У пластычным акіяне

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Пластычнаму тэатру “ІнЖэст” споўнілася 40 гадоў. Да гэтай падзеі была прымеркавана прэм’ера спектакля “Х-традыцыя — Да Дна народзінаў”. Гульня слоў была невыпадковай: пачынаўся перформанс з паглыблення героя ў бездань мора-акіяна, а завяршаўся такім жа павольным усплываннем-усплыццём. Чым не сцэна падводнага царства з оперы “Садко”?

/i/content/pi/cult/850/18048/3.jpgНасамрэч, тое, што адбывалася на сцэне Палаца культуры чыгуначнікаў, ні да оперы Рымскага-Корсакава, ні да старадаўніх былін не мела ніякага дачынення. Магчымая асацыяцыя працавала па прынцыпе “ад зваротнага”. Бо замест рускага эпасу мы ўбачылі філасофскі аповед пра нараджэнне, сталенне, пошукі сябе і свайго шляху — і фінальны пераход у іншую іпастась. Якую? Гэта пытанне засталося без адказу, бо разам з “усплыццем” паплыла завеса: маўляў, спектакль скончаны. Ды толькі сапраўдным фіналам стала не гэта, а бясконцыя авацыі. Таму выхад на сцэну арганізатара і нязменнага кіраўніка калектыву Вячаслава Іназемцава, які ў дадзеным спектаклі выступаў аўтарам, рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі, змяняў пытальнік на клічнік. І тым заклікаў да шчаслівага вырашэння сцэнічных перыпетый, успрымаўся калі не выратаваннем пасля патопу, дык боскім духоўным узыходжаннем.

Слова “патоп” узнікла тут невыпадкова: яшчэ год таму штуршком да стварэння “падводнай” дзеі стаў роздум мастака пра колішняе затапленне часткі Нідэрландаў (гл. “К” № 18 за 2020 г.). Але першы імпульс, як часцяком здараецца ў творчасці, можа потым значна трансфармавацца, а ўспрыняцце гледачоў і ўвогуле адрознівацца ад аўтарскай задумы. У дачыненні да творчасці “ІнЖэста” гэта спрацоўвае, як кажуць, на ўсе сто.

Па-першае, Вячаслаў Іназемцаў ніколі не настойвае на адзіна правільнай “расшыфроўцы” сваіх творчых фантазій, не выкладае ні больш ці менш падрабязнага “лібрэта”, ні якой іншай праграмнай прэамбулы.

Па-другое, само мастацтва пластыкі чалавечага цела, чым і займаецца “ІнЖэст”, можна параўнаць з музычным сімфанізмам. Бо і тут і там трактоўка сэнсу мастацкага аповеду можа быць вельмі адрознай: яна наўпрост залежыць ад самога гледача-слухача. А яшчэ — ад часу і месца дзеяння, ад іншага атачэння. У прыватнасці, прымеркаванасць да юбілею калектыву дазволіла ўбачыць у таямнічым “містэры Ікс” і яго пастаянных пераўвасабленнях такую ж неперакладальна-таямнічую “ікс-традыцыю”. Хаця само гэта азначэнне — “Х-традыцыя” — тычыцца цэлай серыі перформансаў калектыву, які вымушаны прастасоўвацца да “іксоў” памяшкання і абставін.

Так і цяпер: свае карэктывы ўнесла не толькі пандэмія, але і сітуацыя юбілейнага святкавання. Бо за разнастайнымі пераўвасабленнямі героя, што патрапіў у запаволенае “падводнае царства”, бачыліся абагульненыя партрэты ўдзельнікаў калектыву. І яго творчы шлях, зусім не падобны ні на “вечнае свята”, ні на казачны шлях у Смарагдавы горад (адзначым удала знойдзеную светлавую партытуру з эфектнымі пераходамі ад глыбока-сіняга колеру да смарагдавага, зменамі празрыстасці на скаламучанасць). Там бачыліся і снежныя буры, і застылыя ільдзіны, змерзлыя гурбы. Зусім не музычныя спасылкі да моцартаўскага “Рэквіема” і цяперашняй пандэміі (нехта ў чорным плашчы і капелюшы, з блакітнай маскай), абліччы самой смерці пасярод мёртвага бязмоўя, запаволены грацыёзны танец з амаль іспанскай пластыкай, што вымушаў згадаць творчасць Федэрыка Гарсіа Лоркі. Нарэшце, катастрофа з яе чырванню і выбухамі — ці то згадкі Чарнобыля, ці то абагульненае ўвасабленне любой навалы ў лёсе кожнага і нашу на яе рэакцыю: здзіўленне, усведамленне трагедыі, нямы крык. Апакаліпсіс, жыццё “пасля жыцця”, вечнае самазахаванне прыроды. А ўсё разам — той разумны акіян Салярыса, што матэрыялізуе нашы думкі.

Праз фонасферу перформанса можна было скіравацца і да іншага зместу — накшталт “Тытаніка”. Яшчэ да пачатку відовішча прысутныя быццам адчулі сябе пасажырамі парома: было чуваць, як пачаў працаваць рухавік, з закулісся ішлі аб’яўкі на нямецкай. Гукі рухавіка захоўваліся і надалей, былі і параходныя гудкі. А пасля сцэны аварыі нас ахінуў шчымліва-пачуццёвы французскі хіт “Не пакідай мяне”, ад якога наварочваліся слёзы.

Змест гэтай песні, толькі з заменай “мяне” на “нас”, хочацца адрасаваць і самому “ІнЖэсту”. На маёй памяці — і першыя спробы калектыву, і многія-многія далейшыя эксперыменты. Да 40-годдзя выйшаў юбілейны буклет, але зробленае Іназемцавым і яго паплечнікамі, што ўсе гэтыя гады працуюць на грамадскіх пачатках, годнае суцэльнай манаграфіі. Бо за гэты час было не проста зроблена многа і вельмі-вельмі многа — былі папраўдзе адкрыты “іншыя землі” тэатральнай і ўласна пластычнай прасторы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"