Балючае рэха апошняй вайны

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

У Гальшанах пабываў у 1990-х, адразу пасля таго як перасяліўся з Веткі ў Мінск. Вандраваў тады па “новых землях” з жонкай і сынамі, дабіраў, так бы мовіць, беларушчыны. Дык вось, бясконцым гаворкам пра мясцовы прывід, што дадае начнога жаху касцёлу і манастыру пры ім, паверыў адразу. Бо адчуў, пабачыў і ледзьве прытомнасць не згубіў. Белая Панна нагадвала павеў веснавога ветрыку. Яго можна было пабачыць! Выйшаў з манастырскіх калідораў і доўга блукаў па замкавых развалінах. Мроіліся Чорны Манах, князі і рыцары. Адна з апошніх навін — аднаўленне Паўночнай вежы Гальшанскага замка ў першародным выглядзе, стварэнне музейнай экспазіцыі. З гэтага, напэўна, і варта пачаць.

/i/content/pi/cult/850/18059/16.jpgАшмянскія метадысты пішуць пра першую экскурсію. Вузенькія прыступкі праз барэльефы Панны і Манаха вядуць у склеп. Адсылка да рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” відавочная. Першы вежавы ўзровень — гэта калекцыя знаходак, набытых падчас археалагічных даследаванняў. Другі — параднае памяшканне з дыхтоўным камінам і дэкаратыўным роспісам. Трэці распавядае пра тое, якім шыкоўным быў замак у гады ягонага росквіту, якімі гаспадарамі заставаліся ягоныя ўладальнікі. На кансервацыю і рэстаўрацыю вежы, на праект і археалагічныя даследаванні выкарыстана, як піша Ала Бібікава, больш за тры мільёны рублёў. Інакш кажучы, адлік турыстычнага нашэсця распачаты. Новы выгляд, распавядае Людміла Рыбік, набыла й прызамкавая тэрыторыя. Ёсць паркоўка, сучаснае асвятленне. Абкатана і тэатралізаваная дзея з удзелам Белай Панны і Чорнага Манаха. І зусім яны, кажуць, не страшныя.

І гэта толькі пачатак навін з Ашмяншчыны. Рэха апошняй вайны настолькі магутнае, што яно і ў нашым аглядзе гучыць на павышанай эмацыйнай ноце. Падчас мемарыяльнай акцыі святочную дзею на маршруце “Аграпрамтэхніка — Ільнозавод” распачалі ў аўтобусе № 4 самадзейныя артысты Цэнтра культуры ў ваеннай форме Аліна Кеда, Эдуард і Валянціна Горыд, Лізавета Сальнікава і Святлана Федаровіч. Акцыя прысвечана Вялікай Перамозе, таму і песні ў салоне гучалі ваенныя, тыя, якія пераносілі слухачоў у час Вялікай Айчыннай. Усе падпявалі, асобныя пасажыры нават свае прыпынкі прапускалі. У графіку артыстаў, піша Кацярына Рудзік, яшчэ некалькі маршрутаў, што вядуць на канцэртныя пляцоўкі аграгарадкоў раёна.

Дашкольнікі Ашмянскага раёна зрабілі творчы падарунак землякам да Дня Вялікай Перамогі. У РЦК прайшла канцэртная праграма, дзе дашкольнікі выказалі сваё стаўленне да народнага подзвігу. Напісала пра гэта Аліна Санюк.

Работнікі культуры аграгарадка Навасёлкі павіншавалі ветэрана апошняй вайны Станіслава Бралкоўскага. Як паказвае практыка, такія хатнія віншаванні кранаюць вяскоўцаў да слёз.

Па ініцыятыве работнікаў культуры аграгарадка Кальчуны арганізаваны чарговы велапрабег “Па месцах памяці і славы”.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская піша: “Праект гучнага чытання “Чытаем разам кнігі пра вайну” рэалізоўваюць вучні сярэдняй школы № 2. Яны ўжо добра ведаюць, якія беларускія пісьменнікі ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і пісалі пра яе.”

Каб бібліятэкары і клубнікі з майго роднага Веткаўскага раёна пісалі так актыўна, як гэта робяць іх калегі з Ашмянскага раёна, мне не было б так сорамна. Прыйдзецца самому запаўняць гэтую нішу. І не гарантую, што навіны не будуць мець крытычнага зместу. А пакуль працягнем.

На Ваўкавышчыне прайшоў штогадовы раённы фестываль-конкурс “Рэха вайны”. Песні пра Вялікую Айчынную выконвалі ў Краснасельскім Доме культуры каля сарака канкурсантаў. У ліку тых, хто атрымаў дыплом першай ступені — салісты Ганна Ганчарэвіч з Роскай ДШМ і Тамара Нядзвецкая з ДК аграгарадка Юбілейны, трыа “Рэзерв” з ААТ “Беллакт” і хор ветэранаў працы з Краснасельскага ДК.

Распавядае загадчык Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі Тамара Янцэвіч: “Мы далучыліся да абласной бібліятэчнай акцыі “Мы — гэта памяць”, прысвечанай 76-й гадавіне Вялікай Перамогі, і адправіліся ў паход па мясцінах баявых дзеянняў. Разам з чытачамі пабывалі ля мемарыяльнага комплексу “Асілак”. На чыгунных дошках прозвішчы 1 162 землякоў, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.”

“Саліст народнага хору ветэранаў працы Бабруйскага Палаца мастацтваў Вячаслаў Казінец, — паведамляе мастацкі кіраўнік установы Наталля Шулікова, — стаў лаўрэатам другой ступені рэспубліканскага вакальнага конкурсу сярод ветэранаў “Песні Перамогі”. Да слова, у фінал прайшло 15 чалавек з розных абласцей рэспублікі.”

Пра канцэртную праграму “Да подзвігу герояў сэрцам прытуліся” распавядае культарганізатар культурна-масавага сектара Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсянікава. Праект дапамагаў рэалізоўваць Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Бабруйска. Выступілі салісты Інэса Крыванос, Клаўдзія Кажан, Альбіна Старавойтава, Рыгор Гайшун, Тамара Гобарава, Алена Белакурава, Марыя Страхаль, Вераніка Варанцова, Дарына Далажэўская, Кацярына Крылова…

І апошняя на сёння навіна ад Ірыны Аўсянікавай. На малой сцэне Парка культуры і адпачынку Бабруйска з нагоды адкрыцця атракцыёнаў з канцэртам выступілі калектывы мастацкай творчасці і салісты Бабруйскага Палаца мастацтваў. Выступілі народныя калектывы: камерны хор і хор народнай песні, эстрадны гурт “Саўнд” і ансамбль песні “Весялуха”, харэаграфічны дуэт і ўзорны харэаграфічны калектыў “Крынічка”.

Мы шмат разоў пісалі пра этна-праект Дзятлаўскага раёна “Народнаму скарбу — век векаваць”. А паколькі праект — доўгатэрміновы, напішам пра яго яшчэ шмат! Гэтым разам загадчык аддзела метадычнай работы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец распавяла пра фальклорнае свята “Саракі”, што адбылося ў аграгарадку Дварэц. Інтэрактыўны абрад прадэманстравалі сябры дзіцячага клуба народных традыцый “Крыніца” Дварэцкага Дома культуры. “Адным з элементаў свята, — піша Марына Лукіянец, — з’яўляецца традыцыя ўпрыгожваць рознакаляровымі стужкамі кола, якое сімвалізуе хаду часу, абавязковы надыход вясны і прылёт сарака птушыных стай.”

А ў Полацкім раёне адзначылі “Юр’е” — свята пастухоў і дзень першага выгану жывёлы на пашу, абуджэння матухны-зямлі ад зімовага сну. Рэдактар Полацкага раённага Цэнтра культуры Кацярына Паўловіч запэўнівае, што ў аграгарадку Блізніца асабліва шануюць народныя традыцыі і “Юр’е” адзначаюць абавязкова. Сёлета дождж перамясціў свята ў залу Сільніцкага сельскага Дома культуры. Фальклорны ансамбль “Блізнянка” пад кіраўніцтвам Вольгі Чобат — носьбіт згаданага абраду. Ён і прадэманстраваў свята. А пастухі мясцовага сельгаспрадпрыемства атрымалі падарункі. “Полацкі РЦК падрыхтаваў канцэртна-забаўляльную праграму, — паведаміла аўтарка ліста, — а рамеснікі правялі майстар-клас па вырабе абярэгу. Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма арганізавала на свяце сваю тэматычную пляцоўку”.

Пісалі ўжо аб пілотным міжведамасным праекце “Штурм”. Сёння загадчыца аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч сцвярджае, што праект набірае абароты, набывае мабільнасці, пачынае ахопліваць гарадскія школы. Для паслуг школьнікаў — інтэрактыўная дыскусійная пляцоўка, дзе гаворка вядзецца аб шкодных звычках. Спачатку бібліятэчны дэсант прыняла сярэдняя школа № 2, а потым і СШ № 3. Мерапрыемствы супраць курэння, піваманіі і наркаманіі працягваюцца.

Пішыце пра цікавае, шаноўныя!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"