Падключыць да камп’ютэра кросны

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Вялікая колькасць абітурыентаў факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка — выпускнікі мастацкага вучылішча імя Глебава, гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, моладзь пасля школ і каледжаў з мастацкім ухілам. Сюды часцяком прыходзяць вучыцца юнакі і дзяўчаты з глыбінкі. Пасля заканчэння гэтага факультэта, поруч з маладымі спецыялістамі — выпускнікамі ВНУ культуры і мастацтва, “культурнікі” з БДПУ замацоўваюцца не толькі ў школах, але і ва ўстановах культуры.

Кафедра памерам з факультэт

Загадчык кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі БДПУ Георгій ЛОЙКА імкнецца паказаць як мага больш скарбаў студэнцкай творчасці карэспандэнту К”:
Адна наша невялікая кафедра абядноўвае ў сабе амаль столькі ж відаў творчасці, колькі ўвесь мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.Машэрава. Нашы студэнты плятуць паясы і ткуць габелены, ствараюць вырабы з саломкі, дрэва, малююць алоўкам, пішуць алеем, чэрцяць, мадэлююць адзенне, займаюцца керамікай і апрацоўкай скуры. Адкрылі спецыяльнасць

 /i/content/pi/cult/180/1807/Padkuchit da kamp.jpg
 Малады выкладчык Вольга Парфіновіч
(у цэнтры) са студэнтамі.

Кампютэрная графіка”. На кафедры працуе вялікі калектыў — 44  чалавекі, 70% з іхчлены Беларускага саюза мастакоў ці Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Адметная і выкладчыцкая моладзь. Напрыклад, Вольга Парфіновічстудэнтка першага набору факультэта, якому, дарэчы, ужо 12 гадоў, па спецыяльнасціВыяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія рамёствы”. Пасля праходзіла стажыроўку ў Мюнхене, дзе вывучала дызайн адзення, праз некалькі гадоў атрымала прэмію ад вядомага расійскага мадэльера Вячаслава Зайцава. Першыя ж прызы былі яшчэ на “Млыне моды”... Ды і шматлікія перспектывы не могуць не ўражваць...
— Чаму вы вярнуліся працаваць на факультэт? Няўжо вучыць дзяўчат шыць касцюмы?
— Я ж тут вучылася! Без каментарыяў!

На адметныя рамёствы — попыт!

У адным з кабінетаў усе сцены і палічкі застаўлены лялькамі ў шыкоўных касцюмах. Героі з “Дзікага палявання караля Стаха” — надзвычай удалы дыпломны праект, гонар кафедры. Спачатку студэнты шукалі ў гістарычных трактатах апісанні вопратак, пасля малявалі эскізы, стваралі вобраз са сваім абліччам, — і атрымліваўся твор мастацтва, а не драўляная балванка ў касцюме. Такія лялькі надзвычай высока цэняцца ў свеце, ды і ў нас іх пастаянна запрашаюць экспанаваць раённыя музеі.
Па словах Георгія Лойкі, усе раёны Мінскай вобласці ўжо паглядзелі на лялькі, і многія нават купілі.
Цікавай і рэдкай застаецца такая спецыяльнасць, як ткацтва. Наталля Канановіч — член Саюза народных майстроў Беларусі — нядаўна наведала ЗША, і гаворыць, што беларусаў запрашаюць з выстаўкай у Чыкага. Нашы паясы, зробленыя на ніце, на дошчачках, посцілкі ў тэхніцы падвойнага ткацтва няшмат дзе захаваліся, таму маюць высокую каштоўнасць.
Як наладжана справа з працаўладкаваннем маладых і таленавітых спецыялістаў пасля заканчэння універсітэта?
— Да нас прыходзяць дырэктары школ і просяць накіраваць маладых спецыялістаў, — кажа Георгій Лойка. — Але ж нашы выпускнікі — людзі рознабакова адукаваныя, яны могуць быць таксама кіраўнікамі гурткоў, працаваць у дамах рамёстваў, школах мастацтваў, што зрэшты і робіцца: некалькі чалавек з выпуску пачынае працоўную дзейнасць ва ўстановах культуры.

“Фішкі” беларускага дызайну

“У мяне асабіста, — зазначае Георгій Лойка, — ёсць вялікае жаданне сумясціць спецыяльнасць “Народныя рамёствы” з “Камп’ютэрнай графікай”. Мы ў мінулым годзе вырашылі будучым дызайнерам прачытаць курс народных рамёстваў, каб яны мелі ўяўленне і пра гэты від творчасці. Ды і хочацца, каб у нашага дызайну была беларуская адметнасць. Канешне, глабалісцкія павевы не стрымаць, яны заўсёды былі, але, тым не менш, калі будзе нейкі нацыянальны флёр у работах нашых камп’ютэрных мастакоў — гэта толькі плюс”.
З Георгіем Лойкам цяжка не пагадзіцца, але і паспрачацца знойдзецца багата ахвотных: ці чуў хто, каб, вобразна кажучы, кросны падключалі да камп’ютэра? Аднак закласці ў асобу творчыя памкненні — справа сапраўды адказная. І ўзбагаціць дызайнерскія “фішкі” стосам ідэй, заснаваных на традыцыях, — гэта арыгінальна ды нечакана. Тым больш, калі гаворка вядзецца пра нашу, беларускую, культуру.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА