Небяспекі ад А да Я

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Новы анімацыйны праект “Беларусьфільма”
Да пачатку летніх канікул Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” рыхтуе прэм’еру новага анімацыйнага фільма для самых маленькіх гледачоў “Азбука небяспек. Чароўная кніга”. На экраны выйдзе фінальная, трэцяя частка праекта, праца над якім пачалася яшчэ ў 2016 годзе. Добры, забаўны мультфільм пра абаяльных дамавічкоў не толькі парадуе дзяцей, але і будзе ім карысным — дасць патрэбныя веды пра навакольныя прадметы і з’явы.

/i/content/pi/cult/850/18051/7.jpgСлова “азбука” ў назве серыяла адразу паказвае, што небяспечнасці ў сюжэце расстаўленыя па алфавіце. Каб прайсці ўвесь алфавіт, якраз і спатрэбіліся тры серыі: першая “Азбука небяспек” з літарамі ад А да Ж выйшла ў 2016 годзе, другая — “Азбука небяспек. Выкраданне ў госці” з літарамі ад З да П з’явілася ў 2018-м, і вось скончана праца над апошняй трэцяй серыяй “Азбука небяспек. Чароўная кніга”. Увесь алфавіт, такім чынам, пройдзены. Сапраўды, працэс няхуткі, праца над анімацыйнымі фільмамі займае шмат часу. А ў 2019-м пасля заканчэння другой часткі “Азбукі” рэжысёр і мастак-пастаноўшчык Таццяна Кубліцкая зняла своў аўтарскі фільм “Паданне пра гуслі”, які працягвае яе ўласную творчую лінію ў анімацыйным мастацтве — беларуская тэматыка, паэтычнасць і вобразнасць, беларуская мова.

Ідэю для серыяла даў зборнік вершаў мінскага аўтара Андрэя Смятаніна “Азбука небяспек”. Гэта цяпер Андрэй Смятанін можа пахваліцца двума дзясяткамі выдадзеных кніг, а калісьці пра літаратурную дзейнасць ён і не думаў — працаваў дырэктарам будаўнічай кампаніі ў Санкт-Пецярбургу. Потым з сям’ёй пачаў жыць у Мінску, дзе на творчасць яго натхнілі маленькі сын і знакамітая кніга Грыгорыя Остэра “Шкодныя парады” — бацька чытаў гэтыя дасціпныя вершыкі свайму сыну. У нейкі момант вершыкі скончыліся, а сын вельмі хацеў працягу. І Андрэй Смятанін вырашыў паспрабаваць напісаць сам, хіба што парады былі ўжо не “шкоднымі”, а вельмі карыснымі. Так аўтар увайшоў у дзіцячую літаратуру і неўзабаве стаў папулярным у чытачоў. Асноўная аўдыторыя вершаў Смятаніна — дашкольнікі, вучні малодшых класаў. Для іх жа, дарэчы, прызначаны і анімацыйны серыял.

/i/content/pi/cult/850/18051/8.jpgШэсць гадоў таму аўтар прапанаваў сваю “Азбуку небяспек” кінастудыі “Беларусьфільм”. Міністэрства культуры заяўку ўхваліла, і трэба было пачынаць працу. Але ж вершы вершамі, а фільм патрабуе сцэнарыя, сюжэта, герояў, дзеяння. Давесці ідэю, закладзеную ў кнізе, да выгляду фільма даручылі нашаму знакамітаму рэжысёру і мастаку-пастаноўшчыку Таццяне Кубліцкай, чые густоўныя творы пастаянна атрымліваюць прызы на кінафестывалях. Сцэнарыстам стала Рыта Шаграй. І як расказваюць стваральнікі мультфільма, ім давялося вырашыць даволі складаную праблему: з вершыкаў з карыснымі парадамі і апісаннем небяспечнасцей на канкрэтную літару (напрыклад, А — Аварыя, Я — Яма) зрабіць серыял, у якім будуць героі, у якім будзе скразны сюжэт, у якім будзе менавіта дзеянне, а не толькі тэкст. Увогуле, мастацтва анімацыі  — у першую чаргу візуальнае, у многіх выпадках яно можа абысціся і без слоў. Да таго ж фільм прызначаўся для юных гледачоў, а іх, зразумела, нельга было перагружаць тэкстам. Рэжысёр Таццяна Кубліцкая захапляецца працай, зробленай аўтарам сцэнарыя Рытай Шаграй — для першай серыі тая напісала 11 варыянтаў сцэнарыя! Менавіта першая частка далася стваральнікам найбольш цяжка — калі трэба было знайсці нейкі крэатыўны ход, каб з аднаго боку не напужаць дзяцей усімі гэтымі “страшнымі” рэчамі, што падсцерагаюць іх на кожным кроку, а з другога — каб пазбегнуць дыдактычнасці, павучання, інакш бы дзецям не захацелася глядзець такі мультфільм.

І рабіць героямі рэальных хлопчыкаў і дзяўчынак не хацелася, бо па сюжэце ім бы давялося і тануць, а апякацца кіпнем, і многае іншае, і гэта магло б аказацца залішне натуралістычным. Прыйшла выдатная ідэя пра маленькіх дамавічкоў, якія адначасова і дзеці, і чароўныя істоты.

Так і вымаляваўся сюжэт пра Чарушу і Бакуню — двух дамавічкоў, у якіх ёсць Дзядуля. Дамавічкі вельмі хочуць пачаць дапамагаць людзям і кажуць Дзядулі, што ўжо дастаткова дарослыя для гэтага. А ён прапануе ім спярша вывучыць чароўную кнігу — “Азбуку небяспек”, каб навучыцца і самім іх пазбягаць, і іншым дапамагаць гэта рабіць. Дамавічкі, як і ўсе дзеці, гарэзлівыя, шкадлівыя, пастаянна трапляюць у сітуацыі — “Азбука” вучыць, у чым небяспека і як яе пазбегнуць.

Вось, напрыклад, небяспечнасць на літару В — вада. Чаруша нахілілася над ваннай, каб дацягнуцца да цацкі, і звалілася ў ваду — Чарушу давялося выратоўваць. На літару Ж — “жалящие насекомые”, на літару Ф — феерверк. А некаторыя вершыкі з кнігі было вырашана замяніць. У Андрэя Смятаніна на літару Р (вершы на рускай мове) была такая небяспечнасць — “родители”. Яны, маўляў, могуць наказаць за нейкую правіннасць. Рыта Шаграй сама напісала на літару Р новы тэксцік — пра рагатку.

Для другой серыі, а потым і трэцяй у сюжэт былі ўведзеныя новыя персанажы. Назва другой часткі — “Выкраданне ў госці” — дасціпна перадае змест серыі, як Гразнуля запрасіла дамавічкоў у госці, а яны ёй так спадабаліся, што яна вырашыла іх выкрасці. У выніку дамавічкі пасябравалі з Гразнулей, дапамаглі навесці ёй парадак у доме, а яна паабяцала ім, што цяпер сама будзе сачыць за чысцінёй. А сцэнарыем трэцяй серыі, прэм’еры якой мы неўзабаве чакаем, рэжысёр увогуле шчыра задаволеная, кажа, што атрымалася вельмі дынамічна, захапляльна, радасна. У “Азбука небяспек. Чароўная кніга“ Бакуня і Чаруша шукаюць Чароўную кнігу, якую схапіла Варона, а без кнігі юныя істоты не змогуць стаць сапраўднымі дамавымі. Заканчваецца ўсё хэпі-эндам, Новым годам, ёлкай. І Дзядуля кажа малым — вось цяпер вы гатовыя дапамагаць людзям!

Як можна меркаваць па першых дзвюх серыях “Азбукі”, маленькім гледачам яна падабаецца, і ўрокі, што ненавязліва даюцца ў мультфільме, дзеці разумеюць. У хуткім часе можна будзе паглядзець усе 13-хвілінныя часткі разам, і атрымаецца амаль поўнафарматная стужка. Але ж пытанне з пракатам, распаўсюдам беларускіх анімацыйных фільмаў, асабліва новых, пакуль не вырашана эфектыўным чынам. І хоць прысутнічалі першыя часткі “Азбукі” ў праграме Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, паказваліся на асобных фэстах у Расіі, па вялікім рахунку экранны лёс стужак пакуль сумны, іх прасоўваннем і распаўсюдам асабліва не займаліся, гэтыя праблемы “Беларусьфільму” яшчэ давядзецца вырашаць. Хаця “Азбуку” хацелі запрасіць нават на фестываль у ЗША.

Праца над новай, фінальнай серыяй “Азбука небяспек. Чароўная кніга” ішла з пераадоленнем пэўных цяжкасцей. І фінансавых — рэжысёр і мастак-пастаноўшчык Таццяна Кубліцкая не стамляецца дзякаваць многім, хто рабіў фільм ледзь не на адным энтузіязме, прычым рабіў з поўнай самааддачай. Дзякуе маладым студэнтам і выпускнікам з колішняга аддзялення тэлерэкламы і дызайну Акадэміі мастацтваў — “вельмі таленавітыя дзяўчыны, проста неверагодныя”, гаворыць рэжысёр. Значны недахоп спецыялістаў-аніматараў — як вядома, у кінастудыі цяпер ёсць з гэтым сур’ёзныя праблемы — таксама адбіўся на выніку. “Можна было многае прыдумаць, але мне як рэжысёру даводзілася сябе стрымліваць — я прыдумаю, але хто ж гэта ўсё будзе ўвасабляць?” — расказвае Таццяна Кубліцкая. І шмат чаго ёй даводзілася рабіць проста самой, бо вопыт у анімацыі вялікі.

— У Таццяны Васільеўны ёсць выдатная якасць, яна ўмее ствараць вельмі абаяльных, як цяпер кажуць — “мімішных” персанажаў, — расказвае аўтар сцэнарыя Рыта Шаграй. — Дамавічкі, якіх яна намалявала, гэта два такія сонейкі, ад якіх проста адразу ўсмешка на твары. А тэхніка перакладкі ж даволі складаная, і рухі там перадаваць няпроста, але атрымалася іх сапраўды ажывіць.

Задаволеная рэжысёр Таццяна Кубліцкая і працай акцёраў, што агучвалі герояў. Вельмі добры, мудры і спагадлівы Дзядуля атрымаўся ў Аляксандра Ждановіча з яго аксамітным і крыху нават чароўным тэмбрам. На ролі дамавічкоў вырашылі ўзяць не дзяцей — бо за час працы над серыямі яны б павырасталі, і галасы ў іх памяняліся б. А так — цудоўна Бакуню і Чарушу агучылі Юліяна Міхневіч і Алена Бікрэнева. І, канешне, музыка, песні — бо які ж дзіцячы мультфільм без адпаведнай музыкі! Загалоўную песню, што гучыць на пачатку кожнай часткі і дзе дамавічкі расказваюць пра сябе — “веселые, забавные домовички-проказники” — напісаў кампазітар Леанід Шырын на тэкст Алены Туравай. Алена Турава ж напісала тэксты і для іншых песень, што гучаць у другой і трэцяй частцы — а над імі ўжо працавала кампазітар Алена Атрашкевіч. Яна ўпершыню пісала музыку для анімацыйных фільмаў, і яе ўважлівасць, імкненне да дасканаласці рэжысёра прыемна ўразілі. Музыка Алены Атрашкевіч задавала тэмп анімацыйным персанажам, а песенькі аніматары напявалі ў час працы.

Трохсерыйны фільм “Азбука небяспек” заканчваецца хэпі-эндам і агульным святам, дзе ўсе героі шчаслівыя і вясёлыя. Такога ж пракатнага лёсу пажадаем і самому фільму, каб яго прасоўванне ў глядацкія масы было актыўным і кампетэнтным. Ён класічна дзіцячы, у лепшых традыцыях мультфільмаў для самых маленькіх — добры, сонечны і бесклапотны, да таго ж яшчэ карысны і павучальны. А менавіта такія фільмы бацькі хочуць паказваць сваім дзецям. Засталося толькі знайсці магчымасць яго ўбачыць.