“Як я доўга цябе чакаў...”

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Гэтыя словы кампазітара Яўгена Глебава згадала пад час гутаркі з карэспандэнтам “К” яго жонка Ларыса. Толькі што здадзена ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” яе кніга пад назвай “Лёсу сярэбраныя трубы”. Гэтым томам адкрыецца новая серыя — “Беларусь музычная”. Шмат што згадваецца Ларысе ГЛЕБАВАЙ пра мужа. І выказала багата цікавых меркаванняў пра музыку, заснаваных на глебаўскім: не павінны губляць сваю душу гэтыя чароўныя сугуччы.

 /i/content/pi/cult/180/1803/Glebau.jpg

Да вуліцы Сонечнай — пешшу

— Мы пазнаёміліся яшчэ ў старым будынку, дзе размяшчалася радыё, 3 ліпеня 1961 года. Мне было ўсяго дзевятнаццаць гадоў, — узгадвае Ларыса Васільеўна. — Зайшла на радыё з суседкай, актрысай, якая хутка некуды знікла, і, бачу, засталася адна. Пачула, што гучыць зусім незнаёмая мне музыка... Пачала слухаць... Але тут падышоў чалавек і сказаў: “Тут стаяць нельга, дзетачка: рэпетыцыя сімфанічнага аркестра”.
Потым я даведалася, што гэта быў Барыс Райскі. Ён паказаў мне на фанічную. Я ўвайшла і працягвала слухаць. Як і ўсе маладыя людзі канца 50-х — пачатку 60-х гадоў, захаплялася сімфанічнай музыкай, ведала, канешне, Віктара Дуброўскага, а тут ён сам, побач з незнаёмцам, які перасоўваў на пульце нейкія рычажкі...

— Гэтым незнаёмцам і быў Яўген Глебаў?

— Так! Ён запрасіў паабедаць. Аказваецца, яны запісалі першую сюіту з яго першага ж балета “Мара”. Мы пайшлі ў рэстаран. Я саромелася і баялася, што мяне ўбачаць у гэтым месцы, што гэта парушэнне ўсялякіх маральных правілаў. А яшчэ думала, што недзе бачыла гэтага чалавека... Так, на здымках фільма “Першыя выпрабаванні”. Тады на студыі “Беларусьфільм” — і гэта быў адзіны выпадак за ўсю яе гісторыю — адкрыліся курсы кінаакцёраў, дзе выкладалі Арлоў, Сальнікаў, Фігуроўскі... Планавалася іх ператварыць у факультэт тэатральнага мастацтва. Атрымала і я пасведчанне аб заканчэнні гэтых курсаў. Я здымалася на кінастудыі ў масоўках, і ў “Першых выпрабаваннях” таксама, а Глебаў пісаў да гэтай стужкі музыку — гэта быў яго першы фільм.

— А пасля абеду, мусіць, ён праводзіў вас дадому?

— Так. Мы засталіся адны на тралейбусным прыпынку і доўга чакалі... Ён сказаў: “А можа, пройдземся пешкі? Я так мала бываю на паветры”. Жыла я на камвольным камбінаце, і мы ішлі да вуліцы Сонечнай пешшу. Ён распавядаў нешта вясёлае, пасля даў мне нумар тэлефона і сказаў: “Патэлефануйце, не пашкадуеце!” У мяне дома тэлефона не было, патэлефанаваць адразу не магла, але нумар запомніла. А калі набрала ягоны нумар, ён адразу ж мяне пазнаў па голасе і прапанаваў: “Давайце з вамі сустрэнемся...”.

— Якая ж была паміж вамі розніца ва ўзросце?

— Дванаццаць з паловай гадоў. Быў такі момант, што Глебава выключылі з Саюза кампазітараў. Ён з гэтай прычыны жартаваў: маўляў, “Я — “несаюзная моладзь”... Мы сустракаліся чатыры гады. Ён ставіў у гэты час балет “Мара”. Для яго акрамя працы, падаецца, нічога не існавала.

— А як ён вам прапанову зрабіў?

— Гэта я яе яму зрабіла. Сказала: “Дваццаць тры — замуж пры... Я хачу выйсці за цябе замуж!” Глебаў засмяяўся і адказаў: “Добра, трэба замуж — дык трэба...” Я на гэты час заканчвала юрыдычны факультэт універсітэта.

— А як жа ваш акцёрскі шлях?

— Пасля курсаў мне давалі накіраванне ў ВГИК адзінай з усіх студыйцаў. Я паехала да Герасімава ды Макаравай і — паступіла. Але бацькі не пусцілі мяне ў Маскву адну.

 

Драматычная роднасць і “Выкананы абавязак...”

— Пашанцавала Глебаву!.. А ён адкуль родам?

— З Рослаўля, пад Смаленскам. Гэта непадалёк ад Краснаполля... У яго даволі драматычная роднасць. Па мацярынскай лініі ён з княжацкага роду Сокал-Чарнілоўскіх. Іх маёнтак — Лутавінава. Прозвішча было страчана, паколькі ішло па мацярынскай лініі. І ў час рэпрэсій ніхто з Глебавых не пацярпеў. Па бацькавай лініі Яўген Аляксандравіч з сям’і святароў. Бабуля Клаўдзія Сцяпанаўна — з князёўнаў — усё дзяцінства правяла з ім. Бацька пайшоў ад маці, прастадушна сказаўшы ёй: “Ты мяне адпусці...” Ён быў вельмі таленавіты чалавек: умеў граць амаль на ўсіх інструментах, меў ідэальны слых. Але, калі вярнуўся дадому, Раіса Фёдараўна, мама Жэні, яго ўжо не прыняла... Выхоўвала Жэню бабуля. Яна песціла яго, і ён захаваў самыя пяшчотныя пачуцці і да бабулі, і да матулі, якая з намі жыла. Колькі памятаю, ён увесь час хацеў накарміць смачна бабулю і матулю. І, мусіць, больш за ўсё на свеце ён любіў у вольны час пасядзець з імі, пагутарыць, адкінуць усе складанасці мінулага...

— А чым жа вы, Ларыса Васільеўна, частавалі Яўгена Аляксандравіча, яго маму?..

— Ён непатрабавальны быў, да прысмакаў. Але я шыкоўна гатую — навучылася ад мамы і пячы, і смажыць, і тушыць, і марынаваць... Навучылася і карніз прыбіць, і шыла ўсё жыццё — і сабе, і Жэнчыку. І ён любіў насіць тое, што я шыла, па крамах ды атэлье не хадзіў... З радасцю насіў некалькі маіх куртак. Усё жыццё апранаў звязаны мной берэт, насіў яго да снегу, да самай зімы...

— У будучым годзе споўніцца восемдзесят гадоў з дня нараджэння Яўгена Аляксандравіча Глебава. І кніга выйдзе да таго часу. Як добра, што гэта зрабілі менавіта вы!

— Так, першая частка кнігі — мая. Яна называецца “Исполнен долг, исполненный от Бога”. Будуць фотаздымкі і ўспаміны 33 сяброў: Рылатка, Казінец, Арлоў, Дудараў, Малчанаў, Сцёпін, Быкаў... Не буду пералічваць усіх, прачытаеце ў кнізе. І яшчэ будзе раздзел, дзе гаворыць сам Яўген Аляксандравіч: “Гутаркі з Груктам”, “Успаміны пра дырыжораў”, “Прызнанні ў любові”, “Чаму мы губляем слухачоў?” і апошняе ягонае інтэрв’ю: “Я яшчэ жывы”. Акрамя таго — дакументы, рукапісы, афішы... Кніга — гэта два гады працы, маіх вялікіх перажыванняў.

— Дык чаму ж мы ўсё ж такі губляем слухача?

— Таму што ўскладнілі мову і страцілі тое, што Яўген Аляксандравіч называў душой музыкі...

— Ці ёсць інтарэс да шматлікіх твораў Глебава сёння?

— Канешне, ёсць. І ў Расіі ставяць, дарэчы, больш, чым у нас. Зусім нядаўна патэлефанавалі з Масквы: просяць “Маленькага прынца”. У Сыктыўкары пастаўлены мюзікл “Міліянерша”. Дасылаюць і падзякі, і ганарары. Ёсць просьбы, ёсць заяўкі. Я нікому не адмаўляю.
У нашым оперным ідзе “Ціль Уленшпігель”: Елізар’еў аднавіў спектакль да 75-годдзя Яўгена Аляксандравіча. Шкада, што не ідуць “Майстар і Маргарыта”, “Маленькі прынц”...

— А вы граеце на якім-небудзь музычным інструменце?

— Не. Хаця ў мяне добры слых. І Яўген Аляксандравіч, калі пісаў нешта новае, клікаў мяне: “Ідзі-ка ты сюды, ты лепей запомніш...” Ён любіў мне сыграць новы гарманічны ход, які прыдумаў толькі што... Я чую, што гэта вельмі прыгожа, але, канешне, ацаніць, што гэта да канца азначае, не магла, і гэта яго засмучала.
Галоўная ацэнка — пачуццём, сэрцам... Так слухаюць усе людзі. І я таксама! І больш за ўсё люблю глебаўскае Адажыо з балета “Маленькі прынц”. Дарэчы, мне толькі ўчора прынеслі новы запіс, які зроблены выдавецтвам пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Мы перадалі ім бясплатна правы на выданне. Гэтая дабрачыннасць — двухбаковая, і таму штодня служацца за нас малебны: пра Яўгена — за спачын, пра Ларысу — за здароўе...
Яўген Аляксандравіч з дзяцінства бабуляй быў уведзены ў царкву. Яна вучыла не расказваць пра гэта, не хваліцца тым, пра што дома кажуць, куды ходзяць. Ён захаваў гэтае выхаванне, гэтую негаварлівасць. У душы быў глыбока веруючым чалавекам, але ніколі пра гэта не казаў... Калі ён цяжка захварэў, і прыйшлі мае добрыя сябры — святары айцец Фёдар і айцец Уладзімір, ён быў вельмі рады ім. І айцец Уладзімір яго спавядаў, гэта было ў бальніцы... Яўген Аляксандравіч да споведзі паставіўся сур’ёзна.

— Я ведаю, што ў апошнія гады жыцця Яўген Аляксандравіч вельмі пакутаваў...

— Ён хварэў з 1996 года. Быў інсульт... Хварэў вельмі доўга. Выйшаў з хвароб — выкладаў у кансерваторыі. А ў апошні год... аслеп. Аперыравалі два разы. Я працавала на трох работах... З ім пакідала сядзелку. Прыходзіла дадому, ён мне казаў: “Як я доўга цябе чакаў... Садзіся ля тэлевізара, раскажы, каго паказваюць...” Тады ён і ажыўляўся. А так яго жыццё было суцэльным чаканнем... Потым адзін з нашых сяброў падказаў, што ў Польшчы ёсць цудоўны доктар-акуліст, які зможа дапамагчы... Я з апошніх сіл адвезла яго ў Польшчу... Аказалася, што гэта проста знахарка... Мы вярнуліся... Ён на 70-годдзі ўжо нікога не пазнаваў... Я ўсё расказвала, хто прыходзіў, што дарыў...

 

“Хацеў пісаць оперу па “Ціхмянай”

— А што ён дарыў вам?

— Глебаў іншага складу: не надаваў увагі дробязям... Наш сын Радзівон, таксама кампазітар, звычайна займаўся гэтым: “Купім маме падарунак!” Мне ні ў чым адмовы не было. Хаця і ўвагі не было, як у іншых жанчын, якія крыўдзяцца на мужоў. Наадварот: я ўсё рабіла! Мая ўвага была неабходная Глебаву. Ён увесь час працаваў... Як жа было іначай жыць?

— А ў тэатр Яўген Аляксандравіч любіў хадзіць?

— Вельмі. Гэта быў яго родны дом. Калі заканчваў кансерваторыю, адкрываўся ТЮГ. Любоў Іванаўна Мазалеўская запрасіла яго загадваць музычнай часткай, працаваў дзесяць гадоў, і там ужо пачаў пісаць музыку для спектакляў. Толькі для ТЮГа — да 40 пастановак.

— Як захоўваюцца ноты Глебава?

— Ён прастадушны і даверлівы быў. Прыходзілі новыя людзі ў тэатр — усе вучыліся на яго партытурах, жывых нотках... Многае, канешне, ёсць дома, выдадзена ў Маскве і ў Ленінградзе. Многія работы Глебава прапалі... Ён лічыў, што калі ў дзяржустанове ляжыць яго аўтарская работа, нічога з ёй здарыцца проста не можа...

— Мы сядзім у кабінеце Яўгена Аляксандравіча. Тут — партрэт Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. А ці не пісаў і сам Глебаў музычных твораў па матывах Дастаеўскага?

— Ён любіў чытаць, добрую літаратуру вельмі шанаваў. Чытаў і Дастаеўскага, і Булгакава. Хацеў пісаць оперу па “Ціхмянай” Дастаеўскага. Не змог знайсці лібрэтыста. Гэта вялікая праблема і зараз.

— Ці любіў ён вандроўкі?

— На гастролі ездзіў, і ў Дом творчасці ў Рузе, каля Мажайска. Па справах — у Маскву і ў Фінляндыю... А больш за ўсё любіў быць дома і працаваць... Ён увогуле без мяне нікуды ніколі не паехаў!.. Ён нават у госці не любіў хадзіць. Усяго некалькі самых блізкіх сяброў былі побач...

— Таму і напісаў мноства бліскучых музычных твораў у самых розных жанрах — цаніў час і захоўваў дыстанцыю?..

— Няма жанру, у якім бы не працаваў Глебаў! Я не кажу пра яго ў выключнай ступені толькі таму, што я ягоная жонка, ангажыраваны чалавек, ніколі яго не дазволю прынізіць сваімі эпітэтамі...

— Музыка Глебава гучыць... Вось таму, думаецца, ён і сапраўды жывы, як сам сказаў пра сябе ў апошнім інтэрв’ю!

— Так... Ён пісаў музыку адразу начыста. І почырк быў — нібы аддрукавана... Купіў сабе вельмі добрае нямецкае піяніна з філігранным гучаннем. Эканоміў час, эканоміў на рэпетыцыях, паважаў тых, хто будзе працаваць з партытурамі...

Гутарыла Вольга ЯГОРАВА
Фота з архіва Ларысы ГЛЕБАВАЙ