“Туды, на захад!”

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Вяртанне Якуба Коласа на радзіму пасля Першай сусветнай…
На пачатку 1921 года Народны камісарыят асветы Беларускай ССР накіраваў Наркаму асветы РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай вярнуць у Беларусь школьнага інструктара Канстанціна Міцкевіча (псеўданім — Якуб Колас), аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў.

/i/content/pi/cult/850/18065/24.jpgНа Куршчыне Якуб Колас жыў больш за тры з паловай гады (з канца верасня 1917 да мая 1921 года). У верасні 1917 года беларускі паэт прыехаў у горад Абаянь Курскай губерніі, дзе знаходзілася ў эвакуацыі ў час Першай сусветнай вайны яго жонка з сынамі Данілам і Юрыем. Нялёгкім было жыццё на Куршчыне. Пісьменнік успамінаў, што на цэлы тыдзень яго сям’я на чатыры душы мела 21 бульбіну.

Падзеі перажытага на Куршчыне знайшлі свой адбітак у яго апавяданнях “Сяргей Карага”, “Дачакаўся”, “Крывавы вір”, “Курская анамалія”, “Ванька Кудлаты”, “Туды, на захад!”

“Астап ізноў бярэцца за работу, і свежыя грудкі чорнай пахучай зямлі куляюцца і куляюцца пад рыдлёўкаю. А мыслі яго снуюцца далёка-далёка. Гэтая зямля і работа на ёй напамінае яму аб другой зямлі, аб зямлі Наднямоння, светлай, пясчанай, беднай, але дарагой і роднай сэрцу. Ляцяць яго мыслі туды, на зямлю свае айчыны. Няволіць яго чужая зямля, няласкавая яна для яго”. Астап Лугавік — прататып Якуба Коласа ў аўтабіяграфічным апавяданні з курскага цыкла “Туды, на захад!”, дзе апісаны падзеі і ўмовы жыцця школьнага інструктара, яго замілаванасць да роднага краю. Літаратуразнаўца Міхась Мушынскі адзначаў, што гэта адзін з нешматлікіх у беларускай літаратуры твораў, дзе ўзнаўляецца трагічная старонка гісторыі беларускага народа ХХ стагоддзя  — бежанства.

15 мая 1921 года Я. Колас з сям’ёй пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск.

“Помніцца і пераезд з Куршчыны ў Менск. Нам далі невялікі двухвосевы таварны вагон, вельмі забруджаны. Дзядзька Саша, мама і бабка Марыя Цімафееўна два дні чысцілі яго, мылі, пасля чаго мы пагрузілі свой невялікі скарб, а таксама дзве казы — белую рагатую і чорную бязрогую. На Куршчыне жылося цяжка, мы часта галадалі. Таму козы ратавалі нас, асабліва дзяцей. […]

На радзіму мы вярталіся праз Маскву. Чыгунка моцна пацярпела ў час грамадзянскай вайны, ехалі доўга і марудна. Запомніліся разбітыя эшалоны, якія ляжалі пад адхонамі, — вынікі шматлікіх крушэнняў”, — успамінаў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Міцкевіч.

/i/content/pi/cult/850/18065/25.jpgБеларускі творца працягвае настаўніцкую кар’еру на пасадзе старшага выкладчыка методыкі роднай мовы ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (1922 — 1930 гады). Даследчыкі называюць гэтую ўстанову калыскай літаратараў. Вучнямі Коласа ў тэхнікуме былі вядомыя таленавітыя майстры слова Пятро Глебка, Паўлюк Трус, Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Станіслаў Шушкевіч, Зінаіда Бандарына, Алесь Якімовіч, Валерый Маракоў.

“Колас быў не толькі наш настаўнік, а добры друг, душэўны чалавек. Ён нічым не вылучаўся сярод іншых выкладчыкаў, не ганарыўся сваёй славутасцю. Апранаўся ён прасцей, чым яго калегі, і не таму, відаць, што не было сродкаў на новыя касцюмы або паліто. Проста ён, сын беднага селяніна-лесніка, скромны вясковы настаўнік, не прывык да раскошы. Звычайны сялянскі кажух для яго быў мілей дарагога драпавага паліто. Гэта яшчэ больш збліжала настаўніка са студэнтамі”, — сведчыў пісьменнік Алесь Якімовіч.

Якуб Колас працаваў у Дзяржаўным беларускім універсітэце з лістапада 1923 па студзень 1926 года на пасадзе дацэнта кафедры беларускай мовы на педагагічным факультэце. “Па-майстэрску чытаў Канстанцін Міхайлавіч курс беларускай мовы. Выдатны метадыст, спрактыкаваны настаўнік - ён так праводзіў заняткі, што ўвесь матэрыял засвойваўся на лекцыях”, — успамінаў яго былы студэнт М. Сяўрук.

Таксама беларускі пісьменнік чытаў методыку выкладання беларускай мовы на Вышэйшых курсах беларусазнаўства ў 1925 — 1926 гадах, на якіх рыхтавалі выкладчыкаў беларусазнаўства для тэхнікумаў, рабфакаў і 7-гадовых школ, займаліся павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў.

“Не каюся, паехаўшы сюды, — пісаў у 1923 годзе Якуб Колас жонцы Марыі Дзмітрыеўне са Слуцка, дзе чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх курсах. — У мяне самога засталося добрае пачуццё ад лекцыі. З гэтага я лічу, што яна выйшла някепска. Чытаў я дзве гадзіны. Першая гадзіна была адведзена пад граматыку, другая — пад методыку. […] Слухалі незвычайна ўважліва. Я вельмі рад, что захапіў з сабою методыку. Курсы тут пастаўлены незвычайна грунтоўна. […] Курсантаў 150 чалавек, і ходзяць усе да аднаго”.

Канстанцін Міцкевіч шэсць гадоў (1921 — 1927) жыў на прыватнай кватэры ў заможнага мінскага гаспадара Вільгельма Русецкага. У 1926 годзе ў Канстанціна Міхайлавіча і Марыі Дзмітрыеўны нарадзіўся трэці сын — Міхась. У гэтым жа годзе Якубу Коласу надаецца ганаровае званне народнага паэта.

Менавіта ў Мінску Колас скончыў свае найлепшыя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў “У палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, вершы, шматлікія публіцыстычныя артыкулы, выйшаў у свет зборнік алегарычных апавяданняў “Казкі жыцця”. Друк гэтых твораў прыпадае на “найшчаслівейшую, здаецца, у жыцці Коласа пару”, як слушна адзначаў Антон Луцэвіч у прадмове да юбілейнага выдання Якуба Коласа “Выбраныя творы” (Вільня, 1927 г.)

У гэты час паэт займаецца і навуковай працай. У 1920-я гады ў Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі пачаў працу Інстытут беларускай культуры. У яго склад сапраўднымі членамі ўвайшлі І. Д. Луцэвіч (Я. Купала), К. М. Міцкевіч (Я.Колас), Я. Ф. Карскі і іншыя. У распрацоўцы Статута Інстытута апрача Я. Ф. Карскага прынялі ўдзел У. І. Пічэта, Я. Л. Дыла. Канстанцін Міхайлавіч працаваў у літаратурна-даследчай камісіі.

Пісьменнік, грамадскі дзеяч Язэп Дыла ўспамінаў: “Потым мы з Коласам сустракаліся на рабоце ў тэрміналагічнай камісіі. Ён выступаў там рэдка, але заўсёды грунтоўна, і яго заўвагі былі аўтарытэтнымі. Многа часу ў тыя гады паэт аддаваў літаратурнай працы — пісаў вершы, працаваў над паэмай “Сымон-музыка”, рыхтаваў да друку “Новую зямлю”.

Калі заснаваўся Інстытут беларускай культуры, Колас стаў на чале слоўнікавай камісіі, якой была даручана ўся справа збірання слоўнага матэрыялу для беларуска-рускага слоўніка”.

У кастрычніку 1928 года ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук. Якуб Колас быў зацверджаны правадзейным членам акадэміі ў снежні 1928 года, а 26 кастрычніка 1929 года абраны віцэ-презідэнтам. У сувязі з гэтым ён пакінуў працу ў Белпедтэхнікуме. Паэт працаваў на гэтай пасадзе да апошніх дзён жыцця.

З лістапада 1927 года па чэрвень 1941-га пражыла сям’я Якуба Коласа ва ўласным двухпавярховым доме ў Вайсковым завулку. Сёння гэта месца ўваходзіць у тэрыторыю Цэнтральнага дзіцячага парка імя Горкага. Апрача сваіх родных, у доме жылі цешча, Марыя Цімафееўна Каменская, брат жонкі, Аляксандр Дзмітрыевіч Каменскі.

Па ўспамінах Данілы Міцкевіча, у доме паэта заўсёды гучала музыка. У Коласа былі дзве скрыпкі. Меншая, больш простая, вісела ў спальні паэта над яго ложкам, большая, даражэйшая, ляжала ў футарале. Якуб Колас гадзінамі граў на сваёй скрыпцы беларускія народныя песні.

У гэты час беларускі пісьменнік напісаў апавяданне “Дрыгва”, творы для дзяцей “Міхасёвы прыгоды”, “Савось-распуснік”, былі пачаты паэмы “На шляхах волі” і “Рыбакова хата”.

Спакойнае і ўтульнае жыццё было перарвана трагічнымі трыццатымі. Пачаўся перыяд беспадстаўных рэпрэсій. “Мы забыліся, калі смяяліся”, — казаў Якуб Колас жонцы ў 1931 годзе, а лютаўскай ноччу 1938 года да дому пад’ехаў “чорны воран”. “Бацька падумаў, што гэта па яго, не паспеў апрануць пільчак, але аказалася, што прыехалі забіраць дзядзьку Сашу.

Як стала вядома шмат пазней з архіўных дакументаў, дзядзьку арыштавалі, каб выбіць з яго паказанні супраць Якуба Коласа.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Днём 24 чэрвеня 1941 года дом Якуба Коласа быў зруйнаваны нямецкай бамбёжкай. Канстанцін Міхайлавіч прыгадваў: “Стаяў я на магіле свайго дома, у якім жыў з 1927 па 1941 года. У гэтай магіле шмат пахавана дабра і самае дарагое, што ў ёй пахавана, — мае кнігі, мая бібліятэка і рукапісы, яшчэ нідзе не абнародаваныя. Яны загінулі беззваротна”.

Таццяна МАКАРАНКА,
навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Дзяржаўнага
літаратурна-мемарыяльнага
музея Якуба Коласа