Слова “азбука” ў назве серыяла адразу паказвае, што небяспечнасці ў сюжэце расстаўленыя па алфавіце. Каб прайсці ўвесь алфавіт, якраз і спатрэбіліся тры серыі: першая “Азбука небяспек” з літарамі ад А да Ж выйшла ў 2016 годзе, другая — “Азбука небяспек. Выкраданне ў госці” з літарамі ад З да П з’явілася ў 2018-м, і вось скончана праца над апошняй трэцяй серыяй “Азбука небяспек. Чароўная кніга”. Увесь алфавіт, такім чынам, пройдзены. Сапраўды, працэс няхуткі, праца над анімацыйнымі фільмамі займае шмат часу. А ў 2019-м пасля заканчэння другой часткі “Азбукі” рэжысёр і мастак-пастаноўшчык Таццяна Кубліцкая зняла своў аўтарскі фільм “Паданне пра гуслі”, які працягвае яе ўласную творчую лінію ў анімацыйным мастацтве — беларуская тэматыка, паэтычнасць і вобразнасць, беларуская мова.
Ідэю для серыяла даў зборнік вершаў мінскага аўтара Андрэя Смятаніна “Азбука небяспек”. Гэта цяпер Андрэй Смятанін можа пахваліцца двума дзясяткамі выдадзеных кніг, а калісьці пра літаратурную дзейнасць ён і не думаў — працаваў дырэктарам будаўнічай кампаніі ў Санкт-Пецярбургу. Потым з сям’ёй пачаў жыць у Мінску, дзе на творчасць яго натхнілі маленькі сын і знакамітая кніга Грыгорыя Остэра “Шкодныя парады” — бацька чытаў гэтыя дасціпныя вершыкі свайму сыну. У нейкі момант вершыкі скончыліся, а сын вельмі хацеў працягу. І Андрэй Смятанін вырашыў паспрабаваць напісаць сам, хіба што парады былі ўжо не “шкоднымі”, а вельмі карыснымі. Так аўтар увайшоў у дзіцячую літаратуру і неўзабаве стаў папулярным у чытачоў. Асноўная аўдыторыя вершаў Смятаніна — дашкольнікі, вучні малодшых класаў. Для іх жа, дарэчы, прызначаны і анімацыйны серыял.
Шэсць гадоў таму аўтар прапанаваў сваю “Азбуку небяспек” кінастудыі “Беларусьфільм”. Міністэрства культуры заяўку ўхваліла, і трэба было пачынаць працу. Але ж вершы вершамі, а фільм патрабуе сцэнарыя, сюжэта, герояў, дзеяння. Давесці ідэю, закладзеную ў кнізе, да выгляду фільма даручылі нашаму знакамітаму рэжысёру і мастаку-пастаноўшчыку Таццяне Кубліцкай, чые густоўныя творы пастаянна атрымліваюць прызы на кінафестывалях. Сцэнарыстам стала Рыта Шаграй. І як расказваюць стваральнікі мультфільма, ім давялося вырашыць даволі складаную праблему: з вершыкаў з карыснымі парадамі і апісаннем небяспечнасцей на канкрэтную літару (напрыклад, А — Аварыя, Я — Яма) зрабіць серыял, у якім будуць героі, у якім будзе скразны сюжэт, у якім будзе менавіта дзеянне, а не толькі тэкст. Увогуле, мастацтва анімацыі — у першую чаргу візуальнае, у многіх выпадках яно можа абысціся і без слоў. Да таго ж фільм прызначаўся для юных гледачоў, а іх, зразумела, нельга было перагружаць тэкстам. Рэжысёр Таццяна Кубліцкая захапляецца працай, зробленай аўтарам сцэнарыя Рытай Шаграй — для першай серыі тая напісала 11 варыянтаў сцэнарыя! Менавіта першая частка далася стваральнікам найбольш цяжка — калі трэба было знайсці нейкі крэатыўны ход, каб з аднаго боку не напужаць дзяцей усімі гэтымі “страшнымі” рэчамі, што падсцерагаюць іх на кожным кроку, а з другога — каб пазбегнуць дыдактычнасці, павучання, інакш бы дзецям не захацелася глядзець такі мультфільм.
І рабіць героямі рэальных хлопчыкаў і дзяўчынак не хацелася, бо па сюжэце ім бы давялося і тануць, а апякацца кіпнем, і многае іншае, і гэта магло б аказацца залішне натуралістычным. Прыйшла выдатная ідэя пра маленькіх дамавічкоў, якія адначасова і дзеці, і чароўныя істоты.
Так і вымаляваўся сюжэт пра Чарушу і Бакуню — двух дамавічкоў, у якіх ёсць Дзядуля. Дамавічкі вельмі хочуць пачаць дапамагаць людзям і кажуць Дзядулі, што ўжо дастаткова дарослыя для гэтага. А ён прапануе ім спярша вывучыць чароўную кнігу — “Азбуку небяспек”, каб навучыцца і самім іх пазбягаць, і іншым дапамагаць гэта рабіць. Дамавічкі, як і ўсе дзеці, гарэзлівыя, шкадлівыя, пастаянна трапляюць у сітуацыі — “Азбука” вучыць, у чым небяспека і як яе пазбегнуць.
Вось, напрыклад, небяспечнасць на літару В — вада. Чаруша нахілілася над ваннай, каб дацягнуцца да цацкі, і звалілася ў ваду — Чарушу давялося выратоўваць. На літару Ж — “жалящие насекомые”, на літару Ф — феерверк. А некаторыя вершыкі з кнігі было вырашана замяніць. У Андрэя Смятаніна на літару Р (вершы на рускай мове) была такая небяспечнасць — “родители”. Яны, маўляў, могуць наказаць за нейкую правіннасць. Рыта Шаграй сама напісала на літару Р новы тэксцік — пра рагатку.
Для другой серыі, а потым і трэцяй у сюжэт былі ўведзеныя новыя персанажы. Назва другой часткі — “Выкраданне ў госці” — дасціпна перадае змест серыі, як Гразнуля запрасіла дамавічкоў у госці, а яны ёй так спадабаліся, што яна вырашыла іх выкрасці. У выніку дамавічкі пасябравалі з Гразнулей, дапамаглі навесці ёй парадак у доме, а яна паабяцала ім, што цяпер сама будзе сачыць за чысцінёй. А сцэнарыем трэцяй серыі, прэм’еры якой мы неўзабаве чакаем, рэжысёр увогуле шчыра задаволеная, кажа, што атрымалася вельмі дынамічна, захапляльна, радасна. У “Азбука небяспек. Чароўная кніга“ Бакуня і Чаруша шукаюць Чароўную кнігу, якую схапіла Варона, а без кнігі юныя істоты не змогуць стаць сапраўднымі дамавымі. Заканчваецца ўсё хэпі-эндам, Новым годам, ёлкай. І Дзядуля кажа малым — вось цяпер вы гатовыя дапамагаць людзям!
Як можна меркаваць па першых дзвюх серыях “Азбукі”, маленькім гледачам яна падабаецца, і ўрокі, што ненавязліва даюцца ў мультфільме, дзеці разумеюць. У хуткім часе можна будзе паглядзець усе 13-хвілінныя часткі разам, і атрымаецца амаль поўнафарматная стужка. Але ж пытанне з пракатам, распаўсюдам беларускіх анімацыйных фільмаў, асабліва новых, пакуль не вырашана эфектыўным чынам. І хоць прысутнічалі першыя часткі “Азбукі” ў праграме Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, паказваліся на асобных фэстах у Расіі, па вялікім рахунку экранны лёс стужак пакуль сумны, іх прасоўваннем і распаўсюдам асабліва не займаліся, гэтыя праблемы “Беларусьфільму” яшчэ давядзецца вырашаць. Хаця “Азбуку” хацелі запрасіць нават на фестываль у ЗША.
Праца над новай, фінальнай серыяй “Азбука небяспек. Чароўная кніга” ішла з пераадоленнем пэўных цяжкасцей. І фінансавых — рэжысёр і мастак-пастаноўшчык Таццяна Кубліцкая не стамляецца дзякаваць многім, хто рабіў фільм ледзь не на адным энтузіязме, прычым рабіў з поўнай самааддачай. Дзякуе маладым студэнтам і выпускнікам з колішняга аддзялення тэлерэкламы і дызайну Акадэміі мастацтваў — “вельмі таленавітыя дзяўчыны, проста неверагодныя”, гаворыць рэжысёр. Значны недахоп спецыялістаў-аніматараў — як вядома, у кінастудыі цяпер ёсць з гэтым сур’ёзныя праблемы — таксама адбіўся на выніку. “Можна было многае прыдумаць, але мне як рэжысёру даводзілася сябе стрымліваць — я прыдумаю, але хто ж гэта ўсё будзе ўвасабляць?” — расказвае Таццяна Кубліцкая. І шмат чаго ёй даводзілася рабіць проста самой, бо вопыт у анімацыі вялікі.
— У Таццяны Васільеўны ёсць выдатная якасць, яна ўмее ствараць вельмі абаяльных, як цяпер кажуць — “мімішных” персанажаў, — расказвае аўтар сцэнарыя Рыта Шаграй. — Дамавічкі, якіх яна намалявала, гэта два такія сонейкі, ад якіх проста адразу ўсмешка на твары. А тэхніка перакладкі ж даволі складаная, і рухі там перадаваць няпроста, але атрымалася іх сапраўды ажывіць.
Задаволеная рэжысёр Таццяна Кубліцкая і працай акцёраў, што агучвалі герояў. Вельмі добры, мудры і спагадлівы Дзядуля атрымаўся ў Аляксандра Ждановіча з яго аксамітным і крыху нават чароўным тэмбрам. На ролі дамавічкоў вырашылі ўзяць не дзяцей — бо за час працы над серыямі яны б павырасталі, і галасы ў іх памяняліся б. А так — цудоўна Бакуню і Чарушу агучылі Юліяна Міхневіч і Алена Бікрэнева. І, канешне, музыка, песні — бо які ж дзіцячы мультфільм без адпаведнай музыкі! Загалоўную песню, што гучыць на пачатку кожнай часткі і дзе дамавічкі расказваюць пра сябе — “веселые, забавные домовички-проказники” — напісаў кампазітар Леанід Шырын на тэкст Алены Туравай. Алена Турава ж напісала тэксты і для іншых песень, што гучаць у другой і трэцяй частцы — а над імі ўжо працавала кампазітар Алена Атрашкевіч. Яна ўпершыню пісала музыку для анімацыйных фільмаў, і яе ўважлівасць, імкненне да дасканаласці рэжысёра прыемна ўразілі. Музыка Алены Атрашкевіч задавала тэмп анімацыйным персанажам, а песенькі аніматары напявалі ў час працы.
Трохсерыйны фільм “Азбука небяспек” заканчваецца хэпі-эндам і агульным святам, дзе ўсе героі шчаслівыя і вясёлыя. Такога ж пракатнага лёсу пажадаем і самому фільму, каб яго прасоўванне ў глядацкія масы было актыўным і кампетэнтным. Ён класічна дзіцячы, у лепшых традыцыях мультфільмаў для самых маленькіх — добры, сонечны і бесклапотны, да таго ж яшчэ карысны і павучальны. А менавіта такія фільмы бацькі хочуць паказваць сваім дзецям. Засталося толькі знайсці магчымасць яго ўбачыць.