Нас чакаюць у Баку і Сумгаіце

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

У маі мінулага года ў Мінску прайшоў прадстаўнічы гала-канцэрт майстроў мастацтваў Азербайджана і выстаўка работ тамтэйшых творцаў. Наша акцыя ў адказ — Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы, якія адбудуцца пры падтрымцы Пасольства нашай краіны ў Азербайджане 22 — 23 кастрычніка. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка.

Як паведаміў “К” начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кажура, у Баку будуць ладзіцца выступленні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля “Сябры”, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Пятра Ялфімава і Гюнеш, Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, пераможцы дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне-2005” Ксеніі Сітнік. Апрача канцэртнай праграмы, будзе экспанавацца выстаўка жывапісу народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі. Мяркуецца прэзентаваць і праграму нашых мастацкіх фільмаў. Азербайджанскія кінааматары пазнаёмяцца са стужкамі “Шчыт Айчыны” Дзяніса Скварцова і “На спіне ў чорнага ката” Івана Паўлава. Мяркуецца, што беларуская канцэртная праграма будзе ладзіцца і ў Сумгаіце.

22 кастрычніка запланавана сустрэча намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Грыдзюшкі з міністрам культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Абульфасам Караевым. Наша творчая дэлегацыя будзе мець стасункі з мясцовай інтэлігенцыяй, прадстаўнікамі беларускай суполкі ў Азербайджане.

А напрыканцы лістапада Дні культуры Беларусі мяркуецца правесці ў Славакіі.