Дайсці да кожнай вёскі

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Удзячнае слова ў гонар аўтаклубаў Магілёўшчыны
Чым жыве сельская глыбінка? Пра гэта смела можна спытаць у загадчыкаў аўтаклубаў. Гэта яны калясяць па ўсіх ваколіцах сваіх рэгіёнаў, ведаюць і чым жыве глыбінка і якія праблемы там ёсць. Іх ведаюць у твар у кожным маланаселеным пункце. Цяпер шмат кажуць пра тое, ці патрэбныя аўтаклубы, у якім статусе ім існаваць як іх называць. Аднак не ў назве справа, сутнасць — у іх місіі.

/i/content/pi/cult/845/17962/6.jpgХто быў у глыбінцы, той бачыў вочы людзей, якія шчыра радуюцца кожнаму, хто зазірне ў іх родную вёску, і запаліць іх вочы радасцю і цяплом. Хто жыў у вёсцы, зразумее, што балюча глядзець, як яны пусцеюць, балюча глядзець і на людзей, якія там яшчэ застаюцца і захоўваюць куткі нашага шчаслівага дзяцінства. Але… вернемся да аўтаклубаў.

Амаль пяць тысяч мерапрыемстваў

Сістэма абслугоўвання маланаселеных і аддаленых населеных пунктаў узнікла яшчэ ў дзевяностыя гады, тады з’явіліся першыя аўтаклубы. Яны выконваюць тую ж місію, што і стацыянарныя клубныя ўстановы, толькі з выездам па месцы жыхарства спажыўцоў іх культурных паслуг. Працуюць яны па зацверджаным плане, аказваюць тыя ж паслугі. Але… Усе іх паслугі максімальна адрасныя. Бо яны дасканала ведаюць сваіх спажыўцоў паслуг у кожным населеным пункце.

Культурнае абслугоўванне жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў Магілёўскай вобласці, якія не маюць стацыянарных клубных устаноў культуры, ажыццяўляе 21 аўтаклуб, 20 з якіх з’яўляюцца самастойнымі ўстановамі ў складзе раённых цэнтралізаваных клубных сістэм. Аўтаклубамі абслугоўваецца каля 2000 маланаселеных пунктаў, колькасць населеных пунктаў, якія прыходзяцца на 1 аўтаклуб, вар’іруецца ад 50 да 185 населеных пунктаў. Штогод аўтаклубамі праводзіцца звыш 4500 культурных мерапрыемстваў. Месцам іх правядзення становяцца адкрытыя імправізаваныя сцэнічныя пляцоўкі, дамы сацыяльных паслуг, фермы, палявыя станы, дамы стараст вёсак і інш.

Пры гэтым магчымасці аўтаклуба не такія ўжо і вялікія. Яго ўзначальвае загадчык, іншых штатных адзінак няма. З тэхнічных магчымасцяў — мінімальнае гукавое абсталяванне і адзін транспартны сродак.

/i/content/pi/cult/845/17962/7.jpgАкампаніятар і культарганізатар не пашкодзілі б

Істотна паўплывала б на якасць аказання культурных паслуг аўтаклуба ўвядзенне ў штатную колькасць установы акампаніятара і культарганізатара. Бо спектр дзейнасці аўтаклубаў шырокі і не абмяжоўваецца канцэртнымі праграмамі. Мабільныя клубы не пакідаюць без увагі юбіляраў і сумесна з мясцовымі сельскімі саветамі арганізуюць іх ушаноўванне. Яны паспяваюць праехаць па ўсіх палях падчас пасяўной і ўборачнай кампаній. Ім належыць ідэя правядзення свят маланаселеных вёсак, свят землякоў, куды з’язджаюцца былыя жыхары не толькі з Беларусі, але і з краін замежжа.

Аўтаклубы з’яўляюцца складнікам агітцягніка “Клопат”, дзейнасць якіх ладзіцца райвыканкамамі. Фальклорныя і абрадавыя праграмы, прымеркаваныя да святаў і абрадаў нашага народнага календара, заўсёды запатрабаваныя. Жыхары з задавальненнем становяцца іх удзельнікамі. Вельмі часта пасля правядзення такіх мерапрыемстваў у сцэнарыі ўносяцца дапаўненні ад жыхароў вёсак, бо многія з іх з’яўляюцца носьбітамі лакальнай традыцыйнай культуры. У полі зроку аўтаклубаў людзі, змешчаныя ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, аддзяленнях дзённага знаходжання, цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, лякарнях сястрынскага дагляду і інш.

Фальклор ды творчасць

Збор фальклорнага і этнаграфічнага матэрыялу — яшчэ адзін складнік працы аўтаклубаў. За гады іх дзейнасці ў раёнах сабраны багаты матэрыял пра лакальную культуру, традыцыйныя рамесныя тэхналогіі. Напрыклад, у Клічаўскім раёне на аснове сабранага фальклорнага матэрыялу ў раённым Доме культуры арганізуюцца харэаграфічныя вечарыны па навучанні моладзі побытовым танцам. Адноўлены таксама калядны абрад “Цягнуць Каляду на дуб”.

Каб паўнавартасна выконваць задачы, якія стаяць перад установай, каб забяспечыць якасць культурных паслуг і іх разнастайнасць, пры мабільных установах арганізавана работа 30 клубных фарміраванняў: вакальныя і тэатральныя творчыя калектывы, канцэртныя агітбрыгады, аматарскія аб’яднанні традыцыйнай культуры і дасугавай дзейнасці. Два калектывы маюць найменні “народны” — ансамбль народнай песні “Ровесники” аўтаклуба цэнтралізаваная клубнай сістэма Чэрыкаўскага раёна, ансамбль народнай музыкі і песні “Жывіца” цэнтралізаванай клубнай сістэмы Горацкага раёна.

Кааперацыя

Загадчык аўтаклуба і ўдзельнікі клубных фарміраванняў — гэта асноўны творчы склад, які арганізуе культурнае абслугоўванне.

Пашыраюцца творчыя магчымасці аўтаклубаў за кошт творчых калектываў іншых клубных устаноў раённых цэнтралізаваных клубных сістэм (адна з пераваг цэнтралізацыі клубных устаноў). У такім творчым тандэме часцей за ўсё праводзяцца маштабныя культурныя акцыі: творчы праект “Клуб у гасцях у клуба” (Бялыніцкі раён); акцыя “Афганістан — жывая памяць”, аўтамотапрабег па месцах баявой славы (Бабруйскі раён); танцавальна-забаўляльная праграма “Аўта-Дэнс” (Магілёўскі раён); сацыяльная акцыя для ветэранаў “З любоўю да ветэрана” (Клічаўскі раён) і іншыя.

Падчас такіх акцый аказваецца шырокі спектр спадарожных паслуг па аказанні побытавай дапамогі, навядзенні парадку, правядзенні медыцынскіх кансультацый.

А цяпер — праблемы

Інфармаванне жыхароў пра прыезд аўтаклуба, узгадненне месца і час правядзення мерапрыемстваў ажыццяўляецца рознымі спосабамі: праз мясцовыя СМІ, праз стараст вёсак. Істотную дапамогу аказваюць старшыні мясцовых сельскіх саветаў, прадаўцы крамаў, аўтакрамаў, супрацоўнікі аддзяленняў паштовай сувязі. Вельмі часта графікі-маршруты аўтаклубаў прывязваюцца да графіка выезду аўтакрамы.

На жаль, дэмаграфічная сітуацыя складаецца не ў бок сельскага жыхара, што прыводзіць да аптымізацыі сеткі клубных устаноў, адпаведна, узрастае нагрузка на аўтаклубы.

Калі казаць пра канкрэтныя праблемы, то найбольшая з іх адна — знос транспартных сродкаў устаноў, якія набываліся амаль 20 гадоў таму. Гэта праблема ўвесь час падымалася на розных узроўнях, яе пачулі. У Магілёўскай вобласці за апошнія гады з боку выканаўчай улады стала надавацца больш увагі праблеме абнаўлення аўтапарку аўтаклубаў. За кошт сродкаў Магілёўскага аблвыканкама закуплены мікрааўтобусы ў Клімавіцкім і Краснапольскім раёнах, за кошт сродкаў раённых выканаўчых камітэтаў — у Чэрыкаўскім і Хоцімскім раёнах.

Гэта стала дзейснай падтрымкай работы аўтаклубаў і надало аптымізму, у тым, што культурнае абслугоўванне дойдзе да кожнага населенага пункта вобласці.

Валянціна ВАЛЧКОВА, начальнік аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра

Фота з архіва цэнтра