Збіраюцца ў Ліду “народнікі”

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Сёння ў Лідзе ўрачыста пачнецца заключны этап IX Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча. Напярэдадні падзеі мы гутарым з Аленай СЕРАКОВАЙ — дырэктарам Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, на базе якога традыцыйна і ладзяцца конкурсныя праслухоўванні. Дарэчы, наша размова прыпала акурат на Сусветны дзень акардэона: калісьці ў 1829 годзе менавіта 6 мая венскі майстра атрымаў патэнт на вынайдзены ім музычны інструмент. Супадзенне? Але ў Лідзе, як высветлілася, пра гэта памятаюць і штогод адзначаюць свята адмысловымі канцэртнымі імпрэзамі.

/i/content/pi/cult/850/18050/6.jpg— Толькі не думайце, — гаворыць Алена Віктараўна, — што ў нас выступленні выключна па святах.

— Тады наадварот? Маўляў, калі выступленне — тады і свята?

— У такім выпадку, 15 мая сёлета стане святам у чацвёртай ступені. Бо на гэты дзень у Лідзе прыпадае ажно чатыры мерапрыемствы рэспубліканскага значэння. Акрамя нашага конкурсу імя Жыновіча, яшчэ Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок”, што перакладаецца як “Лідскі вянок” і праводзіцца ў нашай школе мастацтваў. Таксама буйны фестываль “Вытокi”, у рамках якога запланаваны і вакальны конкурс маладых выканаўцаў, і майстар-класы па старадаўніх беларускіх танцах ды сучасных харэаграфічных напрамках. А галоўнае, у той жа дзень у Лідзе — святкаванне 30-годдзя Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

— Нічога сабе “атачэнне для народнікаў”! Ці, больш правільна, для выканаўцаў на народных інструментах.

— Мы вельмі ўдзячны Міністэрству культуры, што ў такі няпросты час рэгулярнасць конкурсу Жыновіча — раз у тры гады — не была парушана. Увогуле, сёлета да гэтага спаборніцтва папраўдзе павышаная ўвага — з усіх бакоў: Міністэрства культуры Беларусі, Гродзенскага аблвыканкама, Лідскага райвыканкама, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ. Нарэшце, з боку саміх удзельнікаў: агульная колькасць заявак у розных намінацыях (баян, акардэон, цымбалы, балалайка, домра/мандаліна, гітара) і ўзроставых групах (ад 6 да 22 гадоў) — больш за 300. Адчуваецца, што гэты конкурс папраўдзе вельмі важны для ўсёй культурнай супольнасці Беларусі. Бо за час пандэміі мы так засумавалі па жывых выступленнях, фестывалях, конкурсах, чалавечых кантактах. Вядома, шмат чаго ладзіцца анлайн, але жывыя стасункі нічым не заменіш.

— Разам з тым, конкурс і стасункі — сумесь выбуханебяспечная. Заўжды будуць незадаволеныя тым, як “падзялілі” ўзнагароды. Даводзілася суцішваць канфлікты?

— Канешне. Але многае залежыць ад журы, ад яго жадання вырашыцца на шчырую размову пасля завяршэння спаборніцтва. Той жа народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Гладкоў звычайна праводзіць сустрэчу з удзельнікамі і выкладчыкамі, падрабязна тлумачыць, чаму менавіта такія ацэнкі. І ўсе пытанні здымаюцца. Дакладней, узнікаюць новыя: над чым неабходна папрацаваць, каб дасягнуць лепшых вынікаў. Так што ўсё наадварот: менавіта непасрэдныя стасункі з іх магчымасцю выслухаць і пачуць — лепшыя сябры любога спаборніцтва. А тым больш, творчага, дзе вельмі важна бачыць і правільна ўспрымаць рэакцыю ў адказ.

— Да конкурснага руху апошнім часам стаўленне неадназначнае: маўляў, у мастацтве, у адрозненне ад спорту, апрыёры не можа быць аб’ектыўнасці, бо яго нельга вымераць у сантыметрах ці секундах.

— Але ж тым яно і цікавае! Бо кожны можа знайсці сваю нішу, адметнасць. Так, у любым конкурсе ёсць доля ўдачы. Але такія, як гэты, якраз і скіраваныя на пераадоленне выпадковасці. Пераможцы становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэаты старэйшай групы атрымліваюць права на паступленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі без уступных іспытаў. Астатнія таксама маюць бонус: іх пачулі вядучыя спецыялісты краіны. Акрамя згаданага Яўгена Гладкова, сёлета ў журы — прафесары Мікалай Сеўрукоў, Яўген Грыдзюшка, Леанід Чарняк, заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Рыдлеўская, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аляксандр Шувалаў, Лідзія Скачко, Павел Кухта. Яны і іншыя лепшыя педагогі будуць і надалей назіраць за творчым развіццём адораных вучняў, запрашаць іх на разнастайныя імпрэзы, каб не згубіць, не страціць ніводнага таленту.

— У вашым каледжы, наколькі я ведаю, таксама талентаў хапае. У тым ліку, сярод музыкантаў-народнікаў.

— Так, у нас ёсць два аркестры народных інструментаў — з вялікім паслужным спісам і мноствам перамог на самых прэстыжных міжнародных конкурсах і фестывалях. Каранавірус, вядома, унёс змяненні ў запланаваныя паездкі, але мы хутка пераключыліся на анлайн-выступленні, бо сёння гэта агульнапрыняты для многіх краін фармат. І назбіралі новы “кошык” узнагарод. Тры гады запар мы атрымлівалі гранты Прэзідэнта на развіццё конкурснага і фестывальнага руху і, лічу, цалкам іх апраўдалі. Аркестр народных інструментаў на чале з Аленай Сечка атрымаў Гран-пры на фестывалі-конкурсе анлайн у Барселоне (Іспанія). Народны аркестр пад кіраўніцтвам Галіны Пушкінай перамог на Міжнародным конкурсе культурных узаемаадносін імя Станіслава Манюшкі, што праводзіўся ў Лідзе ў гонар прызнання яго культурнай сталіцай Беларусі, а таксама на Міжнародным анлайн-конкурсе “Таленты ХХІ стагоддзя” ў Варне (Балгарыя). Наш камерны хор, які летась зрабіў фурор у Турцыі, Расіі, сёлета стаў лаўрэатам III Міжнароднага фестывалю-конкурсу Millennium у Брэсце, а літаральна некалькі дзён таму атрымаў 1-ю прэмю на Х Рэспубліканскім радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”. Ёсць бліскучыя перамогі ў Чэхіі, Украіне, у тым ліку навучэнцаў на баяне і акардэоне. Дый юныя тэарэтыкі апошнім часам актывізаваліся, неаднойчы выступалі на навуковых канферэнцыях, станавіліся лаўрэатамі разнастайных алімпіяд. Два гады запар удзельнічалі ва Усерасійскім конкурсе з міжнародным удзелам “Музыказнаўчае эсе” — і абодва разы сталі лаўрэатамі. Сёлета ў нас нават Гран-пры!

— Між іншым, пад вашым кіраўніцтвам як выкладчыка.

— У нас увогуле вельмі добры педагагічны склад, ён рэгулярна папаўняецца выдатна падрыхтаванымі выпускнікамі Акадэміі музыкі, за што асаблівая падзяка, у прыватнасці, факультэту народных інструментаў і яго дэкану, вядомаму кампазітару Уладзіміру Каральчуку.

— Сярод членаў журы конкурсу імя Жыновіча таксама заўжды ёсць кампазітары.

— Сёлета гэта заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар Віктар Войцік — баяніст паводле сваёй першай, “дакампазітарскай” спецыяльнасці, аўтар вялікага шэрагу вельмі значных, адметных цымбальных твораў, якія адкрылі шлях да далейшых творчых эксперыментаў з гэтым інструментам. Дарэчы, дзве яго кампазіцыі з’яўляюцца абавязковымі для сёлетніх канкурсантаў-цымбалістаў. Сярод членаў журы таксама Аліна Безянсон — член праўлення Беларускага саюза кампазітараў, якая ў дзяцінстве пачынала сваё знаёмства з музыкай менавіта праз домру і цяпер шмат чаго складае для гэтага інструмента. Адзін з такіх яе твораў для домры — сярод абавязковых. А для балалайкі ёй належаць усе тры абавязковыя творы ў малодшай узроставай групе. Ёсць сярод конкурсных і творы Дзмітрыя Камінскага, Дзмітрыя Смольскага, Рыгора Суруса, Эдуарда Казачкова, Генадзя Ермачэнкава, Уладзіміра Солтана, зусім маладой Ксеніі Вечар-Кавалеўскай.

— Вы з такім захапленнем распавядаеце пра беларускіх кампазітараў! У вашай навучальнай установе, як можна заўважыць, вельмі піетэтнае стаўленне да айчынных творцаў. Часта бачу вас і вашых выхаванцаў на прэм’ерах у філармоніі, оперным тэатры.

— Нядаўна мы зноў ездзілі на балет Яўгена Глебава “Маленькі прынц”. Летась самі праводзілі ў каледжы дзве юбілейныя вечарыны памяці гэтага майстра — у тым ліку, сумесна з Акадэміяй музыкі і Саюзам кампазітараў. Рабілі ў нас прэзентацыю кнігі “Кампазітары Беларусі” з запрашэннем аўтараў.

— Да гэтага конкурсу, мабыць, таксама неяк спецыяльна рыхтаваліся? Я маю на ўвазе не ўдзел канкурсантаў ад вашага каледжа, а нейкія прымеркаваныя да конкурсу мерапрыемствы.

— Некалькі дзён таму правялі вечарыну “Зачараваны цымбаламі” памяці народнага артыста Беларусі і СССР, цымбаліста, дырыжора, кампазітара і педагога Іосіфа Жыновіча, дзякуючы намаганням якога беларускія цымбалы і атрымалі цяперашні статус. Каб госці і ўдзельнікі пазнаёміліся з нашым старадаўнім горадам, плануем, як звычайна, экскурсіі: “Ліда старажытная і маладая”, “Ліда фестывальная вітае”. Каледж знаходзіцца ў самым цэнтры, непадалёк ад Лідскага замку, таму нам сам лёс наканаваў быць часткай “параднага партрэта” ўсяго горада з яго музейна-экскурсійным і фестывальным рухам. У каледжы таксама ёсць свой музей — ураджэнца Ліды, кампазітара Канстанціна Горскага, які быў паплечнікам і сябрам Чайкоўскага. У нашым каледжы праводзіцца Абласны адкрыты конкурс, што носіць яго імя: сёлета ён праходзіў у 27-мы раз. Гэты конкурс ахоплівае выканаўцаў на струнных смычковых: у Горскага было асаблівае стаўленне да групы струнных, якую ён добра ведаў. А яго ўлюбёным інструментам была скрыпка: ён на ёй добра граў, саліраваў у Скрыпічным канцэрце Чайкоўскага, якім дырыжыраваў сам кампазітар. Той нават звяртаўся да яго за парадамі, калі пісаў свае струнныя квартэты.

— А ў вас асабіста — ці ёсць улюбёны інструмент? Я разумею, што вы музыказнаўца і што гэта спецыяльнасць патрабуе большай аб’ектыўнасці: маўляў, даспадобы ўсялякая музыка, акрамя безгустоўнай. Ды ўсё ж, можа, паспрабуеце вызначыць?

— Цымбалы. Люблю фартэпіяна, бо на ім сама іграю. Флейту, бо тэмбр вельмі кранальны. А з народных інструментаў — цымбалы. Да іх у мяне ўвогуле асаблівае стаўленне. Яны шматструнныя — так і хочацца сказаць, “шматструнчатыя”. І вельмі, на маю думку, “талерантныя” — акурат у характары беларусаў.

— Наконт шматструннасці, упэўнена, пагодзяцца ўсе: адзін з усходніх продкаў інструмента так і называецца — сантур, што ў перакладзе з арабскага гучыць як “сто струнаў”. Можа, патлумачыце наконт талерантнасці? Нечакана!

— Глядзіце, інструмент надзвычай старадаўні, з багатай біяграфіяй, шматлікімі продкамі і распаўсюджанасцю па ўсім свеце. Цымбалы збліжаюць розныя народы, Захад і Усход. Чым не праява талерантнасці ў яе сапраўды высокім сэнсе? Але менавіта ў нас гэты інструмент стаў такім улюбёным, народным і папраўдзе родным. Бо адпавядае ўнутраным памкненням беларусаў, якія паважліва ставяцца да ўсіх народаў свету.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"