Бывай, Аляксандр Аляксандравіч!

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Яго дэкарацыям ладзілі авацыі…
Прыйшла сумная вестка… На 95-м годзе пайшоў з жыцця выдатны беларускі мастак, сябра Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў.

/i/content/pi/cult/852/18089/5.jpgНарадзіўся ён 13 верасня 1926 года ў Ленінградскай вобласці, у вёсцы Салоні. У 1943 — 1944 гадах, ва ўзросце 17 гадоў, браў удзел у партызанскім руху, з 1944 года знаходзіўся ў дзейным войску і ўдзельнічаў у баях у Прыбалтыцы і на Карэльскім перашэйку. Пазней Аляксандр Аляксандравіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а таксама памятнымі медалямі ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пасля дэмабілізацыі ў 1949 годзе мастак з’ехаў да маці ў Мадону (Латвія), там заканчваў школу. У 1955 годзе паступіў у Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.Мухінай на аддзяленне майстроў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Пасля яго заканчэння пэўны час працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў сярэдняй школе ў Мадоне. З 1959 па 1965 гады Аляксандр Салаўёў вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1965 года працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа, а пазней (з 1977 да 1995 года) — яго галоўным мастаком.

Прыезд Аляксандра Салаўёва ў Віцебск адзначыў з’яўленне паcляваеннага гарадскога авангарда. Як мастак, які вырас на класічнай школе і сусветных узорах рэалізму, Салаўёў вывучаў разнастайныя абстрактныя і рэалістычныя сістэмы, а таксама стаў злучаць рэалізм з абстрактным мастацтвам. За час працы мастак аформіў больш за восемдзясят спектакляў у Віцебску, а калі ўлічыць работы ў іншых тэатрах Беларусі і за мяжой, то іх колькасць пераваліць за сто.

У супольнай працы з многімі рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі Аляксандр Салаўёў паставіў у Коласаўскім многія знакавыя спектаклі. З Валерыем Мазынскім — “Разгром” паводле А.Фадзеева, “Летась у Чулімску” А.Вампілава, “Кастусь Каліноўскі” У.Караткевіча, “Парог” і “Радавыя” А.Дударава, “Зінуля” А.Гельмана. За спектакль “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа пастановачная група была ўзнагароджана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.

З Валерыем Маслюком Салаўёў паставіў “Брыльянт” Е.Пшэздзецкага, “Клеменс” К.Саі, “Стары дом” А.Казанцава, “Закон вечнасці” Н.Думбадзе, “Жаніцьба” М.Гогаля. З Аляксандрам Дольнікавым — “Мяшчане” М.Горкага, “Маскоўскі хор” Л.Петрушэўскай. З Юрыем Лізянгевічам — “Загадка дома Вернье” А.Крысці, Р.Тама. З Антонам Грышкевічам — “Пакрыўджаныя” Л.Родзевіча.

Запамінальнымі для тэатра сталі пастаноўкі са сцэнаграфіяй Салаўёва: “Ветрык, вей” Я.Райніса, “Клоп” паводле У.Маякоўскага, “Марыя Сцюарт” Ф.Шылера, “Зацюканы апостал” і “Таблетку пад язык” А.Макаёнка, “Матухна Кураж і яе дзеці” Б.Брэхта.

Сцэнаграфіі Аляксандра Салаўёва былі ўласцівыя абагульненне, сімвалічнасць, пластычнасць. Салаўёў — мастак-філосаф. Яго тэатральныя працы дазвалялі глыбей раскрыць фабулу пастаноўкі, характар герояў, існасць выяў, падымаючы іх да сімвалічнага гучання. Яны прымушалі гледача думаць, вастрэй і ярчэй успрымаць спектакль.Аднойчы коласаўскі калектыў адправіўся на гастролі ў Маскву, і яго дэкарацыям, як калісьці работам Льва Бакста, зладзілі авацыі адразу пасля ўзняцця заслоны.

У 1982 годзе Салаўёву было прысвоена званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.

Аляксандр Салаўёў быў актыўным удзельнікам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Яго працы выстаўляліся ў Расіі, Прыбалтыцы, Германіі, Францыі і Аўстраліі. У 2010 годзе мастак перадаў у дарунак Віцебскаму мастацкаму музею 35 сваіх твораў, сярод якіх абстрактныя кампазіцыі і эскізы афармлення дэкарацый да спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і маляўнічыя палотны. У прыватнасці, у фонды музея ўвайшлі эскізы да спектакляў “На дарозе жыцця” і “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа, “Паядынак” і “Калізей” М. Матукоўскага, “Хуткія цягнікі” А. Паповай, “Каварства і каханне” па Ф. Шылеру, “14 чырвоных хацінак” па А. Платонаву, “Гісторыя граху” С. Жаромскага, “Мяшчане” М. Горкага, “Клоп” У. Маякоўскага. Створаныя для розных тэатраў (у тым ліку і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа), яны дазваляюць пазнаёміцца з падзеямі пасляваенных гадоў праз прызму ўспрыняцця аўтара, прасачыць тэатральныя тэндэнцыі таго часу.

Мастак перадаў гораду маляўнічыя працы “Укрыжаванне”, “Ева”, “Рэквіем”, “Старая фрэска” і іншыя. Творчасць Аляксандра Салаўёва стала неад’емнай часткай культуры не толькі Віцебска, дзе мастак зрабіў значны ўплыў на фармаванне мастацкага асяроддзя горада, але і ўсёй Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя. У 2016 годзе шэраг сваіх работ ён падарыў Нацыянальнаму мастацткаму музею, яны дэманстраваліся ў Мінску на яго персанальнай выставе.

На думку Аляксандра Салаўёва, “мастак, гэта — перадусім адменны дар думаць, адчуваць, бачыць, суперажываць падзеі, што адбываюцца ў свеце. Ён павінен увесь час і напружана працаваць. Мастак не павінен думаць, зразумеюць яго ці не. Інакш ён не мастак і нічога не створыць. Мастак — гэта заўсёды першаадкрывальнік. Ён свядома ідзе ў невядомасць. Мастак адштурхоўваецца ад будняў і бачыць жыццё на шмат гадоў наперад. Мастак павінен зразумець, што мастацтва — гэта абсалютная шчырасць і найвысокая праява інтэлекту. Гэта космас. І заданне мастака — адкрыццё яго”.

У 2016 годзе за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўнёсак у культуру і мастацтва Беларусі Аляксандр Салаўёў быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Памяць пра Аляксандра Аляксандравіча Салаўёва назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Юрый ІВАНОЎСКІ,
літаратурны рэдактар Нацыянальнага
акадэмічнага драматычнага
тэатра імя Якуба Коласа