Мастацкі. Сёлета і заўжды

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

31 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся семінар для супрацоўнікаў рэгіянальных музеяў мастацкага профілю. Нягледзячы на тое, што ў галоўнай культурнай скарбніцы краіны бюджэт, спонсарская дапамога, матэрыяльнае і кадравае забеспячэнне лепшыя за тое, што маюць музеі ў рэгіёнах, праблемы ва ўсіх музейшчыкаў краіны сутнасна аднолькавыя. Адпаведна, універсальнымі могуць быць і сродкі іх вырашэння.

/i/content/pi/cult/844/17952/23.jpgУ семінары бралі ўдзел супрацоўнікі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея (філіял “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”), Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Пранішнікава, Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, Добрушскага раённага краязнаўчага музея, Лідскага гісторыка-мастацкага музея, Слуцкага краязнаўчага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (Мінск), Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Масленікава, Бабруйскага мастацкага музея.

Праграма семінара складалася з экскурсіі па экспазіцыях Нацыянальнага мастацкага музея, лекцыі на тэму навукова-асветніцкай дзейнасці і арганізацыі паслуг Нацыянальнага мастацкага музея і азнаямлення з яго навукова-фондавай работай, а таксама досведам рэстаўрацыйных майстэрняў. У сумоўе з калегамі з рэгіёнаў былі задзейнічаны супрацоўнікі НММ Святлана Анейка, Дыяна Шантар, Ала Васілеўская, Святлана Ржэвуцкая, Сяргей Вечар, Мікалай Дастанка, Анжаліка Чудзіевіч.

/i/content/pi/cult/844/17952/24.jpgПадчас экскурсіі па экспазіцыі ўвага акцэнтавалася не на вартасцях тых ці іншых твораў — сама наяўнасць іх у сценах Нацыянальнага мастацкага ўжо з’яўляецца знакам якасці і сведчаннем каштоўнасці, а на тых складанасцях, з якімі звыкла сутыкаюцца супрацоўнікі музея, ладзячы тую ці іншую экспазіцыю. Праблемай можа стаць нават такая лёгкая на першы погляд справа, як развеска карцін. Бо, здавалася б, калі ў музеі ёсць адпаведная тэхніка, дык пра што гаворка. Аднак не кожная карціна мае неабходныя для гэтага прымацаванні, каб вісець на сцяне, вось і даводзіцца іх прыдумляць і рабіць. Дбаючы пра тое, каб не пашкодзіць падрамнік ці раму і ўжо, не дай божа, — палатно.

Праблему ўяўляе спецыяльнае музейнае асвятленне. Гэта высокатэхналагічная сістэма. Адна толькі лямпачка ў ёй каштуе недзе 200 долараў. Яна імітуе дзённае святло, неабходнае, каб у вачах гледачоў не скажаліся рэальныя фарбы, і пры гэтым значна эканоміць электраэнергію. І жыве яна значна даўжэй за бюджэтную прадукцыю, даступную кожнаму спажыўцу. Так што ўсё адно атрымліваецца танней аднойчы заплаціць немалыя грошы, а потым доўгі час не мець клопату з рамонтам і заменай. Дарэчы, гэта праблема не толькі дзяржаўных музеяў, але і іншых будынкаў грамадскага прызначэння. Мне даводзілася браць інтэрв’ю ў дызайнера, што працуе якраз з асвятляльнымі прыборамі і сістэмамі. Дык вось паводле ягоных сведчанняў, часта тэндэр на будаўніцтва і абсталяванне выйграе той, хто просіць у замоўцы менш грошай. А тое, што таннае абыходзіцца дорага, высвятляецца ў часе эксплуатацыі.

/i/content/pi/cult/844/17952/25.jpgЛя немалога памеру скульптуры Джорджа дэ Кірыка супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага з захапленнем распавядала пра абсталяванне аўтамабіля, на якім гэты і іншыя творы выставы класіка сюррэалізму былі дастаўленыя ў музей. На жаль, у Нацыянальнага мастацкага музея, а значыць і ва ўсіх астатніх музеях краіны, няма ўласнага транспарту, які адпавядаў бы сусветным стандартам перавозкі твораў мастацтва і іншых каштоўных артэфактаў. Такія аўтамабілі наш аўтапрам увогуле не вырабляе (а чаму б не пачаць вырабляць, папярэдне вывучыўшы вопыт іншых вытворцаў падобнай тэхнікі?). Да гэтага часу для перавозкі ўласных калекцый мы выкарыстоўваем транспарт, які музейшчыкаў не надта задавальняе. А вось калі гаворка заходзіць пра “імпартнае” мастацтва, даводзіцца абвяшчаць тэндэр. Відаць, каб беларуская музейная супольнасць мела ўласны парк спецыяльных аўтамабіляў згаданых вышэй стандартаў, транспарціроўка каштоўных артэфактаў, відавочна, каштавала б дзяржаве танней.

Часам Нацыянальнаму мастацкаму, каб мець прыстойную перасоўную выставу з-за мяжы, даводзіцца спадзявацца на паразуменне з боку якога-небудзь дабрадзея, які прыме да сэрца нашыя праблемы. Тая ж Ліза Саціліс, што прывезла свае творы і творы Джорджа дэ Кірыка ў Мінск, пайшла на пэўныя выдаткі са свайго боку дзеля рэалізацыі гэтага абсалютна не прыбытковага для яе праекта, бо лічыць сябе чалавекам свету, а мастацтва — сродкам збліжэння людзей, народаў, краін.

Калекцыя сучаснага беларускага мастацтва НММ сабраная ў асноўным у 60 — 70 гады. Потым у дзяржаве, часткай якой была і наша Беларусь, пачалося нешта такое, што стала не да мастацтва. У прыватнасці, не да фармавання музейных калекцый. Бо калі расколіны ў падмурку, не да аздобы фасада. Гэты перыяд зацягнуўся, пасунуўшыся і на новую эпоху, што распачалася гістарычным пагадненнем у Віскулях. Так што сёння ў калекцыі сучаснага беларускага мастацтва, што належыць НММ, у наяўнасці значныя лакуны. Іх часткова прыкрываюць дарэннямі, эпізадычнымі закупкамі, але нейкай канцэптуальна выверанай і фінансава забяспечанай сістэмы фармавання калекцыі, якая б сведчыла пра нашу культурніцкую прысутнасць у свеце, пакуль няма. А гэта праблема і для сталічнага музея. І для рэгіянальных. І для нас ўсіх.

Падчас лекцыі па музейным маркетынгу гаворка ішла ў асноўным пра нязвыклы характар стасункаў музеяў і глядацкай аўдыторыі ва ўмовах пандэміі. Пра ролю Сеціва, якая неверагодна ўзрасла, калі грамада трывала абуладзілася “на ўдалёнцы”, і непасрэдныя стасункі музея і гледачоў перасунуліся ў віртуальную сферу. Відавочна, што гэта надоўга, што з гэтым ужо давядзецца жыць — пажадана, не апускаючы рук і не губляючы творчага імпэту. Добрая навіна палягае ў тым, што мастацкі музей, мастацтва ўвогуле патрэбна людзям і ў часе пандэміі. А праблемай з’яўляецца тая акалічнасць, што музейшчыкам даводзіцца засвойваць новы фармат сумоўя з гледачамі, калі гід не бачыць вачэй экскурсантаў, пазбаўлены магчымасці хутка рэагаваць на змену настрою аўдыторыі. Зменшылася доля імправізацыі, павялічылася значэнне аналітыкі і сацыялагічных доследаў.

Гаворка не пра тое, што музейныя залы пустуюць, а ўсе гледачы атабарыліся ў Сеціве. Падчас семінара я бачыў у музеі і дзяцей, і дарослых. І, як мне падабаецца, гледачоў было не менш, чым у часы звычайныя. Аднак, каб прыцягнуць гледача ў музей, да арыгіналаў твораў, вядомых яму па рэпрадукцыях і відэа ў Сеціве, даводзіцца прыдумляць нешта арыгінальнае і ладзіць калабарацыю са структурамі, да якіх раней у Нацыянальнага мастацкага асаблівай цікавасці не было.

Скажам, што агульнага ў аўдыторыі Музея лега і наведвальнікаў Нацыянальнага мастацкага? Але калі НММ на сваім інфармацыйным полі агітуе за Лега, дык і Лега робіць тое ж ў дачыненні НММ. Сёння ледзь ні эпідэміяй стала масавае захапленне сэлфі. Фатаграфуюць сябе на фоне эфектных краявідаў, гістарычных цікавостак, ды і проста чаго-небудзь “прыгожага”, і старыя, і малыя. І мясцовы люд, і госці. Дадаўшы невялікую суму да кошту ўваходнага білета, можна фатаграфаваць у музеі. Хтосьці гэтым злоўжывае і ладзіць каля карцін цэлыя фотасесіі, але цікавасць да музея як да “прыгожага месца” значна ўзрасла.

Некаторыя патэнцыяльныя спонсары сёння адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з НММ па культурніцкіх імпрэзах, якія могуць трактавацца як масавыя, бо карпаратыўная этыка не дазваляе ім спрыяць парушэнню рэжыму ізаляцыі. Адсюль пошукі і іншага фармату мерапрыемстваў.

Сур’ёзна ў НММ працуюць і над рэбрэндыгам галоўнай скарбніцы Беларусі. Распрацоўшчыкі зыходзяць з таго, што “фірмовы” слоган музея мусіць адначасова мець рысы элітарнасці і дэмакратызму. Накшталт слова “Траццякоўка”, дзе спалучаны піетэт і, калі хочаце, панібрацтва, усведамленне вялікай каштоўнасці расійскага нацыяльнага брэнда і гэткае свойскае, хатняе да яго стаўленне. Ці “Большой”, “Малый”, “Таганка” — гэта пра тэатры. Ці “Ленінка”, “Нацыяналка” — гэта пра нашу бібліятэку. Першае — у савецкія часы, другое — сёння. Мне да спадобы слоган НММ, што зараз на бігбордах, улётках, плакатах. “Я выбіраю МАСТАЦКІ”. Як казаў адзін кінагерой: “Простенько и со вкусом”. Як “Траццякоўка” і “Большой”…

Трэба адзначыць, што за час пандэміі, калі МАСТАЦКІ пашырыў сваю актыўнасць у Сеціве, загрузіў туды не толькі асобныя, брэндавыя, творы, а і ўсю сваю пастаянную экспазіцыю, пра яго, паводле аб’ектыўных звестак, даведаліся ў Злучаных Штатах Амерыкі, Бразіліі, Японіі, значна пашырылася глядацкая аўдыторыя ў Еўропе. Зараз можна чакаць, што хтосьці са згаданых наведвальнікаў Сеціва захоча ўвачавідкі ўбачыць шэдэўры МАСТАЦКАГА.

На семінары не тое каб наўпрост прагучала, хутчэй падсвядома выспела думка, што музейшчыкі мусяць аргументавана даводзіць уладным структурам, што музеі самі вялікія грошы не зарабляюць. Яны, як кропкі эмацыйнага прыцягнення сваёй прысутнасці ў цывілізаванай прасторы, ствараюць умовы для паспяховага бізнесу іншых. Патлумачу думку. Білет у тую ж Траццякоўку не так ужо і дорага каштуе. Але прыехаўшы ў Маскву дзеля Траццякоўскай галерэі, я заплачу за гатэль, за кавярню, за транспарт. З нагоды яшчэ і сякі-такі шопінг па маскоўскіх крамах наладжу. Так мусіць быць і ў Мінску, і ў Віцебску, і ў Бялынічах, і паўсюль па Беларусі.

Сёлета спаўняецца 80 гадоў ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Безумоўна, усе музейшчыкі, незалежна ад іх спецыялізацый, будуць працаваць над згаданай тэмай. Хацелася б, каб іх праца была плённай. Каб напамін пра вайну спрыяў разуменню — якая гэта крохкая каштоўнасць мір. Дайце музейшчыкам, чыя праца і так уяўляе з сябе суцэльны экстрым, у гэты год працаваць у звыклым для іх гуманістычным фармаце. Ну а я выбіраю МАСТАЦКІ. Сёлёта і заўжды.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"