Рамантычная руіна ў парку-музеі

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Неадназначнасць рэстаўрацыі: будучыня з кавалкаў мінулага
Гальшанскі замак доўгі час станавіўся ўсё больш прывідным: ён раставаў літаральна на вачах. Адкрыццё першай часткі экспазіцыі нарэшце засведчыла, што працэс рушыў у зваротным напрамку — не энтрапіі, але аднаўлення. Зразумела, гэта толькі пачатак. У якім накірунку будуць развівацца працы надалей — пры спрыяльным фінансаванні? Які выгляд урэшце займее ахутаны легендамі замак? Пра гэта — і наогул пра прынцыпы падыходу да спадчыны — мы гаворым з кіраўніком рэстаўрацыйнага праекта Ігарам РАХАНСКІМ.

/i/content/pi/cult/850/18052/9.jpg— Найперш мы сыходзілі з наступнага пастулата: рэстаўрацыя помніка — гэта зусім не яго вяртанне ў нейкі зыходны стан. Сутнасць дзейнасці праекціроўшчыка-рэстаўратара можна звесці да наступнага алгарытму. Перш за ўсё, ты робіш “гістарычныя рэканструкцыі” помніка на розныя перыяды яго існавання. Гэта навукова абгрунтаваныя гіпотэзы — якім быў замак у XVII, XVIII, XІX стагоддзях… Іх можа (і нават мусіць!) быць некалькі, бо помнік выглядаў у розныя часы па-рознаму. У кожны перыяд у грамадстве змяняліся адносіны да яго, а разам з тым і знешні выгляд. На гэтым этапе з’яўляецца бачанне “слаёў часу”. Потым рэстаўратар праводзіць “рэваларызацыю” — ён ацэньвае вартасці гэтых асобных элементаў розных эпох...

— Але ж ацэньвае з пазіцыі чалавека сённяшняга?

— А як іначай? Ацэньвае з пункту гледжання цяперашніх адносін да гісторыка-культурнай каштоўнасці, сучасных ведаў і разумення гістарычных феноменаў.

Наступны этап — аб’яднанне ўсіх найбольш каштоўных элементаў з розных эпох у новым сінтэтычным вобразе. У выніку паўстае праект, у якім спалучаюцца і аўтэнтычныя фрагменты, і тэхнічна ды эстэтычна абумоўленыя “новаўвядзенні”. Падкрэслю: насамрэч гэты аб’ект ніколі ў гісторыі не існаваў менавіта ў такім выглядзе!

— Адным словам, “навадзел”…

— Менавіта! Асноўная мэта рэстаўрацыі — не зрабіць “як было”, а стварыць яшчэ адзін “слой часу” ў складанай стратыграфіі помніка. Гэта будзе заўсёды новы слой з адлюстраваннем нашых сённяшніх адносін да каштоўнасцяў мінуўшчыны. І па гэтым слаі калі-небудзь нашы нашчадкі будуць меркаваць пра нас і наш час. Адпаведна, у рэстаўратара вельмі адказная задача. Адказная і складаная — у сённяшнім дні ён з кавалачкаў мінуўшчыны выбудоўвае будучыню!

Канцэпцыя аднаўленчых работ для Гальшанскага замка ў 2011 годзе была распрацаваная, адобраная і зацверджаная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь менавіта на аснове гэтага падыходу. Надалей мы будзем кансерваваць аўтэнтычныя элементы, рэстаўраваць асобныя фрагменты, уводзячы дапаўненні (“навадзелы”), неабходныя як для стварэння экспазіцыйных вобразаў, так і для забеспячэння сучаснай функцыі — “парка-музея”.

Там прадугледжана не толькі захаванне матэрыяльнай сутнасці руінаванага помніка, але і яго экспанаванне — без “цэласнай рэстаўрацыі” на канкрэтны гістарычны перыяд. Усе пласты мінуўшчыны па-свойму цікавыя. Помнік павінен успрымацца як своеасаблівы “дакумент”, на якім пакінулі свае адмеціны самыя розныя эпохі.

/i/content/pi/cult/850/18052/10.jpg — А ці не атрымаецца ў выніку нейкая эклектыка?

— Менавіта! Парадаксальна, але у адрозенне ад абмежаванняў, якія заўсёды накладвае на дзейнасць архітэктара пэўны архітэктурны стыль, існаванне бок-а-бок розных эстэтычных феноменаў дае больш інструментаў для самарэалізацыі. Зразумела, што “міжстылле” не павінна ператварыцца ў дысгармонію. Таму рэстаўратар павінен выкарыстоўваць не толькі архітэктурныя, але і мастацкія і дызайнерскія прыёмы экспанавання сваіх адносін да помніка.

— Пры рэстаўрацыі Старога замка ў Гродна інтэнцыі зразумелыя: замест казармаў, у якія помнік пераўтварыўся за царом, там імкнуцца зрабіць тую эфектную “карцінку”, якую каралеўскі горад сапраўды заслугоўвае. Ці стане такой “карцінкай” і замак у Гальшанах?

— На жаль, я не вельмі добра ведаю сітуацыю з работамі на Старым замку. Але паспрабуйце змяніць маштаб позірку — паглядзіце на будаўнічую пляцоўку з вышыні птушынага палёту. Вы ўбачыце ўсе тыя ж “слаі часу”, аб якіх мы гаварылі вышэй. Адбудаваны палац часоў Баторыя, вакол якога сёння віруюць спрэчкі, — гэта толькі адзін са слаёў экспазіцыйнага комплексу. Астатнія цяпер даследуюцца археолагамі і будуць далікатна закансерваваныя архітэктарамі.

Па вялікім рахунку, метадалогія работ у абодвух замках аднолькавая. І там і там будзе праэкспанавана стратыграфія гістарычных слаёў. Адрозненне толькі ў суадносінах: у Гродзенскім замку пераважае “цэласная рэстаўрацыя” элементаў комплексу, а ў Гальшанскім — кансервацыя. Гэта абумоўлена сацыяльным заказам — у Гродне мясцовай грамадзе патрэбны паўнавартасны музей, а ў Гальшанах — хутчэй музей пад адкрытым небам.

У межах “гальшанскага праекта” мы імкнемся данесці да грамадства простую думку — “эстэтыка дэградацыі” павінна існаваць на роўных з “эстэтыкай стварэння”! Сімвал дэградацыі — руіна — мае свой шарм. Былі часы, калі архітэктары спецыяльна ўпрыгожвалі дэкаратыўнымі руінамі ландшафтныя паркі. А ў нас — гатовая! Таму агульны наш канцэпт — парк-музей з рамантычнай руінай.

Мы лічым, што не трэба аднаўляць замак на так званы “перыяд росквіту”. Болей за тое — далёка не ўсё наогул трэба аднаўляць! Асноўны метад аднаўленчых работ на гэтым аб’екце — кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй. На жаль, для ментальнасці нашага грамадства такі метад пакуль нязвыклы — многім трэба, каб усё было як новенькае. Але мы імкнемся даказаць перавагі такой “недаробленасці”. Напрыклад, толькі ў руіне можна праэкспанаваць інжынерныя сістэмы замка. Паказаць у разрэзе, як былі ўсталяваныя печы і дымаходы, як у мінулым выглядалі водаправод і каналізацыя, як было ўладкаванае тое месца, куды нават князь пехатой хадзіў... Інакш кажучы, мы імкнемся захаваць не толькі вонкавую форму помніка, але і тагачасныя тэхналогіі.

— Аднак, едучы ў замак, турыст чакае ўбачыць там зусім не гэтае празаічнае месца, а закутых у даспехі рыцараў. Ці не баіцеся яго расчараваць ды парушыць гэтыя рамантычныя ўяўленні?

— Трэба адзначыць, што найперш мы аднаўляем помнік не для турыста. Захаванне спадчыны для “чужынца” — сумнеўны падыход. Перш за ўсё спадчына павінна служыць патрэбам мясцовай грамады. І тут у нас ёсць кансенсус. Рэстаўрацыя ўжо спраўдзіла сябе як супольны сацыякультурны праект, і гэта надзвычай для мяне важна.

Што тычыцца неапраўданых чаканняў турыстаў… На жаль, з падобнымі недарэчнымі ўяўленнямі мне даводзілася сутыкацца. Мала хто ўсведамляе, чым быў замак у пачатку XVII стагоддзя. Гэта ўжо не сярэднявечная крэпасць на высокім схіле: сур’ёзнай абарончай функцыі ён не меў. Гэта сімвал улады і гонару, фактар прэстыжу. Прыблізна як “600-ты мерс” і малінавы пінжак для новага рускага ў пачатку 90-х. Калі ты князь, дык абавязкова павінен мець замак!

Вось так усё і трэба тлумачыць наведвальнікам музейнага комплексу. Але гэта ўжо абавязкі музейных супрацоўнікаў. Мы толькі ствараем інфраструктуру для іх дзейнасці.

Дарэчы, падчас даследаванняў мы высунулі наступную гіпотэзу: тыя руіны, якія мы цяпер бачым — гэта збольшага не замак Паўла Сапегі, а, хутчэй за ўсё, палац, перабудаваны досыць уплывовым у свой час родам Жабаў. То-бок, ён стагоддзя на паўтара пазнейшы.

— Адпаведна, вы прапануеце называць яго замкам Жабы?

— Мяркую, так было б карэктней. А тое, што будаваў Сапега, пакуль тоіцца пад зямлёй, на паверхні мы знайшлі хіба асобныя часцінкі.

— Ці вызначылі вы, якія часткі замка будуць адноўленыя, а якія застануцца “рамантычнай руінай”?

— Так, тут у нас вельмі дакладны прынцып. Тое што дайшло да нашага пакалення ў выглядзе руін, будзе закансервавана. А тое, што было зруйнавана ўжо ў наш час — так званая “Паўночная вежа” і замкавая капэла — зведае цэласную рэстаўрацыю. Прычым вежу мы аднавілі на пачатак XIX стагоддзя. Прычына адна — пра тое, як яна выглядала раней, ніякіх пэўных звестак не захавалася. Нам вядомая толькі адна выява часоў напалеонаўскай кампаніі. Калі б мы паспрабавалі аднавіць яе на перыяд маньерызму, нашы фантазіі былі б падвержаныя моцнай крытыцы — і цалкам справядліва.

Дарэчы, падчас даследчых працаў у нас з’явілася цікавая гіпотэза. Цалкам верагодна, што гэтая вежа ў нейкі перыяд свайго існавання была… воданапорнай. Ёсць цікавы аналаг — маскоўскі Крэмль. Там адна вежа так і называецца — Водаўзводная, яе англійскі інжынер будаваў на пачатку XVII стагоддзя. З Масквы-ракі туды падымалі ваду, а далей яна ўжо разыходзілася па памяшканнях самацёкам. Пакуль важкіх доказаў у мяне няма, але цалкам магчыма, што гэтаксама ўсё было і ў Гальшанах. Даследаваць і паказаць усе тыя інжынерныя сеткі будзе надзвычай цікава.

— Але ж вы самі кажаце, што ў вас няма пэўнасці…

— У маім разуменні, захаванне спадчыны — гэта, у першую чаргу, захаванне нявызначанасці. Калі зроблены катэгарычныя высновы і няма аб чым спрачацца, памірае навуковы і творчы пошук. А нявызначанасць стварае падставы для далейшай дзейнасці і навукоўцаў, і мастакоў.

— Чыста тэарэтычна ваша “тэорыя нявызначанасці” гучыць… хай і неадназначна, але цікава. Ды як быць на практыцы, калі трэба выканаць пэўны аб’ём работ у пэўны тэрмін і дасягнуць пэўнага выніку? Рэстаўрацыя — усё ж, дзейнасць прыкладная...

— Менавіта таму і трэба фармуляваць асноўную мэту — захаваць нявызначанасць! Калі ты парушыў баланс і ў архітэктурны праект прыўнёс сваё суб’ектыўнае меркаванне, кампенсуй яго таямніцамі мастацкага праекта. Калі навязаў сваю адназначную інтэрпрэтацыю ў мастацкім праекце — ураўнаваж гэтую недарэчнасць у сацыякультурным праекце... Наяўнасць гэтакіх мэтаў і абмежаванняў вельмі хутка дысцыплінуе творцу, заахвочвае да пошуку новых прыёмаў і тэхналогій рэстаўрацыі ды экспанавання.

Іншая справа, што сфармуляваўшы асноўную мэту, мы павінны пабудаваць стратэгію яе дасягнення — сфармаваць пералік задач, вырашэнне якіх вядзе да жаданага выніку, вызначыць арганізацыйныя, фінансавыя і тэхнічныя механізмы, наладзіць сістэму маніторынгу, дамовіцца аб крытэрыях ацэнкі якасці выкананых работ і гэтак далей.

Звярніце ўвагу — Беларускі камітэт ІКАМОС ужо другі раз праводзіць конкурс “Спадчына ў дзеянні”. І ён — толькі “вяршыня айсберга”, нагода для самааналізу. За афіцыйным “фасадам” тоіцца складаная інтэлектуальная праца па стварэнні сістэмы крытэрыяў ацэнкі якасці рэстаўрацыйнага праекта. На самой справе — як вызначыць пераможцу? Чым адзнака грамадскасці павінна адрознівацца ад афіцыйнага ўзгаднення і дзяржаўнай экспертызы? Якія сувязі павінны быць паміж пазіцыямі ўсіх гэтых грамадскіх інстытутаў?

— У гэтым лесе, мне здаецца, можна заблукаць назаўсёды… І пакуль мы будзем захапляцца тэорыяй, ад спадчыны фізічна нічога не застанецца.

— Няма нічога больш практычнага, чым добрая тэорыя! Сёння будаўнікі павучаюць мяне: “Усё проста, ёсць такі крытэрый якасці — “зроблена!” Гэта вельмі небяспечны маркер, які выводзіць рэалізаваныя на розных этапах праекты ў зону, свабодную ад крытыкі. Таму мы з маімі аднадумцамі лічым неабходным абвясціць найвышэйшай каштоўнасцю ў праекце не закончанасць і адназначнасць, а нявызначанасць і недаказанасць.

— Вы казалі пра аднадумцаў. Няўжо ў камандзе не ўзнікае супярэчнасцяў?

— Што вы, ледзь не кожнага дня! І хай сабе адносіны ва ўсіх розныя, нейкі агульны падыход усё ж аб’ядноўвае.

— А ці няма пры такім асабістым падыходзе спакусы пабудаваць “замак Раханскага”?

— Без сумневу, як я казаў вышэй, гэта будзе новы аб’ект. Толькі не Раханскага, а цэлай “групы таварышаў”, у якую ўваходзіць не толькі наш творчы калектыў, але і замоўца, і будаўнікі, і мясцовыя ўлады, і навукоўцы, і музейшчыкі, і жыхары Гальшан. Кожны, хто зрабіў унёсак у агульную справу, мае права сказаць: “Гэта мой замак!”

— Не баіцеся крытыкі? Яна ў нас бывае знішчальнай.

— Я лічу або дзікунствам, або юнацкім максімалізмам, калі ў публічнай прасторы дыскусія адносна прынцыповых пытанняў рэстаўрацыі ператвараецца ў спрэчкі аб нейкіх тэхнічных дробязях, пераходзіць на асобы і неўзабаве перарастае ў лабіраванне асабістых інтарэсаў, непрыхаванае агрэсіўнае хамства. Нельга выдзіраць з міжнародных хартый і нацыянальнага заканадаўства асобныя артыкулы і, незалежна ад кантэксту, махаць імі нібы дубінай. Нават не разумеючы, што справа тут у іншым.

— У чым жа?

— Наша праца мае, як мінімум, два ўзроўні — захаванне аўтэнтычных элементаў і дэманстрацыю іх праз экспазіцыйныя вобразы. Напрыклад, з аўтэнтычных артэфактаў у інтэр’ерах “Паўночнай вежы” — толькі паліхромная ляпніна пятак фальшнервюр, якія мы належным чынам і з улікам усіх методык закансервавалі. Усе астатнія элементы інтэр’ера — “экспазіцыйны муляж”. Той самы “навадзел”, які можна ўспрымаць як раму і паспарту, што абрамляюць каштоўны мастацкі твор. Дый ці можна наогул абыйсціся без навадзелаў?

Звярніце ўвагу: асноўныя і самыя агрэсіўныя крытыкі — гэта моладзь. Сталыя людзі, якія ўжо пазнаёміліся з устаўнымі зубамі, адносяцца да “навадзела” больш спагадліва.

— Ужо прадбачу прэтэнзіі экскурсаводаў. Караткевіч стварыў замку рамантычны казачны арэол — хай сабе, і фантазійны. А вы апускаеце той замак на зямлю…

— Наадварот, мы стварылі экскурсаводам добрае поле для творчых памкненняў. Збудаванні замка — гэта толькі інфраструктура для іх цікавай і карыснай працы. Калі спецыялісты-музейшчыкі будуць суправаджаць экспазіцыю добрым аповедам, яна зайграе, што называецца, усімі фарбамі. Я ўжо сам у гэтым пераканаўся. Нам удалося знайсці закладны камень замка, які вытыркаўся з мура бы невялічкая лаўка. Гэта сапраўдны артэфакт часоў Паўла Сапегі, і ён сам на той лаве, пэўна, сядзеў. Дык бачылі б вы, колькі цікавасці выклікаў той камень нават у скупых на эмоцыі прафесіяналаў! Пасядзець на лаве Сапегі — яшчэ тая атракцыя!

І мы ставім задачу, каб такімі “гісторыйкамі” быў нашпігаваны ўвесь замак. Трэба, каб наведвальнік, ідучы па маршруце, літаральна на кожным кроку бачыў нешта новае і ўражвальнае.

— А ці не баіцеся вы, што такая ваша пазіцыя выкліча не меней прэтэнзій за праект рэстаўрацыі Гродзенскага замка, які ўжо каторы год становіцца мішэнню для крытыкі?

— Ды я ўжо з усіх бакоў “адграбаю” па поўнай — і гэта нармальна! Вельмі крытычна да сябе адношуся і, бывае, начамі не сплю, поўны сумневаў. Не атрымліваю задавальнення ад “кухоннай крытыкі”, але абодвума рукамі галасую за “крытычны погляд”, незалежна ад прафесійнага ўзроўню апанента. Бо пакуль будзе сутыкненне розных пазіцый, будзе з’яўляцца тая “нявызначанасць”, пра якую я не стамляюся казаць. Таму крытыкуйце!

А наш праектна-вытворчы калектыў у бурлівай дыскусіі ўжо падсумаваў вынікі шматгадовай працы і вынес сам сабе наступны вердыкт: “Сацыяльны праект” у Гальшанах адбыўся на сто адсоткаў — мясцовая грамада ўспрымае адноўлены помнік як свой. Адзнака — “добра”.

“Рэстаўрацыйны праект” — “50 на 50”. Нешта ўдалося... За пэўныя моманты нават сорамна... Шмат што прыдзецца выпраўляць на наступных этапах працы. Адзнака — “здавальняюча”.

“Экспазіцыйны праект” — поўны правал! Практычна нічога не ўдалося рэалізаваць з задуманага. Цэльны канцэптуальны вобраз разбураны, асобныя экспазіцыйныя элементы зведзеныя да ўзроўню “аграгламуру”... Зрэшты, мяркую, што гэта непазбежнае наступства поспеху сацыяльнага праекта! Мясцовыя ўмельцы вырашылі абысціся без прафесійных экспазіцыянераў. І адбылося тое, што нярэдка ў нас бывае ў раённых музеях. Адзнака — “дрэнна”.

Але ж гэта не канец: наперадзе вельмі шмат працы, і мы да яе гатовыя!

Фота ЗмІцера ЮРКЕВІЧА