Для памяці сэрца час не існуе

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Як партызаны у ноч з 4 на 5 мая 1944-га выходзілі з блакаднага пекла...
30 чэрвеня 1974 года, напярэдадні трыццатай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на Віцебшчыне быў адкрыты мемарыял бессмяротнаму подзвігу партызан і партызанак Ушаччыны.

/i/content/pi/cult/846/17992/22.jpgРастрывожаныя раны людскія

У той дзень сюды, у раён вёсак Пліна і Паперына, прыкладна за 7 кіламетраў ад гарадскога пасёлка Ушачы, на ўрачыстасці прыбывалі тысячы людзей: сівыя ветэраны, удзельнікі зімова-вясновых баёў і славутага прарыва 44-га года, салдаты і афіцэры Савецкай Арміі, савецкія і партыйныя работнікі, піянеры і школьнікі, жыхары Віцебшчыны, шмат дзеячаў культуры, мастацтва і навукі. Прыехалі і аўтары помніка — народны мастак Беларусі, скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Анатоль Анікейчык, архітэктары, лаўрэаты Ленінскай прэміі Юрый Градаў і Леанід Левін.

Я таксама далучыўся да гэтай знакамітай тройкі: па-першае, пачынаў пісаць манаграфію пра жыццё і творчасць Анікейчыка; па-другое, мне трэба было падрыхтаваць артыкул пра “вернісаж” мемарыяла для газеты “Літаратура і мастацтва”. Але галоўнае: мне самому было вельмі цікава паглядзець, што ж у выніку атрымалася ў маіх сяброў, аўтараў памятнага комплексу, эскізныя варыянты якога я раней шмат разоў бачыў у майстэрні Анатоля Аляксандравіча, якая тады размяшчалася на вуліцы Гая.

Для памяці сэрца час не існуе. Я бачыў, як бедавалі маці, успамінаючы сыноў і братоў. Пажылых жанчын там было вельмі шмат. А тыя, хто нарадзіліся пасля вайны, прагна ўзіраліся ў твары былых салдат, на чыю долю выпалі нялёгкія ратныя справы і высокі подзвіг. Маўкліва застылі ля мемарыяла журботныя ветэраны, вяртаючыся думкай да загінуўшых за свабоду Радзімы. За гэтым велічным помніком, што быццам сатканы з памяці нашчадкаў, паўставала перад імі іх маладосць: партызанскія бары Полаччыны, Аршаншчыны і Лепельшчыны, засады пад Пышна, Круляўшчынай, Шаркаўшчынай і шалёны прарыў праз варожае кальцо блакады ў ноч з 4 на 5 мая 1944-га...

Так, я быў сведкам таму, як сустракаліся аднапалчане. Многія ўбачылі адзін аднаго толькі праз 30 гадоў. Абдымкі, слёзы, усмешкі. І ўспаміны, бясконцыя ўспаміны. Абрывістыя, хвалюючыя. Журбота па тых, хто не дажыў да гэтага дня, шкадаванне — што з-за хваробы хтосьці не змог прыехаць... У ветэранаў праз плячо — кумачовая стужка, на галаве — пілотка, на грудзі — ордэны і медалі. Убачыў я тады знакамітага госця з Масквы — легендарнага лётчыка, Героя Савецкага Саюза Аляксея Марэсьева. Даведаўся, што ён — адказны сакратар Савецкага камітэта ветэранаў. Пасля мітынгу меў намер узяць у яго інтэрв’ю, але не атрымалася. Ён пастаянна быў цесна абкружаны высокімі партыйнымі бонзамі — і падступіцца да яго было немагчыма.

Мітынг пачаўся з выступлення першага сакратара Віцебскага абкама КПБ Сяргея Шабашова, былога партызана брыгады Аляксея Данукалава (партызанскі псеўданім — Аляксей). У прыватнасці, ён сказаў, што толькі адна Віцебшчына дала Радзіме 128 Героеў Савецкага Саюза і 13 тысяч ардэнаносцаў! Потым словы ўзялі праслаўлены былы камандуючы Полацка-Лепельскай партызанскай зонай, Герой Савецкага Саюза Уладзімір Лабанок, першы сакратар Ушацкага райкама партыі Васіль Посах, сакратар ЦК КПБ Аляксандр Кузьмін і хтосьці яшчэ — ужо і не помню. Выступіў і Аляксей Марэсьеў, які выказаў удзячнасць беларускаму народу за яго бяссмяротны подзвіг у часы Вялікай Айчыннай.

...“Поле. Усяго некалькі соцень метраў паміж лесам і вёскамі. Позна ўвечары, калі сцямнее, мы пойдзем па гэтым нагрэтым майскім сонцам кавалку зямлі. Яго трэба пераадолець менавіта сёння, у ноч на 5 мая. Заўтра будзе позна, па дарозе прыйдзецца штурмаваць вёскі Новае Сяло, Паперына і шлях. Карнікі трывала замацаваліся там. Наперадзе цяжкі бой. Пасля агляду мясцовасці перадаю праз сувязных загад камбрыгам: штурм пачынаем па майму сігналу — дзве чырвоныя ракеты... Роўна ў 23.30 загадваю падаць сігнал да пачатку атакі. У неба адна за адной узлятаюць ракеты. Па полі перакочваецца баявы заклік: Ура-а-а-а!.. Ён расце, узнімаецца над зямлёй, запаўняючы ўсю прастору паміж лесам і вёскамі. Доўгія вогненныя струмені прашываюць начную цемру... Вораг люта адбіваецца. Наш агнявы вал натыкаецца на мацнейшы агонь. Грымяць выбухі гранат, з-за ўмацаванняў гітлераўцаў пачынаюць біць мінамёты, потым — гарматы. Усё зліваецца ў несупынны грукат і шум. Але ж партызаны працягваюць наступаць. Ніхто не кладзецца на зямлю, на яе падаюць толькі забітыя кулямі і асколкамі. Вораг не вытрымлівае нашага націску...”

Так у сваіх мемуарах “Партызаны прымаюць бой” успамінае Уладзімір Лабанок аб гэтым беспрыкладным у гісторыі Другой сусветнай вайны паядынку партызын з фашыстамі, сілы якіх у чатыры разы пераважалі сілы народных мсціўцаў.

/i/content/pi/cult/846/17992/23.jpgПраз пралом — да жыцця...

Мы павольна крочым па бетоннай дарозе, што нагадвае стралу, якой на ваенных картах пазначаліся кірункі галоўных удараў. Дарога, шырокая ў пачатку і вузкая ў канцы, агінае невялікае балотца, уздоўж якога ішлі ў атаку партызыны. Падыходзім да бронзавай рэльефнай карты з надпісам: “Схема абароны на 11 красавіка 1944 года” і чытаем: “Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых баёў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 года ля вёсак Пліна і Паперына ажыццявілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17 185 супраць 60 000. Мужнасць народа перамагла і стала бессмяротнай”.

Дарога, абапал якой размешчаны вертыкальныя бетонныя адкосы, вядзе да ўзгорка. Па меры набліжэння да вяршыні адхоны становяцца ўсё вышэй і вышэй. І нарэшце мы бачым дзве магутныя, нібыта разарваныя, адзінаццацімятровыя глыбы-пілоны — два кавалкі, здавалася, непахіснай сцяны са сколамі, якія падобныя да слядоў ад снарадаў і авіябомб. З вялізнай пляцоўкі адкрываецца лес, на ўскрайку якога збіраліся партызанскія сілы, і адкуль быў зроблены той самы рашучы марш-прарыў.

Паміж глыбамі мемарыяла — пераможна разгорнуты пралом, у якім у перспектыве праяўляецца сілуэт, як падаецца, невялікай скульптурнай фігуры. Набліжаемся да плошчы Памяці. Фігура становіцца буйнейшай, а контуры глыбаў паступова згасаюць. І вось на фоне васільковага неба і лясной зеляніны паўстае ў поўны рост у імклівым кідку дзевяціметровы бронзавы партызан з аўтаматам. Здаецца, вось толькі стрэлілі з ракетніцы, і ў страсным, нястрыманым парыве народны мсціўца рынуўся ў апошнюю атаку на ворага, каб прарваць пекла блакаднага кальца. Гармонія і цэласнасць гэтага вобраза заснаваны на адзінстве проціборствуючых рысаў; акрыленасць, імклівасць, унутраны агонь і строгасць форм. Парыў, непахіснасць і нязломнасць. Маналіт! Фігура абуджае ўяўленне, водгук, думку. Падобна сімфоніі, якая не мае канца. Падобна пачатку цудоўнай паэмы, абарванай на паўслове. Але мы ўжо захоплены моцнай сілай пасылу аўтара, мы ў палоне яго думак, настрою, хвалявання. І тут, перад скульптурнай фігурай, для нас відавочна — мастак ствараў яе ў стане душэўнага ўздыму, які і ёсць тое, што можна назваць прасвятленнем. І для тысяч людзей, і ўчора, і сёння, і заўтра, якія пажадаюць прыбыць сюды, гэты вобраз, яго моц і полымя, — сімвал гонару і воінскага доўгу, які скульптар увасобіў ідэю гераічнага выбару, адзінага выбару, годнага чалавека.

Націск пластыкі, падкрэсленая дынаміка дакладна знойдзеных, добра прапрацаваных аб’ёмаў і мас, унутранай сканцэнтраванасці рухаў, выразнасць сілуэта — вось што характэрна для гэтага мемарыяла. Цалкам апраўдваецца ўсталяванне скульптуры на нізкім п’едэстале, што стварае ілюзію руху і набліжае манумент да гледача. Хаця і не ва ўсіх зрокавых аспектах скульптура аднолькава пераканаўчая, пераважаюць удалыя ракурсы. Больш за ўсё мяне ўразіла яе франтальнае размяшчэнне. Выразны і поўны экспрэсіі левы профіль. Эмацыйна-пераканаўча ўспрымаецца помнік і з боку падыходу да яго.

/i/content/pi/cult/846/17992/24.jpg“Працуючы над скульптурнай фігурай, — расказваў Анатоль Анікейчык, — я імкнуўся зрабіць яе сімвалам жыццясцвярджэння, таму што ў самім прарыве, у тых пачуццях, якія вялі партызан на подзвіг, у бяссмяроцце, не было адчаю, безвыходнасці. Яны ішлі на смерць дзеля жыцця, дзеля таго, каб вырвацца з вогненнага кальца і зноў біць ворага...”

На доўгім і невысокім насыпу — абкладзеная дзёрнам Брацкая магіла герояў-партызан, якія загінулі ў час прарыву блакады. На ёй — 33 пліты з імёнамі народных мсціўцаў і мірных жыхароў. У дальнім баку магілы пад маладой бярозай — кампазіцыя “Апошні прывал” — тры бронзавыя карабіны ў пірамідзе і надпіс: “Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй”. Побач, на пагорку — дубовы гай: 16 дрэў сімвалізуюць 16 партызанскіх брыгад Лабанка, якія праславілі сябе ў жорсткіх красавіцка-майскіх баях.

Аўтары мемарыяла разам злілі вобраз і ландшафт. Сама прырода — поле, лес, балотца, рэчка — абумовіла патрэбныя маштабы планіроўкі і рытм усёй кампазіцыі і стала арганічнай часткай ансамбля. Іншымі словамі, у мемарыяле сімвалічна зліліся нязвыклыя мастацкія метафары: прарыва — страла, блакады — пралом, чалавека — абаронцы жыцця. Архітэктурна-скульптурны комплекс вялізны — яго акружнасць амаль чатыры кіламетры. Таму і навакольная мясцовасць да самага гарызонта, і высокае неба — таксама частка мемарыяла.

“...Рэжце гітлерацаў паганых”

Радкі Янкі Купалы “Партызаны, партызаны, беларускія сыны...” імгненна разыйшліся па ўсіх партызанскіх зямлянках беларускай зямлі. Веру ў высокую мужнасць народных мсціўцаў сцвярджалі тыя страсныя радкі: якім бы ні быў цяжкі, небяспечны і неспазнаны шлях наперад, людзі прайдуць праз яго. І Ушацкі мемарыял нясе тую ж думку.

Аднак, трэба прызнаць, сёння не ўсе людзі, асабліва маладое пакаленне, ведаюць сапраўдную гісторыю пра тое, што ж тады, у першай палове 1944-га, на самой справе адбылося на Ушаччыне. А было вось што. Вясной, калі Чырвоная Армія рыхтавалася да грандыёзнай Беларускай аперацыі “Баграціён”, на тэрыторыі трохкутніка Віцебск — Полацк — Лепель сканцэнтраваліся галоўныя партызанскія сілы Віцебшчыны. Толькі ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне ў студзені 1944-га дыслацыравалася 15 брыгад і адзін полк палкоўніка Садчыкава агульнай колькасцю больш за 17 тысяч чалавек на чале з Уладзімірам Лабанком. Гэта партызанская зона займала тэрыторыю больш за 3200 квадратных кіламетраў, на якой пражывала амаль 90 тысяч жыхароў гарадскіх пасёлкаў, вёсак і хутароў. А сама працягласць партызанскай абароны складала 2876 кіламетраў, уключаючы 25 — па беразе Заходняй Дзвіны.

І што вельмі адметна, на гэтай тэрыторыі, у шчыльным акружэнні ворага, з восені 1942 года існавала сапраўдная Савецкая ўлада! Па сутнасці, гэта была Партызанская рэспубліка, аналагаў якой я не ведаю нават у тых краінах, дзе антыфашысцкі рух быў вельмі значным, напрыклад, на Украіне ці ў Югаславіі.

/i/content/pi/cult/846/17992/25.jpgУ Полацка-Лепельскай зоне базіраваліся раённыя падпольныя райкамы партыі і камсамола, працавалі невялічкія заводы і прамысловыя прадпрыемствы, школы, бальніцы, млыны, тры электрастанцыі і два партызанскія аэрадромы для прыёму самалётаў з Вялікай Зямлі з грузамі харчавання, зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. Назад, у далёкія тылавыя шпіталі, вывозілі дзяцей, параненых і хворых. У баявых умовах працавалі кінааператары Маша Сухава (геройскі загінула ў баі), Іосіф Вейняровіч, Сямён Школьнікаў, Мікалай Пісараў, Ацілія Рэйзман.

Магутную ролю адыгрывала і журналістыка. З партызанскай друкарні выходзіла ў свет шэсць раённых і дзве шматтыражныя газеты. Рэгулярна друкавалася абласная газета “Віцебскі рабочы” (з 1943 г. — галоўны рэдактар Аляксей Крушынскі) — орган Віцебскага падпольнага абкама партыі. А колькі мільёнаў экзэмпляраў партызанскіх плакатаў і агітацыйных лістовак было выпушчана — ужо і не падлічыць.

Так атрымалася, што партызанская зона з’яўлялася бліжэйшым тылам буйной 3-й танкавай арміі вермахта пад камандаваннем генерал-оберста (генерал-палкоўніка) Георга Ганса Райнхарда, але партызаны не давалі немцам жыцця ні днём, ні ноччу: грамілі варожыя гарнізоны, хадзілі на вылазкі і падрывалі нямецкія эшалоны, устройвалі засады, мініравалі дарогі, знішчалі паліцаяў і іншую свалату. Немцы не раз рабілі напады на гэтую зону, але беспаспяхова. Не дасягнуўшы выніку да лютага 1944 года, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі “Веснавое свята” і “Дождж, што імжыць”. Для іх правядзення былі сабраны вялізныя сілы, уключаючы 17 палкоў СС, паліцыі і пяхоты, часці ахоўнай, авіяпалявой і запасной дывізій, шмат танкаў, самалётаў, гармат, броняпаязды, асобы карны батальён оберфюрэра СС Аскара Пауля Дырлевангера, які раней прымаў актыўны ўдзел у зверскім спальванні беларускіх вёсак Боркі і Хатынь. Тут жа была і так званая Народная брыгада брыгадэнфюрэра (генерал-маёра войск СС), здрадніка Браніслава Камінскага.

На прарыў!

Апошняя, пятая карная аперацыя пачыналася для фашыстаў удала. 27 красавіка кальцо акружэння наўкол партызанскай сталіцы Ушачы сціснулася да 20 кіламетраў. Гарадскі пасёлак давялося пакінуць. Да пачатку мая карнікам удалося ў заходнім кірунку выціснуць партызанскія брыгады за раку Ушача і цалкам блакіраваць іх у раёне Матырынскага лесу. Рубеж абароны партызан скараціўся да васьмі кіламетраў. У цесна заціснутай зоне ўзнікла крытычная сітуацыя. І тады камандаванне Полацка-Лепельскага злучэння вырашыла пачаць прарыў ў заходнім накірунку з выхадам з акружэння ў раёне Шаркаўшчыны. Але такая спроба таксама не ўдалася — прыйшлося адысці з вялікімі стратамі.

І партызанам нічога не заставалася, як ісці на новы прарыў. І ў ноч з 4 на 5 мая агнявая пастка была прарвана. Партызаны нанеслі моцны ўдар на поўдзень ад вёсак Паперына — Пліна — Новае Сяло, выйшлі з акружэння і ўдала вывелі за сабой каля 15 тысяч жыхароў, сярод якіх было шмат старых, жанчын, дзяцей і параненых.

Такім чынам, за 25 сутак гераічнай абароны партызанскія брыгады здолелі супрацьстаяць маштабнай вайскавой аперацыі карнікаў, якія страцілі больш за 8 тысяч салдат і афіцэраў загінуўшымі і 13 тысяч — параненымі, таксама 59 танкаў, 123 аўта- і бронемашын, 22 гарматы, 2 самалёты. Аднак і нашы страты былі вялікія. Загінулі Героі Савецкага Саюза камбрыгі Аляксей Данукалаў і Павел Раманаў і яшчэ некалькі камбрыгаў і камісараў брыгад, каля двух тысяч радавых байцоў. У ходзе і пасля аперацыі карнікі, мабыць, у адплату за няўдачу, расстралялі амаль 7 тысяч мірных жыхароў, спалілі дашчэнту некалькі вёсак і захапілі для вывазу ў Германію 11 тысяч чалавек. Хіба гэта не генацыд?

З легендарным партызанскім прарывам у народнага артыста Беларусі, ушаччаніна Генадзя Гарбука былі свае стасункі. Пра гэта ён мне распавёў у час апошняга з ім інтэрв’ю ўвосень 2016 года. Дзесяцігадовым хлопчыкам ён разам з мамай, братам і татам — партызанам брыгады імя Чапаева — прайшоў праз вогненную заслону і цудам застаўся жывы. “Добра памятаю, як той ноччу сядзелі ў балоце, а на досвітку кінуліся разам з ўсімі ў вогненнае пекла — той “салют” з трасіруючых куль застаўся ў вачах на ўсё жыццё. Як ніколі не сцерці іншыя ўспаміны тых дзён. Праз суткі пасля прарыву размясціліся на начлег пад елкай, і я ўбачыў пад бліжэйшымі дрэвамі каля двух дзясяткаў мужчын: “Мама, партызаны спяць! Гэта ж небяспечна, трэба іх разбудзіць!” — крыкнуў я і пабег у той бок, не зважаючы на матуліна “Генка, стой!” А разгледзеўшы “спячых”, закрычаў ад жаху — ва ўсіх былі крывавыя палосы на горле: так немцы дабівалі параненых…

А самы шчаслівы мой успамін — момант вызвалення вёскі. Пачуў, што ў бок поля бягуць людзі. Ведаў, што гэта немцы — па характэрным гуку: “ляпанні” касак і скрыняў з процівагазамі, якія звычайна віселі ў іх побач на поясе. А хутка да поля падышлі двое ў форме, і ў мяне сэрца ёкнула — няўжо нашы? Падмацаваў здагадку рокат з боку вясковай дарогі, дзе ўжо паказаліся танкі Т-34. Колькі ж радасці было ва ўсіх! З нашай вёскі на фронт чалавек 40 пайшло, а вярнулася, можа, пяцёра… А таму Дзень Перамогі для мяне самае галоўнае свята...”

Так ці інакш, прыкметна парадзелыя партызанскія брыгады, якія выйшлі з блакады, захавалі баяздольнасць, і ўжо праз месяц у радах Чырвонай Арміі гналі ворага з беларускай зямлі. Дайшоў да Берліна і ўзняў разам з малодшым сяржантам Мелітонам Кантарыя пераможны сцяг над Рэйхстагам будучы Герой Савецкага Саюза сяржант Міхаіл Ягораў — удзельнік ушацкага Прарыва, разведчык праслаўленага палка Івана Садчыкава.

Баявым алоўкам...

Хачу сказаць некалькі слоў пра лясную карцінную галерэю, якая існавала ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне — проста ўнікальны выпадак у гісторыі Другой сусветнай вайны. Яна ўзнікла ўвосень 1942 года пры штабе брыгады Фёдара Дуброўскага (партызанскі псеўданім “Дубаў”) і праіснавала амаль два гады. Яе арганізатары — мастакі: кулямётчык Мікалай Гуціеў, будучы заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, і разведчык Мікалай Абрыньба, будучы заслужаны мастак РСФСР. У галерэі пастаянна экспанаваліся зменныя экспазіцыі невялічкіх карцін, натурных партрэтаў партызан, малюнкаў і акварэляў пра баявое жыццё народных мсціўцаў, плакаты, антыфашысцкія сатырычныя шаржы і гэтак далей. Папулярнасць гэтай галерэі сярод партызан была неймавернай.

Амаль побач, у 4-м батальёне 16-га Смаленскага партызанскага палка асобага прызначэння Івана Садчыкава, таксама працаваў адказным сакратаром партызанскай газеты “Народны мсціўца” кулямётчык Віктар Грамыка, будучы народны мастак Беларусі.

З палкоўнікам Іванам Фёдаравічам Садчыкавым я быў знаёмы, разам у 1972 годзе ляжалі ў адной палаце 3-й клінічнай бальніцы імя Клумава горада Мінска. Ён даведаўся, што я працую разам з Грамыкам у Саюзе мастакоў (Віктар Аляксандравіч тады ўзначальваў гэтую творчую арганізацыю), і на працягу некалькіх дзён ахвотна расказваў і пра нейкія эпізоды гераічнай біяграфіі мастака, і пра тое, як у пачатку мая 1944-га разгортваліся драматычныя падзеі ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. Многае, канешне, з таго, што ён мне нагаварыў, забылася. Хаця найбольш яркія моманты з баявой біяграфіі Садчыкава, кавалера ордэнаў Леніна, двух — Чырвонага сцягу і Айчыннай вайны 1 ступені, помню. Скажу толькі, што менавіта яго полк у ноч з 1 на 2 мая, за тры дні да поўнага прарыва фашысцкай блакады, знішчыў тры нямецкіх гарнізоны, якія размяшчаліся ў вёсках Маторына, Новае Сяло і Паперына. Пазней мне пра гэта і пра шмат іншае расказаў і сам Віктар Грамыка...

У саміх Ушачах вось ужо паўстагоддзя працуе Музей народнай славы імя У.Е.Лабанка — таксама своеасаблівы помнік гераізму партызан Ушаччыны і слаўнай біяграфіі гэтага краю. Мемарыял “Прарыў” з’яўляецца яго філіялам. Для наведвальнікаў ён быў адкрыты 7 лістапада 1970 года. Я туды тройчы прыязджаў, шмат меў зносінаў з першым яго дырэктарам, вельмі цікавым краяўзнаўцам Кірпічом. Трошкі пазней на галоўным фасадзе музея размясцілі манументальную кампазіцыю “Прарыў” Юрыя Любімава. А Уладзімір Крываблоцкі зрабіў у вестыбюлі роспісы, прысвечаныя гераічнай Ушаччыне: “Хлеб партызанскі”, “Вызваленне”, “У імя жыцця на зямлі”, “Фашызму не прайсці” і “Крах фашызму”, за якія аўтар атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі.

Ля вечнага агню

Прайшлі гады. Але вобраз “Прарыва” зусім не састарэў, не страціў сваёй гістарычнай і мастацка-эстэтычнай значнасці. І, па-ранейшаму, стаіць у ліку такіх выдатных нацыянальных помнікаў, як Хатынь, Брэсцкая крэпасць-герой і Курган Славы.

Увосень 2014 года на мемарыяле з’явіліся першыя адзнакі разбурэння. І дзяржаўныя ўлады ў адзін момант узяліся за справу. Навуковым кіраўніком праекта рэстаўрацыі і рэканструкцыі быў зацверджаны заслужаны архітэктар Беларусі Юрый Градаў, адзін з аўтараў мемарыяла. На жаль, яго творчых сабратоў ужо не было ў жывых: Анатоль Анікейчык памёр 3 лютага 1989 года, Леанід Левін — 1 сакавіка 2014 года.

І вось прыйшоў час, калі не страціўшы першапачатковай канцэпцыі, помнік набыў новы твар. З’явіўся невялічкі вадаём-азярцо, у якім вельмі прыгожа ў любое надвор’е адлюстроўваецца роднае беларускае неба над Ушачамі; удала ўпісаліся ў мемарыял Вечны Агонь у центры верхняй плацоўкі, складаныя сістэмы дэкаратыўнага падсвечвання, імправізацыйныя партызанскія зямлянкі, друкарня, лясная школа. Была беражліва рэстаўравана і сама дынамічная фігура Партызана. Акрамя таго, з’явілася стацыянарная выстаўка ваеннай тэхнікі — танкі, зеніткі і БТРы, у тым ліку “саракапятка” — была падобная супрацьтанкавая гармата каля штаба Лабанка. Больш манументальнымі сталі пліты з імёнамі загінуўшых, праміж імі з’явіліся зоркі — месцы для ўскладання вянкоў.

Словам, пасля рэканструкцыі паўстаў у мініяцюры рэальны адбітак партызанскага быту, адноўлены па дакументах, фотаграфіях, малюнках тых гадоў. Велічны мемарыял быў урачыста прадстаўлены васьмі тысячам наведвальнікаў 9 мая 2016 года, якія ў Дзень Перамогі прыбылі на Ушаччыну з усіх куткоў Беларусі і замежных краін. І ён па-праву ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"