У патрэбны час, у патрэбным месцы

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

На дадзены момант галоўная падзея года ў галіне выяўленчага мастацтва — Нацыянальны скульптурны фэст, які быў разгорнуты на самых значных экспазіцыйных пляцоўках сталіцы. Наладзіць такую імпрэзу ва ўсіх адносінах значна цяжэй, чым аналагічныя агляды жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скульптура, як казаў мне калісьці аўтар помніка Першадрукару ля Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Дранец, гэта мастацтва цярплівых. Манументальная і манументальна-дэкаратыўная пластыка робіцца не “на злобу дня”, як гэта калі-нікалі могуць дазволіць сабе жывапісцы і графікі, але з разлікам на гістарычную перспектыву. Манумент у выставачную залу не зацягнеш, а пластыка малых форм часта для творцы толькі падрыхтоўчы матэрыял у працэсе працы над ім. Можа атрымацца, што калі скульптар насамрэч паспяховы, дык увесь ягоны творчы набытак месціцца на вуліцах і плошчах, а на персанальную выставу дык няма чаго прадставіць. Прынамсі, з такой праблемай мог бы сутыкнуцца нават геній усіх часоў і народаў Мікеланджэла Буанароці, бо ягоныя станковыя творы можна пералічыць па пальцах.

Пагодзімся, што скульптура гэта найперш не тое, што на паліцы ў майстэрні ці ў музейным інтэр’еры, а тое, што становіцца неад’емнай часткай вобраза горада, робіць яго ўнікальным, непаўторным, любімым. А ўрбанізаваны сёння, бадай, увесь свет.

Гаворачы пра эстэтыку гарадскога асяроддзя, мушу нагадаць, што амаль кожны значны ў нацыянальным маштабе архітэктурны аб’ект мае больш ці менш удалыя аналагі ў краінах суседніх, а калі і значна далей. Зразумела, што немагчыма прадубляваць ці эфектна расцягаць на цытаты сапраўдныя шэдэўры кшталту Афінскага Акропаля, храма Саграда Фамілія ў Барселоне ці Сіднейскай Оперы. І не ў апошнюю чаргу таму, што іх функцыянальнае прызначэнне падпарадкавана эстэтычнаму вобразу, а не наадварот. На маю думку, гэта і не архітэктура нават, а грандыёзныя скульптурныя фантазіі.

Архітэктурны стыль на нейкім этапе сваёй эвалюцыі становіцца ўніверсальным, для ўсіх зручным. Водгулле готыкі, барока, класіцызму чутно на ўсіх кантынентах. Тое ж датычыць і блізкіх нам па часе канструктывізму, неакласіцызму, хайтэк. Хмарачосы па ўсім свеце растуць як грыбы, і гаварыць пра нацыянальныя адметнасці такой архітэктуры неяк не выпадае. Дызайн гарадскога асяроддзя, лічы, таксама паўсюль уніфікаваны. І толькі мастацкія творы, удала ўпісаныя ў структуру гарадоў, выратоўваюць сітуацыю.

Помнік Мініну і Пажарскаму, манумент “Рабочы і калгасніца” могуць быць толькі ў Маскве. “Медны вершнік” і Александрыйскі стоўп — толькі ў Пецярбургу. Кіеў у паспалітай свядомасці  — найперш помнік Багдану Хмяльніцкаму. Вобраз Рыгі, як сталіцы суверэннай краіны, у значнай ступені сфармаваў пабудаваны ў 1935 годзе манумент Свабоды. Ерэван увасабляе бронзавы герой нацыянальнага эпасу Давід Сасунскі. Якімі б новымі хмарачосамі ні папаўняўся сілуэт Нью-Йорка, але сімвалам горада заўжды застанецца Статуя Свабоды. Эйфелева вежа — гэта, па сутнасці, абстрактная скульптура, якой з часам надалі і нейкія практычныя функцыі. Пры ўсёй маёй беларускай сціпласці згадаю, што манумент на мінскай Плошчы Перамогі таксама варты прысутнасці ў ганаровым шэрагу. Я гэта да таго, што адзін насамрэч таленавіты скульптурны твор, які паўстаў у патрэбны час у патрэбным месцы, можа значыць не менш, чым высілкі многіх пакаленняў дойлідаў і будаўнікоў. Пры тым, што менавіта згаданымі высілкамі падрыхтавана прастора для з’яўлення скульптурнага шэдэўра. Культурная расліна вырастае толькі на ўзаранай цаліне.

І вось хадзіў аўтар гэтых радкоў па выставах скульптурнага фэсту і падсвядома шукаў вачыма сярод твораў тое, што трансфармаванае ў манумент ці манументальна-дэкаратыўную пластыку зможа стаць не проста аздобай асяроддзя, але эстэтычным камертонам для таго ці іншага беларускага горада, а мо і ўсёй нашай краіны. Бачыў цікавыя стылёвыя знаходкі, майстэрскае скарыстанне тэхналогій, канстатаваў здольнасць аўтараў выявіць каштоўныя якасці матэрыялу. Відаць, што кафедра скультуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў працуе не дарма. Яе выхаванцы здольныя на многае. Казаць пра наяўнасць беларускай нацыянальнай школы пластыкі мо і зарана, але сур’ёзны досвед ужо назапашаны.

Я не стану ў гэтым артыкуле называць імёны тых, чые творы мяне ў станоўчым сэнсе ўразілі, і тых, ад каго звыкла чакаешь большага, але гэтым разам яны чамусьці не прадставілі нічога, за што варта было б вокам зачапіцца. Зноў жа штосьці з пабачанага экспанавалася раней, а штосьці я бачыў у майстэрнях скульптараў. Працэс, як той казаў, ідзе. Адно, што дамінуе ў ім, на жаль, не канцэптуальнасць, але рэфлексіўнаць. Але гэта бяда, а мо і натуральны стан усяго сённяшняга беларускага выяўленчага мастацтва, а не толькі пластыкі. У любым выпадку гэтыя выставы можна трактаваць як даволі эфектную прэзентацыю творчага патэнцыялу беларускіх скульптараў. А вось ці запатрабаваны гэты патэнцыял, ці выкарыстоўваецца ён у поўным аб’ёме — гэта пытанне.

І вось чаму… Нагадаю, бадай кожны скульптар, робячы нешта станковага фармату ці працуючы над пластыкай зусім малых форм, эксперыментуючы з матэрыяламі і фактурамі, марыць пра манумент; пра тое, што пластычная ідэя, закладзеная вось у гэту статуэтку, будзе рэалізанава ў творы вялікага памеру і вялікай сацыяльнай значнасці. І калі такой перспектывы відавочна няма, калі зразумела, што мара зыходна марная, дык гэта адмоўна адбіваецца на якасці станковай пластыкі. Эксперымент, у тым ліку і творчы, мусіць мець мэту. Без акрэсленай мэты ён губляе сэнс.

У гэтай сувязі пра адну з выстаў фэсту — “Героі. Падзеі” ў Нацыянальным гістарычным музеі варта сказаць асобна. На ёй адчуваецца памкненне намацаць нейкую творчую канцэпцыю, якая б адпавядала стратэгічным інтарэсам нашай суверэннай дзяржавы і забяспечвала скульптараў паўнавартаснай працай на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Былі прадстаўлены станковыя творы, звязаныя з нацыянальнай гісторыяй, а таксама малыя мадэлі манументаў, як рэалізавных, так і тых, што яшчэ праектуюцца. Ахоп гісторыі — ад Сярэднявечча да Вялікай Айчыннай. Дэклараваная мэта выставы — ініцыяцыя складання спісу гістарычных асоб і падзей, вартых увасаблення ў помніках, як арыенціра для паслядоўнай працы — так бы мовіць, плана “манументальнай прапаганды”.

Як бачым, “манументальнай прапагандай” заклапочаныя тыя, хто непасрэдна мусіць гэтую, пакуль няўцямную, праграму рэалізоўваць. У савецкі час такое стаўленне да грамадскіх спраў называлася “ініцыятывай знізу” і “жывой творчасцю мас”. І тут згадваецца, што выдатныя помнікі героям і падзеям нацыянальнай гісторыі ў Віцебску, Полацку, Слуцку, Лідзе, Слоніме паўсталі, дзякуючы менавіта мясцовай ініцыятыве, мясцоваму патрыятызму.

Пасля таго, як “сацыялістычны рэалізм” стаў гісторыяй, адышоў у нябыт, пра так званы “Ленінскі план манументальнгай прапаганды” прынята гаварыць у іранічным тоне. Маўляў, планавалі ўвасобіць у вечных матэрыялах увесь зорны шлях чалавецтва, зразумела — у камуністычнай версіі, а вылілася ўсё ў банальнае насаджэнне ў кожным паселішчы тыражаваных скульптур Леніна, Сталіна і, дзе-нідзе, прадстаўнікоў мясцовага гатунку. Яно так. І ўсё ж той знакаміты спіс дзеячаў, якім бальшавікі планавалі паставіць помнікі ў першую чаргу, быў сур’ёзным канцэптуальным дакументам. А рэалізацыя гэтага плана насамрэч паспрыяла ўмацаванню новага сацыяльнага ладу. Так някепска было б і ў нашай краіне, творча выкарыстоўваючы досвед савецкай эпохі, мець нешта падобнае — канцэпцыю, рэалізацыя якой разлічана на доўгатэрміновую перспектву і пры гэтым дакладна распісана па гадах.

А можа такі план ужо ёсць, толькі не мае шырокага розгаласу? З гэтым пытаннем я звярнуўся да народнага мастака Беларусі Івана Міско. Той адказаў, што такой інфармацыі ён не мае. “Ды і якія могуць быць планы, калі няма фінансавання?” — кажа Іван Якімавіч. На ягоную думку, знайсці грошы на мастацтва, у тым ліку і на стварэнне помнікаў і мемарыяльных знакаў, прасцей у мясцовых бюджэтах, чым у рэспубліканскім. А іншы раз даводзіцца спадзявацца на дабрачыннасць, на прыватных спонсараў. Такая, маўляў, сёння рэчаіснасць…

Запытаўся я тое ж самае і ў аднаго з найбольш адметных майстроў беларускай пластыкі Аляксандра Шапо. Ён таксама сказаў, што на свае вочы такого плана не бачыў. Скульптары не аднойчы ставілі перад адказнымі асобамі пытанне пра больш актыўную інтэграцыю манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай пластыкі ў гарадскую прастору. І калі даводзілася дасягнуць паразумення з уладнымі структурамі і архітэктарамі, з’яўляліся вельмі ўдалыя творы. Скажам, мастацкая аздоба была зыходна закладзена ў забудову сталічнай Паркавай магістралі (цяпер — праспект Пераможцаў), дык чатыры скульптурныя групы, прысвечаныя народным святам каляндарнага цыкла, што створаны ў 70-х гадах, і сёння вока радуюць. Плённай была супраца архітэктараў і скульптараў на трэцяй лініі Мінскага метро. А вось ідэя стварэння вакол Нацыянальнай бібліятэкі парка скультур на культурпа-гістарычную тэматыку пакуль так і засталася ідэяй.

За савецкім часам быў закон, паводле якога два працэнта грошай, выдаткаваных на будаўніцтва, мусілі накіроўвацца на мастацкую аздобу аб’ектаў. На жаль, сёння такога няма, а хацелася б вярнуць тую практыку.

Нейкі план па помніках і дэкаратыўна-паркавай скульптуры, распісаны на шмат гадоў наперад, у дзяржавы мусіць быць. “Уявіце сітуацыю, — кажа спадар Аляксандр, — набліжаецца юбілей нейкай асобы ці падзеі, і абвяшчаецца конкурс на стварэнне помніка з гэтай нагоды. І трэба паспець за некалькі месяцаў зрабіць скульптуру, якой наканавана стаяць стагоддзямі. Ці будзе спешка на карысць справе? А калі б існаваў афіцыйны дакумент, дзе на некалькі дзесяцігоддзяў наперед пералічаны неабходныя даты і імёны, якія павінны быць адзначаны стварэннем новых помнікаў, творчую працу можна было б наладзіць больш разумна і мець лепшы вынік. Адна справа рабіць у спешцы некалькі месяцаў, а іншая — спакойна і разважліва некалькі гадоў”.

Мяркую, слушная думка. Не так даўно я зноў наведаў Гродна. За час, што прайшоў з маёй апошняй вандроўкі ў гэты горад, ён узбагаціўся новым помнікам. На галоўнай вуліцы побач з галоўнай плошчай паўстала вытанчаная скульптурная выява Святога Губерта, нябеснага заступніка Гродна. Працаваў над гэтым вобразам аўтар Уладзімір Панцялееў, не адзін год. Дык і вынік адпаведны! Скульптура невялікая. Можна сказаць, станковага памеру. Але сутнасна — манументальная. І з’явілася яна ў патрэбны час у патрэбным месцы. Такой я бачу нашу “манументальтную прапаганду” ў дзеянні…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"