Маленькія дзеці — Вялікі тэатр

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Заканчваюцца вясновыя канікулы, што прынеслі школьнікам і канцэртна-тэатральныя прэм’еры, і суцэльны хіт-парад ранейшых музычных спектакляў. Адначасова пачынаецца падрыхтоўка далейшых сустрэч з юнымі гледачамі ў нашых тэатральных залах. Якім жа павінен быць дзіцячы рэпертуар? Асабліва, калі справа тычыцца такіх складаных жанраў, як опера і балет.

/i/content/pi/cult/844/17950/20.jpgКлючык да дзіцяці

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі яшчэ ўзімку нарабіла фурор опера “Пінокіа”. Малады рэжысёр Наталля Бараноўская змагла падабраць ключык і да сцэнічнага ўвасаблення няпростага спектакля, і да сэрцаў маленькіх гледачоў (а таксама іх бацькоў, што не менш важна), і да самога кампазітара — Глорыі Бруні з Германіі. Бо тая не толькі пагадзілася, каб пастаноўшчыкі ўнеслі ў яе партытуру некаторыя карэктывы, але і сама дапісала некаторыя новыя фрагменты, не прадугледжаныя арыгінальным лібрэта.

Чым гэты спектакль цікавы? Найперш вельмі актуальным на сёння спалучэннем эстэтычнага складніка (мастак-пастаноўшчык — Любоў Сідзельнікава) са змястоўна-сэнсавым (а ў далучэнні да дзяцей — і з адкрыта выхаваўчымі момантамі, пазбаўленымі надакучлівых маралітэ). Удала знойдзенай формай прывучэння дзяцей да опернага жанру. Пашырэннем стылёвых межаў нашага тэатра за кошт сучаснай заходняй музыкі. Новым “тыпажом” оперных салістаў, што асабліва тычыцца ўсіх выканаўцаў партыі Пінокіа. Балетмайстар Сяргей Мікель знайшоў для галоўнага героя адпаведную пластыку. Маладыя артысткі, якіх рэжысёр адшукала не толькі ў нашай опернай трупе, але і праз кастынг сярод творчай моладзі, дакладна трапляюць у аблічча “маленькага драўлянага чалавечка” і вонкава, і на слых — сапраўдныя оперныя травесці!

Іншымі словамі, для нашага тэатра такая пастаноўка — відавочны прарыў наперад. Для еўрапейскага — трывалая норма жыцця. У апошнім сцвярджэнні можна было пераканацца ў час пандэміі, калі тэатры свету зрабілі вольны доступ да многіх сваіх спектакляў. Паглядзеўшы шэраг такіх анлайн-паказаў, няцяжка было вызначыць некаторыя асаблівасці іх музычнага і пастаноўчага начыння, уласцівыя і нашаму “Пінокіа”.

У музыцы — полістылістыка. Яна прывучае дзіця ўспрымаць розную музыку, а не “зацыклівацца” на чымсьці адным толькі таму, што іншага не ведаеш.

У драматургіі — жанравыя міксты. Прычым скіраваныя на паступовае прывучэнне да оперы нават цягам аднаго спектакля. Спачатку — нумарная структура, дзе музыка чаргуецца з размоўнымі дыялогамі — бы ў вадэвілі ці ранніх мюзіклах. Паступова музыкі становіцца ўсё больш — і дзея прыходзіць да скразнога разгортвання, дзе музыка яднае суцэльныя сцэны.

У пастаноўцы — імкненне паказаць дзецям яшчэ і самі музычныя інструменты. Для гэтага некаторыя музыканты змяшчаюцца непасрэдна на сцэне, ходзяць праз глядзельную залу (як гэта, дарэчы, выкарыстана ў адным з фрагментаў “Пінокіа”), удзельнічаюць у мізансцэнах нароўні з іншымі артыстамі, эфектна, відовішчна дэманструюць асобныя інструментальныя сола.

У тэматыцы — сучасныя фантазійныя гісторыі, прасякнутыя дабрынёй, скіраваныя да вечных каштоўнасцей, а не на барацьбу з ворагамі, хай сабе і казачнымі. Наадварот, распаўсюджаны паварот, калі канфрантацыя аказваецца заснаванай не на непрымірымай варожасці, а ўсяго толькі на непаразуменні, якое можна ўладзіць “бяскроўна”. Чым не кіраўніцтва да дзеяння?

Але ёсць і прынцыповае адрозненне: большасць замежных дзіцячых спектакляў разлічана на камерныя залы. Ці хаця б не на такія агромністыя, як наш Вялікі. Можа, наспеў час перагледзець нарматывы праславутай “запаўняльнасці”? І на дзіцячых спектаклях улічваць толькі партэр, бо прагляд з балкона (нават на месцах, не пазначаных “абмежаванай бачнасцю”) наўрад ці выклікае ў дзяцей жаданне наведаць тэатр яшчэ. Ну, а Камерная зала імя Л.Александроўскай можа называцца тэатральнай хіба ўмоўна. Вось і атрымліваецца ў выніку, што тэатр заняты пошукам выключна такіх спектакляў, што былі б прыдатнымі для ягоных прастораў: і сцэну дазволілі б запоўніць, каб не выглядала пустой, і залу, каб была аншлагавай. Умовы дыктуе — будынак, а не твор ці творца А добра было б, каб наадварот. Бо спектаклі (і ў тым ліку музычныя, уключаючы оперы і балеты) патрэбны розныя, а не толькі ў адным фармаце.

Танцаваць ад печы

Здавалася б, поспех “Пінокіа” пракладае опернаму тэатру далейшыя шляхі да дзіцячага рэпертуару, адпаведнага лепшым еўрапейскім тэндэнцыям. Ажно не: наступным крокам павінен быць балет “Канёк-Гарбунок”, запланаваны на восень. Пра гэта паведамілі на нядаўняй прэс-канферэнцыі, а праз два дні мастацкі савет прымаў макет і канцэпцыю пастаноўкі. Паводле задумы харэографа Юрыя Траяна, гэта будзе “дарослая казка для дзяцей”, прасякнутая рускай казачнай атмасферай з яе супрацьстаўленнем рэальнага свету — і міфічна-міфілагічнага, фантазійнага. Сцэнічнай дамінантай стане печка, у афармленні прадугледжаны драўляныя “птушкі шчасця”, спасылкі на рускі мадэрн мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў, на Бакста, Галавіна.

Спектакль абяцае быць яркім, відовішчным, дый каларытная музыка Р.Шчадрына, што так натхніла пастаноўшчыкаў, прайшла выпрабаванне часам. Але наколькі актуальна для цяперашняй беларускай дзятвы казка П.Яршова сярэдзіны 1830-х? Ці трэба сёння жыўцом варыць у малаке цара, што прагне шлюбу з маладзіцай?

Цікава, што калі крыху раней на такім жа пасяджэнні мастацкага савету разглядаліся магчымасці звароту да аднаактовай камічнай оперы Моцарта “Басц’ен і Басц’ена”, дык імгненна ўзнікла перасцярога: а ці можна будзе паказваць гэта дзецям? Бо там распавядаецца пра каханне (які жах!), хай і паміж ідэалізаванымі пастушком з пастушкай са старадаўняй пастаралі.

Нажніцы між мастацкай фантазіяй пастаноўшчыкаў і рэальнай цяперашняй запатрабаванасцю ўзятага матэрыялу ёсць і ў оперы “Кошкін дом”, пастаўленай у Вялікім тэатры год таму. Відавочна, што пытанні актуальнасці (у тым ліку, з пункту гледжання музыкі) павінны паўставаць куды раней, чым дэталёвая распрацоўка ўласна мастацкіх асаблівасцяў будучай пастаноўкі.

Арыентацыя на багата касцюміраваны “імперскі” спектакль, які разлічаны на свята для вачэй і не прадугледжвае ніякага асэнсавання праблематыкі, сёння сыходзіць у нябыт не толькі на драматычных сцэнах свету, але і на музычных. Можна колькі заўгодна ганарыцца тым, што ў такіх пастаноўках, маўляў, выяўляецца захаванне глыбінных традыцый, што публіка лепей рэагуе на знаёмыя назвы, прагне “карцінку” і не жадае ўключаць мысленчыя працэсы. Але ж ці да гэтага мы хочам прывучаць дзяцей?

У каго што-дзе баліць?

Звярну ўвагу на яшчэ адну праблему — захавання лепшага дзіцячага рэпертуару. Опера “Доктар Айбаліт” беларускага кампазітара Марыны Марозавай аказалася шматпакутнай не толькі ў час свайго выхада на сцэну. Пастаўленая ў 2015-м, яна афіцыйна не знята з рэпертуару, але паказваецца вельмі рэдка: ужо і не памятаю, калі апошнім разам гэта назва стаяла ў афішы. Так, рэжысёр Міхаіл Панджавідзе больш у тэатры не працуе. Але ж ці значыць гэта, што і яго лепшыя пастаноўкі павінны сыходзіць следам за ім?

Даволі рэдка ідзе балет “Тры парсючкі”, прызначаны для самых маленькіх. Яго прэм’ера ў 1991-м прайшла “на ўра”. Нанова паглядзеўшы спектакль месяцы тры таму, я парадавалася, што ён ніколькі не страціў свежасці, іранічнага запалу (сюжэт там зменены ў параўнанні з вядомай англійскай казкай) — у тым ліку, дзякуючы маладым артыстам. Кінуліся ў вочы нацыянальныя асаблівасці (балет быў створаны казахскай камандай) — не ў музычнай інтанацыйнасці, а ў дэталях пастаноўкі: то айыр калпак мільгане, то піялы з нацыянальным арнаментам, а то і стаўленне да слабога полу (дзяўчаты працуюць, хлопцы камандуюць).

Значыцца ў рэпертуары Вялікага тэатра і балет “Чыпаліна”. Пастаўлены ў 1978-м і адноўлены ў 2007-м, ён можа лічыцца дзіцячай класікай: шыкоўная музыка Карэна Хачатурана (не блытаць з яго старэйшым сваяком Арамам), такая ж запамінальная, вобразная харэаграфія Генрыха Маёрава, якая не патрабуе папярэдняга вывучэння лібрэта. Адажыа Магноліі і Вішанкі, што ўзнікае бліжэй да фіналу пасля сумесі самых разнастайных пластычных адгалінаванняў, становіцца ўзнёслым гімнам балетнай класіцы: спектакль незаўважна вядзе маленькага гледача да разумення ўсёй прыгажосці класічнага танца. Неяк на адной з колішніх прэс-канферэнцый прагучала думка пра неабходнасць чарговага аднаўлення гэтага спектакля, ды з цягам часу тыя планы падзабыліся і больш не агучваюцца. Вельмі рэдка, на жаль, ідзе і опера “Чароўная музыка”, з прэм’еры якой мінула роўна чвэрць стагоддзя.

Вядома, час не стаіць на месцы, сучасныя дзеці вельмі адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў. Але чалавечыя эмоцыі, пачуцці застаюцца тымі ж. Музыка і тэатр вучаць іх выяўляць — таму і называюцца “лекамі для душы”. А тое, што лекі павінны адно забаўляць, не больш чым “казка”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"