Чалавек, які любіць

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Як убачыш дзе свежыя яскравыя фота з народнага вясковага свята, дык хутчэй за ўсё аўтарам іх будзе Альфрэд МІКУС
Гэты мінскі фатограф за мінулыя гадоў пяць аб’ездзіў усю Беларусь, стварыў проста летапіс традыцыйных беларускіх свят і абрадаў, зафіксаваў многае з таго, што набыло і набывае ў нас статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. І прыгожыя фотаальбомы, і навуковыя, і асветніцкія выданні — усе з фатаграфіямі Альфрэда Мікуса. Стаж у гэтай прафесіі ў параўнанні з мэтрамі ў яго і не такі вялікі, усяго гадоў дзесяць. Але ж і перамог на прэстыжных міжнародных конкурсах ужо больш за многіх — а прынеслі іх якраз работы, створаныя ў беларускай глыбінцы. Як знайшлася “свая” тэма, чаму атрымліваецца здымаць такіх прыгожых людзей, пры чым тут любоў — гутарым з вядомым майстрам.

/i/content/pi/cult/846/17990/18.jpg— Як так сталася, што вы захапіліся здымкамі менавіта народных свят і абрадаў і за некалькі гадоў ажно сталі аўтарытэтам у гэтай галіне?

— Мне ўсё гэта блізка, я і сам у вёсцы нарадзіўся — у Пружанскім раёне, жыў там у маленстве. Але як фатограф уцягнуўся гадоў шэсць таму, калі ажаніўся з маёй цяперашняй жонкай: яна працуе ў раённай газеце ў Паставах, і я ездзіў разам з ёй па вёсках, здымаў. А там вельмі цікавыя мясціны, і людзі адметныя. Я бачыў, як адыходзіць эпоха, — асабліва калі прыязджаў куды другі раз, трэці: старыя паміралі, носьбітаў абрадаў станавілася ўсё меней ці не заставалася зусім. Але ж тыя, з кім сустракаўся, усе былі такімі кранальнымі, такімі сапраўднымі — я вельмі прасякнуўся менавіта самімі людзьмі.

Дарэчы, на міжнародных фотаконкурсах па ўсім свеце якраз гэтыя мае работы мелі найбольшы поспех, выклікалі непадробную цікавасць. Я зразумеў, што трэба здымаць, трэба фіксаваць — больш такога не будзе. І вось пяць гадоў я шчыльна займаюся гэтай тэмай, і не надакучвае. Хоць і розныя іншыя праекты раблю — нядаўна прадстаўляў у фотаклубе “Мінск”, у які ўваходжу, сваю новую выставу “Сам-насам у прыродзе” з грыфам “18+” — прыгожая жанчына, лес. Але народныя святы, абрады, вёскі — гэта тое, што найбольш вабіць, і тое, чым я пачынаў займацца не для заробку, а менавіта па натхненні, па любві. Апошнім ужо часам мае здымкі можна пабачыць шмат дзе — у СМІ, у фотаальбомах розных, у спецыяльных выданнях. А бортнікаў у Лельчыцкім раёне, напрыклад, я чатыры гады запар здымаў проста таму, што цікава: ездзіў за свае грошы, на сваёй машыне, хоць край і няблізкі. Напрыканцы мінулага года знайшлося фінансаванне, і з’явілася цудоўная кніга “Бортніцтва — сувязь часоў”, у якой каля чатырох сотняў маіх кадраў. Тады ж у снежні UNESCO уключыла “Культуру бортніцтва” (сумесную намінацыю Беларусі і Польшчы) у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, і цяпер дае грошы на стварэнне яшчэ аднаго выдання: у нас будзе вялікая экспедыцыя разам з экспертамі UNESCO.

/i/content/pi/cult/846/17990/19.jpg— Ці можна сказаць, што цяпер вы асноўны летапісец ародных свят у Беларусі?

— На гэтай тэме праславілася нямала знакамітых фатографаў — той жа Анатоль Кляшчук, Аляксей Сталяроў, іншыя. Я ў параўнанні з імі зусім нядаўна да яе звярнуўся: Анатоль Кляшчук, напрыклад, гадоў сорак ужо здымае. Ды й проста ў прафесійнай фатаграфіі я ж не так даўно — гадоў дзесяць толькі. Здымаў, канешне, і раней, заўсёды здымаў, у якасці хобі. А так — займаўся сваім невялічкім бізнесам, які ўрэшце прыкрыў. Але зараз я, можа, найбольш актыўны фатограф, у колькасці здымак са мной складана паспрачацца. Вось літаральна за апошні тыдзень-два пабываў у Любанскім раёне, у Салігорскім раёне ў вёсцы Гаўрыльчыцы здымаў даволі рэдкі веснавы абрад “Закалыхванне”: там у цэнтры падзеі арэлі — “калыска”, на якой закалыхваюць дзяцей, каб былі здаровыя, і незамужніх дзяўчат, каб знайшлі пару.

Увогуле, за год у мяне бывае каля 50 выездаў. Праўда, не толькі на народныя святы. Яшчэ я супрацоўнічаю з Нацыянальным агенцтвам па турызме, атрымліваецца наведаць такія месцы, куды проста так і не трапіш. Зусім нядаўна на “Барысаўдрэве” адзняў увесь працэс вырабу запалак — надзвычай захапляльна! Ці знакаміты гранітны кар’ер у Мікашэвічах з яго неверагоднымі краявідамі.

— На вашых фотаздымках вясковыя людзі атрымліваюцца прыгожымі і цікавымі, і колькасць зморшчын на іх тварах гэтаму не перашкаджае…

— Мабыць таму, што я ўсіх іх люблю. Калі пачаў здымаць абрады, якраз і ўразіўся вялікай колькасці прыгожых людзей — асабліва гарачыя эмоцыі былі ад старых, я імі захапляўся. Як вяртаўся з якіх-небудзь здымак, дык нават сумаваў першыя дні, бо ўжо прывязваўся да сваіх герояў. Я “дзяўчонкам” так і казаў, як прыходзіў час развітвацца: “Я ў вас закахаўся, і цяпер некалькі дзён буду пакутваць”. “Дзяўчонкамі” я і бабулек называю. (смех) І яны, адчуваючы мае добрыя пачуцці, з даверам да мяне ставяцца, разнявольваюцца. Таму і атрымліваюцца такія жывыя, шчырыя фатаграфіі.

Я не вышукваю бруду. Нават калі бедненька, не вельмі чысценька і не вельмі радасна, у мяне ўсё атрымліваецца прыгожым. Як я заўсёды кажу: “Нехта бачыць у лужыне бруд, а нехта — адлюстраванне неба і сонца”.

— Мабыць, такі характар у вас і па жыцці, вы ўвогуле “чалавек-свята”?

— Так і ёсць. Я не люблю здымаць гора, пакуты. Неяк працаваў па замове швейцарскага Чырвонага крыжа, разам з экспертамі тры месяцы ездзіў па Сербіі, Босніі і Герцагавіне, Балгарыі. І былі мы ў такіх мясцінах, дзе мне складана даваліся здымкі, калі я бачыў, як бедна жывуць людзі, што ядуць, чым хварэюць.

— А ў нашых вёсках вы такога не заўважаеце?

— І заўважаю, і разумею, чаму так, а не гэтак. Але ўсё роўна — хачу паказаць не беднасць ці нездароўе, а душу, духоўнае багацце гэтых людзей, іх мудрасць, іх гісторыю. А колькі разоў яны мяне здзіўлялі сваім жыццялюбствам! Вось едзеш у нейкую далёкую-далёкую вёску, да якой і дарогі не знойдзеш, прыязджаеш — дамоў 80, а жывуць тры бабкі. Заходзіш у хату і ў размове пытаешся ў старой гаспадыні: “А вы хоць у райцэнтр калі выбіраецеся? Да сельсавета ўдаецца дабрацца, ці так у хаце і сядзіцё?” — загадзя ўжо з усім спачуваннем пытаешся. А ў адказ чуеш: “А чаго ж, дзетачка, мне не выбірацца? Я толькі тры дні як з Люксембурга вярнулася”, — у яе там дачка, унукі.

У Пастаўскім раёне я штогод здымаю адну і тую ж жанчыну, сёлета ёй будзе 103 гады, яна гаворыць толькі па-польску. Здымаў, як ёй было 99, потым 100, 101, 102… А яна яшчэ дыванкі розныя пляце з цэлафанавых пакетаў. І вось прыязджаю чарговы раз — няма бабкі ў хаце! Шукаю, і знаходжу ў падпаветцы, дзе яна нажоўкай піліць сабе дровы!

А як не расчуліцца ад такой гісторыі: узімку ў адну пастаўскую вёску ледзь прабіўся, снегу па калена было — з жонкай на інтэрв’ю паехалі. Дабраліся нарэшце, а на стале мандарынкі, свежы вінаград. Пытаюся — адкуль жа гэта ўсё? А гаспадыня і кажа: “Я дзеда на веласіпедзе ў магазін паслала, а то прыедуць журналісты з горада, а ў нас на стале нічога няма”. А гэта 12 кіламетраў ад вёскі. Як? Настолькі мяне ўражваюць падобныя моманты, што я ледзь не плачу часам.

І там, дзе не першы раз бываю, бабулькі мяне любяць — “Алічак, Алічак”, і ўсе клапоцяцца, падкармліваюць, пакуначкі збіраюць з агародаў. І я сам, калі еду куды міма, дык да знаёмых, здараецца, заязджаю, а да бабы Каці ў вёску Пагост Жыткавіцкага раёна, дзе “Юраўскі карагод” ладзяць, дык абавязкова. Даўно яе ведаю, бачу, як з гадамі ёй усё цяжэй, і дзяцей пахавала. Набяру мех якіх
прадуктаў ды звярну з дарогі чаю папіць разам. І яна ў адказ: “Ведала, што прыедзеш, падрыхтавалася — вось і табе падаруначак”. А ў ім пад 80 градусаў! (смех)

— Цяпер кожны, маючы смартфон, адчувае сябе фатографам, але ж калі гаворка ідзе пра мастацтва фатаграфіі, то далёка не ўсё так проста. У вас гісторыя даволі хуткага поспеху: вы толькі вырашылі заняцца справай на прафесійным узроўні, і адразу пачалі перамагаць на самых буйных, самых значных фотаконкурсах у свеце, вашае імя цяпер вядомае ад Амерыкі да Азіі. І ўсё ж — вучыцца давялося.

/i/content/pi/cult/846/17990/Kultura-16-page-13S.jpg— І нямала. Святло я сапраўды адчуваю, нават з такога пункту погляду, што сам па адукацыі фізік-матэматык. Але для прафесійнай працы ведаў не хапала, і я пайшоў на гадавыя курсы практычнай фатаграфіі ў Акадэміі мастацтваў, дзе сярод іншых нам выкладаў адзіны ў Беларусі кандыдат навук па тэарэтычнай кампазіцыі Уладзімір Голубеў. Камусьці было няпроста, а я, фізік, разабраўся даволі хутка — з залатым сячэннем, тэорыяй святла, тэорыяй позірку і гэтак далей. У фотаклубе “Мінск” мэтры мяне потым нават крытыкавалі — маўляў, мае работы настолькі правільныя і бездакорныя, што душы не адчуваецца. І тады я пачаў крыху збіваць кампазіцыю, каб атрымлівалася больш жыва. Вучыўся яшчэ і пры Саюзе дызайнераў у знакамітага фатографа Вадзіма Качана, у міжнароднай школе ў расійскага фотадакументаліста Ігара Мухіна.

Першыя вялікія перамогі пачаліся яшчэ ў 2013 годзе, калі я тры ўзнагароды прывёз з прэстыжнага міжнароднага конкурсу Humanity Photo Awards у Кітаі, што ў той год праводзіўся сумесна з UNESCO. Да мяне з Беларусі толькі адзін фатограф там перамагаў — Андрэй Лянкевіч з праектам “Паганства”. Пасля наш старэйшы фатограф з Магілёва Васіль Цітоў заахвоціў мяне пачаць удзельнічаць у конкурсах FIAP — Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва. А сам Васіль мае высокае званне афіцэра FIAP. Я паспрабаваў, і праз нейкі час пайшлі ўзнагароды, і нямала: без залішняй сціпласці, мяне можна назваць самым медальным фатографам Беларусі, гэтымі прызамі два сталы заваленыя. (смех) Ёсць сярод іх і такая каштоўная ўзнагарода, як залаты медаль Фатаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі, які вельмі рэдка каму-небудзь уручаецца, — а ў мяне іх два. Я ўжо атрымаў пажыццёвае званне артыста FIAP, валодаю карткай, што дае права па ўсім свеце бясплатна карыстацца выстаўкамі, музеямі і іншым падобным… На тым я з конкурсамі вырашыў завязаць — ужо даказаў сабе, што чагосьці варты як фотамастак. Цяпер мяне запрашаюць у якасці суддзі.

— Вяртаючыся да народных свят і абрадаў — ці ўсе існыя ў Беларусі вы ўжо адзнялі? Ці маеце свае прыхільнасці?

— Асноўныя, больш-менш вядомыя, ёсць усе, і многія не па адным разе. Вось зусім нядаўна ўпершыню здымаў масленічнае “Пахаванне дзеда” ў музеі ў Строчыцах пад Мінскам, дык тыя фота нарабілі трохі шуму. У арыгінале абрад — з Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці, ад Мінска кіламетраў 400, і я ніяк не даеду. А тут у Музеі народнай архітэктуры і побыту вырашылі зрабіць рэканструкцыю. Маркоўка ў дзеда прыцягвала, канешне, увагу публікі. (смех) Але бывае цяпер і так, што ледзь не для мяне аднаго абрад ладзяць. Згадваю гісторыю з напаўжывой ужо вёскі Ахонава ў Гродзенскай вобласці, якая мае свой адметны абрад на Юр’я. Сутнасць традыцыі ў тым, што сяляне хадзілі па хатах, дзе нарадзілася дзіця, гаспадыня хаты кідала ім пояс, а госцікі павінны былі яго разарваць, каб дзіця было здаровенькім. Але ж у гэтай вёсцы дзяцей ужо няма! То прыдумалі — а пойдзем да Пятроўны, яе ўнучка ў Германіі сына нарадзіла! І смешна, але ж і сумна.

/i/content/pi/cult/846/17990/Kultura-16-page-1S.jpgСамыя жывыя гэта, канешне, палескія святы. Я вельмі люблю тыя мясціны, і акрамя свят там многа цікавага. Але ж, мабыць, любімае маё месца — Любаншчына, з Сяргеем Выскваркам з Любанскага раённага цэнтра культуры я сябрую. У яго па раёне каля 20 калектываў, і ўсе такія прыгожыя, душэўныя. Мы рабілі з імі вялікі фотаальбом, і яшчэ маем пэўныя, досыць грандыёзныя планы. Сяргей Выскварка ж такі малайчына, цяпер на Любаншчыне столькі ўсяго цікавага — і калектывы народныя, і майстры, і фестываль “Пятровіца”, і Дом хлеба яны ў Жораўцы зрабілі!

— Пра што яшчэ марыце ў прафесіі?

— Можа, я такі прыземлены чалавек, але пра што мару, тое і дазваляю сабе зрабіць. (смех) Мару, каб больш было прыгожых фотаальбомаў, каб фатаграфіі заставаліся людзям на памяць, каб праца мая была недарэмнай.