Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Выдаецца з кастрычнiка 1991 года
Дом Свянціцкага ў Мінску, або загадка стагоддзя
Сярод нешматлікіх мінскіх даваенных будынкаў ёсць некалькі былых гэтак званых “даходных дамоў”, якія маюць асабовае імя, атрыманае ў спадчыну ад іх уласнікаў. Напрыклад, “дом Уніхоўскага”, “дом Ждановіча”, “дом Абрампольскага” або “дом Свянціцкага”. Прыналежнасць першых трох да іх ранейшых гаспадароў, падаецца, ніколі не выклікала дыскусій у даследчыкаў гісторыі сталіцы. Што ж датычыцца “дома Свянціцкага”, які размешчаны на рагу вуліц Карла Маркса і Леніна, то тут нам ёсць што сказаць новага. І не толькі пра праўдзівага гаспадара, але і пра гісторыю дома, якая можа быць карыснай як гісторыкам, так і экскурсаводам.
Знайсці інвестара для старой крэпасці
Разглядаючы нядаўна карту Беларусі і прыгадваючы свае вандроўкі, неяк заўважыў, што ёсць такая сабе паласа раёнаў — прыкладна ад Шуміліна да Мазыра, — якія не назавеш папулярнымі ў турыстаў. Перадусім, відаць, з той прычыны, што несправядліва абышлася з імі гісторыя. Менавіта гэтыя землі былі цягам доўгіх стагоддзяў арэнай баёў ва ўсіх войнах, якія пракаціліся па нашай краіне, і менавіта тутэйшыя мястэчкі і вёскі найцяжэй пацярпелі ад ваенных дзеянняў, страціўшы ладную частку сваёй архітэктурнай спадчыны, якая некалі не саступала ні колькасна, ні якасна іншым рэгіёнам Беларусі. Але ляжыць у гэтай паласе, амаль роўна пасярэдзіне яе, адзін горад, турыстычны патэнцыял якога я назваў бы вельмі недаацэненым. Бо тут, асабліва на фоне навакольных абшараў, акурат ёсць на што паглядзець і чым захапіцца любому вандроўніку, які цікавіцца помнікамі мінуўшчыны ды гісторыяй мясцін з незвычайным лёсам. Гаворка, вядома, пра Бабруйск, і тым больш дзіўнай выглядае такая сітуацыя, калі ўлічыць, што лёс тутэйшай забудовы насамрэч не назавеш банальным — дзвесце гадоў таму стары горад тут быў планамерна і цалкам знішчаны. А найвялікшы парадокс палягае ў тым, што зроблена гэта было для будаўніцтва аб’екта, які сёння, бадай што, зрабіўся візітнай карткай Бабруйска. Але — аб усім па парадку.
Ведаць традыцыі і гісторыю
20 красавіка адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.
Кіраўнікі тэатраў абмеркавалі стан спраў
У пятніцу 23 красавіка ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы адбылася калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прысвечаная абмеркаванню стану, праблем і перспектыў развіцця тэатральнага мастацтва ў нашай краіне.
Чорная быль далёкага красавіка
Па ўсёй краіне ў самы бліжэйшы час распачнуцца — а дзе-нідзе ўжо і распачаліся — мерапрыемствы, прымеркаваныя да 35-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Бярозаўскія закавыкі… і не толькі
Даўно “К” не пісала пра школы мастацтваў. З аднаго боку сітуацыя зразумелая, — самыя, калі так можна сказаць, стрэсаўстойлівыя калектывы (добрыя нагрузкі, таму і заробкі неблагія), пазбаўленыя збольшага кадравых праблем (колішнія вучні становяцца педагогамі) і забяспечаныя неблагім творчым патэнцыялам, які дазваляе дынамічна развіваць пазабюджэтную дзейнасць. Але менавіта ў такіх калектывах і нараджаецца іншым разам каштоўны досвед, які дазваляе без праблем вырашаць (даруйце за таўталогію) праблемныя пытанні. Сёння прапаноўваем артыкул дырэктара дзіцячай школы мастацтваў горада Бярозы Ірыны ШУЛЯК, кіраўніка маладога і творча амбіцыйнага. З 2002 па 2020 гады — 19 юных музыкантаў з Бярозы былі заахвочаны Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Астатнія факты і лічбы — у артыкуле.
Браслаўская сям’я ўладароў гліны і саломкі
Унікальны кераміст, носьбіт традыцыі спіральнага саломапляцення, майстар вырабаваў з бяросты, майстар народных сувеніраў… Гэта не адзін чалавек, а цэлая творчая сям’я з Браслава, якая красавіцкімі днямі ўпершыню зладзіла сваю агульную сямейную выставу “Разам”. Выстава прайшла ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Сонца саламяных вырабаў Элеаноры Зінкевіч злучылася са змрокам стагоддзяў гістарычнай керамікі Валерыя Зінкевіча, цеплынёй бярозавай кары твораў Людмілы Шчапіла і надзённасцю фотакалажаў Анастасіі Ястраб. У Браславе сямейную пару Зінкевічаў ведае кожны, каму цікавая народная творчасць, бо гэта не проста майстры, але і настаўнікі, даследчыкі, арганізатары фестываляў — сапраўдныя энтузіясты сваёй справы. Летам выстава “Разам” будзе экспанавацца ў Браславе.
“Шматстаночнік” Аляксей Каржоў
Яго бацька быў лепшым гарманістам не толькі ў роднай вёсцы Слабада, але і, мабыць, ва ўсім Рагачоўскім раёне. Ніводнае вяселле, сямейная ўрачыстасць, канцэрт у сельскім клубе не абыходзіліся без Алега Каржова. Таму музыка акружала Лёшу літаральна з першых месяцаў яго жыцця. У чатыры гады хлопчык паспрабаваў узяць у рукі баян і нават памкнуўся граць на ім.
Круцейшы за любы дэтэктыў
Мінулым тыднем у чацвер і пятніцу ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Калека з вострава Інішман”. Чарговая пастаноўка. Ды яшчэ зусім не паводле “беларускай драматургіі”, на якую гэты тэатр арыентаваны адпаведна сваёй назве. Але аднайменная сучасная ірландская п’еса, напісаная ў 1996-м 26-гадовым на той час Марцінам МакДонахам, аказалася менавіта “пра нас” (так было пазначана ў анонсе рэжысёрскае прачытанне Аляксандра Гарцуева). І не толькі таму, што ідзе ў перакладзе на беларускую мову.
ТЮГ: тэатр, юбілей, гледачы
Гэты год для Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача — двойчы юбілейны: у 1931-м ён адкрыўся ўпершыню, праіснаваўшы да Вялікай Айчыннай, а ў красавіку 1956-га — у другі раз, пад крыху іншай назвай і ў цяперашнім будынку, што нядаўна быў адрэстаўраваны. Да юбілею падрыхтавана выстава ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры — і безліч прэм’ер.
Брэсцкія дзеці — лепшыя ў свеце!
У абласных тэатрах прэм’еры ладзяцца нават часцей, чым у сталічных. Бо кантынгент патэнцыйных гледачоў наўпрост залежыць, у тым ліку, ад колькасці насельніцтва. Дый саміх тэатраў там куды меней. Таму рэпертуар, і асабліва дзіцячы, патрабуе больш хуткага абнаўлення. Не дзіва, што на красавік у двух тэатрах Брэста прыпалі адразу некалькі новых дзіцячых спектакляў.
Хто там на прыпечку?
“І гэта добра, што ты цяпер больш чытаеш. Я не ведаю, што цяпер трэба чытаць дзецям твайго ўзросту. Але, мусіць, трэба табе ўжо чытаць некаторыя выданні Гогаля, Пушкіна. Яшчэ была ў нас кніжка “Гаявата” Лангфела, можа, яна табе спатрэбіцца. Парайся з мамай, што чытаць, і пытайся ў школе, якія кніжкі браць у бібліятэцы”. Гэта ліст Максіма Гарэцкага, напісаны ў 1932 годзе з вяцкай высылкі, дзесяцігадоваму сыну. Рэпрэсаваны пісьменнік дбае найперш пра духоўнае сталенне свайго Лёні. Вы адчулі напал заклапочанасці, вы заўважылі дакладнасць стылю ды пунктуацыі? Пісьменнік! А дакладней — інтэлігент у першым калене… Свет змяніўся не ў лепшы бок тады, калі людзі перасталі адпраўляць адзін аднаму рукапісныя лісты ў канвертах з паштовай маркай. Камп’ютарная лапідарнасць усё больш схіляе да безаблічнага афіцыёзу. А душа прагне адкрытасці. І я вельмі рады, што большасць лістоў з рэдакцыйнай пошты менавіта добрыя ды шчырыя. Заўжды прыемна атрымліваць вестку ад сяброў.
Чарнобыльская плашчаніца касмічнага маштабу
З моманту Чарнобыльскай катастрофы прайшло трыццаць пяць гадоў. Сышлі з жыцця многія ахвяры і сведкі тае бяды -- хто ад хвароб технагеннага паходжання, хто ад узросту. Прычыны і наступствы выбуху на АЭС, наколькі гэта магчыма за такі невялікі па гістарычных мерках тэрмін, прааналізаваны спецыялістамі розных сфер. Сёння да чарнобыльскага досведу звяртаюцца па ўсім свеце, калі так званы “мірны атам” не-не ды і дэманструе свой ваяўнічы патэнцыял. Да асэнсавання гэтай касмічнага маштабу катастрофы спрычыніліся, зразумела, і людзі творчых прафесій — мастакі, літаратары, гісторыкі, багасловы. Праз плён іхняй працы ўстойлівым у нашай мове і свядомасці стала спалучэнне “Чарнобыль — Зорка Палын” — адзінства гістарычнага факта і біблійнага прадказання. Выбух на Чарнобыльскай АЭС даўся ў знакі ўсёй Еўропе — ад скандынаўскіх ф’ёрдаў да чарнаморскіх заток. Але беларуская нацыя ў 1986-м аказалася бліжэй за ўсіх да той мяжы, за якой — нябыт. Міжволі падумаеш, і за якія грахі нам былі тыя пакуты? Можа, такім жорсткім чынам лёс выпрабоўваў нас на трываласць? Відаць, меў рацыю Рыгор Барадулін, калі казаў, што беларусы ў Бога — народ эксперыментальны…
“Мяне ў жывых ужо не будзе...”
Вёска Чырвоны Бераг, што ў 20 кіламетрах ад Жлобіна, не так даўно стала адной з гісторыка-культурных і мастацка-эстэтычных славутасцяў нашай краіны, і сёння па праве ўваходзіць у турыстычны маршрут “Залатое кольца Гомельшчыны”. І не толькі таму, што тут знаходзіцца шыкоўны палац магната Вікенція Козел-Паклеўскага і яго жонкі Марыі Гатоўскай. Але галоўным чынам — дзякуючы размешчанаму побач з вёскай мемарыялу “Дзецям-ахвярам вайны”, які стаў сімвалам нязгаснай Памяці пра дзве тысячы юных жыццяў, загубленых рукамі гітлераўскіх катаў.
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2007 - 2024 «Культура». Зроблена ў «Вэбпрофі»