Ладыгіна — ад слова “лад”

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Пайшла з жыцця Арыядна Барысаўна Ладыгіна — адна са старэйшых беларускіх музыказнаўцаў, тэатразнаўцаў, эстэтыкаў. Згасла, пакінуўшы пасля сябе вялізны арэал ведаў, неацэннага вопыту, зацікаўленасці музыкай, музычным тэатрам і, шырэй, усім беларускім (і не толькі) мастацтвам.

/i/content/pi/cult/846/17979/7.jpgЗасталіся нашчадкі — дзеці, унукі. Безліч кніг і публікацый, падрыхтаваных у розныя гады. Ёсць сярод іх і “кніга яе жыцця” — маю на ўвазе не мемуары (а яны, да ўсяго, даюць шырокі разгорт культурнага жыцця ў краіне ледзь не за ўсё ХХ стагоддзе). Нават не зборнік яе музычных рэцэнзій і артыкулаў, што ахопліваюць усе значныя падзеі беларускага музычнага мастацтва другой паловы мінулага стагоддзя. Вылучу іншае — яе надзвычай грунтоўную і адначасова вельмі захапляльную манаграфію “Ларыса Пампееўна Александроўская”, азначаную як “дакументальна-тэатральны раман”.

Матэрыялы, прысвечаныя легендарнай беларускай опернай дзіве, Ладыгіна збірала ўсё жыццё. Дый назірала за спявачкай, пачынаючы з ранняга дзяцінства. Аднойчы маленькай дзяўчынкай ледзь не сарвала спектакль “Кармэн”, дзе гераіню Александроўскай забівалі ў фінале. Як жа не прыйсці на дапамогу! Але пра тое, што гэта родная цётка Ладыгінай, многія даведаліся, толькі прачытаўшы кнігу: кар’ера абедзвюх, па цяперашніх мерках, паспяховых, самадастатковых жанчын складалася самастойна, без сваяцкіх сувязяў. А тая кніга, прыцягальная здабытымі матэрыяламі і яркім стылем выкладання, дала жыццё шматлікім далейшым публікацыям, тэле- і радыёпраграмам, дакументальным стужкам.

Энергія Арыядны Барысаўны заўжды біла праз край. Памятаю, як яна ў 70-гадовым узросце пагнала на сваім старым “Жыгулёнку” ў Падмаскоўе, дзе ладзіўся оперны спектакль open air — на адкрытым паветры. Па тых часах гэта быў адзін з першых на постсавецкай прасторы паказаў у такім фармаце. І яна павінна была гэта бачыць! А потым зрабіла яскравы рэпартаж для “К” — вядома, з падрабязнай рэцэнзіяй.

Скрыпачка паводле першай адукацыі (між іншым, з Маскоўскай кансерваторыяй за плячыма па гэтай спецыяльнасці), яна стала доктарам філасофскіх навук і папраўдзе галоўным эстэтыкам усёй краіны. Амаль усё жыццё выкладаючы ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, пазней перайменаванай у Акадэмію музыкі, яна бачыла не зусім прыязнае пачатковае стаўленне студэнтаў да, на іх думку, “не патрэбных” ім дысцыплін. І зарыентавала работу ўсёй кафедры на максімальныя сувязі з мастацтвам, штораз даказваючы, што і музычнае выканальніцтва, і крытыка з журналістыкай, і кампазітарская дзейнасць — усё гэта і ёсць “эстэтыка ў дзеянні”. А філасофія — увогуле краевугольная аснова ўсяго жыцця. І, тым больш, культуры, пра што сведчыла такая ўведзеная Ладыгінай дысцыпліна, як філасофія музыкі.

Мне пашчасціла. Я пазнаёмілася з Арыяднай Барысаўнай яшчэ школьніцай-старшакласніцай — задоўга да таго, як пазней вучылася ў яе (у тым ліку, у аспірантуры). У школу пры кансерваторыі (цяпер гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры БДАМ) перайшоў яе сын, і мы суцэльным гуртом наведваліся да іх у госці. У сям’і панавала раўнапраўе — гэткія партнёрскія, у самым высокім сэнсе слова, узаемаадносіны між сужэнцамі, бацькамі і дзецьмі. Яна вучыла самастойнасці, адказнасці — мыслення і паводзін. Невыпадкова, калі на ўроку літаратуры абмяркоўваўся “Гамлет” Шэкспіра, Сяргей выступіў з палымянай прамовай пра тое, што галоўнаму герою супрацьпаказана Афелія як жонка: маўляў, пра што яны размаўляць між сабой будуць? Яму патрэбна паплечніца. Хлопцы смяяліся, дзяўчаты абурыліся, а я падумала пра сям’ю Грыніных-Ладыгіных і тое, як Арыядна Барысаўна падтрымлівала і мужа і дзяцей, нікому не становячыся нянькай-прыслужніцай. Само яе прозвішча, якое яна не змяняла, асацыявалася для мяне з ладам — жыццёвым, сямейным, музычным. А імя — з ніткай Арыядны, што выведзе з любой тупіковай сітуацыі.

Яе адносіны з мастацтвам, прафесіяй былі такімі ж: клопат памнажаўся на самастойнасць. У той час, як да музыказнаўцаў у Беларускім саюзе кампазітараў часцяком ставіліся як да “абслугоўваючага персаналу” вакол творцаў, яна захоўвала незалежнасць думкі. Магла быць “супраць усіх” — не дзеля канфрантацыі, а адстойваючы свае ідэі.

Перш чым пакінуць Акадэмію музыкі, выхавала сябе змену: і былы рэктар Аляксандр Рашчупкін, і цяперашняя дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, іншыя эстэтыкі ды крытыкі — яе непасрэдныя выхаванцы.

Яна “згарэла” ад цяжкой хваробы. А вось рукапісы (дададзім, і кнігадрукі) не гараць.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"