Тэатральная адліга пасля каранавіруснай “замарозкі”?

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

Сучасныя п’есы маладых драматургаў апошнім часам не такія ўжо рэдкія на нашай сцэне. Гэтым разам збегліся прэм’еры паводле твораў з Расіі і Украіны. Чым не нагода паразважаць, што хвалюе аўтараў з краін-суседзяў? І як гэта закранае нас, адбіўшыся ў беларускіх пастаноўках? Нарэшце, як рэагуе публіка? Сыходзіць, не дачакаўшыся фіналу, ці застаецца яшчэ і на абмеркаванне?

Цікава, што над спектаклямі працавала адная і тая ж мастачка — Лідзія Малашэнка. І артысты ў іх у большасці — “паходжаннем” з адной трупы. Вынікі ж — прынцыпова розныя. Але ў кожным выпадку — са знакам “плюс”. Чым не тэатральная адліга пасля каранавіруснай “замарозкі”?

У фокусе-фікусе

Спектакль “Лялька. Фікус. Крама” з’явіўся ў рэпертуары Новага драматычнага тэатра. Паставіў яго Арцём Пінчук — бліскучы акцёр і выдатны спявак — дарэчы, адразу некалькіх тэатральных калектываў. Яму няма і 30-ці, але ён ужо не ўпершыню спрабуе сябе ў ролі рэжысёра. І вельмі паспяхова!

/i/content/pi/cult/851/18075/7_1.jpg

“Лялька. Фікус. Крама”.

Сёлета ў фокусе ўвагі апынулася не проста ранняя — першая, вядомая меней за іншыя п’еса Яраславы Пуліновіч. Пра фікус, што стаяў у краме. Пра тое, як нейкая бабуля закапала туды ляльку. І, адпаведна, пра тыя трыццаць тры няшчасці, што напаткалі пасля гэтага краму і яе супрацоўнікаў. Такая вось недарэчная гісторыя, азначаная “крымінальнай” камедыяй. Менавіта так, з двукоссем у назве. Са спасылкамі ў 1990-я. І з поўным букетам сучасных праблем: глупства, зайздрасць, забабоны, залішняя вера ў “чараўніцтвы”, прагнасць-сквапнасць, хабарніцтва, ўсёдазволенасць з боку тых, хто вышэй па кар’ернай ці сацыяльнай лесвіцы.

У спектаклі занята практычна ўся трупа. Гэта адзін з самых запатрабаваных падыходаў рэпертуарнага тэатра, асабліва ў цяперашніх умовах, калі ўсе так засумавалі па гледачах. Але творчая вага артыстаў — вельмі розная, што наўпрост адбіваецца на мізансцэнах. Здаецца, і тэкст цікавы, напоўнены гумарам, іранічнымі заўвагамі, а глядач штосьці не рэагуе. Затое з’яўляецца той жа Валерый Глазкоў (Галоўны) — і быццам нічога не робіць, нават маўчыць, а ў зале — смех.

Тым не менш, рэжысёр зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб кожны з герояў атрымаў сваё індывідуальнае аблічча, а замест “гаворачых галоваў” у спектаклі з’явіліся шматлікія пастаноўчыя “фішкі”. Удала задзейнічана ўся прастора. Напачатку ахоўнік Сяргей (Аляксандр Даманцэвіч) у поўнай цемры праходзіць праз усю залу з ліхтарыкам, надалей “падключаецца” балкон. Артыстам зададзена розная стылістыка існавання. У Аглаі (Наталля Капітонава), Вольгі (Ірына Антонава), Святара (Ігар Нікалаеў) — падкрэслена камедыйная, часам адкрыта парадыйная. Прычым у першай — са смешнай скорагаворкай, з нахіленым наперад станам (яна ж усім дагадзіць імкнецца), у апошняга — як і належыць, нараспеў. У Яны (Мілана Іванова) з Андрэем (Валянцін Уласень), а таксама Марыны (Аксана Барчэўская) — у традыцыях псіхалагічнага тэатра, з натуральнай “кіношнай” манерай маўлення. Адрозніваюцца ўсе трое начальнікаў (акрамя Валерыя Глазкова, яшчэ Васіль Ніцко, Сяргей Шырочын) — і паводле тэмпераменту, што вызначае іх іншыя рысы, і паводле самой субардынацыі, што дыктуе схему паводзін. Старая (Людміла Баталава), што закопвае ляльку і праз тое становіцца “рухавіком” працэсу, падобная да Феі Карабос са “Спячай прыгажуні” — вось толькі рукі ў яе надта маладыя. Можа, скарыстаць чорныя пальчаткі, што ўзмацніць парадыйна-дэтэктыўны ўхіл?

Другая дзея, менш залежная ад тэксту і больш разнастайная на сцэнаграфічныя змены, пралятае больш хутка, без зніжэнняў тэмпарытму. Але ў той самы момант, калі камедыйнасць, памножаная на абсурднасць сітуацый, дасягае апагею, наступае ўсведамленне: нам паказвалі не забаўлялку, а ўпакаваную ў кідкую абгортку сацыяльную драму — жанр, уласцівы далейшай творчасці гэтага расійскага драматурга. Героі, уключаючы пару закаханых, надзяваюць на галовы папяровыя пакеты, ператвараючыся ў падабенства робатаў. Ідылія будучыні?

Коціка шкада

Некалькімі днямі раней за Новы драматычны адбылася прэм’ера ў Незалежнай тэатральнай кампаніі HomoCosmos — спектакль “Застацца нельга з’ехаць” па п’есе ўкраінскага драматурга Ігара Насоўскага. У назве адсутнічае коска: кожны з герояў і адначасова з гледачоў можа паставіць яе самастойна, зрабіўшы свой выбар. Адпаведна, жанр азначаны як “працоўная міграцыя ў адной дзеі”. А ў цэнтры аказваецца адна з галоўных праблем не толькі гэтай краіны, але і іншых нашых суседзяў: Латвіі, Літвы, Польшчы. Апошняя закранута ў п’есе: Жэня (Аляксей Ерашэвіч) разглядае працу там як перавалачны пункт на шляху ў Германію.

/i/content/pi/cult/851/18075/7_2.jpg

“Застацца нельга з’ехаць”.

П’еса даволі традыцыйная па форме выкладання, з лінейным разгортваннем, побытавымі дыялогамі. Але малады і добра спрактыкаваны рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі, маючы за плячыма яшчэ і багаты вопыт акцёра, а таксама драматурга, робіць з гэтага зусім не традыцыйны спектакль, а своеасаблівую іранічную прыпавесць. Дапамагае ў гэтым і мінімалізм сцэнаграфіі Лідзіі Малашэнка (па сутнасці, некалькі подыумаў-станкоў рознага ўзроўню, што пазбаўляюць дзеянне побытавых рэалій). І вырабленыя ёй касцюмы (часам таксама даволі ўмоўныя — праз намаляваныя аксэсуары на футболцы). І выкшталцоны відэашэраг Юліі Багаслаўскай, дзе сярод іншага з’яўляюцца мульцяшныя вожыкі, асацыятыўна звязаныя з “Вожыкам у тумане”, што згадваецца ў тэксце, а фіналам становіцца дружнае шэсце іх суцэльнага натоўпу праз увесь экран.

Сярод найбольш цікавых рэжысёрскіх дэталяў — вырашэнне практычна ўсіх дыялогаў, уключаючы асабістыя, праз тэлефон, што становіцца сімвалам чалавечай раз’яднанасці. Сцэна пахавання пародзістага кацяня Фердынанда VI — шостага загінуўшага па ліку. Пад трагічную музыку (кампазітар — Міхаіл Обухаў) члены сям’і нясуць скрыні з-пад абутку — і ўрачыста ўскладаюць іх на выцягнутыя рукі Лены (Дар’я Данцэвіч), што ініцыявала каціную эпапею. Скрыні замест твару — лепшы партрэт капрызна-крыўдлівай бландынкі. Але беларускасць спектакля — у іранічна-спагадлівым стаўленні да герояў, дзе замест жорсткасці — добрая ўсмешка, спачуванне, надзея на “перавыхаванне” ў лепшы бок. І нечакана трагічная развязка.

Знаёмых акцёраў — не пазнаць. Ніякіх “крыўлянняў”, заўважных у некаторых з іх раней. Усё ці цалкам натуральна, ці падкрэслена тэатральна, ды без залішняга ўціску. Усе — суперзоркі! Акрамя згаданых, гэта Арсеній Гардзіенка з вельмі дакладным трапляннем у псіхалогію ваганняў (Макс), тэмпераментны Андрэй Бібікаў (Аляксеіч), Кацярына Сірыўля (Мама), Сяргей Толсцікаў (Тата), Аляксей Кузміцкі (Дзяжурны). І асабліва Люсінэ Саядзян (Суседка), што стварыла яркі, запамінальны тыпаж, годны жартоўнага “Оскара”.

Два спектаклі — два розныя сусветы. Дык які вам бліжэй? А лепей абіраць абодва: культурная прастора павінна быць разнастайнай.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"