Яго анёльскі голас, як сімвал Беларусі...

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Гаворым “Леанід Барткевіч” — і першая асацыяцыя, што ўзнікае побач з гэтым імем (самая верная, як лічаць псіхолагі), вядзе да ансамбля “Песняры” ў яго колішнім мулявінскім складзе. І наадварот: гаворым “Песняры” — і ў памяці паўстае голас Барткевіча.

/i/content/pi/cult/846/17988/16.jpgГолас — кодавае, знакавае слова, звязанае з імем гэтага спевака-“песняра”. Сёння такой назвай — “Голас” — пазначаны шматлікія эстрадныя шоу, яно растыражавана да памераў стадыённых арэн. Калі ж дакапацца да сутнасці, стане зразумела надзвычай асабістае адценне самога слова: голас — штосьці цалкам індывідуальнае. І калі чалавечая асоба ідэнтыфікуецца нават не па рысах твару ці фігуры, а менавіта па сваім голасе, гэта ўзнімае голас да ролі своеасаблівага “мастацкага пашпарта”. У дачыненні да Леаніда Барткевіча, гэта “дакумент” не толькі канкрэтнага артыста, а ўсёй эпохі, шчодра напоенай “Бярозавым сокам”.

Так-так, яго голас успрымаўся на смак, у ім быў водар “Белавежскай пушчы”, зачараванне, ажно да прамяністых адбіткаў у вачах, дзявочай прыгажосці — “Александрыны”, “Веранікі”. У ім была сама Беларусь — паводле песеннага тэксту, не проста рэспубліка, краіна, а “Маладосць мая — Беларусія”.

Здавалася б, адкуль такое адчуванне беларускасці?.. А тут — анёльскі голас як сімвал Беларусі. Пры тым, што кожны этнамузыказнаўца вам скажа: спевы ў беларускім фальклоры здаўна былі прэрагатывай жанчын. А мужчынскі спеўны калектыў? Так, дзесьці там у мінулыя стагоддзі, у царкве. Але ж старадаўняя хрысціянская культура не магла быць сімвалам Беларусі як тагачаснага асяродку атэізму! Што ж тады?

На маю думку, чароўны голас Леаніда Барткевіча ўвабраў у сябе адразу дзве розныя, ледзь не супрацьлеглыя традыцыі — і дзівосным чынам сумясціў іх у адну, што стала традыцыяй ужо цяперашняга часу беларускай эстрады.

Адна традыцыя — гэта згаданыя жаночыя спевы. Дзявочыя галасы ахопліваюць сярэдні і верхні рэгістры, не закранаюць ніякіх басовых нотак. Нават самы нізкі жаночы голас ніколі не дасягне той басовай глыбіні, што падуладна мужчынскім спевам. А яшчэ ў фальклоры выкарыстоўваецца іншая спеўная манера — зусім не акадэмічная з яе “закругленымі”, пазбаўленымі вастрыні гучаннямі. Таму і атрымліваецца такая яркая агульная аўра, быццам азораная нечаканым сонечным ззяннем пасярод тумановасці.

Уладзімір Мулявін інтуітыўна адчуў гэта і ўвасобіў у сваіх “Песнярах”, зрабіўшы акцэнт не на аўтэнтыку, а на сваё ўласнае бачанне беларускай спеўна-фальклорнай традыцыі і яе далейшае развіццё. У голасе Леаніда Барткевіча была тая самая фарба, здольная імгненна патрапіць у сэрцы прыхільнікаў, але з новым адценнем — мужчынскім. І гэта яднала беларускі фольк з… хлапчуковымі анёльскімі спевамі, што ствараюць вялізныя пласты старадаўніх еўрапейскіх традыцый.

Высокі мужчынскі голас, падобны да спеваў анёла, пашыраў змест саміх песень. Праз гэта яны атрымлівалі не толькі папраўдзе боскую прыгажосць выканання, але і закраналі незаўважныя ў тэксце духоўныя спасылкі. За кожнай дзяўчынай ці жанчынай, пра якую спявалася, паўставала аблічча мадонны. Маці Боскай. Ці проста маці — цяперашняй ці будучай, шчаслівай ці няшчаснай, з народжаным ці ненароджаным, забітым дзіцём. Усё гэта дзесьці на ўзроўні слухацкай падсвядомасці стварала сімвал высокага духоўнага пачатку, закладзенага ў біблейскія ісціны.

Голас Леаніда Барткевіча спяваў пра жыццё і каханне, хай і насуперак смерці. І гэты, здавалася б, цалкам свецкі паварот, аказваўся адухоўлены народна-нацыянальнымі і адначасова біблейскімі павевамі, тэмай жанчыны — каханай, маці, радзімы. Вымушаў кожнага згадваць штосьці сваё. І быў зразумелы не толькі ў Беларусі ці ўсёй савецкай прасторы, але і далёка за межамі — па ўсім свеце. Бо закранаў вечныя ісціны.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"