Клуб там, дзе ты жывеш!

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

У загаловак вынесены дэвіз дзейнасці работнікаў аўтаклуба з Пружаншчыны. Такім чынам мы працягваем публікацыю матэрыялаў, што распавядаюць пра здабыткі мабільных устаноў культуры. Чытайце, узбрайвайцеся досведам, прапаноўвайце сваё. Раней рэспубліканскія семінары па абагульненні вопыту ў тых ці іншых культурных варунках (як і конкурсы па вызначэнні лепшых клубнікаў) былі будзённай справай. Цяпер “К” прапаноўвае сваю трыбуну для зацікаўленай гаворкі па вызначанай тэме. Сёння пра сваю работу распавядае загадчык аўтаклуба Пружанскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Людміла Кавалёва.

/i/content/pi/cult/851/18081/11_1.jpgТалака

Гэта не першая мая публікацыя ў газеце “Культура”. Зусім нядаўна пісала пра акцыю “Маршрутамі памяці”, падчас якой красамоўна вылучыўся асноўны прынцып нашай дзейнасці: супрацоўніцтва аўтаклуба з усімі структурамі, што могуць аказаць нам дапамогу на маршруце. Да прыкладу, акцыя “Маршрутамі памяці”. На добраўпарадкаванні помнікаў воінам-вызваліцелям з намі ўзаемадзейнічалі не толькі работнікі культуры, але і прадстаўнікі ўладаў, сельгасарганізацый і школ тых сельскіх саветаў, дзе мы працавалі. Такі падыход выкарыстоўваем і падчас іншых мерапрыемстваў. Талака — старадаўняя беларуская завядзёнка.

Бабулькі нас любяць

Любы работнік аўтаклуба ці аўтабібліятэкі зразумее мяне цудоўна. Нас чакаюць, і мы не маем права спазніцца.

Працуе наш аўтаклуб з лютага 2000 года. Першым кіраўніком яго была Святлана Карповіч. Яна і давяла, што адказнасць на “мабільных” работніках — падвоеная. У зоне абслугоўвання аўтаклуба — 154 маланаселеных і аддаленых паселішчаў. І паўсюль нас чакаюць. Так што мы пастаянна ў дарозе, і ўзімку, і летам. Паспрабуй не ўкласціся ў графік — адразу пачынаюць тэлефанаваць. Маўляў, дзе вы, няўжо на нас забыліся?!

Ад “Шчырага сэрца” і для “Забавы”

У сферы культуры я — з 1998-га, а вось аўтаклубам кірую адносна нядаўна: з красавіка мінулага года. Але ўвесь свой вопыт Святлана Станіславаўна перадала мне да крупінкі. Таму з першага дня працы “на колах” ведала, што дагадзіць сталым людзям мы можам толькі якасцю абслугоўвання. Таму пры аўтаклубе працуюць два вакальныя гурты: “Забава” і “Шчырым сэрцам”. З матэрыяльнай базы не толькі бусік, але і два камплекты акустычнай апаратуры. У штаце мабільнай установы культуры апрача мяне — культарганізатар Анджэла Строк, гукарэжысёр Вольга Котава, вадзіцель Дзмітрый Жук. Гэта, пагадзіцеся, магутная сіла

Якія мерапрыемствы разам ладзім? Канцэрты, святы вёсак, шанаванні на даму, тэматычныя праграмы да дзяржаўных дат, народныя абрады, перасоўныя выставы, гульнявыя праграмы, ранішнікі, творчыя акцыі на мехдвары, дні культуры на ферме…

/i/content/pi/cult/851/18081/11_6.jpg

Па графіку

Дзейнічаем па загадзя складзеных планах у адпаведнасці з графікам-маршрутам. Разам з самадзейнымі артыстамі аўтаклуба і ўстаноў культуры раёна ў аддаленую вёску прыязджаюць старшыня сельсавета і старасты тых населеных пунктаў, дзе ладзіцца мерапрыемства. Імкнёмся, каб усё было шчыра, нефармальна. Падаецца, атрымліваецца.

Людміла КАВАЛЁВА, загадчык аўтаклуба Пружанскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Фота з архіва аўтаклуба