“Каб у дамочку не было справочкі…”

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

У адным з гродзенскіх выдавецтваў пабачыла свет унікальная кніга кандыдата культуралогіі з Гродна Янкі Трацяка “Маміны песні”. Яе склалі песні яго маці Станіславы Трацяк са Смаргоншчыны, якія аўтар-сын запісаў у 2006 годзе. А нотныя запісы з голасу ажыццявіў Аляксандр Пашкоўскі — акампаніятар народнага ансамбля народнай песні “Жывіца” з Ашмянскага раёна.

/i/content/pi/cult/850/18062/htmlimage_opt.jpegУ кнігу ўвайшлі тэксты валачобных, вясельных, жартоўных, жніўных і лірычных песень, а таксама рускія песні і “жорстскія” рамансы, запісаныя ад маці, а таксама — песні на польскай мове.

Пачынаецца выданне з дзвюх валачобных песень “Да зялёны явар, зеляны!” і “Хрыстос васкрэс!” Іх найменш у кнізе, хаця, як мы ведаем, абрадавы сэнс валачобных песень у пажаданні селяніну перад самым пачаткам палявых работ плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі ўсёй сям’і. А ў песні ад Станіславы Трацяк пажаданні такія:

“Ды каб у дамочку не было справочкі,

І каб у хлявечку вяліся авечкі…”

Вясельных песень Янка Трацяк ад маці запісаў шмат. Тут і апавядальна-каменціруючыя, імператыўныя, лірыка-драматычныя, песні з прыгаворамі, дакаральныя і велічальныя.

Жартоўныя песні Станіславы Трацяк выклікаюць толькі ўсмешку, бо высмейваюць адмоўныя з’явы жыцця. Запомнілася адразу жартоўная песня “А дзе ж ты быў, мой чорны баране?..” Дарэчы, гэта беларускі варыянт даўнейшай польскай народнай песьні “Gdziezes ty bywal, czarny baranie?..” Хто і калі яе пераклаў — невядома. Магчыма, яна пераклалася ў працэсе выканання. Але пераклад атрымаўся даволі файны, таму песня гучыць зусім па-беларуску:

— А дзе ж ты быў, мой чорны баране, чорны баране?

— У млыне, у млыне, у млыне, мой пане.

— А што рабіў там, чорны баране, чорны баране?

— Пшанічку пытлёваў, пытлёваў, мой пане.

Ёсць у зборніку “Маміны песні” рамансы ды іншыя рускія песні Станіславы Антонаўны Трацяк. Яны фігурыруюць на Смаргоншчыне, як казацкія. Але па словах аўтара кнігі, яго сваякі ў бежанстве ў Расіі падчас Першай сусветнай вайны не былі. Відаць, гэтыя песні пачутыя некалі ад тых казакаў, якія выганялі беларусаў у бежанства напярэдадні Першай сусветнай вайны.

У прадмове да кнігі навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры Нацыянальнай акадэміі навук Юрась Пацюпа адзначыў, што “рэпертуар Станіславы Антонаўны — у гэтым можна пераканацца ўжо са зместу — даволі разнастайны і багаты, калі не сказаць пярэсты. Ён цікавы як тыповы ўзор таго вялікага злому, які перажыў фальклор з канца XIX стагоддзя да нашага часу, калі за сціслы тэрмін супольнасць беларусаў ад суцэльнай непісьменнасці перайшла да абавязковай сярэдняй адукацыі, пры гэтым з’явілася прэса і іншыя масавыя камунікацыі — аж да Інтэрнэту… Збор песень Станіславы Антонаўны каштоўны менавіта рэпрэзентацыйнасцю і тым самым — аб’ектыўнасцю, бо далёка не кожны выканаўца можа помніць паўтара соцень песень”.

Маці Янкі Трацяка Станіслава Антонаўна расла ў шматдзетнай сям’і: чатыры сястры і пяць братоў — і ўсе, калі хто не іграў на гармоніку, дык абавязкова спяваў. І ўсе яны мелі добрыя галасы, якім сёння шмат хто мог бы пазайздросціць з сучасных вядомых спевакоў. Любоў да песні, хутчэй за ўсё, перадалася па мацярынскай лініі. Добра спявала яе бабуля, сёстры і браты — цёткі і дзядзькі. “Згадваецца не адзін момант, калі маці прасіла сваю маці, альбо яе родную сястру праспяваць тую ці іншую песню, каб запомніць — маці не запісвала песні, бо была малапісьменнай. Мамін бацька таксама меў добры голас і ў гасцях гучна яго праяўляў, але песнямі асабліва не захапляўся, і не таму, што не хацеў, а таму, што часу на іх не было за гаспадаркай. Але неяк мне малому гаварыў, што ў маладосці іграў на аднарадным гармоніку…”, — успамінае аўтар кнігі.

Вядома ж, песень, якія не выклікаюць ніякіх сумненняў, у народным рэпертуары і спіску Станіславы Антонаўны Трацяк было нашмат больш, чым розных варыянтаў і версій. Але тыя песні беларусам добра вядомыя і ў зборнік “Маміны песні” не ўвайшлі. Таму ў выданне Янка Трацяк уключыў зусім новыя песні, пачутыя ад маці. І выхад падобнай кнігі — маленькі ўклад у культурную спадчыну беларускага народа.

Сяргей ЧЫГРЫН

Слонім