“У турызме ўсё памянялася…”

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Шанец, які дае пандэмія
Ад COVID-19 турыстычная галіна пацярпела куды больш, чым многія іншыя. Гэта разумее кожны. Ды разам з тым ёсць і адваротны бок медаля. І калі ў колькасным вымярэнні беларускі турызм, канешне, страціў (як і любы іншы), у якасным у нас усё зусім не так адназначна. Пандэмія міжволі дала айчыннаму турызму штуршок да развіцця — у бок разнастайнасці і крэатыву. Хоцькі-няхоцькі нашы суграмадзяне былі вымушаныя болей падарожнічаць па сваёй краіне, а ў турыстычны ўжытак сталі трапляць тыя культурныя адметнасці, на якія раней многія не звярталі ўвагі. Экскурсавод Цімафей АКУДОВІЧ лічыць, што гэтыя станоўчыя тэндэнцыі будуць працягвацца не толькі ў новым сезоне, які ўжо спакваля пачынаецца, але і надалей.

/i/content/pi/cult/850/18063/21.jpg— Прыйсце новых часоў мы адчулі адразу і па поўнай праграме, — згадвае суразмоўца. — Калі на леташнія сакавіцкія святы тут яшчэ было поўна турыстаў з Расіі, літаральна праз пару дзён уся наша галіна села на сухі паёк — наогул ніякіх экскурсій! І так было недзе да ліпеня. А калі рух ізноў пайшоў, стала зразумела, што рынак змяніўся істотна. Замежнікі зніклі як від, затое актыўней ездзіць пачалі свае — у тым ліку і тыя, хто раней нікуды па Беларусі не выбіраўся. Прычым ездзіць тымі маршрутамі, якія ў мінулыя гады не надта карысталіся попытам.

Звыклым экскурсаводам давялося мяняць сферу дзейнасці. Хтосьці наогул сышоў з прафесіі, а хтосьці паспрабаваў знайсці сябе ў лакальным або экалагічным турызме. Апошні, дарэчы, стаў вельмі запатрабаваным  — любая экскурсія цяпер павінна ўключаць нейкі заказнік, балота, возера. Гэта вытлумачальна, бо гарадская душа прагне вольнага паветра. Арганізаваных экскурсій на тыя ж Блакіныя азёры летась было разоў у дзесяць больш, чым год таму — сам шматкроць іх вазіў. Адпаведна, ажывіліся і культурныя адметнасці ў наваколлі: скажам, шыкоўны касцёл у Свіры або былая сядзіба ў Камарова, дзе пякуць свой хлеб. І ўтварыўся цудоўны маршрут.

— Наколькі я заўважыў, колькасць пунктаў у турыстычным “меню” нашых аператараў значна павялічылася. Гэта замежнікаў можна было бясконца вазіць у Мір і Нясвіж — і няблага з гэтага жыць. А нашы турысты топавыя адметнасці ўжо бачылі, таму падавай ім нешта новенькае…

— Ну так. Рост унутранага турызму назіраўся ўсе апошнія гады, але быў ён вельмі паступовым. І ніхто не чакаў, што здарыцца такі рэзкі скачок. Ён, канешне, не здатны аднавіць тыя аб’ёмы, якія былі раней. Але для многіх лакдаўн стаў вялікім шанцам! Мы зразумелі: з гэтым трэба працаваць, і тады можа атрымацца нешта цікавае.

Скажам, пад Баранавічамі з’явілася ферма, дзе сям’я разводзіць вінаградных слімакоў. Яшчэ ўчора ніхто нават не разлічваў, што туды пацягнуцца турысты — і раптам усім аказалася цікава паглядзець, як слімакі растуць, ды і пакаштаваць іх таксама.

Сёлета на піку моды — Палессе. Прырода зрабіла нам падарунак у выглядзе эфектнага разліву Прыпяці. Але каб не каранавірус, туды няшмат бы хто даехаў. А сёння складаецца ўражанне, што ўжо палова Беларусі там пабывала.

— А можа, прычына ў іншым? Прыпяць разліваецца пасля кожнай снежнай зімы, але нешта не памятаю, каб раней з гэтай нагоды было столькі публікацый у СМІ з прыгожымі здымкамі дронам…

— Думаю, спрацавала тут усё разам: і снег, і каранавірус, і дрон, вядома, таксама. Болей за тое — на развіццё ўнутранага турызму моцна ўплываюць не толькі СМІ, але і разнастайныя трэвел-блогеры. Сёння стала модным ездзіць па Беларусі і выкладаць фотачкі ў “інстаграмах”. І калі блогеры ламанулі на Прыпяць, услед за імі паехалі іншыя.

 — Як ты думаеш, а ці зацікавіцца “паспаліты” турыст заадно і палескай культурнай аўтэнтыкай? Скажам, самабытнымі музейчыкамі ў Цярэблічах і Стрэльна або народнымі абрадамі.

— Што да абрадаў, тут я крыху скептык у плане іх масавага выкарыстання. Калі бабулі водзяць кагагод, а за імі назірае чалавек дваццаць — гэта нармальна. Але калі дзве тысячы  — гэта ўжо, прабачце… не абрад. Таму не варта вазіць туды караваны аўтобусаў. А калі мы кажам пра лакальныя музеі — то чаму не, было б жаданне! Попыт масавых турыстаў здатны задаволіць найперш той, хто прынамсі хоча яго задаволіць. Прычым трэба вельмі моцна захацець.

— Ці выкарыстоўваюць гэты шанец работнікі рэгіянальных устаноў культуры? Балазе, многія з іх з’яўляюцца захавальнікамі ўнікальных фальклорных скарбаў або тых звестак, якія нідзе больш не пачуеш.

— Прабач, але… не магу вось зараз прыгадаць нейкі пераканаўчы прыклад. Не сумняюся, што гэтыя людзі шчыра стараюцца, аднак… ім аб’ектыўна цяжка. Па-першае, лакальная гісторыя не заўсёды разлічаная на масавых турыстаў, ды і традыцыі трэба захоўваць для сваіх нашчадкаў, а не для чыіхсьці сэлфі. А па-другое… Мне падаецца, што зрабіць з такой мясцовай з’явы прадукт, які можна прадаваць, здатны хутчэй чалавек збоку, а не знутры. Вось каб прыехаў туды гарадскі жыхар, які бачыць усё староннім вокам, валодае дзелавымі здольнасцямі і ведае, што такое SMM-маркетынг... Ён зразумее, як гэтым зацікавіць іншых гарадскіх жыхароў.

— Але мне здаецца, што цэнтр ганчарства ў Гарадной па ўсіх параметрах цікавейшы за тую ж слімаковую ферму. Гэта і брэнд не абы-якой даўніны, і прадукт інтэрактыўны (кожны ахвочы можа сам намясіць гліны ды гаршчок зляпіць), і мясцовых легенд вакол яго процьма…

— …Але ж няма пакуль чалавека, які б з усяе моцы гэты аб’ект прасоўваў, маючы моцную матывацыю — неабавязкова матэрыяльную. Варта разумець: раскручваць такі прадукт не прыйдзе буйны гулец туріндустрыі з натоўпам сваіх менеджараў, якія выдадуць дарожную карту на бліжэйшыя дзесяць гадоў. Падобныя аб’екты — і ў гэтым іх прывабнасць — выводзяць на арбіту энтузіясты. Ды і далёка тая Гарадная, па шчырасці. Івянец, дзе ёсць падобныя опцыі, куды бліжэй.

— Але ж такі спецыфічны аб’ект, як “птушыны гатэль” Тураўскі луг, усё ж раскруцілі. А ён адносна блізка ад Гарадной — і гэтаксама далёка ад Мінска.

— Ну так. Але давай прааналізуем, колькі высілкаў зрабілі для раскруткі Тураўскага лугу арнітолагі са сталіцы. І колькі ім часу спатрэбілася — не адзін год! Гэта не суперскладаныя дзеянні, але не думаю, што іх зможа зрабіць чалавек з невялікай вёскі, які не з’ездзіць у горад і сяму-таму не падвучыцца.

— А калі завабіць у Гарадную модных блогераў?

— Гэта будзе класным піяр-ходам, але разавым. А ў раскрутку трэба ўкладвацца хаця б пару гадоў. Значыць, трэба, каб нехта гэтым гарэў пастаянна. Асноўнае пытанне — хто і з якой матывацыяй? Увесь лакальны турызм трымаецца на людзях: канкрэтных асобах. І там, дзе яны ёсць, з’яўляецца і запатрабаваны прадукт.

 — І тут я прыгадваю тыя натоўпы турыстаў, якія прыязджалі ў Мосар да ксяндза Булькі….

— Зразумей: асоба — гэта тое, што вабіць найбольш! Цікавейшыя хіба егіпецкія піраміды — якіх у нас няма. Сяк-так працуюць і іншыя топавыя адметнасці — іх у нас таксама не вельмі багата. Але ў большасці выпадкаў людзей прывабліваюць найперш іншыя людзі. І гэта могуць быць як героі свайго часу — той жа ксёндз Булька — так і проста добрыя экскурсаводы. Такую асаблівасць нашага рэгіёна варта ўлічваць: людзі ахвотней едуць глядзець не на адметнасці, але на іншых людзей. Цікавых, вядома.

— Адпаведна, ролю экскурсавода цяжка пераацаніць?

— Так, з добрым гідамі будзе файна нават па кальцавой праехацца. А ў адмысловых, аўтарскіх праектах, якія сёння становяцца ўсё больш актуальнымі, людзі і наогул у першую чаргу ідуць менавіта на экскурсавода — бо давяраюць ягонаму бачанню. Так, аўтарскія праекты былі ў нас і раней. Але цяпер для іх з’явіўся рынак — хай ён пакуль і адносна невялікі. І энтузіястам на ім месца знаходзіцца. Усё больш маіх калег, якім цікава корпацца ў фактах, знаходзяць нешта новае, праводзяць нечаканыя паралелі, глядзяць у гэты бок.

— Раней здавалася, што ў Мінску ёсць толькі адна экскурсія — аглядная. Яна займае ўсяго пару гадзін, і дарослага мінчука на ёй наўрад ці ўбачыш: толькі школьнікі ды “госці сталіцы”. Ты ж ладзіш экскурсіі па Мінску некалькі разоў на тыдзень — і ўсе яны розныя. Для каго?

— Бачыш, тая “аглядка” і мае вандроўкі — нават не розны прадукт, а розныя віды дзейнасці. Мае канкурэнты — гэта хутчэй інтэлектуальныя гульні або заняткі сальсы. Адна справа — звыклы для нас турызм. А зусім іншая — форма культурнага адпачынку адукаванага чалавека ў горадзе. Ты хочаш неяк з карысцю правесці вечар, і варыянт прагулянкі з кубачкам кавы па знаёмых вуліцах цалкам прыдатны. Гэта як у тэатр схадзіць.

Тым больш, атрыманне дадатковых ведаў, не надта карысных у паўсядзённым жыцці, на шчасце, уваходзіць цяпер у моду. І калі гуманітарый глядзіць відэалекцыі па фізіцы, чаму б фізіку не даведацца трохі болей пра гісторыю свайго горада? Убачыць тое, на што ён ніколі не звяртаў увагі, хаця сто разоў па тых вуліцах хадзіў. Пачуць страшныя або смешныя гісторыі, якія там адбываліся.

Я шмат вазіў звычайныя экскурсіі, але як гісторыку мне ўсё ж цікава іншае. Заўсёды крыўдна прабягаць міма нейкага помніка ды казаць пра яго два словы — хаця насамрэч ён заслугоўвае куды большага. Хацелася няспешнай паглыбленай размовы пра розныя лакальныя чалавечыя гісторыі. Я вырашыў, што час спрыяльны, каб рэалізаваць свае намеры. І вынікам пакуль задаволены. Колькасць ахвотных пахадзіць па родным горадзе дзве гадзіны — нягледзячы на снег або град — спакваля павялічваецца.

Так, у цяперашніх умовах з’явіўся шанец раскруціць тое, што разлічана зусім не на масавага карыстальніка. Знайсці сваю вузкую ўнікальную нішу і ўласную аўдыторыю — не цікаўную, а зацікаўленую. Думаю, многім блізкі менавіта такі падыход. І цяпер на турыстычным рынку для яго самы час. Усё памянялася. Паглядзім, што з гэтага будзе.

— Яно прадказальна: межы калісьці адкрыюцца. І што тады?

— Справа ў тым, што каранавірус не спарадзіў новыя тэндэнцыі ў турызме, але актывізаваў старыя. Раней яны развіваліся марудна, а цяпер раптоўна скочылі на такі ўзровень, які б мы дасягнулі мо гадоў праз пяць. Таму цікавасць да “крафтавых прадуктаў” у турызме нікуды не падзенецца. Гэта агульнасусветны трэнд.