцы. Але ж падрыхтоўка да сустрэчы — заўжды грунтоўная і затратная па часе.

Прыйшоўшы на нейкае мерапрыемства ў бібліятэку, дзеці ўспрымаюць яго не як урок, дзе павінны сядзець ціха і слухаць. Аповед бібліятэкара павінен суправаджацца нейкай анімацыяй. Апошнім часам — нават прэзентацыяй, бо без відэа і аўдыё дзяцей не ўразіш.

Дарэчы, размаўляць з дзіцячай аўдыторыяй таксама трэба ўмець. Адна справа весці дыялог з двума — трыма малодшымі школьнікамі, зусім іншая — з цэлым класам. Часта распавесці нешта пра сябе, сваіх родных або гадаванцаў, узгадаць нейкі выпадак хочуць усе. Усіх выслухаць немагчыма — час не гумовы. Дзеці пачынаюць выкрыкваць, перабіваць адзін аднаго, крыўдзіцца. У памяшканні стаіць гул, які перашкаджае і бібліятэкару, і вучням, якія не чуюць нават сябе. Супакоіць дзяцей, пераключыць іх увагу таксама трэба ўмець. Бібліятэкар, як правіла, для іх не аўтарытэт.

Праводзіць пазнавальныя мерапрыемствы (а гэта амаль што школьны ўрок), мець зносіны з дзіцячымі аўдыторыямі, арганізоўваць дзяцей падчас нейкага майстар-класа — работа, можна сказаць, педагагічная. Настаўнікаў гэтаму спецыяльна вучаць, бібліятэкары ж вучацца на практыцы і на сваіх памылках.

Добра, калі настаўнік знаходзіцца побач і прыйдзе на дапамогу. Але ж нярэдкія выпадкі, калі педагогі, прывёўшы дзецей у бібліятэку, проста здаюць дзяцей бібліятэкарам і самавыдаляюцца. Яны не прысутнічаюць на самім мерапрыемстве, не звяртаюць увагу на паводзіны дзяцей, нібы “мы па вашай замове дзяцей вам прывялі, вось і забаўляйце іх, а нас гэта не датычыцца”.

Безумоўна, ёсць нават цэлыя класы выхаваных дзяцей. Яны і без настаўніка будуць прыстойна сябе паводзіць — слухаць і слухацца падчас мерапрыемства; на абанеменце спакойна выбіраць кнігі, або гартаць часопіс, а не “лётаць” па ўсім памяшканні, штурхаючы аднакласнікаў. У такім разе мерапыемства праходзіць цудоўна: дзеці атрымліваюць новыя веды і пазітыўны настрой, бібліятэкар — задавальненне ад выкананай працы. А ў бібліятэцы пасля такіх дзяцей застаецца парадак і чысціня. Але ж бывае і зусім наадварот.

на жаль, не аўтарытэт

Адным з самых папулярных і адносна простых кірункаў публічнай дзейнасці бібліятэк з’яўляецца (прынамсі, у Мінску) запрашэнне пісьменнікаў. Іх канцэнтрацыя ў сталіцы найбольшая, а колькасць — значна перавышае колькасць бібліятэк. Можна запрашаць і запрашаць. Але ж высвятляецца, што і тут не ўсё так проста.

Дарослыя людзі ідуць на сустрэчу з пісьменнікамі ўсвядомлена, дзеці ж у большасці выпадкаў — з запрашэння бібліятэкараў і пад прымусам настаўнікаў. І не факт, што дзеці будуць паводзіць сябе добра, бо пісьменнік, як і бібліятэкар, для іх не аўтарытэт. Вядома, большасць сустрэч праходзіць калі не выдатна, дык добра, у крайнім выпадку больш-менш прыстойна. Ёсць пісьменнікі, якія ўмеюць захапіць дзіцячую аўдыторыю, наладзіць кантакт, трымаць увагу дзяцей з першай і да апошняй хвіліны сустрэчы. Зараз мала хто з дзіцячых пісьменнікаў прыходзіць на сустрэчу без нічога. У арсенале аўтараў і гульні, і віктарыны, і прэзентацыі, і анімацыя, і відэа, і цацкі — героі іх кніг, і шмат-шмат чаго іншага.

Але ж бывае такое, што нічога з вышэй пералічанага дзяцей не зацікавіць. Не тое, каб усіх — дастаткова двух — трох вучняў, каб “завесці” ўвесь клас і сарваць любое мерапрыемства. У такім выпадку атрымліваецца, што пісьменнік дарма марнаваў свой час, бібліятэкары адчуваюць віну перад пісьменнікам, а настаўнік абяцае ўсім дзецям запісы ў дзённікі і двойкі па паводзінах. А бывае, што настаўнік і не прысутнічае на сустрэчы. Тады пісьменнік і бібліятэкар застаюцца сам-насам з класам ці нават не адным. Праўда, здараецца, што на сустрэчы не прысутнічае сам бібліятэкар-арганізатар, што выглядае зусім непрыстойна.

Але ж нягледзячы на ўсе акалічнасці, бібліятэкары працягваюць запрашаць пісьменнікаў на сустрэчы, пісьменнікі згаджацца, класныя кіраўнікі прыводзяць дзяцей. Значыць, усім гэта трэба.

Магчыма, зараз хтосьці абвінаваціць мяне ў тым, што бібліятэкары арганізоўваюць гэтыя сустрэчы для “птушачкі”, для прыгожых справаздач, а да сустрэч з пісьменнікамі таксама неабходна рыхтавацца. Трэба прачытаць кнігі самім і разрэкламаваць іх дзецям, каб яны таксама іх прачыталі, зрабіць выставу, арганізаваць конкурс малюнкаў ці яшчэ чаго-небудзь, прыдумаць пытанні, бо магчыма ў дзяцей іх не будзе, прадумаць план “В” і “С” на выпадак, калі штосьці пойдзе не так.

запасны варыянт

З кнігай бібліятэкары працуюць кожны дзень. Робяцца розныя выставы, кнігі задзейнічаны ў аздабленні інтэр’ера, выкарыстоўваюцца асновы мерчандайзінгу для звароту ўвагі наведвальнікаў на пэўныя асобнікі. Да таго ж мы штодзённа прапаноўваем кнігі юным карыстальнікам — не адну, дык другую, трэцюю, чацвёртую, пакуль дзіця не вызначыцца, што яму падабаецца больш. Агульны змест гэтых кніг добраму бібліятэкару будзе вядомы. А прымушаць чытаць бібліятэкар не мае магчымасцяў, ды і навошта яму гэта. Увогуле, бібліятэкару ў большай ступені ўсё роўна, якую кнігу абярэ чытач, галоўнае, каб узяў. Так-так, усё дзеля тых самых справаздач і выканання плану. Большасць бацькоў, між іншым, той жа думкі: галоўнае, каб дзіця чытала хоць што-небудзь.

Толькі не трэба зараз казаць пра якасную літаратуру, якая вучыць, выхоўвае, настаўляе — і менавіта такія кнігі неабходна выдаваць дзецям у бібліятэках. “Гэтыя ведзьмы дабру не навучаць”, як са злосцю кажуць некаторыя бабулі пра кнігі фэнтэзі — не слушна. Да прыкладу, упадабаны ўсімі Карлсан па сутнасці ашуканец, аматар дарма паесці прысмакаў, істота, якая баіцца адказнасці і пакідае хлопчыка аднаго ў небяспецы. Вінні-Пух, Нязнайка, Бураціна — не лепшыя. Пра папулярнасць і замілаванасць гэтымі гісторыямі казаць не буду. Якасць і выхаваўчасць кнігі — з’ява суб’ектыўная.

Рабіць выставу кніг пісьменніка перад сустрэчай? Тут ужо трэба выбіраць: ці раздаваць дзецям, каб мелі магчымасць пачытаць да сустрэчы з пісьменнікам ці рабіць выставу. Рабіць і першае, і другое колькасць кніг і іх асобнікаў не дазваляе. Вядома, пры наяўнасці кніг у бібліятэцы перад сустрэчай яны ўсе будуць прыгожанька выстаўлены на ўсеагульны агляд.

Арганізоўваць вакол кніг пэўнага пісьменніка нейкія дадатковыя актыўнасці? Толькі з асабістай сімпатыі бібліятэкара да гэтага пісьменніка і яго творчасці. Паўтаруся, бібліятэкарам няма розніцы, кнігі якіх пісьменнікаў выдаюцца больш.

Прыдумляць нейкія планы і сцэнарыі сустрэчы з пісьменнікам? У межах нейкіх фестываляў, свят — гэта абавязак арганізатара. Пры звычайнай сустрэчы ў бібліятэцы — не. Бо што ж тады будзе рабіць пісьменнік? Правядзенне самой сустрэчы і планы “В” і “С”, калі штосьці пойдзе не так, ужо за пісьменнікам.

Бібліятэкар жа павінен паклапаціцца пра запас пытанняў да пісьменніка на выпадак неактыўных дзяцей, а таксама пра запас пытанняў да дзяцей, калі ў пісьменніка здарыцца нейкі форс-мажор і яму патрэбна будзе паўза. А запасны варыянт развіцця падзей у добрага бібліятэкара будзе на выпадак, калі пісьменнік па нейкіх прычынах затрымаецца на сустрэчу ці ўвогуле не прыйдзе.

Ёсць нюансы

Навошта гэтыя сустрэчы настаўнікам? Па-першае, добры настаўнік сам шмат арганізоўвае розных актыўнасцяў, паходаў куды-небудзь і з задавальненнем адгукаецца на запрашэнні ў бібліятэку. Па-другое, настаўнікі, як ніхто іншы, разумеюць карысць ад чытання кніг. А ніхто лепш за пісьменніка не раскажа пра кнігі, прычым не толькі пра свае. Часцяком настаўнікі, асабліва філолагі ці пачатковых класаў, самі з задавальненнем слухаюць пісьменнікаў, бо як прызнаюцца самі “на знаёмства з сучаснай літаратурай часу не хапае”.

Яшчэ адна прычына — справаздачы... У педагогіцы іх таксама шмат. А парадак прычын, каб прыйсці ў бібліятэку на сустрэчу з пісьменнікам, залежыць ад настаўніка.

У нас застаецца галоўная дзеючая асоба — пісьменнік! Не ведаю, ці ёсць у іх нейкія справаздачы перад выдавецтвамі за колькасць сустрэч, ці можа хто для сябе вядзе ўлік, але сустрэчы з чытачамі — самая цудоўная рэклама сябе і сваіх кніг. Ні адна сацсетка, ні адзін відэаролік, ні адзін бібліятэкар не зацікавіць так, як зацікавіць пісьменнік пры жывой сустрэчы.

У Сеціве апошнім часам з’яўляецца шмат інфармацыі, як запрасіць пісьменніка ў бібліятэку, патрабаванні да арганізатара, аўдыторыі, настаўніка. Гэта вельмі слушныя парады, бо на штосьці арганізатар можа і не звярнуць увагу, а для пісьменніка нейкая дробязь па сутнасці будзе вельмі важнай.

Але ж ёсць і нюансы. Патрабаванне некаторых пісьменнікаў, каб дзеці ведалі і прачыталі іх кнігі. На Захадзе так і адбываецца. У Расіі часта дзеці прыходзяць падрыхтаванымі — кнігі прачытаны, сацсеткі пісьменніка прагледжаны і нават нейкія малюнкі альбо вырабы па кнігах зроблены. Гэта не дзіўна, бо вялікая колькасць расійскіх пісьменнікаў на сустрэчы праходзіць за грошы, у тым ліку і з дзіцячай аўдыторыяй, у тым ліку і анлайн. Чытачы, можна сказаць, свядома ідуць да сваіх упадабаных аўтараў, кнігі якіх не толькі прачытаны, але і перачытаны.

У Расіі пісьменнікі жывуць з таго, што яны пішуць. У нас жа становішча процілеглае. Пісьменнік — гэта не праца і не сродак зарабіць, пісьменніцтва ў Беларусі — гэта хобі. Часцяком дзеці аб існаванні пэўнага пісьменніка даведваюцца толькі на сустрэчы з ім. А не так даўно чула як адна пяцікласніца казала сяброўцы, што ўсе пісьменнікі памёрлі. Тут жахлівы, роспачны, здзіўлены смайлік — з якой пячоры выйшла гэта дзяўчынка?

Тым не менш, патрабаванне пісьменніка, каб дзеці ведалі і прачыталі яго кнігі, на мой погляд, не зусім карэктнае. Навошта бібліятэкару знаёміць дзяцей з творчасцю пэўнага пісьменніка? Якая зацікаўленнасць у гэтым бібліятэкара? Хіба толькі правесці шэраг гучных чытанняў і панастаўляць сабе шмат “птушачак” за мерапрыемствы. А потым запрасіць пісьменніка — будзе яшчэ адна “птушачка”. Толькі каму патрэбны такія падыходы ў справаздачах?

Не дзеля справаздач

Вядома, пісьменнікі такія ж людзі як усе — ёсць таленавітыя аратары, а ёсць сціплыя маўчуны, якім цяжка ісці на кантакт з натоўпам незнаёмых людзей, і тым больш дзяцей. Але ж у прафесійныя абавязкі і ўменні бібліятэкараў таксама не ўваходзяць выступленні перад публікай. І для некаторых бібліятэкараў-пачаткоўцаў становіцца вялікай нечаканасцю абавязак рыхтаваць і праводзіць масавыя мерапрыемствы. У праграме падрыхтоўкі бібліятэкараў такога курса няма.

Ну і паўтаруся: сустрэчы з пісьменнікамі патрэбны ўсім бакам. Можа здацца, што бібліятэкары і настаўнікі працуюць дзеля справаздач. Але гэта толькі на першы погляд. Мы імкнёмся не проста якасна выконваць свае абавязкі, мы ствараем разнастайнасць як у сваёй працы, так і ў жыцці дзяцей, далучаем іх да кнігі і чытання, павышаем культурны ўзровень.

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ