“Несцерка” адзначае юбілей

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

18 мая знакамітаму спектаклю-візітоўцы Коласаўскага тэатра споўнілася 80 гадоў
Напэўна, няма ва ўсім Віцебску такога чалавека, які б не чуў пра вядомы спектакль-доўгажыхар Коласаўскага тэатра “Несцерка”, пастаўлены ў 1941 годзе па п’есе вядомага беларускага драматурга Віталя Вольскага. Гэты спектакль такі ж сімвал абласнога цэнтра, як Ратуша, альбо Міжнародны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”. Вядома ж, галоўнага персанажа нашага спектакля ведаюць і далёка за межамі таго горада, дзе ён нарадзіўся 80 гадоў таму. Яго віталі гледачы Масквы і Пецярбурга, Адэсы і Харкава, Яраслаўля, Запарожжа і Львова.

Першы паказ спектакля (для вузкага кола ці, як раней казалі, для грамадскасці горада) адбыўся ў Віцебску 18 мая 1941 года. Прэм’ера на шырокага гледача была паказана крыху пазней, на гастролях тэатра ў Петразаводску Карэла-Фінскай АССР. Спектакль быў захоплена прыняты гледачом. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам з’яўляўся Навум Барысавіч Лойтар, вучань і паплечнік Усевалада Мейерхольда (пра што ў той час мала хто ведаў), у 1941 — 1944 гадах мастацкі кіраўнік БДТ-2 (цяперашняга Коласаўскага тэатра). Мастацкае афармленне стварыў Ліпа Кроль. Музыку напісаў вядомы беларускі кампазітар Ісак Любан, аўтар вядомай песні “Бывайце здаровы”. У галоўных ролях былі заняты карыфеі коласаўскай сцэны: Аляксандр Ільінскі (Несцерка), Цімох Сяргейчык (Шкаляр Самахвальскі), Яніна Глебаўская (Мальвіна), Зінаіда Канапелька (Наста), Анатоль Шэлег (Юрась), Іосіф Матусевіч (Суддзя) ды іншыя. Фактычна ў гэтым складзе спектакль ішоў да сярэдзіны 60-х гадоў, калі адбылася першая змена акцёрскага складу. Пачынаючы з 1962 года ролю Несцеркі стаў выконваць народны артыст СССР Фёдар Шмакаў, і выходзіў у гэтым вобразе на сцэну амаль да канца свайго жыцця.

Спектакль з поспехам ішоў у горадзе Уральск Казахскай ССР, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі, а пазней і ў Арэхава-Зуева, дзе яго пабачыў Міхаіл Калінін і даў яму высокую ацэнку. Магчыма, гэты факт стаў прычынай таму, што ў 1946 годзе спектакль атрымаў Сталінскую прэмію 1 ступені (пазней яна стала называцца Дзяржаўнай прэміяй СССР).

/i/content/pi/cult/851/18082/12_1.jpg

Сучаснае прачытанне класікі.

У 2006 годзе мастацкі кіраўнік тэатра Віталь Баркоўскі ажыццявіў капітальную рэканструкцыю спектакля. На гэта быў выдзелены спецыяльны Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Быў зменены і акцёрскі склад.

На сённяшні дзень у спектаклі занятыя: Пятро Ламан (Несцерка), Раіса Грыбовіч (Мальвіна), Ульяна Ацясава (Наста), Арцём Блахін (Юрась) ды іншыя.

У свой час праз “Несцерку” прайшлі ўсе артысты Коласаўскага тэатра. Для многіх з іх гэты спектакль быў важнай старонкай. На ім выраслі многія пакаленні гледачоў. Спектаклем адкрываецца кожны новы тэатральны сезон. Такім чынам, ён з’яўляецца візітнай карткай тэатра.

Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з некаторымі артыстамі-коласаўцамі, для якіх гэты спектакль адыграў вялікую ролю ў іх творчым лёсе.

З успамінаў вядучага майстра сцэны, артыста Пятра Ламана:

— Калі я прыйшоў у тэатр пасля інстытута, то першы спектакль, куды я быў уведзены, быў “Несцерка”. Мне было там неяк вельмі ўтульна, мне страшэнна ўсё падабалася. Пачаў я з масоўкі, а ўжо праз два гады быў прызначаны на ролю Юрася.

— Адразу пасля Анатоля Шэлега?

— Не, не. Шэлег быў ужо ва ўзросце. Юрася іграў Аляксандр Кацельнікаў. А потым ужо я. Іграў вельмі доўга. Потым ужо ў самога ўзрост выйшаў. Там, у п’есе ёсць яшчэ тэкст такі: “Малады, вучоны, прыгожы ды багаты”. Гэта пра Юрася. Ну багаты — гэта няхай, а вось малады… Пасля гэтага я быў уведзены на ролю бацькі Насты Мацея (у 1990 годзе). Пазней мяне прызначылі на ролю Несцеркі.

— А скажыце, ці памятаеце нейкія кур’ёзныя выпадкі, звязаныя з гэтым спектаклем?

— Аднойчы быў фенаменальны выпадак. Мне страшэнна падабаўся вобраз Шкаляра. А ў нас парадак такі: кожны акцёр не пазней, чым за паўгадзіны павінен распісацца аб сваім прыходзе. А памочнік рэжысёра павінна праверыць. І калі хтосьці не распісаўся, трэба падымаць трывогу і шукаць таго артыста. А ў той вечар жанчына празяпіла. Спектакль пачалі, а Шкаляра няма. У нас быў такі малады акцёр Святаслаў Астрамовіч, хацелі яго ўкінуць. Я падумаў: а што гэта будзе, ён жа зусім слоў не ведае? А ў нас у спектаклі было двое выканаўцаў на ролю Мацея. Калі я іграў бацьку, Віктар Дашкевіч працаваў у масоўцы і наадварот. У гэты вечар я павінен быў іграць Мацея. Я кажу: “Людзі, што вы робіце, выпускайце мяне, я хоць тэкст ведаю”. Ну і тут хуценька пераапранаюць Дашкевіча ў Бацьку, а мяне ў Шкаляра. Я выйшаў і ўсё выдатна адыграў. Шмакаў сядзеў у зале і нічога не заўважыў. Тут у перапынку з’яўляецца той артыст, што спазніўся, увесь запараны. А Шмакаў яму: “Што ж вы апрануліся, яшчэ ж спектакль не закончаны”. Так што я яшчэ і Шкаляра аднойчы сыграў.

— Якія партнёры, з кім давялося працаваць, вам найбольш запомніліся, спадабаліся?

— Мяне вельмі ўражваў народны артыст Беларусі Анатоль Міхайлавіч Трус у ролі Бацькі. Там быў і гумар, і драматызм, і цэлая гама пачуццяў і перажыванняў. Настачку аддаюць за Шкаляра, ідзе вясельны абрад, яе рыхтуюць, на яе апранаюць вясельны ўбор. Яна звяртаецца да бацькі: “Татулечка родны, не аддавай мяне за нялюбага”. Ён адказвае: “Пытайся ў маці”. А далей ідзе вясельная песня ўжо пра развітанне з домам. І што робіць Трус? Ён падпявае дзяўчатам, але робіць гэта з такім гумарам, што ў глядзельнай зале не тое, каб рогат, а добрая ўсмешка. Артыст робіць гэта адзін, другі раз. Свацці шыкаюць на яго, але ён працягвае. Трус пашырыў сваю маленькую ролю.

— Але ж гэта ён рабіў не з самай прэм’еры?

— Калі я ўводзіўся на ролю Юрася, мне далі экземпляр памрэжа, самы першы варыянт “Несцеркі”. Дык там столькі адрозненняў ад таго тэксту, які быў надрукаваны яшчэ ў даваенным выданні п’есы! Калі яго параўнаць з пасляваенным, то ўбачым каласальную розніцу. Проста аўтар пазней унёс туды ўсе акцёрскія імправізацыі, якія адпаведна замацаваў рэжысёр спектакля.

У “Несцеркі” вельмі шчаслівы лёс. Ён ідзе да гэтага часу. Зазвычай спектакль выпускаецца і самае большае 5 — 6 гадоў жыве. “Несцерка” застаецца жывым доўгі-доўгі час.

/i/content/pi/cult/851/18082/12_2.jpg

Першы склад “Несцеркі” разам з аўтарам п'есы.

З успамінаў народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуша Кокштыса:

— Я прыйшоў у тэатр у 1958 годзе. І, як і ўсе пачаткоўцы, быў уведзены ў масоўку. Але нядоўга я там хадзіў, бо неўзабаве быў прызначаны на ролю Чорта. Гэта быў не сапраўдны чорт, а артыст у сцэне балагана, які выконвае адпаведную ролю. Я там выбягаў, круціўся, рабіў кола, розныя кульбіты. Потым мой касцюмчык зусім пашкуматаўся, латка на латцы. І загадчык трупы Якаў Буракоў вырашыў скараціць ролю Чорта. Тады я ўжо выходзіў у вобразе Скамароха ў той жа сцэне балагана. 2-м шляхцюком я стаў, калі з тэатра сышоў Іосіф Тупік, першы выканаўца гэтай ролі. Больш за 30 гадоў я выходзіў на коласаўскую сцэну ў гэтым вобразе, да 1997 года, калі адбылася рэканструкцыя спектакля і змена акцёрскага складу.

З успамінаў вядучага майстра сцэны, актрысы Раісы Грыбовіч:

— Скажыце, Вы доўга працавалі ў спектаклі?

— Я думаю, што як прыйшла ў тэатр, так і працавала.

— Ага, у масоўцы.

— Ну так. Потым жа я там запявала “Курачку”. Гэта такі эпізод у спектаклі, вельмі важны. Я не ведаю, як ён называецца. Дзяўчат там запяваюць, калі Настачку рыхтуюць да вяселля. А як “Лявоніху” танцавалі! Так было весела. Вочы гарэлі. Нават і ў масоўцы выходзіць было за шчасце. Таму што ты выходзіў, калі ўсе карыфеі былі яшчэ жывыя. А некаторыя з іх працавалі яшчэ на прэм’ерных паказах. Я яшчэ заспела той час, калі Трус выходзіў у ролі Бацькі. Як ён дзяжу выносіў! І ўсё рабіў з такой цеплынёй, ты верыў, што гэта жывы персанаж. Тады ж і Канапелька ў пары працавала з Пісаравай, потым і Скварцова далучылася. Успамінаю такі цікавы эпізод. Мы паехалі на гастролі ў Бабруйск. Скварцова павінна была іграць жонку Суддзі. І нешта там здарылася. Мне трэба было хутка ў гэты вобраз ускочыць, без рэпетыцый. Гэта эпізадычны вобраз, у яе літаральна некалькі слоў. Нешта я на сябе нахлабучыла. Але ж вобраз яшчэ нежывы. Памятаю, ад страху штосьці такое выдала, што называецца, урэзала. А потым атрымала заўвагу ад галоўнага рэжысёра. Бо занадта было. Пазней мяне ўжо прызначылі афіцыйна на гэтую ролю. Узрост ужо дазваляў. А потым, калі ўжо Мазынскі задумаў новую версію “Несцеркі”, ён прызначыў мяне на ролю Настачкі. Але не адбылося. Памятаю, усіх “круціла” ў тэатры: “Чаму Грыбовіч? Бо добра спявае?” Потым, праз шмат гадоў, калі Шмакаў аднаўляў спектакль, я прасіла ў яго ролю Мальвіны, але тады нельга было прабіцца. Там былі такія выканаўцы, як Пісарава, Скварцова. Мне сказалі, што пакуль ранавата.

— Калі адбывалася капітальная рэканструкцыя спектакля, многія падавалі заяўку на ролю. А ці падавалі вы?

— Не. Тым не менш стала іграць гэтую Мальвіну. Трэба было пры захаванні агульнага малюнка знайсці і нейкія свае рысачкі, падключыць пражыванне, каб быць не суддзёй, а заступнікам, адвакатам ролі. Чаму яна такая? Бо перажывае за сваю дачку, як у яе лёс складзецца. Вось за ганчара выйшла і пакутую, а ты выйдзеш за багатага, гора не спазнаеш. Але ўсё роўна стромкі на сэрцы ёсць. Вобраз з гадамі, з кожным новым спектаклем расце, нараджаюцца новыя рысачкі, таму што мяняюцца актрысы — гэтыя дачушкі. Бывалі і несастыкоўкі. Была ў нас адна маладая актрыса. Я ёй кажу: “Ну як жа так? Калі цябе ў фінале замуж выдаюць, ты хоць слязу пусці, там нельга з халодным носам, трэба, каб былі шчырыя пачуцці. Таму што гледача не падманеш. Я імкнулася ёй дапамагчы. З цягам часу яна нажыла патрэбныя рысы. З Ленай Шарэпчанка асабліва прыемна было працаваць. Мы адчувалі адна адну. Па тэмпераменту яна, можа быць, мацнейшая, чым астатнія. Яна шчыра пражывала ўсе эпізоды, усе падзеі. Ну і з Сашам Базуком там сустрэліся, закахаліся, і пара ў іх атрымалася.

Калі былі жывыя карыфеі, спектакль быў, магчыма, больш жывы, бо для таго пакалення тое жыццё, што адбываецца на сцэне, было ім больш знаёмае і зразумелае. І я памятаю атмасферу куліс. Мы стаялі і з такімі трапяткімі адносінамі глядзелі на ўсё. І зусім нескладана было чакаць свайго выхаду, бо спектакль ішоў на адным дыханні. І асобна яшчэ трэба сказаць пра аркестр, які тады суправаджаў спектакль. Утваралася адчуванне, што мы адно цэлае, адна каманда. Музыка давала зусім асаблівую атмасферу. Самыя добрыя словы я хачу сказаць пра Зінаіду Ігнатаўну Канапелька. Якая яна была цёплы чалавек і як матуля ставілася да ўсіх нас, маладых. Мы збіраліся ў яе дома, у тым ліку і пасля “Несцеркі”. Там бывалі і паэты, і мастакі, і іншыя цікавыя людзі горада.

/i/content/pi/cult/851/18082/12_3.jpg

Несцерка — Фёдар Шмакаў.

Трэба ўспомніць і пра Людмілу Іванаўну Пісараву. І гэтыя яе размовы пра папугайчыкаў, і сустрэчы ў фае, дзе яна магла расказваць розныя анекдоты, альбо песню заспяваць. Мы ж і на творчыя вечарыны некалі з ёй выязджалі ад таварыства “Веды”. І мне здаецца, што яе выкананне бліжэй да таго вобраза, што ў мяне атрымаўся. А колькі гумару ў яе было, калі яна вырабляла з Мікалаем Цішачкіным (ён іграў Шкаляра) рэпрызу на лаўках. Яна магла працягвацца бясконца. Падтрымку мы атрымлівалі і ад Іосіфа Матусевіча (Суддзя), які таксама працаваў у “Несцерцы”. Успамінаю Якава Буракова (Першы шляхцюк). Ён доўга працаваў загадчыкам трупы, але і потым, калі сышоў з гэтай пасады, любіў наводзіць парадак, сачыў за дысцыплінай на сцэнічнай пляцоўцы. Вельмі быў самавіты мужчына і добры акцёр. Яго жонка, Акцябрына Мельдзюкова (Свацця ў “Несцерцы”), вельмі сціплая жанчына, звычайна трымалася ад усіх асобна. Але потым я зразумела, што яна вельмі глыбокі чалавек і таленавітая актрыса.

На сёння спектакль “Несцерка” сыграны больш шасцісот разоў. Звычайна ім адкрываецца кожны тэатральны сезон, самыя адказныя гастролі. Хочацца спадзявацца, што яму суджана яшчэ доўгае-доўгае жыццё.

Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Фота з архіва тэатра