Класікі як класікі, а моладзь уключыла крэатыў...

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Фестываль скульптуры Беларускага саюза мастакоў падвёў вынікі
Яшчэ працуе шэраг з адкрытых пляцовак, але галоўныя падзеі былі сканцэнтраваны, безумоўна, у Палацы мастацтва. І не толькі таму, што там — самая вялікая колькасць паказаных твораў (каля 150) і прадстаўленых аўтараў (каля 60). Гаворка ідзе не проста пра агляд усяго напрацаванага за апошнія гады, а пра тэндэцыі, якія выразна выявіліся падчас падрыхтоўкі і экспанавання.

/i/content/pi/cult/846/17983/12.jpgМы ўбачылі нечакана шырокую творчую геаграфію скульптуры, бо цікавасць да пластыкі вызначае ўсе рэгіёны краіны. Плённа працуе з матэрыялам і вобразамі Уладзімір Панцялееў у Гродна. На стыку канцэптуальнага, авангарднага і дэкаратыўна-дызайнерскага накірунку паказвае сябе прагны да эксперыментаў Віцебск — варта згадаць цікавы асобны павільён твораў Сяргея Сотнікава. Застаецца верным даследаванню ўласнага свету ў аўтарскай пазнавальнай манеры Андрэй Вараб’ёў з Магілёва. Не засталіся незаўважанымі работы Уладзіміра Ламейкі з Салігорска, зробленыя ў адметнай народнай стылістыцы з шамоту і дрэва.

Нечакана на скульптурны аб’ём выйшаў Пётр Кузьміч з Брэста, адметнасцю твораў якога стала у прамым сэнсе ювелірная адточанасць кожнай дэталі.

Адметна, што ўсе мастакі працуюць у матэрыяле. Калі гэта не бронза, то сілумін, дрэва, шамот, палімер альбо аўтарская тэхніка. Да скульптуры натуральна далучыліся арт-аб’екты, сэнсава і фармальна разгарнуўшы межы традыцыйнай пластыкі. Кожны прадстаўлены твор — эксперымент, спроба вызначыць новыя накірункі ў тэхніцы, стылістыцы або аўтарскім бачанні тэмы.

На выставе знайшлі месца самыя розныя жанры і плыні: ад традыцыйных партрэтных і фігуратыўных вобразаў і кампазіцый — да праяваў сучаснага нефігуратыўнага мастацтва, якое больш чым які-небудзь накірунак патрабуе ад гледача супрацы, уважлівага пранікнення ў сутнасць аўтарскай канцэпцыі. Пры гэтым, як паказваюць апошнія гады выставачнай дзейнасці, прыхільнікаў класічнай школы і самых радыкальных авангардыстаў яднае пошук філасофскага складніку: мастакі даволі рэдка выбіраюць трывіяльныя сюжэты. А вобразы, што ствараюцца, алегарычныя, напоўненыя глыбокімі перажываннямі. Нават “класіка нашых класікаў” — мастакоў старэйшага пакалення Генадзя Буралкіна, Анатоля Арцімовіча, Івана Міско, Эдуарда Астаф’ева змянілася, стала вастрэйшай, больш адточанай, псіхалагічнай і экспрэсіўнай — павевы часу, які патрабуе не філасофскіх развагаў, а аўтарскіх меркаванняў і рашэнняў.

А вось моладзь дык і ўвогуле паказала свабоднае валоданне матэрыяламі і тэхналогіямі. Іх нечаканыя рашэнні, нязвыклая, але такая яркая пластыка — сапраўдны прарыў у сучасным беларускім мастацтве. Дарэчы, важна, што Беларускі саюз мастакоў далучыў да Фестывалю таксама студэнтаў і навучэнцаў мастацкіх каледжаў Мінска, якія паказалі свае творы ў галерэях Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Для іх Фестываль стаў першай рэспубліканскай выставай, якая з’явілася штуршком для творчасці нават у навучальным працэсе, а таксама прыступкай для ўступлення ў секцыю скульптуры БСМ. Мастацтвазнаўчае журы Фестывалю скульптуры Беларускага саюза мастакоў падвяло вынікі і можна павіншаваць пераможцаў.

Намінацыя “Канцэпцыя”

1 месца. Васіль Васільеў (Віцебск), куратар штогадовага праекта Abstract, аўтар шматлікіх інсталяцый, “культавая асоба” сучаснага віцебскага авангарда. Яго мастацкія пошукі вылучае шматпланавасць накірункаў, аснова якіх — выразна выяўленая форма і канцэпцыя.

2 месца. Канстанцін Селіханаў (Мінск), аўтар шматлікіх работ у галіне манументальнай і станковай скульптуры, канцэптуальных праектаў. Удзельнік і аўтар экспазіцыі Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва (2015, 2019). Скульптура яго мае розныя ўзроўні ўспрымання і трактоўкі. У кожнай сваёй рабоце мастак стварае новую пластычную форму. У формаўтваральным працэсе ўдзельнічаюць аб’ём, лінія, сілуэт, але найважнейшы складнік работ мастака — сканцэнтрыраванае рашэнне сэнсавых і філасофскіх задач у кожным творы.

3 месца. Андрэй Вараб’ёў (Магілёў), аўтар памятнікаў шклоўскаму Агурку, “Гімнасткі” ў Магілёве, “Студэнткі і студэнта” ў Горках і “Льва” ў Магілёве, шматлікіх станковых канцэптуальных серый. Вядучая тэма творчасці — аўтапартрэты. На сваім прыкладзе мастак разглядае ў цэлым такі феномен, як чалавек. Можа быць таму ў аўтапартрэтах ледзь адгадваюцца, а часам і не адгадваюцца зусім, рысы аўтара. А вось філасофскі бок для яго твораў вельмі характэрны і шматсэнсоўны. Скульптура закранае тэмы вечнасці, кахання, унутранага стану чалавека.

Намінацыя “Навацыя”

1 месца. Вольга Орсік (Мінск), лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Удзельнічала больш чым у 40 выставах. У сваіх працах імкнецца да сімволікі, лаканізму і максімальнай выразнасці пачуццяў. Натхненнем можа стаць што заўгодна: ад рук сяброўкі да чыгуннай кілаграмовай гіры часоў СССР.

2 месца. Павел Куніцкі (Мінск). Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “скульптура”. У творчасці мастак свядома адмаўляецца ад фонавых дэталяў, сэнсавай і пластычнай выразнасці дасягае шматслаёвай трактоўкай сваіх твораў.

3 месца. Антон Нічыпарук (Мінск), скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У творчасці галоўны аб’ект даследавання — трансфармацыя формы, якая ўспрымаецца ў работах як абстрактная геаметрыя і вобраз-сімвал адначасова.

Намінацыя “Традыцыя”

1 месца. Генадзь Буралкін (Мінск), аўтар шматлікіх помнікаў і станковых кампазіцый. Асноўныя тэмы яго творчасці ўзяты з народнага жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нацыянальнымі паданнямі. Творы адрозніваюцца манументальнасцю, арганічным спалучэннем абагульненых і рэалістычных дэталяў, вытанчанасцю формаў, глыбокім філасофскім асэнсаваннем.

2 месца. Эдуард Астаф’еў (Мінск). Сярод шматлікіх работ — манументальныя комплексы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, манумент Раману Шацілу ў Светлагорску, помнік Францыску Скарыне, усталяваны ў Празе. Станковыя творы — не менш выразныя. Гэта малыя формы з бронзы, сталі, шкла, а часам з падручных рэчаў — кавалка жалеза, валуна, люстэрка. Кожная яго праца — падстава задумацца пра вялікае і гераічнае, але пры гэтым мастаку не чужыя простыя і нават камічныя бакі быцця.

3 месца. Анатоль Арцімовіч (Мінск), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, аўтар помнікаў, станковых работ і серый графікі. Сярод найбольш вядомых манументальных работ, якія ён стварыў (у сааўтарстве): манумент “Курган Славы”, помнікі легендарнаму лётчыку-герою Аляксандру Гараўцу ў Віцебску, Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Еўфрасінні Полацкай у Мінску, Францыску Скарыне ў Калінінградзе і іншыя. Станковыя скульптурныя творы мастака надзвычай экспрэсіўныя, выразныя, завострана вобразныя. У апошнія гады мастак шмат часу надае малюнку, ствараючы нечаканыя дынамічныя графічныя лісты.

Намінацыя “Майстэрства”

1 месца. Уладзімір Панцялееў (Гродна), аўтар помнікаў і шматлікіх станковых твораў. Скульптар аддае перавагу міфалагічнай тэматыцы. Спалучае традыцыйны арнаментальны канцэпт з канструктыўнай, лаканічнай, сферычнай формай. Анімалістычны жанр мастак выкарыстоўвае як метафару, ствараючы самадастатковы знакавы вобраз, напаўняе яго таямнічасцю.

2 месца. Іван Арцімовіч (Мінск). Разам з А.Сакаловым стварыў мемарыяльны комплекс Памяці спаленых вёсак у вёсцы Боркі. Аўтар манаграфіі “Беларуская школа скульптуры”, шэрагу навуковых артыкулаў, каталогаў, альбомаў мастацкіх выстаў. Работа, якая прадстаўлена на Фестывалі скульптуры, успрымаецца як творчая лабараторыя, эксперымент, прыклад спалучэння арыгінальнага канцэпту вобразнага рашэння і майстэрства яго стварэння ў матэрыяле.

3 месца. Аляксандр Шаппо (Мінск). Аўтар помнікаў, станковых кампазіцый, канцэптуальных праектаў. У асноўным працуе з бронзай, якая дазваляе яму дасягаць амаль імпрэсіяністычнай мадэліроўкі формаў. Яго пластыка экспрэсіўная, гэтаму спрыяе гульня святла і ценю на паверхні работ. Пластычныя формы наўмысна дэфармаваныя, выразныя, сілуэты завостраныя, даведзены амаль да гратэску.

Застаецца дадаць, што мне, як першаму намесніку старшыні Беларускага саюза мастакоў, давялося працаваць у складзе журы Фестывалю скульптуры. У яго ўваходзілі таксама Кацярына Ізафатава — загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ — ХХІ стагоддзя Нацыянальнага мастацкага музея, Галіна Ладзісава — дырэктар Музея гісторыі горада Мінска, Вольга Рыбчынская — вучоны сакратар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і Мікалай Паграноўскі — старшыня секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства БСМ, галоўны захавальнік Мемарыяльнага музея-майстэрні З.Азгура.

Наталля ШАРАНГОВІЧ, мастацтвазнаўца