Будслаў: вызначэнне падыходаў

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Пажар у Будслаўскім касцёле, які адбыўся раніцай 11 мая, ужо не раз параўноўвалі з нядаўнімі драматычнымі падзеямі ў Нотр-Дам у Парыжы. Як і парыжская катэдра для французаў, гэты санктуарый мае магутнае сімвалічнае значэнне не толькі для каталікоў, але і для ўсіх нашых суайчыннікаў. Хараство, веліч, згода — вось тое, што гэты сімвал увасабляе.

/i/content/pi/cult/850/18056/13.jpgІ таму нечаканая вогненная драма скаланула літаральна ўсіх, без залежнасці ад канфесій і светапоглядаў. А збор сродкаў на тэрміновыя ратавальныя захады храма, які змяшчае шанаваны па ўсім нашым краі абраз Маці Божай Будслаўскай, стаў справай усенароднай.

Велічны барочны касцёл з добра ацалелымі інтэр’ерамі і арганам - гэта набытак не толькі духоўнай, але і мастацкай культуры. І таму цалкам зразумела, што неўзабаве пасля пажару Будслаўскі санктуарый наведала начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля ХВІР.

— Мне цяжка дакладна ацаніць маштаб нанесенай пажарам шкоды - над гэтым сёння ўжо працуюць кваліфікаваныя інжынеры-канструктары са спецылізаваных арганізацый, — распавядае яна. — Аднак той эпітэт, які часта ўжываецца ў СМІ, лічу цалкам дапушчальным: гэта сапраўды трагедыя для нашай спадчыны. Без сумневу, “беларускі Нотр-Дам” трэба аднавіць у самы кароткі тэрмін з максімальнай якасцю. І першая задача — гэта, вядома, накрыць яго дахам, каб атмасферныя ападкі не знішчылі каштоўны дэкор. Важна зрабіць гэта літаральна ў найбліжэйшыя месяцы, яшчэ да наступленння халадоў.

На шчасце, інтэр’еры ў Будславе пацярпелі куды меней, чым у Парыжы: да знакамітага алтара з драўлянымі скульптурамі ў “старым” храме агонь стараннямі пажарных не дабраўся, дзякуючы ім таксама быў выратаваны і арган 18 стагоддзя. Вернікі спешна вынеслі з храма ўсе яго “рухомыя” скарбы - найперш, вядома, цудатворную ікону. Сёння большасць гэтых рэчаў знаходзяцца ў сухім і бяспечным месцы: іх перанеслі ў суседнюю плябанію. Але мажныя канфесіяналы, упрыгожаныя разьбой, пакуль стаяць на вуліцы, закрытыя плёнкай. Па словах Наталлі Хвір, ім таксама неабходна знайсці нейкае памяшканне для перахоўвання, каб каштоўныя ўзоры сакральнага мастацтва не цярпелі ад вільгаці.

А тым часам ужо тэрмінова пачынаюцца першыя захады ў напрамку аднаўлення пашкоджанага пажарам даху.

— Мы мелі размову з прадстаўнікамі Каталіцкага касцёлу на Беларусі — вядома ж, яны таксама дбаюць пра найхутчэйшае выкананне работ, — кажа Наталля Хвір. — І прыйшлі да згоды, што часовай кансервацыяй даху абмяжоўвацца не выпадае — гэта будзе паўнавартасная рэстаўрацыя з рэканструкцыяй усёй кроквеннай сістэмы.

Па словах спецыяліста Міністэрства культуры, ёсць надзея, што гэтыя працы стануць пачаткам паэтапнай рэстаўрацыі ўсяго Будслаўскага касцёла, час для якой даўно ўжо прыспеў, нягледзячы на прэзентабельны знешні выгляд:

— Маштабныя работы на маёй памяці там не выконваліся, хаця я працую ўжо без малага 30 гадоў, — распавядае яна. — Рабіліся хіба касметычныя рамонты, прычым без удзелу сур’ёзных спецыялістаў-рэстаўратараў. І таму стан гэтай каштоўнасці і да пажару пакідаў жадаць куды лепшага.

Дэ-юрэ помнік дзяржаве не належыць - гэта ўласнасць каталіцкай грамады. Але, зразумела, усе работы на такім каштоўным помніку будуць адбывацца пры ўдзеле Міністэрства культуры. Наталля Хвір перакананая, што справа тут не павінна абмяжоўвацца толькі арганізацыйнай і метадычнай падтрымкай:

— Па маім меркаванні, цалкам дарэчнай была б і наўпроставая фінансавая дапамога з боку дзяржавы. Святыня ў Будславе з’яўляецца культурнай каштоўнасцю міжнароднага маштабу. Да ўсяго, архітэктурны помнік непарыўна звязаны з элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які мае сусветнае прызнанне — Будслаўскі фэст уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. І таму справа аднаўлення помніка архітэктуры павінна быць агульнай для нашага народа.