Аўтабібліятэка: шлях да кнігі і чытачоў

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Як на Навагрудчыне шануюць вёску ды вяскоўцаў
Жыхары маланаселеных і аддаленых вёсак Навагрудскага раёна з нецярпеннем чакаюць прыезду бібліёбуса, бо ведаюць што разам з ім прыедуць свежыя часопісы і навінкі мастацкай літаратуры. У нас распрацавана 12 маршрутаў, якія ахопліваюць 46 населеных пунктаў. Штомесяц бібліёбус іх наведвае. Самыя аддаленыя маршруты знаходзяцца на адлегласці 30 — 35 кіламетраў. У адным маршруце — ад 3 да 6 вёсак. Сярэдні ўзрост чытача — 60+.

/i/content/pi/cult/850/18060/17.jpgЗ дзевяці да сямнаццаці

Штогод зоны абслугоўванння перагледжваюцца, гэта звязана з працэсамі аптымізацыі сельскіх бібліятэк.

Выязджае бібліёбус на маршрут каля 9.00 гадзін раніцы і вяртаецца ў 17.00. Уезд у кожную вёску суправаджаецца традыцыйным гукавым сігналам. Большасць жыхароў выходзяць нам насустрач, але 40 працэнтаў чытачоў наведваем на даму: запрашаем прыйсці да нашай машыны ці абменьваем літаратуру па месцы жыхарства.

Фонд бібліёбуса камплектуецца асобна, але кнігі і перыёдыка бяруцца з агульнага фонду аддзела абслугоўвання і інфармацыі. Выконваюцца і індывідуальныя запыты чытачоў на пэўныя выданні.

Графік выездаў бібліёбуса штомесячна друкуецца ў раённай газеце “Новае жыццё”, а таксама размяшчаецца на сайце бібліятэкі.

Але самае галоўнае для нас — гэта людзі, нашыя чытачы. Самае важнае, што бібліёбус чакаюць, наперад тэлефануюць, просяць пэўныя кнігі. Для чытачоў, як і для бібліятэкараў, сустрэча праз кнігу вельмі важная. Так жа важна бачыць нашых наведвальнікаў у добрым настроі, здаровых і зацікаўленых у росце дабрабыту.

Нашы жанчынкі

Заўсёды ветлівай усмешкай вітае бібліёбус Марыя Быт з вёскі Гаравічы. Усё жыццё Марыя Аляксандраўна прапрацавала настаўніцай, выхавалала не адно пакаленне таленавітых выпуснікоў. Да таго ж яна сама чалавек з паэтычным талентам, аўтар шматлікіх вершаў, якія таксама знайшлі свайго чытача. Не раз у раённай бібліятэцы праходзілі творчыя сустрэчы з паэткай. Таму не выпадкова, што жанчына з’яўляецца вялікай аматаркай беларускай літаратуры. Чытае прозу і паэзію, любіць літаратурна-мастацкія часопісы, з дапамогай якіх адкрывае для сябе новых аўтараў. Бібліятэкары заўсёды стараюцца парадаваць Марыю Аляксандраўну кніжнымі навінкамі на роднай мове.

А вось яе муж — Яўген Аляксандравіч — аддае перавагу часопісам і кнігам гаспадарчага профілю. У яго сваё захапленне — пчаліная пасека. Можна казаць, што ён стаў сапраўдным экспертам у гэтай справе. Напэўна, не засталося кніг у раённай бібліятэцы пра пчалярства, якую б не вывучыў старанны гаспадар.

/i/content/pi/cult/850/18060/18.jpgНе зусім тыповая гісторыя

Па-добраму ўражаны былі бібліятэкары пасля сустрэчы з Марыяй Эстрыной з вёскі Нізаўцы, што знаходзіцца за 23 кіламетры ад Навагрудка. Маладая жанчына разам і яе муж пераехалі ў вёску з Мінска, купілі дом, заняліся яго добраўпарадкаваннем. У сталіцы яны разам працавалі ў аптэчнай справе. У нейкі момант вырашылі кардынальна памяняць сваё жыццё.

Адным словам, не зусім тыповая гісторыя, але тым і прыемная. Калі бібліятэкары запыталі, чаму яны выбралі менавіта гэту вёску, тыя адказалі, што паглядзелі многа вёсачак і дамоў, але свой выбар спынілі на Нізаўцах не выпадкова — у суседняй вёсцы працуе ФАП, маецца магазін, ёсць сельскі Дом культуры. Сёння не кожны населены пункт можа гэтым пахваліцца.

Прыезду бібліятэкі на колах Марыя была радая, яе задавальняе, што бібліёбус штомесячна прыязджае з навінкамі. Гэта для жанчыны вельмі зручна. Сям’я цяпер займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі і рамонтам, таму маладая гаспадыня замовіла часопісы пра хатні інтэр’ер і сучасны дызайн. А яшчэ яна расказала, што спрабуе сябе ў блогінгу на YouTube. Такія сустрэчы натхняюць біблітэчную каманду не стаяць на месцы, а рухацца далей разам з бібліёбусам у прамым і пераносных сэнсах.

Чытаючая вёска

Адна з самых “чытаючых” вёсак — Налібакі. Адна з самых актыўных чытачоў — Валянціна Маляўская — яна амаль 50 гадоў тут жыве і працуе, 20 з іх — у налібацкай бібліятэцы. А сёння аднавяскоўцы ведаюць Валянціну Іпалітаўну як актыўнага і ініцыятаўнага, як галоўнага чалавека ў вёсцы — старасту ці ўпаўнаважанага.

Менавіта да яе мясцовыя жыхары ідуць са сваімі бедамі, дзеляцца радасцямі, а Валянціне Іпалітаўне па меры магчымасцяў даводзіцца вырашаць праблемы, якіх нямала ў вясковых жыхароў. Яна заўсёды на сувязі з бібліятэкай, тэлефануе, хвалюецца, каб да ўсіх чытачоў трапілі, каб усе жадаючыя змаглі абмяняць кнігі.

Вольны час любіць бавіць з захапляльнымі раманамі. З такім старастам, не дзіўна, што бібліёбус у вёсцы доўгачаканы госць. Гэта, напэўна, яркае пацвярджэнне важнай ролі бібліятэкара, які і на пенсіі застаецца адданым кнізе і чытанню.

Стогадовы чытач

Абавязкова хочацца расказаць пра старэйшага чытача пазастацыянарнай бібліятэкі, які ў мінулым годзе адзначыў 100-ты юбілей. Іван Ігнатавіч Комар родам з навагрудскай вёскі Нянькава. Ён ветэран Вялікай Айчыннай вайны, адзін са старэйшых фатографаў-аматараў Беларусі. Практычна ўсё жыццё прысвяціў сваёй малой радзіме. У мінулым годзе з нагоды 100-гадовага юбілею нашага земляка Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь арганізаваў выстаўку “Ян Комар. Фатограф з Нянькава”.

Цяпер Іван Ігнатавіч жыве ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Аддзяленне таксама абслугоўваецца бібліёбусам. Іван Ігнатавіч чалавек з цікавай біяграфіяй і няпростым лёсам, у сваім паважаным узросце не губляе аптымізму, чаго і маладым жадае. На жаль, апошнім часам яго стаў падводзіць зрок.

Кнігі — сапраўдная крыніца натхнення і самаразвіцця. Яркі прыклад таму — Алена Шарый з вёскі Сланева. Яе марай было навучыцца маляваць. І нягледзячы на тое, што ў інтэрнэце, здаецца, хапае кантэнту на гэту тэму, у здзяйсненні мары ёй дапамаглі ў першую чаргу менавіта кніжныя самавучыцелі. За развіццём мастацкага таленту чытачкі можна сачыць у сацыяльных сетках, дзе яна паказвае свае новыя работы.

Вачыма бібліятэкара

За шматкіламетровую і шматдзённую гісторыю бібліёбуса можна зрабіць некалькі заўваг-назіранняў. Вёскі ў зімовы перыяд значна пусцеюць, асабліва аддаленыя. У горадзе зімаваць лягчэй, таму многія вяскоўцы з’язджаюць у гэты перыяд да дзяцей. Але яны вяртаюцца, і ўлетку вёскі ажываюць — актыўнасці дадаюць дачнікі, якія таксама не адмаўляюцца пачытаць. Вось яны з задавальненнем шукаюць у часопісах добрыя рэцэпты, ды парады па садзе-агародзе.

На вакацыі да бабуль і дзядуль прыязджаюць унукі — з моднымі тэлефонамі ды іншымі гаджэтамі. “Закачаць” праграмную літаратуру з інтэрнэту не заўсёды ёсць магчымасць, бо іншы раз няма сеткі. Менавіта бібліёбус дапамагае задаволіць патрэбу ў праграмнай літаратуры для школьнікаў. А для зусім маленькіх чытачоў мамы бяруць казкі, каб пачытаць ім перад сном.

Большасць чытачоў — людзі пажылыя, патрабуюць да сябе павышанай увагі і клопату. Ім хочацца і сваімі навінамі падзяліцца, ды чым горад жыве паслухаць. Прыезд бібліёбуса, няхай і не грандыёзная, але ўсё ж такі падзея ў жыцці вёскі.

Вынікі сяброўства

Для наведвальнікаў бібліёбуса ладзяцца невялікія мерапрыемствы. Да святочных дат чытачам бібліёбуса адрасуюцца бібліявіншаванні, напрыклад: акцыя-віншаванне “Адчуем водар мовы роднай”, тут бібліятэкары ўручалі чытачам закладкі з цытатамі беларускіх пісьменнікаў пра беларускую мову, знаёмілі з гісторыяй Міжнароднага дня роднай мовы, “Цудоўныя віншаванні цудоўным жанчынам”, калі каманда мабільнай бібліятэкі ўручыла жанчынам паштоўкі і салодкія пачастункі, а таксама прапанавала да чытання раманы айчынных і замежных аўтараў.

Наогул, амаль у кожнай вёсцы каманду бібліёбуса чакае сустрэча з цікавымі, таленавітымі людзьмі, якія, у сваю чаргу, чакаюць новых кніг і часопісаў.

Мара

Хачу, каб бібліёбус стаў сапраўдным мабільна-адукацыйным цэнтрам з бясплатным абслугоўваннем, бесправадным інтэрнэтам, дзе можна будзе атрымаць дзяржаўныя інфармацыйныя паслугі ў электронным выглядзе, каб наша машына стала ўпрыгожаннем многіх святаў і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў раёне і адначасова шматфункцыянальным культурным цэнтрам.

Святлана ЧУБРЫК,
загадчык аддзела
абслугоўвання
і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі

Фота з архіва бібліятэкі