“Мяне ў жывых ужо не будзе...”

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Вёска Чырвоны Бераг, што ў 20 кіламетрах ад Жлобіна, не так даўно стала адной з гісторыка-культурных і мастацка-эстэтычных славутасцяў нашай краіны, і сёння па праве ўваходзіць у турыстычны маршрут “Залатое кольца Гомельшчыны”. І не толькі таму, што тут знаходзіцца шыкоўны палац магната Вікенція Козел-Паклеўскага і яго жонкі Марыі Гатоўскай. Але галоўным чынам — дзякуючы размешчанаму побач з вёскай мемарыялу “Дзецям-ахвярам вайны”, які стаў сімвалам нязгаснай Памяці пра дзве тысячы юных жыццяў, загубленых рукамі гітлераўскіх катаў.

/i/content/pi/cult/847/17996/9.jpgГорай за Ірада

Сённяшнім пакаленням цяжка паверыць у тое, што ў час вайны на тэрыторыі Беларусі існавалі адмысловыя дзіцячыя канцлагеры — так званыя “зборныя пункты”. Фашысты стваралі іх для зверскіх эксперыментаў. Лекары літаральна высмоктвалі кроў у дзетак для пералівання параненым нямецкім афіцэрам і салдатам. Лічылася, што ў дзяцей яна больш чыстая і здаровая, чым у дарослых. Многія пасля такіх “акцый” паміралі, і іх тут жа закопвалі ў ямы або спальвалі на вогнішчах. Гэтае зло страшнейшае за тое біблейскае, якое калісьці ў Бэтлееме спарадзіў кіраўнік Юдэі Ірад Вялікі. І ў гісторыі яно не павінна быць забыта.

У дужках заўважу, што ў савецкія часы інфармацыю аб такіх спецлагерах афіцыйныя органы чамусьці замоўчвалі. Магчыма, лічылі, што ў параўнанні з Асвенцымам, Дахау або Трасцянцом яны — толькі кропелька ў акіяне сусветнага зла. Дык навошта акцэнтаваць на іх увагу? Або, можа быць, не жадалі лішні раз псіхалагічна ўскалыхваць людзей, якія пасля вайны прагнулі забыцца на ўсе нядаўна перажытыя жахі? А яшчэ я чуў, што інфармацыя пра дзіцячыя канцлагеры нібыта магла спрыяць захаванню нянавісці да нямецкага народа — што было палітычна немэтазгодна ў тагачасных умовах непарушнай дружбы з ГДР. Не ведаю...

Між тым, акрамя Чырвонага Берага ў Беларусі існавалі яшчэ 14 падобных “зборных пунктаў”. Напрыклад, у Скаброўцы непадалёк ад Мар’інай Горкі. Там была сапраўдная “лабараторыя” па выпампоўванні ў дзяцей крыві для параненых немцаў. Вялікую карціну пра гэта незадоўга да сваёй смерці пачынаў пісаць Міхаіл Савіцкі — ды скончыць, на жаль, не паспеў…

/i/content/pi/cult/847/17996/10.jpgА яшчэ можна ўспомніць Азарычы Палескай вобласці (цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці), дзе ў адным з трох канцлагераў разам з дарослымі паміралі ад катаванняў, голаду, холаду і сыпнога тыфу тысячы дзяцей... І ў латвійскім Саласпілсе існаваў спецыяльны дзіцячы канцлагер, у якім памерла 35 тысяч дзяцей, тры тысячы з якіх не мелі нават пяці гадоў! І ў Петразаводску, у раёне Перавалачнай біржы, працаваў так званы 6-ты фінскі канцлагер для дзяцей. Не кажучы ўжо пра тое, што ва ўсіх буйных лагерах смерці на тэрыторыі акупаванай Еўропы поруч з мільёнамі дарослых вязняў неслі свой крыж і малыя — ні ў чым не вінаватыя, пазбаўленыя самай радаснай сваёй пары, дзяцінства. Выжываў з дзесяці толькі адзін. Неверагодна, але факт ...

Дык вось — пра Чырвоны Бераг. Тут улетку 1944-га за калючым дротам знаходзіліся дзеці пераважна з Гомельшчыны і Магілёўшчыны, але былі і з Міншчыны, былі з Украіны, Прыбалтыкі, Смаленска і Бранска. Спачатку дзяцей мылі ў лазні ці наўпрост у рэчцы Дубосна, потым пад канвоем заганялі ў вялікі пакой з лабараторыяй, дзе яны чакалі сваёй чаргі. Ім рабілі аналіз крыві для вызначэння яе групы для наступнай трансфузіі. Пасля агляду дзіця клалі на стол пад нахілам, а кволыя ручкі прасоўваліся ў спецыяльныя адтуліну ў сцяне перагародкі. І пачыналася дзікая працэдура…

Потым знясіленым дзецям вешалі шыльду, на якой пазначалі групу крыві. Пасля такіх працэдур многія дзяўчынкі і хлопчыкі (звычайна ім было ад 7 да 14 гадоў) паміралі. Іх цельцы вывозілі і спальвалі на велізарным вогнішчы ў выглядзе свастыкі. Тых, хто выжываў, фашысты эшалонамі адпраўлялі ў Германію — у якасці донараў для далейшых медыцынскіх эксперыментаў.

У Чырвоным Беразе быў апрабаваны і новы — “навуковы” — метад забору крыві. Дзяцей падвешвалі пад мышкі, сціскалі грудзі. Каб кроў ня скручвалася, высокапрафесійныя лекары-клятвапарушальнікі ў чыстых белых халатах калолі маленькія цельцы адмысловым растворам. У ступнях рабілі глыбокія надрэзы — і кроў сцякала ў герметычныя ванначкі...

/i/content/pi/cult/847/17996/11.jpgУ майстэрні на плошчы Перамогі

Ідэя гэтага мемарыяла з’явілася ў Леаніда Левіна, здаецца, у пачатку 1990-х. Я быў знаёмы з архітэктарам яшчэ з часоў “хатынскай эпапеі”, калі ў яго — па распараджэнні Пятра Міронавіча Машэрава — з’явілася свая майстэрня ў сутарэннях дома на плошчы Перамогі. Тады “парадны ўваход” у яе быў не з Ленінскага праспекта, а з дваровага пад’езда. Крыху пазней нашы чалавечыя зносіны ўзмацніліся да такой ступені, што аднойчы ён прапанаваў мне напісаць пра яго творчасць манаграфію. Але перашкодзілі нейкія аб’ектыўныя абставіны, і ў выніку Левін вырашыў сам распавесці ў мемуарах “пра час і пра сябе”. Што ў яго выдатна атрымалася ў кнігах “Хатынь”, “Перажыць перажытае”, “Вайна і любоў”.

У майстэрні на плошчы Перамогі ў Левіна нараджаліся выдатныя ідэі, многія з якіх (у тым ліку, праекты станцый Мінскага метрапалітэна “Няміга” і “Плошча Леніна”, рэканструкцыя гістарычнага квартала Мінска і набярэжнай ракі Свіслач) паспяхова рэалізаваліся.

Леанід Мендзелевіч быў не толькі высокапрафесійным архітэктарам, энцыклапедычна адукаваным інтэлектуалам, але і надзвычай простым ды лёгкім у зносінах чалавекам. Па маім запрашэнні ён з задавальненнем прымаў удзел у “круглых сталах” рэдакцыі “Культуры”, на якіх мы абмяркоўвалі вострыя праблемы беларускага манументальнага мастацтва. Апошні раз Левін — у белай кашулі і чорным пінжаку — прыйшоў на такое пасяджэнне з палачкай, ужо будучы хворым, і па нашых высокіх сходах ён уздымаўся з дапамогай свайго сябра, фотакарэспандэнта “К” Юрыя Іванова.

Леанід лічыў неабходным выказаць уласны пункт гледжання на праблему якаснага дапасавання помнікаў да архітэктурнай прасторы горада. Скульптура для яго была арганічным працягам архітэктурнай думкі. Як правіла, ён асабіста або з архітэктарамі-аднадумцамі знаходзіў ідэю, вобраз і літаральна ўпісваў манумент у гатовы сцэнарый — а ўжо потым яго ствараў скульптар. Менавіта гэтак нараджаліся мемарыялы “Праклён фашызму” ў Шунеўцы, “Прарыў” ля Ушачаў, “Яма” ў Мінску ...

Здаецца, у канцы 1980-х, пасля рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект помніка “Дзяцінства, апаленае вайной”, я ўпершыню пачуў з вуснаў Левіна думку пра тое, што Беларусі — як, мабыць, ніякай іншай краіне — неабходны мемарыяльны знак-помнік у гонар дзяцей, якія апынуліся нявіннымі ахвярамі вайны. Леанід выказаў намер уласнаручна паспрабаваць што-небудзь зрабіць у гэтым рэчышчы.

/i/content/pi/cult/847/17996/12.jpgСпачатку ён марыў паставіць такі помнік на аўтатрасе Брэст — Мінск — Масква, абраўшы пункт з добрым аглядам. Але гэтая ідэя засталася нерэалізаванай. І толькі пазней, пасля завяршэння мемарыяла “Яма. Мінскае гета”, скульптурную частку якога таленавіта выканаў Аляксандр Фінскі, Левін зноў вярнуўся да сваёй даўняй задумкі. Паралельна ён паволі прабіваў гэтую ідэю праз дырэктыўныя органы, памятаючы, што “вада камень точыць”. І ўрэшце дачакаўся добрых навін: яго стараннямі рашэнне аб стварэнні мемарыяла ў Чырвоным Беразе было прынятае на ўрадавым узроўні! Адпаведна, справа зрушылася з месца.

Да сябе ў суаўтары Леанід зноў запрасіў Аляксандра Фінскага — аднаго са стваральнікаў помнікаў Адаму Міцкевічу ў Мінску, Сімяону Полацкаму ў Полацку, кампазіцыі “Вячэрні блюз” для Міжнароднага Алімпійскага парка ў Пекіне і ладнага шэрагу іншых цікавых твораў. Запрасіў і Святлану Каткову, дачку легендарнага педагога Сяргея Пятровіча Каткова — першага настаўніка Левіна ў мастацкай студыі Палаца піянераў і школьнікаў. Святлану ён ведаў як таленавітага жывапісца-манументаліста па размалёўках ў мінскім кінатэатры “Вільнюс” і ў Палацы культуры чыгуначнікаў (абедзве — у суаўтарстве з Зояй Літвінавай), а таксама ў сталічных рэстаранах “Планета” і “Зялёны луг”.

Гэтая незвычайная творчая трыяда ўжо прадугледжвала пазітыўны вынік. Забягаючы наперад, скажу, што так і адбылося: усе тры аўтары былі ўдастоеныя Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Але да таго трыумфальнага моманту было яшчэ далёка.

Дадам, што для рэалізацыі праекта мемарыяла спатрэбіліся і памочнікі-архітэктары: Галіна Левіна і Аляксандр Капылоў, а таксама скульптар і дызайнер Максім Пятруль.

Метафара няздзейсненай мары

Пачыналася ўсё няпроста. Ледзь толькі ў Чырвоным Беразе стартавалі будаўнічыя працы, аб’ект давялося замарозіць, і гэтая паўза доўжылася даволі доўга. Аляксандр Фінскі ўспамінае: “Але як той казаў, няма ліха без дабра. Напэўна, гэтую пярэрву нам даў лёс, каб ідэя выспела больш грунтоўна. Справа ў тым, што на той момант мной ужо быў зроблены эскіз фігуры дзяўчынкі — знакавай кампазіцыі, якая адкрывае мемарыял. Але да таго моманту, калі працы аднавіліся, я сваё рашэнне перагледзеў і прапанаваў Левіну зусім іншы варыянт скульптуры, які ён ухваліў і які ў выніку быў увасоблены…”

І сапраўды, бронзавая трагічная постаць дзяўчынкі-падлетка ў простай сукенцы з паднятымі над галавой тонкімі рукамі і шырока разведзенымі пальцамі ўражвае сваім болем і безабароннасцю. Яна нібы захінаецца ад рэальнага і непазбежнага жаху вайны, але ўсведамляе, што няма нават маленькай надзеі на выратаванне. Гэтае ўражанне ўзмацняюць і вастраскулы ейны твар, і схіленая галоўка, і вочы, якія глядзяць некуды ў левы край квадратнай пляцоўкі, абсыпанай чырвоным друзам — на гэтым бронзавым пятачку стаіць дзяўчынка. А якая своеасаблівая, дынамічная пластыка! І як магутна ламаны сілуэт тоненькай, далікатнай фігуры перадае ўнутранае напружанне!

Я пагаджуся з меркаваннем Фінскага і Катковай, з якімі мне даводзілася некалі гутарыць на гэтую тэму: ансамбль мемарыяла ў цэлым прыдумаў Левін. Гэта яго архітэктурная рэжысура, пачынаючы ад “Плошчы Сонца”, ад якой разбягаюцца па яблыневым садзе восем “промняў”-прысадаў: адзін чорны, астатнія — залацістыя. І “Белы паруснік”, падобны на папяровы караблік — як метафара няздзейсненай дзіцячай мары. Тут той чорны прамень абрываецца.

На ветразях карабліка з абодвух бакоў адлітыя ў метале імёны падлеткаў, знойдзеныя ў “справаздачных дакументах” фашысцкіх дзіцячых канцлагераў: Росцік, Стася, Злата, Віця, Воля, Пеця, Арына, Цёма, Алежка, Сіма... За гэтымі імёнамі — мільёны дзяўчынак і хлопчыкаў, чые лёсы былі разбураныя рукамі акупантаў. За караблікам — пусты “мёртвы клас” з 21 беласнежнай партай з бетону і школьнай дошкай. Гэта толькі адзін такі клас з многіх: немцы знішчылі ў Беларусі 13 тысяч школ, сотні тысяч падобных класаў! Лічба неймаверная — асабіста мне яе асэнсаваць цяжка.

Увесь Паруснік — у атачэнні дзіцячых малюнкаў, увасобленых у выглядзе вітражоў у белых рамах. Ужыванне такіх незвычайных вітражоў — гэта ноу-хау ў сучасным манументальным мастацтве: падобных няма нідзе. Здавалася б, звычайныя малюнкі — але якім кантрастам глядзяцца яны на фоне смерці, пакутаў, болю і звонкай пустэчы таго класа, у якім калісьці віравала жыццё!

Але самае цікавае, што гэтыя вітражы былі стылізаваныя на аснове сапраўдных дзіцячых малюнкаў, зробленых навучэнцамі студыі Сяргея Каткова. Арыгіналы захоўваліся ў архіве Святланы Катковай. Левін распавёў мне, што ў агульнай тэчцы ён са здзіўленнем адшукаў і свой дзіцячы малюнак пачатку 50-х гадоў!

Цікава глядзяцца ў белых рамах і павялічаныя да ладных памераў алегарычныя фігуркі розных звяркоў і птушак, кветкі, цыркавыя артысты, прынцэсы, вылепленыя з пластыліну дзецьмі Чырвонабярэжскага дзіцячага дома.

“Пагадзіцеся, што ўсе гэтыя дзіцячыя працы выпраменьваюць радасць, а не тугу і горыч, — казаў Леанід Левін. — Прыступаючы да рэалізацыі дадзенай часткі праекта помніка, я падумаў, што светлая ідэя радасці павінна быць як бы цёплым народным успамінам пра ўсіх тых хлопчыкаў і дзяўчынак страшнага ваеннага ліхалецця, якія загінулі ў фашысцкім пекле — і тых, якія, на шчасце, выжылі. У нас у калектыве былі розныя прапановы на гэты конт, і нават вельмі прыстойныя. Але мне падалося, што менавіта малюнкі навучэнцаў студыі Сяргея Пятровіча будуць найбольш блізкімі той ідэі, якая закладзеная ў нашым мемарыяле”.

А мяне вельмі ўражвае ў мемарыяле яшчэ адзін унікальны, калі можна так выказацца, “артэфакт” культуры. На адным баку школьнай дошкі — нібы зламаная, пакалечаная карта Беларусі, дзе адзначаныя месцы дзіцячых канцлагераў. А на другім баку, і гэта кранае асабліва, — ахайным дзіцячым почыркам выведзены ліст 15-гадовай дзяўчынкі Каці Сусанінай свайму бацьку на фронт ад 12 сакавіка 1943 года. Вось пачатак гэтага да болю шчымлівага дзіцячага “запавету”: “Дарагі татачка! Пішу табе ліст з нямецкай катаргі. Калі ты, татачка, будзеш чытаць гэты ліст, мяне ў жывых ужо не будзе. Мая просьба да цябе, бацька, пакарай нямецкіх крывасмокаў. Гэта завяшчанне тваёй паміраючай дачкі. Некалькі слоў пра маці. Калі вернешся, маму не шукай, яе расстралялі немцы. Калі дапытваліся пра цябе, афіцэр біў яе бізуном па твары. Мама не стрывала і горда сказала, вось яе апошнія словы: “Вы не запалохаеце мяне біццём. Я ўпэўненая, што муж вернецца назад і выкіне вас, подлых захопнікаў, прэч”. І афіцэр стрэліў маме ў рот. Дарагі татуська, мне сёння споўнілася 15 гадоў. Калі б ты цяпер сустрэў мяне, то не пазнаў бы сваю дачку. Я стала вельмі худзенькай, мае вочы запалі, коскі мне абстрыглі нагала, рукі высахлі і сталі падобнымі на граблі. Калі я кашляю, з рота ідзе кроў. Мне адбілі лёгкія...”

Ліст Каці Сусанінай быў апублікаваны ў “Камсамольскай праўдзе” 27 мая 1944 года. А знайшлі яго пры разборы цаглянага мура разбуранай печы ў адным з дамоў у вызваленым райцэнтры Лёзна, што на Віцебшчыне. На канверце стаяў адрас: “Дзейная армія. Палявая пошта № ... Сусаніну Пятру”. Перад тым, як надзець пятлю на сваю худзенькую шыю, дзяўчынка напісала бацьку ліст... Цяпер гэты дакумент захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі сярод дакументаў ВЛКСМ. Ідэя ж увекавечыць яго на школьнай дошцы ў мемарыяле Чырвонага Берага належыць Васілю Быкаву.

Каментаваць ліст няма ніякай патрэбы. Тут звярыная фізіяномія фашызму — ва ўсёй сваёй поўні. Зрэшты, не: фашысты былі горш за звяроў...

25 чэрвеня 1944 года Красны Бераг быў вызвалены часцямі Чырвонай Арміі. Так скончылася гісторыя страшнага канцлагера. Надзвычайная Дзяржаўная Камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці ў складзеным у лістападзе 1944 гады акце падкрэсліла, што са станцыі Чырвоны Бераг у Нямеччыну для ўзяцця донарскай крыві фашысты забралі 1990 дзяцей. У іх былі адабраныя не толькі дом і матчына дабрыня — у іх адабралі Радзіму і Свабоду.

Сёння Чырвоны Бераг называюць “дзіцячай Хатынню”. На мой погляд, вызначэнне не зусім дакладнае: усё ж Хатынская трагедыя — з’ява трохі іншая, — калі меркаваць па рэалізаваным ворагам жудасным “сцэнарыі”, ніж тое, што адбывалася тут. Але, па вялікім рахунку — як сімвал загубленых нявінных душ — гэта правільна. Гэта сімвал лёсу ўсяго беларускага народа, які спазнаў гора Хатыні, Трасцянца, Азарычаў, Колдычава, Лупалава, Беразвечча, Дамачава, Каўбасіна, Масюкоўшчыны, Броннай гары ...

Так, гэты мемарыял прысвечаны не толькі ўласна драматычнай старонцы аднаго канкрэтнага мястэчка на Гомельшчыне. Ён — пра вялікую трагедыю мільёнаў мірных савецкіх людзей, у тым ліку дзяцей і іх бацькоў, перажытую ў гады Вялікай Айчыннай. Пра тое сусветнае гора, якое на нашу зямлю прынёс фашызм. І пра тую хісткую надзею, якая, нягледзячы ні на што, нават у самыя жудасныя часіны жыцця заўсёды ззяла ў зраненых дзіцячых душах і сэрцах...

Дадам, што органамі бяспекі было ўстаноўлена: у Чырвоным Беразе некалькі месяцаў дзейнічаў і канцлагер для дарослых, у якім змяшчалася да васьмі тысяч зняволеных — у тым ліку, каля тысячы людзей маладога ўзросту. Сярод іх — паўсотні мясцовых жыхароў. Усе яны былі адпраўленыя на катаргу ў Германію, і што з імі там адбылося — невядома. Хіба можна такое забыць?

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"