Імунітэт да “гістарычнай амнезіі”, або Турызм як дапаможнік ад бяспамяцтва

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Менш чым праз два месяцы споўніцца 80 гадоў як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пра што я распавядаю маім студэнтам прынамсі аб тых падзеях? Пра што павінны ведаць турысты, якія прыязджаюць да нас? Як данесці інфармацыю, якая сведчыць пра тыя жахі, што перажылі беларусы на сваёй тэрыторыі ў часы ліхалецця? Якімі неўміручымі подзвігамі слаўная наша зямля? Без сухіх і разам з тым эмацыйна асэнсаваных лічбаў і фактаў тут не абыдзешся. І мой расповед часам пачынаецца вось з чаго.

/i/content/pi/cult/848/18027/27.jpgНямецка-фашысцкая акупацыя Беларусі доўжылася 1132 дні. Пад акупацыяй апынулася каля 8 мільёнаў чалавек. За гады вайны было знішчана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. На тэрыторыі краіны дзейнічала 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці…

У процівагу гітлераўскай пагардзе да годнасці беларусаў, іншых нацый тагачаснага СССР, 1,3 мільёна нашых грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі змагаліся на франтах, 374 тысячы ўдзельнічалі ў партызанскай вайне, 80 тысяч вялі барацьбу ў падполлі, больш за 400 тысяч выхадцаў з беларускіх земляў здабывалі перамогу ў савецкім тыле. На тэрыторыі Беларусі за гады нямецкай акупацыі актыўна дзейнічала 213 партызанскіх брыгад. 446 беларусаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх (Іван Якубоўскі, Павел Галавачоў, Сцяпан Шутаў, Іосіф Гусакоўскі) — двойчы. Больш за 400 беларусаў сталі генераламі і адміраламі.

Зведаўшы 80 гадоў таму ўсе страшэнныя нягоды той жудаснай вайны, сёння неабходна выпрацаваць устойлівы імунітэт нацыі, які здолеў бы зберагчы нас ад “гістарычнай амнезіі” і прадухіліць любыя псеўдаальтэрнатыўныя погляды, што скажаюць рэчаіснасць і прыніжаць веліч гераічнага подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Менавіта таму наша задача — усімі магчымымі сродкамі паказаць гераічны і пераможны шлях народа ў той вайне ды ініцыяваць шматлікія мерапрыемствы па ўшанаванні памяці аб яе падзеях і героях у мэтах грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Для захавання памяці пра тую вайну надзвычай важнае значэнне маюць навуковыя даследаванні, публікацыі ў друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі, стварэнне твораў мастацтва і літаратуры, падрыхтоўка навукова-папулярных выданняў, падручнікаў гісторыі і навуковых манаграфій, рэалізацыя музейных праектаў, дзейнасць пошукавых атрадаў, устаноўка помнікаў і мемарыялаў, падтрыманне ў парадку брацкіх магіл і іншых воінскіх пахаванняў, фарміраванне баз даных, арганізацыя тэматычных выстаў, здымкі мастацкіх і дакументальных фільмаў.

Кожны беларус павінен ведаць пра мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, аб партызанскім і падпольным руху на тэрыторыі Беларусі, чацвёртым па велічыні ў Еўропе лагеры смерці “Трасцянец”, дзіцячым канцэнтрацыйным лагеры ў вёсцы Чырвоны Бераг, Хатыні як сімвалаў трагедыі народа. Помніць мы мусім і пра буйнамаштабную наступальна-вызваленчую аперацыю “Баграціён”, а таксама пра гераічныя подзвігі на беларускай зямлі: Льва Даватара, Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, Васіля Каржа, Міная Шмырова, Веры Харужай, Канстанціна Заслонава, Пятра Машэрава, Мікалая Гастэлы...

Наша задача — памятаць! Захоўваць і берагчы гэтую памяць! Мы святкуем Дзень Перамогі 9 Мая, адзначаем Дзень памяці і смутку 22 чэрвеня, Міжнародны дзень памяці ахвяр фашызму 9 верасня, Дзень памяці ахвяр генацыду ў Другой сусветнай вайне 24 студзеня, Дзень памяці ахвяр Халакосту 30 красавіка. Не лішне дадаць, што 8 і 9 мая адзначаюцца на ўзроўні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый як Дні памяці і прымірэння ва ўспамін пра тых, хто загінуў падчас Другой сусветнай вайны. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутеррыш неяк зазначыў: “У дні памяці і прымірэння мы аддаём належнае мільёнам загінуўшых у Другой сусветнай вайне і памятаем аб сваіх пакутах. Мы ніколі не павінны забываць пра Халакост і іншыя цяжкія і жудасныя злачынствы, учыненыя нацыстамі. Перамога над фашызмам і тыраніяй у траўні 1945 года з’явілася пачаткам новай эры”.

Беларусы шмат зрабілі для ўшанавання памяці пра падзеі вайны. Дастаткова назваць такія праекты і акцыі, як “Кветкі Вялікай Перамогі” Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, “Беларусь памятае”, “Лёсы, складзеныя ў трохкутнік” Беларускага тэлеграфнага агенцтва і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Усебеларускую акцыю Нацыянальнай акадэміі навук “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: ўспомнім усіх!” ды іншае.

Нельга не згадаць і пра тое, што за апошні час створаны абагульнены банк даных “Мемарыял” (прысвечаны абаронцам Айчыны, якія загінулі і прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны), банк дакументаў “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадах”, база даных “Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 — 1944 гадах”. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 109 ад 24 сакавіка 2016 года “Аб увекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр войнаў” вядзецца аўтаматызаваны банк даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”.

Працягвае несці службу 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, вядуць працу і ўдзельнікі пошукавых клубаў, якія дзейнічаюць у розных рэгіёнах краіны, не даючы сысці ў нябыт прозвішчам і імёнам герояў апошняй вайны.

Безумоўна, адным з эфектыўных метадаў захавання гістарычнай памяці пра вайну і яе шырокай трансляцыі з’яўляецца турызм у частцы распрацоўкі тэматычных турыстычных маршрутаў і экскурсій. Сёння турызм — сродак камемарацыі, то-бок мэтанакіраванай актуалізацыі гістарычнай памяці.

Праграмы ваенна-патрыятычнага турызму прапануюць наведванне месцаў ваенных дзеянняў, памятных месцаў (воінскіх пахаванняў, помнікаў і мемарыяльных комплексаў, партызанскіх стаянак), ваенных збудаванняў (ваенных аэрадромаў, навучальных ваенных цэнтраў і палігонаў), ваенна-гістарычных музеяў, а таксама удзел у якасці гледачоў у праграмах ваеннай рэканструкцыі, ваенных парадах, паказальных выступах воінскіх падраздзяленняў і тэхнікі.

Турысты і экскурсанты на ўласныя вочы бачаць і трагізм мінулай эпохі, і веліч яе подзвігу. Таму важна прадставіць нашу ваенную гісторыю і той багаты пласт культурнага здабытку замежным турыстам, якія часам маюць зусім скажонае ўяўленне аб перамозе савецкага народа ў вайне. Ваенныя мемарыялы і музейныя экспазіцыі несумненна змогуць здзейсніць тут пераварот у іх свядомасці.

Магутнай сілай і энергіяй валодаюць такія выдатныя творы і знакавыя месцы памяці, як Манумент Перамогі ў Мінску, Архітэктурна-скульптурны комплекс “Мінск — горад-герой”, Мемарыяльныя комплексы “Курган Славы” (Смалявіцкі раён), “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь” (Лагойскі раён), “Прарыў” (Ушацкі раён), “Буйніцкае поле” (Магілёў), “Кацюша” (Орша), “Памяць” (Добруш), “Дзецям-ахвярам вайны” (Жлобінскі раён), “Азарычы” (Калінкавіцкі раён), Мемарыяльны ансамбль у гонар воінаў Беларускай пагранічнай акругі (Гродна), Мемарыяльны комплекс, прысвечаны аперацыі “Баграціён” (Светлагорскі раён), Мемарыял “Яма”, прысвечаны ахвярам Халакосту (Мінск) і многія іншыя.

Знакавымі падзеямі сталі стварэнне Мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” у Мінску на месцы былога лагера смерці, экспазіцыі “Музей вайны — тэрыторыя міру” ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, Мемарыяльнага комплексу “Ала” ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці на месцы вёскі, спаленай нямецкімі карнікамі разам з жыхарамі, экспазіцыі “Музей Памяці” ва Усіхсвяцкім храме.

Вядома, як толькі мы перастанем прыходзіць да помнікаў, то для сябе і нашай моладзі закрыем маральную шкалу таго, што было зроблена да нас.

Таленавітыя беларускія аўтары ўвекавечылі вобразы краіны-пераможцы і яе герояў у бронзе, творах жывапісу і графікі. Прыкладам таму служаць несмяротныя творы Міхаіла Савіцкага, Заіра Азгура, Анатоля Анікейчыка, Івана Ахрэмчыка, Андрэя Бембеля, Валянціна Волкава, Аляксея Глебава, Віктара Грамыкі, Льва Гумілеўскага, Яўгена Зайцава, Георгія Паплаўскага, Сяргея Селіханава, Альгерда Малішэўскага і многіх іншых майстроў.

Да працэсу ўшанавання памяці падключаюцца і грамадскія арганізацыі. Так, Беларускі фонд міру ініцыяваў і ўнёс істотны ўклад у стварэнне Мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму “Урочышча Пескі” ў Полацку на месцы масавага пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзе размяшчаўся нямецкі лагер для савецкіх ваеннапалонных “Дулаг-125”. У цяперашні час там усталяваны памятны знак і крыж, камень з таблічкай пра месца пахавання, гранітная мемарыяльная сцяна з прозвішчамі загінуўшых. Выдадзена і кніга С.П. Копыла “Урочышча Пескі — тэрыторыя смерці, 1941 — 1944”.

Актыўна ў турыстычную дзейнасць уключаны беларускія музеі, якія беражліва захоўваюць памяць аб герояў і падзеях ваенных гадоў, сярод іх — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Дзяржаўны музей гісторыі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, Гомельскі абласны музей ваеннай славы, Музей бітвы за Днепр у Лоеве, Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова, Гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” і іншыя.

У 2020 годзе да 75-годдзя Вялікай Перамогі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці і Навігацыйна-тапаграфічным упраўленнем Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь арганізаваў унікальны выставачны праект “#дакладнасць. Свет ваенных тапографаў”, мэтай якога з’яўлялася дэманстрацыя шырокай аўдыторыі ўкладу ваенных тапографаў, картографаў і геадэзістаў у агульную Вялікую Перамогу. Была таксама распрацавана віртуальная версія выставы з магчымасцю далейшай яе дэманстрацыі з любой мабільнай прылады. На базе музея створана пастаянная экспазіцыя “Старонкі гісторыі ДТСААФ”, у рамках якой па лініі шэфскай дапамогі супрацоўнікі музея арганізоўваюць экскурсіі і лекторыі для курсантаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Не лішне будзе дадаць, што і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на працягу трох гадоў удзельнічае ў праекце “Тэрыторыя Перамогі”, які рэалізуецца разам з Музеем Перамогі ў Маскве. Вельмі цікавыя экспазіцыі маюцца ў школьных музеях, якія выступаюць значным фактарам грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Будзем памятаць і захоўваць нашу памяць і нашу спадчыну!

Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме і выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў