Калі вершы натхняюць на жывапіс

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Выстава-трылогія паэта і мастака
Музей бітвы за Днепр у Лоеве прэзентуе выставу жывапісных работ лоеўскага мастака Уладзіміра Бабраўнічага “Па наказе сэрца”. Праект складаецца з трох частак. У першай “Змярканне” — краявіды Лоеўшчыны, у другой “Тут грымелі…” мастак дзеліцца роспаччу роднай вёскі, спаленай падчас вайны і адбудаванай руплівымі вяскоўцамі. Трэцяя частка называецца “Аўтапартрэт. Пралессе, вечар…” Тут сабраны відарысы Лоева і выявы людзей, а таксама аўтапартрэт самога мастака, зусім маладога.

/i/content/pi/cult/846/17991/20.jpgСамадзейны паэт, натхнёны мастак, закаханы ў свой родны куток Лоеўскага краю… Вёска Ваўкашанка, Уборак, палеткі дый узгоркі, пералескі ды раўнінныя палі з дзяцінства натхняюць лоеўскага творцу…

Тут, у невялічкай — цяпер гэта, бадай, ужо хутар — старадаўняй вёсцы Ваўкашанка на Брагінцы 69 гадоў таму ў сям’і Бабраўнічых нарадзіўся хлопчык… Тут пачаўся і ягоны жыццёвы шлях, а таксама шлях творчы, калі ва ўзросце 15 гадоў малады хлапчук з уборкаўскай школкі стаў дыпламантам Рэспубліканскай выставы выяўленчага мастацтва “Беларусь, мая песня!” І гэта быў толькі пачатак творчай “кар’еры” — кар’еры доўгай, няпростай, месцамі складанай, але заўжды шчырай.

А ягоная кар’ера — гэта так і няскончаны Маскоўскі абласны педагагічны інстытут імя Надзеі Крупскай, дзе да арміі на завочным аддзяленні жывапісу навучаўся студэнт Уладзімір. І працяг навучання — ужо ў паармейскім жыцці, — у вечаровай школе жывапісу пры літоўскім Дзяржаўным мастацкім інстытуце ў Вільнюсе, куды лёс закінуў нашага героя ў маладыя гады.

/i/content/pi/cult/846/17991/21.jpgДарэчы, там жа, у Вільнюсе, у мурах мастацкай школы і мелася першая персанальная выстава маладога творцы. Цяпер гэтыя муры — Вільнюская акадэмія мастацтваў. Адна са старэйшых навучальных устаноў Сярэдняй Еўропы, яна бярэ пачатак ад заснаванай у 1793 годзе пры Галоўнай школе Вялікага Княства Літоўскага кафедры архітэктуры, а сама Галоўная школа — ад Віленскага ўніверсітэта, вядомага з 1579 года.

У другой палове 1970-х гадоў малады мастак вярнуўся на радзіму. Стаў працаваць ва Уборкаўскім сельскім клубе. Тут у 1978 годзе ён арганізаваў і ўзначаліў першы самадзейны гурт, у які прыйшлі ўборкаўскія пасяляне. З імі фальклорны калектыў не проста выступаў на сцэнах роднага клуба, а з 1984 года — ужо новаадбудаванага Дома культуры, і клубных сцэнах раёна ды вобласці. Яны збіралі самабытныя скарбы народнай традыцыі Лоеўшчыны ды паказвалі яе ўсяму свету.

Тады ж, у 1980 годзе, была праведзеная і першая персанальная выстава Уладзіміра Бабраўнічага на роднай Лоеўшчыне…

Таму і не дзіва, што ў 1988 годзе ўборкаўскі Дом культуры пад кіраўніцтвам нашага героя перамог ва ўсесаюзным конкурсе — звычайны ДК, яшчэ не так даўно вясковы клуб у цеснай хаціне, — заняў першае месца.

“Новы будынак — новыя перспектывы і новыя магчымасці!” — напэўна, так меркаваў тады яшчэ малады кіраўнік мясцовай культуры, калі ствараў пры сваім ДК і першы на Лоеўшчыне Цэнтр народных рамёстваў. Утвараліся і новыя гурткі, студыі… Шмат чаго паспеў стварыць Уладзімір Бабраўнічы і на пасадзе кіраўніка Дома культуры за 38 гадоў.

Але за “адміністрацыйнымі” клопатамі ды турботамі не забываўся ён і на ўласную творчасць, якая не абмяжоўвалася мастацкай самадзейнасцю “клубніка”. Хаця ён ужо і даўно на пенсіі — з 2006 года, — але як ніколі не адпачываў, так і цяпер працягвае плённа тварыць і творча працаваць. Дагэтуль спадар Уладзімір піша карціны — самадзейна і захапляльна, шчыра аддаючыся творчасці ўсёй душой і думкамі.

Піша ён і вершы, паэмы, часта выступае на творчых сустрэчах, паэтычных вечарынах, сходах аматарскіх аб’яднанняў. Шматзначна выходзіць, калі свае вершы чытае на фоне жывапісных выстаў, аўтарам якіх ён сам і з’яўляецца.

Дый нашая сённяшняя мастацкая выстава “Па наказе сэрца” шмат у чым таксама натхнёная вершамі Уладзіміра Бабраўнічага — рыфмы любові да Лоеўшчыны, гісторыі роднага краю дый гісторыі Беларусі тонка пераплеценыя з сюжэтамі на палотнах майстра. Кожны сам можа гэта пабачыць, калі завітае ў любую з трох “секцый” выставы-трылогіі.

Ксенія СЯМАШКА, дырэктар Музея бітвы за Днепр у Лоеве