“Лыжка для салдата”, 2015 г., 13 хв.
У аснову фільма пакладзенае апавяданне класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра “Драўляная лыжка”. Юны салдат, паранены ў баі, з франтавога шпіталя піша ліст да маці, якая чакае яго дома ў вёсцы: “Мамачка, родная! Я жывы і здаровы, кулі і асколкі лятуць міма, на мне нават драпіны няма. У нас цяпер зацішша, адсыпаюся”, — не хацеў турбаваць маці. Але ж падзяліўся адной “непрыемнасцю” — згубіў недзе лыжку! І маці адпраўляе сыну лыжку. Так і пачаўся шлях на фронт незвычайнай пасылкі. Заканчваецца мультфільм святочна, салютам Перамогі.
Рэжысёр Ірына Тарасава кажа, што стваралася стужка з разлікам у першую чаргу на гледачоў краін былога Савецкага Саюза, дзе яшчэ жывуць ветэраны і іх унукі і праўнукі, дзе ёсць тыя, хто многае памятае і ведае пра Вялікую Айчынную вайну. Для яе самой фільм стаў прысвячэннем дзеду Сямёну Яфрэмаву, які прайшоў вайну.
Сярод прызоў “Лыжкі для салдата” былі прэміі не толькі ад беларускіх і расійскіх фестываляў — а гэта “Залаты Віцязь”, “Анімаёўка” і іншыя — была і перамога ў намінацыі “Лепшы анімацыйны фільм” на прэстыжным кінафестывалі ў індыйскім Дэлі.
Аўтар сцэнарыя Дзмітрый Якутовіч, кампазітар Віктар Капыцько, мастак-пастаноўшчык Ала Мацюшэўская — менавіта ёй трэба падзякаваць за выдатны, маляўнічы відэашэраг з выкарыстаннем стылістыкі дзіцячага малюнка. Дарэчы, зараз у Музеі гісторыі беларускага кіно працуе выстаўка нашага знакамітага кінамастака Алы Мацюшэўскай, без якой немагчыма ўявіць беларускую анімацыю.
“Баявая машына”, 2017 г., 10 хв.
Сцэнарыст Дзмітрый Якутовіч пабудаваў сюжэт на выдуманай гісторыі, але якая цалкам магла быць у рэальнасці — гісторыі кахання людзей, разлучаных вайной. Дзеля сустрэчы з каханай жанчынай, што засталася ў акупаваным Мінску, танкіст ідзе на адчайны крок і прарываецца ў горад — танк з чырвонай зоркай знішчае ворагаў на сваім шляху, і доўгачаканая сустрэча адбываецца. Хаця пасля чарговага бою танкіст і быў цяжка паранены, а выратавалі яго мясцовыя жыхары, у фільма шчаслівы фінал.
У працы над стужкай выкарыстоўваліся архіўныя здымкі Мінска, архіўныя дакументы — убачыць можна Чырвоны касцёл, Акадэмію навук, Купалаўскі тэатр, Інстытут фізкультуры ў раёне Камароўкі. Гісторыя кахання вадзіцеля аўтобуса і настаўніцы пачынаецца яшчэ ў мірны даваенны час, які малюецца яскравымі фарбамі, а эпізоды вайны пададзеныя ў строгіх карычнева-бежавых фарбах. Усе вобразы ў фільме — як і дамы і вуліцы Мінска — рэалістычныя: твары, фігуры, ваенная тэхніка. Рэжысёр фільма Наталля Касцючэнка, мастакі-пастаноўшчыкі — Канстанцін Касцючэнка і Наталля Касцючэнка.
“Цацка”, 2019 г., 10 хв.
Стужка прысвечана вельмі складанай тэме дзяцінства на вайне. Як выглядае вайна вачыма дзяцей? У мультфільме няма ніводнага слова, ён аперуе вобразамі і метафарамі — “цацкі ў руінах”. Вайна як чорная пачвара, варожыя танкі і самалёты падаюцца маляткам вялізнымі насякомымі. У цэнтры сюжэта — цацка і тры дзіцёнкі, патрапіўшыя ў хаос вайны. Можна сказаць, што гэта метафарычны антываенны фільм, зразумелы людзям на ўсёй Зямлі: дзеці і вайна — несумяшчальныя. У фільме выкарыстаны і кадры кінахронікі.
Рэжысёр Рыта Шаграй, мастацкі кіраўнік Алена Пяткевіч, мастакі-пастаноўшчыкі Руслан Каралёнак і Аліна Прастак.
“Паданне пра гуслі”, 2019 г., 10 хв.
У адрозненне ад згаданых раней, гэты мультфільм не пра часы Вялікай Айчыннай вайны — хаця і пра яе таксама. У нядаўняй стужцы нашага знакамітага рэжысёра і мастака-пастаноўшчыка Таццяны Кубліцкай расказваецца міфалагізаваная гісторыя — і пра ўсе войны свету, і пра ўсе войны, што пракаціліся па беларускай зямлі. Таццяна Кубліцкая сама выступіла аўтарам сцэнарыя — напісала, такім чынам, сваю аўтарскую казку: бацька пайшоў на вайну, сям’я без яго гаруе і бядуе. І хлопчык вырашае знайсці бацьку. На гэтым шляху, як і павінна быць у казцы, ён сустракае магічных персанажаў. У выніку на Дальнім полі знаходзіць ваяроў, што ўтрапёна рыхтуюцца да чарговай бітвы, забыўшыся пра ўсё на свеце. Хлопчык вырабляе з воінскага шчыта і цецівы гуслі, і музычныя гукі прымушаюць ваяроў успомніць пра мірнае жыццё і свае сем’і. Бацька вяртаецца дадому. “Паданне пра гуслі” — стужка беларуская і па мове, і па выявах, і па гісторыі. Немагчыма не пазнаць беларускія краявіды, беларускія хаткі і твары. Усё блізкае і зразумелае.
Фільм быў адзначаны галоўнымі прызамі на многіх фестывалях, удзельнічаў у праграме прэстыжнага Міжнароднага фестывалю анімацыйнага кіно ў Хірасіме. Мастакі-пастаноўшчыкі Таццяна Кубліцкая і Аліна Прастак, музыка групы “Нагуаль”.
“263 ночы”, 2021 г., 26 хв.
Самая новая анімацыйная стужка вытворчасці “Беларусьфільма” ў супрацоўніцтве з расійскімі і ізраільскімі партнёрамі ўпершыню на публіку была паказана 7 мая ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сюжэт стужкі заснаваны на рэальных падзеях, але сама гісторыя неверагодная. Напярэдадні апошняга пагрому ў Мінскім гета 26 вязняў, у асноўным жанчыны і дзеці, схаваліся, каб выжыць, у падвале напаўразбуранага дома на Слабодскім завулку ля яўрэйскіх могілак. І правялі там 263 ночы. Да вызвалення — 3 ліпеня 1944 года — дажыла толькі палова вязняў.
Гісторыя страшная, і як выкласці яе дзецям? Задача была няпростай. Стужцы “263 ночы”, дарэчы, прысвоілі катэгорыю “6+”, але сама рэжысёр фільма Ірына Тарасава лічыць, што глядзець варта, пачынаючы з 10-гадовага ўзросту. Стваральнікі фільма, не адыходзячы ад дакументальнай праўды, паклапаціліся пра тое, каб гісторыя была эмацыйна даступнай дзецям без залішняга натуралізму. Аповед вядзецца ад імя маленькага вязня, які застаўся ў жывых. І малюнкі шмат у чым нагадваюць дзіцячыя. Да рэальных падзей і дакументальных фактаў у фільм “263 ночы” дададзены вялікі мастацкі вобразны пласт, дакументальна-ігравыя кадры з сучаснымі дзецьмі.
Рэжысёр Ірына Тарасава, аўтар сцэнарыя Канстанцін Андрушачкін, мастак-пастаноўшчык Ганна Емяльянава. Музыку да фільма напісаў ізраільскі кампазітар Юрый Павалоцкі, тэкст за кадрам чытаў народны артыст Расіі Арыстарх Ліванаў. Неўзабаве плануецца сусветная прэм’ера фільма “263 ночы” адначасова ў Беларусі, Расіі і Ізраілі.